epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра бязручку

Жыў-быў купец, і была ў яго сястра. І вельмі ён любіў сястру. Ну, ён ездзіць на работу, прыедзе з работы і смяюцца яны з сястрою, чай п'юць, а жонка з-за рэўнасці пабегла ў сарай, зарэзала самага лепшага жарабца да й кажа мужу ўжо:

— Ты з сястрою вельмі добра жывеш, ідзі палядзі, што яна табе нарабіла.

Ён пайшоў:

— Ну то што? Жарабец — чорт яго бяры, яшчэ адзін будзе, яшчэ ж ёсць ці адзін.

Потым на другі дзень зноў гэтак. Яна пайшла ў сарай і зарэзала саму лепшу карову.

— От, ты з сястрою так хораша жывеш, ідзі палядзі, што яна табе нарабіла.

Ён пайшоў, палядзеў:

— Ну, карову зарэзала. Чорт яе бяры, гэту карову.

Потым у васкрасенне яны пайшлі ў цэркаў. У яе, у жонкі гэтай, адно едзінственнае дзіця ўсяго было. Сталі людзі ўхадзіць з цэрквы, і яна бягом прыбегла дадому і яе, сястру тую, адправіла гуляць, а сама зарэзала сваё дзіця. Ён прыйшоў, дак яна яму:

— От, сматры, што твая сястра здзелала.

Тады ён не ўдзяржаўся ўжо, запрог каня і павёз яе ў лес. Прывёз ён к тоўстай калодзе:

— Калі твае рукі, сястра, рабілі, кладзі на калоду! — І паадсякаў ёй рукі так во, па локці.

Ну, і паехаў. Яна, бедна, блудзіла, блудзіла і прыблудзіла к царскаму дварцу. І села на лавачку. Царскі сын выйшаў і так ужо яе спадобаў, што пайшоў:

— Мамачка, буду з гэтай бязручкай жаніцца.

Дак яна:

— Ой, сынок, нашто табе яна?

Ён ні ў якую. Ён ажаніўся, маці памерла, ну а цар ужэ стары быў, перадаў яму гэта ўсё, царства. Ён паехаў па свету, яна забярэменела і радзіла сына — у лбе сонца, у патыліцы месяц. Ну, бывала, не цяпер, што поштаю, а трэба паштальён, каб нёс, а паштальён, хто ні ідзе куды, трэба каб у гэтага купца пераначаваць. Ну, астаўся гэты паштальён, расказаў ёй, той ужо жонцы, што такая і такая бязручка радзіла такога і такога сына. Яна ўжо напаіла яго, спаць палажыла, выняла гэта пісьмо, пачытала, перапісала так: «Радзіла твая жонка невядомую звярушку: мядзведжыя ногі, воўча галава». Ну, занёс гэты паштальён; ён пачытаў і напісаў: «Што бы ні радзілася, да майго прыходу штобы не страбілі».

Яна зноў пераняла, як паштальён начаваць прыйшоў назад ідучы. Дак яна ўжо смела, яго напаіла, пачытала гэта пісьмо і напісала так: «Да майго прыходу каб яе і дзіцяці следу не было».

Гэты яго ацец ужо вельмі яе палюбіў, шкадаваў. Пачыталі, ну што ж, трэба адправіць. Увязалі ёй гэтага рабёнка і пусцілі. Пайшла яна. Прыйшла яна к мору, захацела вады папіць. Нагнулася яна, гэта дзіця страпянулася і паплыло. Яна стаіць ля мора і плача. Прыходзіць сівы дзядочак, развязаў руку і сказаў:

— Мачы руку.

Яна абмачыла — рука прырасла. І другая так прырасла.

— Ну ідзі,— кажа той дзядок,— дзіця лаві!

— Мора ж глыбока. Ну, калі прыраслі, пайду лавіць дзіця.

Пайшла, так ёй вады во так усяго (паказвае на назе, ніжэй калена). Яна ўлавіла гэтага хлопца свайго. А хлопец расце не па днях, а па часах. Яна ўжо ідучы расказала яму быль сваю, усё, што было.

Ну, прыйшлі яны к гэтаму купцу ўжо начаваць, і цар ужо ідзе дадому, начуе там. Ну, гэты цар спяшыць, хоча дадому як можна, дак яму нудна, не хоча спаць, дак:

— Ну, хто ўмее баі бавіць?

І купец бачыць, што тая, і цар бачыць, што гэта жонка яго, але рукі, з рукамі. Да кажа:

— У гэтай жанчыны сын ёсць, харашо ён умее баі бавіць.

— Ну, пазавеце.

Пазвалі яго, ён пачаў.

— Толькі,— кажа,— як раз пераб'е, палавіну гаспадаркі прападзе, а як другі раз — уся гаспадарка, а калі трэці раз — то і галава з плеч.

Ну і стаў казаць так, і гэта ўсё пераказаў, як жарабца зарэзала пайшла ў хлеў. Так яна не ўдзержалася: «Не-а!» Так палавіна гаспадаркі ўжо і няма. А ўжо як карову ізноў зарэзала. так яна: «Не-а!» Ну, то ўся гаспадарка прапала. А далей ужо як пайшлі ў цэркаў, прыйшлі з цэркві, яна адправіла гэту сястру гуляць і вот сваё роднае дзіця зарэзала і на сястру сказала. Так яна, купцова жонка, ізноў: «Не!» Ужо і галава з плеч. Тады ён кончыў гэту казку і кажа:

— Вось мая мама, а гэта мой дзядзя, гэта мая цёця,— а к цару падышоў,— гэта мой тата.

Ён цоп яго так — сонца засвяціла. Так цар тады іх на жалезныя бораны, параздзіралі іх абаіх, а ён пайшоў дадому з жонкай і сынам, і цяперака жыве, і ўнучкі жывуць, і праўнучкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 271-273
Крыніца: скан