epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра дванаццаць месяцаў

Жыў-быў адзін чалавек. У яго жонка памерла, і асталася адна дачка. І ён узяў бабу, і ў бабы дачка была. Ну, так яго дачка вельмі работніца была харошая, Хаўруння звалася. А баба яе проста хацела страбіць, што яе дачкі так не любяць, як гэту падчарыцу. Ну і паслала яна гэту падчарыцу ў лес за ягадамі, паслала ў самы мароз.

— Ідзі ягад набяры, у лес ідзі!

Ну што ж, як дала ёй дыхту, гэта дзевачка пайшла, мусіла ісці. Увайшла яна ў лес, паказаўся дымок. Яна ішла, ішла, падышла яна, касцёр гарыць, дванаццаць старыкоў тамака стаіць кругом. Яна прыйшла і пакланілася хораша, дак яны кажуць:

— А чаго ты, дзевачка, прыйшла гэта сюды?

— Мяне мачаха паслала, што яе дачка забалела, штоб я ёй ягад суніц набрала.

Дак яны паглядзелі адзін на аднаго. А гэта ў лютым было, мароз такі! А гэта не старыя, да месяцы, кожны месяц. Ну, ліпень месяц стаіць, дак гэты люты кажа:

— Ты ідзі маё място займі.

Гэты перайшоў, а гэты на тое — і цвяткі зацвілі, і ягадкі паспелі, усё.

— Ну, ідзі бяры.

Яна набрала, зімою набрала ягад гэтых, суніц і прынесла дадому, і сказала так і так.

Баба назаўтра сваю дачку пасылае.

— Ідзі і ты.

Ну, яна пайшла, гэта дачка яе. Яна ішла, дымок паказаўся. Ішла, ішла, прыйшла, дванаццаць старыкоў гэтых стаіць кругом таго касцёру.

— Ух,— кажа,— штоб яго пярун стукнуў, такі мароз, такі мароз, змарозіў мяне ўжо!

Да напроціў, да напроціў усё лютаму. Дак яны цясней яшчэ, і замарозіў мароз яе.

Баба чакала, чакала — няма дачкі. Яна сама паехала ў лес, падабрала яе косці і пахавала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 260-261
Крыніца: скан