epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра ахотніка

Пайшоў чалавек у лес на ахоту. Хадзіў, хадзіў цэлы дзень і нічаго не ўбіў. Увечары ўбіў казу, наклаў цяпла, адрэзаў сцягно, іспёк і стаў есць. Еўшы і кажа:

— Ой, госпадзі, якое мне гора!

Каза паднялась да і кажа:

— Калі б табе такое гора, як Чарнышоваму!

Ахотнік і пайшоў шукаць Чарнышовага. Прыйшоў у адно сяло, папытаў:

— Ці няма тут Чарнышовага?

— Не, няма.

Пайшоў ён у другое сяло да й пытае зноў:

— Ці няма тут Чарнышовага?

— Не, няма.

Пайшоў ён у трэцяе сяло. Пое чалавек коней. Ён і пытае:

— Няма тут Чарнышовага?

— Ё! Хадзем-ка, я табе ўкажу!

Пайшлі ў двор, чалавек і кажа:

— Я сам Чарнышоў. Нашто ён табе?

— Ды пайшоў я ў лес чаго ўбіць. Хадзіў, хадзіў цэлы дзень і нічаго не ўбіў. Увечары ўбіў я казу, наклаў цяпла, адрэзаў сцягно, іспёк да й стаў есці і кажу: «Госпадзі, якое мне гора!» Каза паднялась да й гавора: «Што табе! Калі б табе такое гора, як Чарнышоваму!» Дак я і пайшоў шукаць Чарнышовага. Ну, кажы, якое табе гора?

— А вот: ажаніў мяне бацька. Пайшлі мы з жонкаю спаць. Жонка ўдарыла мяне трымя палачкамі — я і пабег сабакай. Бегаў, бегаў, захацеў я есці. Пасуць пастухі панскіх авец. Я хацеў адну авечку ўкрасці. Яны мяне сталі праганяць, а я вярчусь. Яны мне далі хлеба. Я паядаў. Пастухі ляглі спаць, і я лёг. Прыйшлі два ваўкі, ухвацілі авечку і паняслі. Я ўстаў і пайшоў шукаць: найшоў. Я ваўкоў паразрываў і пасу тую авечку. Прыйшлі пастухі. Прыехаў сюды пан; яны расказалі пра мяне. Пан узяў мяне, ваўкоў і авечку і павёз дамоў. Радзіла барыня. Ваўкалака прыйшоў і ўкраў. Я пабег і адняў. Пан мяне стаў яшчэ луччы жалець. То я жыў у кухні, а то стаў жыць у комнаце. Вот я захацеў даведацца бацька. Узяў уцёк. Сустрэла мяне жонка, ударыла палачкай, і я паляцеў верабем. Лячу. На дварэ даець хлопец коням корм. Я стаў кляваць, а ён мяне паймаў, прынёс у хату.

— Мам, ізвары мне верабя! — а сам пайшоў гуляць. Матка забыла ізварыць. Ён прыйшоў да й пытае:

— Мам, ізварыла верабя?

— Не! Ён можа ўжэ іздох,— паглядзі!

Хлопец паглядзеў, а я і ногі адкінуў. Ён узяў мяне за ногі і выкінуў. Я паляцеў, сеў на гной і клюю. Патуль кляваў, пакуль і прымёрз. Ехалі паны. Вот адзін пан кучару і кажа:

— Сапуні коней, вазьмі таго верабя і нясі сюда.

А пан гэты буў ваўкалака. Кучар узяў мяне ў прыпол, атагрэў, а пан ваўкалака і кажа:

— Нашто ты ў мяне дзіцёнка адняў?

— Мне загадаў пан.

Ваўкалака здзелаў мяне чалавекам і сказаў:

— Ідзі ты ў двор. На табе гэтую палачку. Жонка будзе сустракаць цябе чэраз дзесяць двароў. Ты ёй не кажы нічога, а як увойдзеш у вароты, ты удар яе палачкай тры разы.

Я пайшоў у двор. Жонка мяне стрэціла. Я ёй нічога не казаў, а як вайшоў у вароты, ударыў яе тры разы палачкай, яна і пабегла казой. Відна, тая-то каза.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 201-202
Крыніца: скан