epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра двух братоў

Было ў чалавека вяселле. Ён пазваў брата на вяселле. Брат бедны, а ў багатага вяселле было. І ўжо ж гэты бедны спёк аўсяную перапечку да й пайшоў на вяселле да й стаў у парозе. Брат жа на яго не пазірае, што гэта ён прыйшоў на вяселле, толькі ўжо багатых глядзіць. Гэты ж брат ужо стаяў, стаяў, стаяў, ён на яго нічога не акажа, ужо з таею аўсянаю перапечкаю. Нічога не акажа. Дак ён думае: «Дай я падчаплю. Мо ён мяне не бачыць». Ён узяў да й падчапіў. Той ужо кінуўся да й кажа:

— Ідзі ж ты к чортавай матары з сваёй перапечкаю!

Ну, той ужо бедны ўзяў і пайшоў дарогаю. Ідзе дарогаю, ідзе, ідзе баба.

— Куды ж ты ідзеш?

Ён кажа:

— Быў у брата на вяселлі. Ён мяне,— кажа,— паслаў і к чортавай матары з сваёю ўжо перапечкаю. Дак я іду дарогаю шукаць чортавай мацеры, каб аддаць гэту перапечку.

Яна кажа:

— Ну, добра. Давай мне гэту перапечку. А ты ідзі пад човен ляж. Мае сыны ночы прыляцяць, толькі ж маўчы, і будуць гаварыць, а ты добра слухай.

Ён пайшоў, пад чоўнем лёг. Прылятае ўночы тры ўжо сынэ тае бабы і гавораць:

— От, там робяць мост. Ніяк не зробяць мосту. Я ночы прылячу, як свісну, усё і раскідаю.

А другі ўжо кажа:

— А панская дачка хворая, саўсім хворая. Пан поўна грошай бы даў, каб хто яе адлячыў. А ніхто не ведае. Яна як была ў цэркаве і прычашчалася, яе як таўканулі, так у яе з рота прычасце выпала. Дак чарапаха ляжыць пад памостам і з'ела тую прычасць. Чарапаха вельмі таўстая й вялікая расце, а панская дачка сохне.

Ну, ён жа і гэта чуе, гэты ўжо пад чоўнем. Дак кажа трэці:

— От каменне ляжыць, а пад тым жа каменнем кацёл грошай ляжыць. І ніхто не ведае. Каб хто гэта каменне падняў, там кацёл грошай.

Ну, ён ужо гэта ўсё выслухаў і пайшоў дамоў. Пайшоў дамоў, прыходзіць дамоў да на дзеўку ўжо кажа:

— Ідзі к брату, папрасі шаснасткі.

Дзеўка прыйшла:

— Дзядзька, дай шаснасткі.

Дак ён:

— А што вы там будзеце мераць?

А яна:

— Да не ведаю, што будзе тата мераць. Нешта будзе.

Ён ужо кацёл грошай прывёз. Ён памераў тыя грошы, кругом абручоў натыкаў ужо грошы да й на дзеўку кажа:

— Ты ж цераз парог кінь, каб усё й пасыпалася.

Дак яна, дзеўка, прыйшла, да як кінула, грошы і пасыпаліся. Гэты ж ужо багаты бяжыць.

— Дзе ж ты ўзяў? Дзе ж ты набраў гэтак грошай?

Ён кажа:

— А ты ж мяне паслаў к чортавай мацеры, паслаў, дак я,— кажа,— пайшоў да і разжыў грошай.

А бедны брат пайшоў і к пану.

— Пан,— кажа,— я тваю дачку адлячу.

Пан кажа:

— І-і, чалавечак! Што хочаш, чалавечак, дам, колькі хочаш грошай дам, толькі дачку ўжо адлячы.

Ён пайшоў у цэркаў, задралі памасціну, задралі памасціну, вынулі чарапаху, тую ўжо прычасць абмылі. Тая дзеўка з'ела, яна і палепшала. Пан поўна грошай даў. Ён пайшоў, дзе мост робяць.

— Што вы мне дасцё? Я вам нараю, мосту не парве. Забіце асінавы часнок (часнок — гэта ж у мосце часнок б'юць). Забіце асінавы часнок, будзе вам мост стаяць.

Яны тожа яму поўна грошай далі. Брат думае: «Пажджы ж, калі табе за аўсяную перапечку толькі-то далі грошай, а я ж спяку пытляваную і пайду, і мне ж будзе!»

Спёк ужо брат той багаты пытляваную і пайшоў дарогаю. Пайшоў дарогаю, ідзе баба.

— Куды ж ты ідзеш?

— О-о, мой брат хадзіў з аўсянаю перапечкаю, а я спёк пытляваную.

Яна кажа:

— Ну, давай жа мне пытляваную. Ідзі пад човен, ляж і слухай, што мае сынэ будуць гаварыць, толькі ж маўчы,— гэта ўжо на багатага.

Той лёг пад чоўнем, прылятаюць ужо гэтыя сынэ.

— І-і! Няўжо ж хто тут быў? Ужо панская дачка палечана, ужо і каменне развернены, ужо і золата дастана. Ужо і мост — я сёння свістаў, свістаў ля моста — нічога не ўзяць моста! Ужо асінавы часнок забіты. Няўжо ж хто пад чоўнем быў?

Дак ён кажа:

— Хто ж быў? Мой брат быў!

Дак яны:

— А-а! Калі брат твой быў,— адвярнулі човен і задушылі яго.

От, брат брату дабра не думае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 450-452
Крыніца: скан