epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра багатага купца і хлопца

Жыў багаты купец, было ў яго чатыры дачкі. Добра яму таргавалася і не знаў ён ніякай бяды. Але от прыйшла і да яго бяда. Паехаў купец за мора, накупляў дарагіх тавараў, пагрузіў на карабель і паплылі дамоў. Плылі некалькі дзён. Пачалася на моры вялікая бура, карабель разбіла і ўсе тавары зата**рыла. А купец астаўся жывы.

У гэта ўрэмя плыў і другі карабель. Бура затапіла і другі, астаўся адзін хлопец жывым. Ён зачапіўся за лодку, і бура панесла яго па моры. Сціхла бура, хлопец сеў у лодку і плаваў па моры. Не знаў ён, куды плысці, ён плыў ва ўсе бакі — нідзе берага не было. Стаў хлопец маліцца богу. Тры дні маліўся, але бог яму нічога не памог. Хлопец стаў маліцца чорту. Явіўся да яго чорт і пытаецца хлопца:

— Чаго ты хочаш?

Хлопец гаворыць чорту:

— Хачу, каб давёз мяне да берага.

Чорт кажыць:

— Я цябе давязу да берага, толькі ты будзеш тры гады служыць мне. Работа ў мяне такая: будзеш сядзець пры печы і падкладаць дровы. І тры гады не мыцца, не стрыгчыся і не абразаць пазногці.

Хлопец згадзіўся тры гады служыць чорту. Чорт туды-сюды павярнуў лодку, і выплылі на бераг, недалёка ад вялікага горада. Чорт павёў хлопца ў горад, прывёў да вялікага мураванага дома і павёў яго ў дом. Пасадзіў хлопца пры печы і сказаў:

— Вот твая работа: сядзі на сундуку і падкідвай дровы, каб не патух агонь.

У горадзе ніхто не знаў, што гэта чорт, усе звалі яго барыням. Прыходзіць да чорта той купец, што карабель яго разбіла, і просіць:

— Змілуйся, барынь, пазыч мне тры тысячы рублей на тры гады.

— Добра,— кажыць чорт,— пазычу, толькі за тры гады мне аддасі, даўжэй я не магу ждаць.

Чорт кажыць хлопцу:

— Адкрый сундук, адлічы тры тысячы рублей і дай купцу.

Хлопец адкрыў сундук, на каторым сядзеў, адлічыў грошы і даў купцу. Закупіў купец тавараў і зачаў таргаваць. Таргоўля купцу ніяк не ўдавалася, купіць дорага, а прадасць дзешава — усё ішло на ўтрату. Стаў купец бяднець, доўгу няма з чаго аддаць. Праходзіць тры гады, нада аддаць грошы чорту, а грошай нет.

Вот чорт кажыць хлопцу:

— Схадзі да купца, скажы купцу, калі ў яго нет грошай, няхай аддасць за цябе сваю старэйшую дачку замуж, то я яму дарую грошы.

Хлопец пайшоў да купца. Купец як увідзеў хлопца, так і спужаўся, думаў, ідзець па грошы. Прыходзіць хлопец да купца і гаворыць купцу:

— Казаў барынь, калі аддасі за мяне старшую дачку замуж, то даруіць грошы.

Купец пазваў сваю старшую дачку і кажыць:

— Казаў барынь, калі пойдзеш за гэтага хлопца, даруіць нам грошы.

Старэйшая дачка паглядзела на хлопца і кажыць бацьку:

— Лепі я ўтаплюся, чым пайду замуж за гэткага страшыдлу, кажы, што я не пайду.

Купец сказаў хлопцу:

— Яна не пойдзець за цябе.

Хлопец пайшоў і сказаў чорту:

— Яна за мяне не пойдзець, сказала, лепі ўтапіцца.

— Добра,— сказаў чорт,— цяпер схадзі яшчэ да купца і скажы: калі аддасць другую дачку за цябе замуж, то дарую яму грошы.

Пайшоў хлопец яшчэ да купца і кажыць купцу:

— Казаў барынь, калі аддасі другую за мяне замуж, то барынь даруіць грошы.

