epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра Малгоську і Аўдоську

Быў дзед і была баба. І была ў дзеда дзяўчына і ў бабы дзяўчына была. Ну, яны згаварыліся разам жыць ужо: дзеду аднаму дрэнна жыць і бабе адной дрэнна. Сышліся яны, давай разам жыць. Дык баба ж не любіць дзедавай дачкі, а дзед не любіць і бабінай дачкі. Ну, што рабіць, вадзяцца яны, вадзяцца. Баба кажыць, вязі сваю дачку ў лес, а дзед — ты ж сваю, баба — ты ж сваю, дзед — ты сваю Малгоську, а баба — ты сваю Аўдоську. Ну і што рабіць, баба пераспорыла.

— Вязі,— кажа,— а не, дык выганю і цябе, калі не будзеш слухаць.

Ну і павёз дзед сваю дзяўчынку ў лес. Запрог каня такога худога, благога, сані тыя такія паламаныя, ведама ж, у бабы былі і лепшыя паязды, але баба таго не давала ягоную дачку вязці.

Павёз ён яе ў лес. Мароз, снег... Завёз, пасадзіў на каменьчыку яе, пасцілачку разаслаў. Сядзіць гэтая дзяўчынка, сядзіць, плачыць, баіцца, ваўкі можа з'ядуць яе.

Ідзець Мароз: трэсь, трэсь, трэсь!

— Я Мароз-Чырванос.

А яна:

— Мароз, Мароз, не марозь мяне, я бедная сіротка, у мяне мамкі няма, жалець няма каму. Мяне дзед у лес вывез, баба прыказала дзеду, каб вывез у лес мяне змарозіць.

Тады Мароз ёй кі-і-дзь шубку, кі-і-дзь вайлачкі, і ежы, і адзежы, свечачкі кругом яе пазапальваліся, відна, цёпла. Сядзіць яна, сядзіць, і зновака Мароз:

— Я Мароз — Чырвоны нос...

А яна:

— Мароз, Мароз, не марозь мяне. Я бедная сіротка, мяне дзед вывез у лес, каб змарозіць, баба мяне не любіць, б'ець мяне.

Тады Мароз скінуў ёй усяго-усяго: куфар адзежы і чаравікі, пара коней і павозка такая ўбраная, засланая, коні пазапраганыя, вупраж без дугі, былі такія спецыяльныя крывыя аглоблі, бразгуны пачэпленыя на шыі, і стаяць тыя коні, толькі і-і-га-га! і-і-га-га!

Дзяўчына сядзіць, цешыцца, ужо яна і адзетая, і пад'еўшы. Думаець: вот як баба зрабіла, думала, што блага, дык выйшла добра.

А баба тады ўжо кажыць дзеду:

— Ну, едзь па сваю дачку, будзем хаваць яе, недзе ўжо змерзла. Я ж буду варыць, есці строіць, папрашу майстроў труну зрабіць, каторых яму капаць, хаваць яе. А да маёй сваты прыедуць, вяселле будзем рабіць.

Ну, добра, паехаў дзед. Глядзіць, свечкі гараць, відна. Думаець сабе дзед, што гэта такое ёсць. Прыходзіць бліжэй, аж глядзіць, коні стаяць убраныя, скрыня стаіць на возе. Прыходзіць дзед:

— Што з табой, мая дачушка?

— А мяне Мароз пажалеў. Паедзем дахаты,— кажыць яна.

Добра. Паселі на возе, едуць удвух. А баба тут ужо ж строіць хаваць. Людзей папрасіла. А тут сучачка выскачыла з будкі:

 

Цяў-цяў-цяў,

Дзедава дочка

Цяў-цяў-цяў,

Недалёчка.

Цяў-цяў-цяў,

Ля масточка.

Цяў-цяў-цяў,

Конікі вішчаць,

Цяў-цяў-цяў,

Калёсцы дрыжаць,

Цяў-цяў-цяў!

 

Слухаець баба.

— Ах ты, сучка-жучка, як ты брэшаш? Брашы, што дзедаву дачку хаваць вязуць, а да бабінай сваты едуць. Вяселле будзець.

Дык гэта сучачка кажыць:

— Дай мне мяса пад'есці, дык я буду гэтак казаць.

