epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра Івана-царэвіча і дванаццацігаловага змея

Жыў-быў цар з царыцаю. Жылі яны ў згодзе і багацці. І вось на свеце стала суш, цар сабраўся і паехаў шукаць вады. Выехаў цар на лепшых сваіх конях, многа праехаў цар, стаміліся і коні, а вады нідзе не відно. Пад’язджае цар да пушчы і бачыць — стаіць калодзеж, абрадаваўся цар калодзежу і нагінаецца напіцца вады. Вада стаіць у самым версе калодзежа, але калі цар нагнецца, вада апускаецца да сярэдзіны. Так паўтаралася некалькі разоў. Зусім аслабеў цар без вады і гаворыць:

— Што за чорт сядзіць у калодзежы! Як толькі нагнуся напіцца, вада адступае да сярэдзіны.

У гэты час раздаецца голас з калодзежа:

— Цар Іван, я вам дам ваду, але распішыцеся сваёю ўласнаю крывёю за тое, чаго ў вас няма дома.

Думаў, думаў цар і адказвае:

— Усё ў мяне ёсць: землі, людзі, багацце.

Разрэзаў цар палец і распісаўся сваёю крывёю, затым напіўся сам і напаіў сваіх коней. Завярнуўся цар і паехаў дамоў, прывёз вады, а ў цара нарадзіўся сын. Ахнуў цар: «Вось на каго я распісаўся сваёю крывёю, на свайго роднага сына».

Пагараваў цар і скора забыўся аб гэтым. Ездзіць цар на ахоту, а сын расце не па часах, а па мінутах.

Паехаў аднойчы цар на ахоту ў лес, і тут раздаўся голас:

— Цар-царэвіч, калі вы прывязеце доўг?

Цар падумаў, што яму пачудзілася, ён жа забыўся, што распісаўся сваёю крывёю. Другі раз цар ізноў падумаў, што яму пачудзілася, аднак на трэці раз голас сказаў:

— Іван-царэвіч, калі свайго доўга не аддадзіце, наш меч — ваша галава з плеч.

Цар пытае, які за ім доўг, а голас адказвае:

— Помніце, у пушчы ля калодзежа вы распісаліся сваёю ўласнаю крывёю за тое, чаго ў вас не было.

Вярнуўся цар засмучаны, абняў сына і стаў плакаць.

— Дарагі мой сын. Калі была суш, я шукаў ваду і падпісаўся сваёю крывёю на цябе, а цябе не было на свеце. Ты павінен з'явіцца к калодзежу ў пушчы.

Доўга плакалі цар і царыца, сабралі сыну адзежу, харчы ў дарогу, і пайшоў царэвіч з царом у лес. Развітаўся царэвіч з царом, цар вярнуўся, а царэвіч рушыў далей, у пушчу. Падходзіць царэвіч да невялікага возера ў пушчы, у гэты час прылятаюць к возеру дванаццаць качак, ударыліся аб зямлю і сталі прыгажунямі-дзяўчатамі. Раздзеліся яны і пачалі купацца ў возеры, а царэвіч прыхітрыўся і ўкраў у адной дзяўчыны ўсю адзежу. Пакупаліся дзяўчаты, выйшлі з возера, ператварыліся ў качак і паляцелі, а адна стаіць без адзёжы і просіць царэвіча:

— Аддай, царэвіч, маю адзёжу.

— Не, не аддам,— адказвае царэвіч.

— Аддай, я ведаю, куды ты ідзеш: ты ідзеш да майго бацькі, дванаццацігаловага змея, аддай, я навучу, як падысці да бацькі. Як будзеш ісці, трэба ісці на каленях, ён будзе крычаць: «Уставай, мой меч — твая галава з плеч»,— але ты не падымайся і так застанешся жывым.

Пад’язджае царэвіч к палацу дванаццацігаловага змея і ўпаў на калені, а змей крычыць:

— Уставай, брадзяга! Уставай, сукін сын! — але царэвіч не падняўся і так дайшоў да змея.

— Маладзец,— пахваліў царэвіча змей і адразу аддае загад замкнуць царэвіча за жалезныя рашоткі. Сумны сядзіць царэвіч, успамінае бацьку, маці, а тут у дванаццаць гадзін прыносіць слуга задачу, якую загадаў змей зрабіць царэвічу за ноч. Задача была такая, каб за ноч пабудаваў хрустальны мост, і калі змей будзе ісці па хрустальнаму масту, каб абапал цвілі сады, а калі будзе варочацца назад, каб мог яблыкі сарваць.

Сядзіць царэвіч сумны, а ў гэты час у адкрытае акно ўлятае качка і ператвараецца ў прыгажуню.

— Чаго плачаш, сумуеш, царэвіч? — пытае прыгажуня.

