epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра беднага і багатага брата

Жылі брат бедны і багаты. Вот багаты сабраў ужо к сабе гасцей, прыйшоў і бедны брат гэты к яму. Ён яго і за сталом дажа не пасадзіў. Пасадзіў ідзе скрайку. Ну, усе пілі, пілі, тады ён:

— Ай, што, брат, я цябе пашлю к кадуцкай мацеры.

Бедны брат кажа:

— Ну і што ж? Пашлеш, дак пайду.

Вот бедны гэты сабраўся і пайшоў. Ішоў, ішоў па дарозе, стаіць хатка на курынай ножцы, на сабачай галёнцы. Ён у тую хатку, там баба бліны пячэ, з носа юшка цячэ.

— Добры дзень, бабка!

— Добрае здароўейка. Куды ідзеш?

— А іду к кадуцкай мацеры.

— А гэта я!

Ну вот.

— А што ты хочаш?

— А што ты пасаветуеш і мне?

— Пасаветую? Ты хочаш, каб я пасаветавала. Ну, падажджы, пасаветую. Вот, дзетка,— наклала яму хлеба, не к яму, а бліноў к яму. А ён цераз бліны хлеба дастае. «А-а! Вот гэта бедны чалавек, хлебца хоча. Як каторы сыты, дык бліны дастае, а каторы галодны — тэй хлебца». Тады:

— Ну вот, дзетка, на, павячэрай і ідзі,— кажа,— к сіняму мору начаваць. У мяне не начуй.

Ну, павячэраць дала яму, ён павячэраў, пайшоў, лёг там для мора. Пеўні сталі пець — адзін вылажуе, другі вылажуе з мора, трэці.

А яна яму сказала:

— Ты,— кажа,— пад човен лажыся, там човен, ты пад човен лажыся.

Вылезлі яны і селі на човен на гэты, тры гэтых. Тады адзін кажа:

— Ты дзе быў, што новае чуў?

— А што новае? Вот,— кажа,— два браты б'юцца, забіваюцца: памёр бацька і не сказаў, ідзе грошы. А грошы,— гэты кажа,— у гумне ў мякіне. Адзін кажа — ты забраў грошы, тэй — ты, а яны не знаюць, бацька ім не сказаў.

Другі кажа:

— А я ў такой дзярэўні быў, што вады няма. А там запраста вады дастаць. Там сасна стаіць,— кажа,— на кручы, і тую сасну толькі вывернуць, і вады будзе сколькі каму трэба.

А трэці кажа:

— А я быў у таком месце, у пана. А панова жонка забалела. А чаго яна забалела? Яна прычасць узяла і прыйшла кашлянула, а лягушка,— кажа,— тую прычасць падабрала. Вот толькі тую лягушку найсці, разадраць, аддаць пані тую прычасць, і пані як гром будзе.

І певень запеў. Яны шчаўбок, шчаўбок у мора і палезлі.

Ну, прыходжуе ён ужо к бабе той.

— Ну што ты, дзетка, чуў?

— А, бабушка, чуў навасцёў багата.

— Ну вот, ты чуў, от ідзі цяпер па гэтых па дзярэўнях. От ідзі ў гэту дзярэўню, дзе вады няма, і скажы людзям, што дайце коні, мы сасну вам вывернем і вады вам будзе сколькі трэба.

Пайшоў у тую дзярэўню.

— Пусціце нанач,— зайшоў,— пусціце.

— А ў нас, галубок, вады няма.

— А я вады вам дастану.

— О-о! Як дастанеш, мы табе заплоцім харашо, толькі дастань, а то ў нас вады саўсім няма.

— От у вас,— кажа,— на кручы сасна стаіць. Давайце столькі і столькі коні, зачэпім вяроўкамі і вывернем, і вады будзе вам сколькі хочаш.

Вот яны сабралі коні і вяровак і к той к сасне зачапілі, коні гэты як ірванулі, так вада гэта як пакручэла, як пабегла. І госпадзі, вады ўжо сколькі хочаш.