Дык яна ёй кідзель корч мяса. Села сучка на прымурку, есць гэта мяса. Наелася, аблізалася і зноўку гэта самае:

 

Цяў-цяў-цяў,

Дзедава дочка

Цяў-цяў-цяў,

Ужо недалёчка.

Цяў-цяў-цяў,

Расчыніцеся, вароты,

Цяў-цяў-цяў,

Адчыніцеся шырокі,

Цяў-цяў-цяў!

 

Тады баба глядзіць у вакно. Едзець дзед, сядзіць дачка багата прыбрана.

— Глянь ты, Малгося, што робіцца, во дзед вязець сваю дачку, гэткую багатую! Ай, ай, што робіцца! Чаму ж мы цябе не завезлі. Ну, пайдзём, табе можа нешта яна дасць.

А Мароз ёй сказаў, глядзі, нічога бабе не давай. Мароз асобна пастановіў ёй хатку ў двары, у бабіну хату ж не пайшла яна. Хатка стройная, залатая, золатам павывівана. Клямкі залатыя гэтыя ўсе. Тады прыйшла да яе баба.

— Дай ты, Аўдося, і маёй дачцэ што.

— Не, вы ж мне нічога не давалі, вы з мяне глуміліся, вы мне сукенку зрэбную шылі таўстую з патрап'я, з кудзелі, доўгую, матузом гэтакім падперазаўшы. Мяне за вадой усюды слалі, па дровы слалі.

І нічога не дала яна. Тады ўжо кажыць баба:

— Дзед, вязі ты і маю дачку, дзе твая была.

— Не, ты вязі,— кажыць,— сама яе.

— Дык я ж не знаю, дзе твая была.

— Ну, вязі,— кажыць,— там на высокай гары ляжыць высокі камень, на камені пасадзі яе, няхай сядзіць яна.

Павезла яна, пасадзіла, вядома ж, як сваю жалела баба, узяла коўдру, узяла падушку, пасадзіла яе на камень, увярцела, падушкай накрыла, каб не змерзла.

— Ты ўжо,— кажа,— сядзі, а я каня дамоў заганю, тады ж ужо прыду па цябе.

Пагнала яна каня дамоў, ідзець. А вея такая веіць, ніяк дайсці не можыць. А тады яшчэ Мароз стаў надта марозіць дзяўчыну ясную:

— Я Мароз-Чырванос, Чырванос!

А яна так ужо сказала:

— Не баюся я цябе, у мяне мамка ёсць, мне коўдру дала, мне падушку дала, мне цёпла сядзець.

Зноў Мароз ідзець:

— Я Мароз-Чырванос!

— Не баюся я цябе,— зноў тут яна сказала гэтыя самыя словы.

Тады Мароз як стаў марозіць, як стаў марозіць, як паднялася вея, як паднялася бура. Завеяла гэту дзяўчыну, змарозіла. Ідзець баба па сваю дзяўчыну ўжо шукаць яе, ані як далезці, гурбы, снег. Змоглася баба. Прыходзіць на гэты каменьчык, дзе пасадзіла, глядзіць — няма яе.

— А божа ж мой, а мілы мой, а дзе ж яна дзелася!

І стала капаць снег рукамі, адкапала, знайшла яе, сваю дзяўчыну, увярцела ў пасцілачку і вязець дамоў яе. А сучачка зноў пяець:

 

Цяў-цяў-цяў,

Бабіна дочка

Цяў-цяў-цяў,

Ужо недалёчка.

Цяў-цяў-цяў,

Яна марозам змерзла,

Цяў-цяў-цяў,

Нежывую вязуць,

Цяў-цяў-цяў!

 

Гэта сучка ўжо праўду сказала бабе.

— Вот,— кажыць,— баба, якая сучка разумная, каб цябе ваўкі!

Бабіну дачку схавалі, а да дзедавай дачкі сваты едуць і едуць, яна за іх не йдзець і не йдзець. Ну, прыехаў адзін здалёку, пекны, багаты. За гэтага яна ўжо йдзець замуж. Пажаніліся яны і жывуць і пажываюць, а бабінай дачкі і сягоння няма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 232-236
Крыніца: скан