Купец пазваў другую дачку і кажыць другой:

— Еслі ты пойдзеш за гэтага хлопца замуж, то даруіць нам грошы.

Паглядзела другая дачка на хлопца і кажыць бацьку:

— Лепі я павешуся, чым пайду за гэтага асмолка. Лепі я павешуся. Кажы яму — я за яго не пайду.

Купец сказаў хлопцу:

— Яна за цябе не пойдзець.

Хлопец пайшоў да чорта і кажа чорту:

— Другая казала: не пайду за яго, за такога асмолка.

Чорт кажыць хлопцу:

— Ідзі яшчэ да купца, скажы купцу, што я казаў, няхай аддасць трэцюю дачку за цябе, я дарую яму грошы.

Пайшоў хлопец да купца і кажыць купцу:

— Казаў мой барынь, еслі аддасі трэцюю дачку за мяне, даруіць вам грошы.

Пазваў купец трэцюю дачку і кажыць:

— Пойдзеш за гэтага хлопца замуж ці не пойдзеш?

Трэцяя дачка паглядзела на хлопца і сказала:

— Я лепі зарэжуся, чым ісці за такога страшнага хлопца. Кажы яму, я за яго не пайду.

Купец сказаў хлопцу:

— Скажы свайму барыню, што яна за цябе не пойдзець. Хлопец пайшоў да чорта і сказаў:

— Йна сказала, зарэжуся, чым пайду за яго замуж.

— Ну добра, ідзі яшчэ да купца, скажы купцу, няхай аддасць чацвёртую дачку за цябе замуж. Я дарую яму грошы.

Пайшоў хлопец чацвёрты раз да купца і кажыць купцу:

— Казаў барынь — аддай чацвёртую дачку за мяне, даруіць вам грошы.

Купец пазваў чацвёртую дачку і кажыць ей:

— Паглядзі на гэтага хлопца, пойдзеш за яго ці не пойдзеш. Казаў барынь, еслі пойдзеш за яго, даруіць нам грошы.

Чацвёртая дачка паглядзела на хлопца, заплакала і сказала:

— Я за яго пайду. Хоць я буду гараваць адна, хоць вы будзеце жыць. Кажы хлопцу, няхай прыходзіць з барыням да мяне ў сваты, і буду я з ім жыць.

Купец сказаў хлопцу:

— Кажы барыню, прыходзьце ў сваты, йна пойдзець за цябе замуж.

Хлопец пайшоў да чорта і сказаў чорту:

— Чацвёртая дачка сказала, йна пойдзець за мяне замуж.

Чорт сказаў:

— Вот і добра.

Цяпер чорт узяўся за работу, бярэць ножніцы і стрыжэць хлопца, брыіць, адразаіць пазногці. Нагрэў вады, вымыў хлопца, надзеў яму дарагі касцюм, проста пякнейшага і на свеце не было. Сам чорт адзяецца добра, строіць брычку, запрагаіць чацвёра белых коні, садзіць хлопца ў брычку, сам садзіцца за фурмана, і едуць у сваты да купцовай чацвёртай дачкі. Прыязджаюць на купцоў двор, чорт ляснуў з пугі і прыдзяржаў коні. Тут выбег купец устрачаць сватоў і малодшая дачка. Як увідзелі старэйшыя сёстры — адна ўтапілася, другая павесілася, а трэцяя зарэзалася. Сталі сватацца. Купец пайшоў зваць старэйшых дачок, глядзіць — адна ўтапілася, другая павесілася, трэцяя зарэзалася. Пахавалі дачок, згулялі свадзьбу. Чорт аддаў хлопцу дом і аддаў яму сундук грошай, на каторым ён сядзеў і падкладаў дровы ў печку, і сказаў хлопцу:

— Мне на моры няможна было скарыстаць тваёй аднэй душой, а з тваёй дапамогай я скарыстаў трыма душамі. Вот і вялікае дзякуй табе, хлопец, жыві што пабагацей.

І сам знік. Вот і басні канец.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 522-525
Крыніца: скан