— Ну што, мы табе заплоцім.

І хлеба далі, і грошы яму далі.

Пайшоў к пану. Прыйшоў.

— Паночак, каб ты,— кажа,— пусціў мяне нанач.

— От, мой галубочак, у мяне няшчасце, мая жонка бальная.

— А я вылечу табе.

— У-у! Дык мне ж гэткі і трэба, што вылечыць.

— Толькі,— кажа,— вот я астануся, яна да я ў комнаце, а так усе з комнаты штоб выйшлі.

— Пажалуста.

Ну, прыйшоў ён і яна толькі.

— А то няхай сабе й яна выйдзе, а я адзін.

Палез, тую лягушку шукаў, шукаў, найшоў, разадраў, тую прычасць у ложачку. Тады яна ўжо прыйшла, ён даў ёй, яна ўзяла праглынула і здарова стала. Пан і хлеба, і грошы надаваў яму.

Ну, пайшоў у тую дзярэўню, дзе два браты б'юцца. Ідзець, яны б'юцца, забіваюцца.

— Чаго, хлопчыкі, б'яцёся?

— А-а! Гэта чаго бацька наш памёр, дак я на яго кажу, што ты грошы забраў, а ён на мяне кажа, што ты грошы забраў.

— Дак вот, і ты не браў, і ты не браў, а я знаю, дзе вашы грошы. Вядзіце мяне, дзе ваш двор, і я вам найду.

— О-о! Толькі найдзі нам грошы, мы табе дадом багата грошай.

Пайшлі яны, павялі яго, ён пайшоў, там дзе мякіна. Ён у тую мякіну, капаўся-капаўся — найшоў.

— Во вашы дзе грошы.

— Ой! Дзядзечка, спасіба табе, мы табе дадом грошы.

І далі яму грошай багата. От, ён ужо пасабіраў гэта і ад пана, і з тыя дзярэўні, дзе ваду, і адсюля гэта ўсё і грошы і хлеба — павёз дамоў. Прывёз, тады адправіў свайго хлапца небальшога.

— Ідзі к дзядзьку (к брату яго, каторы адправіў яго к кадуцкай мацеры). Няхай дасць дзесятуху памераць, сколькі я хлеба прывёз і грошай.

Вот ён пайшоў:

— Дзядзька, дай-ка нам дзесятухі. Папа наш багата прывёз хлеба і грошы.

Ён даў. Ён пятачкоў яму наторкаў за абручы і прынёс.

— На,— кажа,— во і табе.

— А брат ты мой, ідзе гэта ты?

— Ідзе! Ты ж паслаў мяне к кадуцкай мацеры, я й пайшоў. Вот там я і разжыўся.

— Стой! Дык і ты мяне пашлі.

— Пажалуста,— кажа,— пашлю. Пайшоў ты,— кажа,— к кадуцкай маці.

— І пайду.

Пайшоў той жа самай дарогай, у тую хатку зайшоў, к той бабе.

— Добры дзень, бабка!

— Добрае здароўейка! Куды ідзеш?

— А іду к кадуцкай мацеры.

— А дак гэта ж я!

— А-а!

Ну, ды паклала хлеб, а бліны далей, а ён цераз хлеб да бліны дастае. «А-а! Во гэта сыты, ты не галодны. Што хлеб ляжыць, ты не хлеба, а бліноў хочаш». Ну, што ж дзелаць? Дала есці, пад'еў ён.

— От павячэрай і ідзі,— кажа,— к сіняму мору, там човен, ты пад човен лажыся. І там ты начуеш.

От, ён пайшоў, лёг. Апяць з мора шчаўбок! шчаўбок! вылажуюць утраіх. Садзяцца на човен. Садзяцца, тады:

— Ну, балакі-балакі, панюхаем табакі, і што мы гаварылі, то ўсё,— кажа,— адкрылася. Ці не ляжыць тута хто пад чоўнам?

Палядзяць — ажно ляжыць. Яны за яго ды ў мора. І ён утапіўся. От і казка ўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 447-450
Крыніца: скан