epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра брата Сцяпана і Івана

Быў брат Сцяпан багаты, а Іван бедны. І гэты брат ужо багаты справіў пір і пазваў беднага ў госці. Дык ён як выпіў, дак і запеў ужо за сталом, бедны. Як запеў, дак і нужда запела. Дак ён ужо пытае:

— А хто-та пяе?

Яна ж кажа:

— А хто? Я, нужда твая, пяю. З гэтага ж ты бедны быў, я ў цябе за плячымі сяджу,— тая ўжо нужда.

Дак ён кажа:

— Ну, калі ж нужда, я табе зроблю калыску і буду цябе калыхаць.

Да зрабіў, выдзеўб палена, узяў дубовыя гваздэ да кажа:

— Ак ідзі.

А яна:

— Я ўжо ў калысцэ.

А ён яе хлоп! на дубовыя гвазды да й забіў тую нужду. Ды й панёс на кладбішча, да й пры Пракопу схаваў тую нужду. Стаў багаты. Ведама, нужду закапаў. Гэтаму ж брату стала завідна.

— Што ты,— брат ужо Сцяпан,— ад майго ты піру забагацеў?

Дык ён кажа:

— Забагацеў. Забагацеў, а бо нужду закапаў.

— А дзе?

— На кладбішчы пры Пракопу.

Ён пайшоў, той ужо багаты, ды й адкапаў тую нужду. Адкапаў нужду да й кажа:

— Ідзі, нужда, мой ужо брат багаты быў. Ідзі к яму.

— А ну яго,— кажа,— к чорту з тваім братам. Ён мяне і так чуць не ўгубіў. — А яна ўжо чуць-чуць жыве. — Добра, што ты мяне адкапаў! — да яму шумелях! к багатаму на шыю. Ён мігам і збяднеў, ужо бяднее, бяднее. Ужо стаў такі бедны, саўсім. Той жа ж патом бедны пытае:

— Што гэта мы з табою пагаварылі, ты ад таго разу стаў бедны?

— А бо ж я бедны, нужду адкапаў.

— А нашто ты адкапаў?

— Ну,— кажа,— а што ты стаў багаты. Дак яна ад цябе пайшла да ка мне.

— Ну, добра. Збяры што якое, збяры, пазаві мяне,— у таго сэрца было, што пагараваў. — Пазаві мяне.

Ён ужо пазваў яго. Дак брат Іван:

— Вот, дарую цябе, брат, кашальком з дзяньгамі, ну не з нуждою.

А нужда ўжо сядзіць у кашальку да кажа:

— А я ўжо ў кашальку!

Дык яны зашчапілі, камень прывязалі да й у рэку, гэта той бедны. А багаты брат от што рабіў. Зайздрасць брала, што багаты. Так ужо другі брат забагацеў, нужду ж закапаў, у рэчку ўтапіў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 467-468
Крыніца: скан