— А як жа не гараваць? Загадаў бацька збудаваць хрустальны мост, і калі будзе ісці, каб абапал цвілі сады, а калі будзе варочацца, каб мог нарваць яблык.

— Не сумуй, царэвіч, будзе зроблена.

Прачнуўся змей і бачыць: стаіць хрустальны мост, а абапал яго цвітуць сады. Пахваліў змей царэвіча, загадаў напаіць, накарміць і зноў пасадзіць за рашотку.

У дванаццаць гадзін з’яўляецца слуга і перадае загад змея:

— Заўтра будуць выстраены ўсе дванаццаць змеевы дочкі, і царэвіч павінен адгадаць, дзе самая малодшая дачка змея.

Перадаў загад слуга і пайшоў, а ў гэты час у адкрытае акно ўлятае качка і ператвараецца ў прыгажуню.

— Чаго сумуеш, Іван-царэвіч?

— А як жа мне не сумаваць? Загадаў бацька заўтра адгадаць, хто з вас дванаццаці самая малодшая.

— Я — самая малодшая, і я дам табе знак на твары. Пройдзеш адзін раз, другі, а на трэці я пушчу чырвонае пятно на шчацэ. Вот так ты мяне пазнаеш,— адказала прыгажуня.

Назаўтра выводзяць царэвіча, а перад ім стаяць дванаццаць прыгажунь, усе аднолькавага роста, твар у твар, волас у волас. Паглядзеў царэвіч і думае: «Каторая ж з іх малодшая?» Прайшоў ён раз перад імі, прайшоў другі, а на трэці раз убачыў на твары ў адной чырвонае пятно, узяў ён яе за руку і падвёў да змея і гаворыць:

— Вось твая малодшая дачка.

Пахваліў змей царэвіча, а сам думае, як гэта царэвіч так добра выконвае ўсе загады. І прыдумаў трэцюю задачу, каб зрабіў царэвіч яму боты з пяску. Яшчэ горш засумаваў царэвіч, як гэта зрабіць боты з пяску. Прылятае качка, ператвараецца ў дзяўчыну і пытае, якую загадаў бацька задачу.

— Загадаў бацька зрабіць яму боты з пяску.

Думала, думала дзяўчына і адказвае:

— Не, Іван-царэвіч, гэта я не магу зрабіць. Трэба нам уцякаць. Пойдзем у хлеў, возьмем лепшага каня і будзем уцякаць.

Насыпалі яны пяску ў хатцы царэвіча і плюнулі тры разы на пясок, а самі сабраліся і адправіліся ўцякаць.

Рана ўтрам прыходзіць слуга клікаць царэвіча, што ён не выходзіць выконваць загада змея, чаго не было раней. Паклікаў слуга, а слюна адказвае:

— Падымаюся.

Пачакаў слуга і кліча другі раз, а слюна адказвае:

— Адзяваюся.

Чакаў, чакаў слуга, а царэвіч не выходзіць; паклікаў ён трэці раз, а слюна пачала высыхаць і ціха шэпча:

— Умываюся.

Пайшоў слуга да змея і гаворыць:

— Не выходзіць царэвіч і адказвае ледзь чутна.

Загадвае змей зламаць дзверы ў хаціне царэвіча, а яго там няма.

Ідзе змей к дочкам, а там няма малодшай. Здагадаўся змей і кажа:

— Вот хто выконваў усе мае загады.

І загадаў слугам даганяць уцекачоў. Уцякае Іван-царэвіч з дачкою змея. Дачка прыклала вуха да зямлі і гаворыць:

— Нас даганяюць. Я стану лесам, а ты будзеш лесніком.

У гэты час пад'язджаюць слугі змея і пытаюць:

— Не праязджалі тут двое, дзяўчына з хлопцам?

— Не, не праязджалі,— адказвае ляснік.

Завярнуліся слугі, прыязджаюць к змею і гавораць, што толькі на іх шляху быў лес і там быў ляснік.

— Ах вы, нягоднікі, трэба было браць лесніка, лес ішоў бы за вамі. Даганяйце і бярыце іх,— загадвае змей.

Ізноў слугі змея даганяюць царэвіча з дачкою змея. Едуць, едуць царэвіч з дачкою, а яна і гаворыць:

— Паслухаю я, ці гоняцца за намі.

Прылажыла яна вуха да зямлі і чуе тупат коней. Дзяўчына гаворыць:

— Я стану калодзежам, а ты будзеш паіць кароў.

Толькі ўспела яна стаць калодзежам, а царэвіч вадапоем, пад’язджаюць слугі змея і пытаюць, ці не праязджалі двое, дзяўчына і хлопец.

— Не, не праязджалі, я тут стаю цэлы дзень, але ніхто не праходзіў і не праязджаў,— адказаў царэвіч.

Ні з чым вярнуліся і на гэты раз слугі змея і гавораць, што пыталі ў вадапоя, а ён за цэлы дзень не бачыў ні праезжых, ні пешаходаў.

— Ах вы, аслы, трэба было браць вадапоя, а калодзеж і каровы ішлі б за ім. Добра, я сам паеду даганяць.

Уцякаюць царэвіч з дзяўчынай, а іх даганяе бацька-змей.

— Паслухаю я, ці не гоняцца за намі,— гаворыць дзяўчына.

Прылажыла вуха да зямлі і закрычала:

— Нас даганяе сам бацька. Я стану царквою, а ты будзеш паліць свечкі.

Толькі яны ўспелі ператварыцца: яна — у царкву, а ён — старастам, пад’язджае змей да царквы, а ўзяць не можа.

— Дагадалася, што зрабіць. Ведае, што я не магу ўзяць цэркаў, што я нячысты дух. Будзь ты праклята,— сказаў змей, завярнуўся і паехаў назад, а цэркаў яшчэ стаяла цэлыя суткі: баяліся, каб не даганялі іх больш.

Цераз суткі ператварыліся яны ў людзей і паехалі далей. Пад'язджаюць к невялікаму царству, і царэвіч гаворыць, што недалёка і іх царства. Царэвіч гаворыць, што ёсць у гэтым царстве яго знаёмая царэўна, з якой ён сябраваў да таго, як паехаў к змею. Засумавала дзяўчына і гаворыць:

— Я табе жыццё выратавала, адраклася ад бацькі, а ты прыехаў у сваё царства і пакідаеш мяне. Ты забудзеш мяне.

— Не, не забуду,— адказаў царэвіч.

— Добра, як будзеш цалавацца ў доме, не цалуй малое дзіця, інакш ты забудзеш мяне,— гаворыць дзяўчына.

Пайшоў царэвіч, а дзяўчыну пакінуў адну. Зайшоў у дом, пачаў вітацца і пацалаваў малое дзіця і ў той жа час забыўся аб дачцы змея.

— Ах, якая я няшчасная, адна ў чужой старане,— і ў той жа час ператварылася ў белую розу і села пры дарозе, па якой хадзіў дзядок у царства бацькі Івана-царэвіча на работу. А царэвіч вярнуўся ў сваё царства цэлы, жывы. Усе рады і пачалі рыхтавацца да вяселля царэвіча.

Аднойчы дзядок варочаўся з работы і ўбачыў белую розу, хацеў яе зламаць, але не змог, тады вырваў з коранем і пасадзіў яе дома. Як стала расці кветка ў хаце, устане дзядок, а рана ўсё ў яго ёсць і есці, і піць. Здзівіўся дзед і расказаў на рабоце аб чароўнай кветцы. І вось навучылі дзеда прасачыць, хто ж прыносіць яму есці і піць. Паставіў ён свечкі і накрыў макатром, а ў поўнач, калі ўбачыў, што да стала рухаецца талерка, хуценька адкрыў і здзівіўся: перад ім стаяла прыгажуня-дзяўчына.

— Эх, дзед, што ты нарабіў, я б даглядзела цябе да смерці, а цяпер не ведаю, што мне рабіць.

Пагаравала дзяўчына, а затым пытае, што чутна ў царстве. Дзядок адказаў, што ўсе рыхтуюцца да вяселля царэвіча, і цар загадаў спячы ўсім каравай, але дзе я, бядняк, спяку каравай.

— Не гаруй, дзядок. Я спяку каравай, а ты аднясеш на вяселле.

— Добра, калі прымуць,— адказаў дзед.

— Прымуць, я спяку харошы каравай.

Спякла дзяўчына каравай, а сама ператварылася ў галубку і села ў сярэдзіну каравая. Назаўтра рана ўзяў дзед каравай і панёс на вяселле. Усе ўздзівіліся, што бядняк прынёс такі каравай, а цар прыняў яго першым і пачаў рэзаць. Калі цар разрэзаў напалавіну, адтуль вылецела галубка, стукнулася аб зямлю і стала прыгажуняю. Усе былі здзіўлены яе красатою. Стала прыгажуня перад царэвічам і кажа:

— Эх, Іван-царэвіч, я табе жыццё выратавала, а ты пакінуў мяне адну ў чыстым полі.

Не даў болей гаварыць царэвіч прыгажуні, выскачыў з-за стала, абняў яе і расказаў бацькам і гасцям, што прыйшлося яму перажыць і што прыгажуня яму дапамагала і выратавала жыццё. Нявесту царэвіча адправілі, а Іван-царэвіч стаў жыць з дачкою змея.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 257-262
Крыніца: скан