epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра дзяўчыну — барання скура

Жыў муж і жонка, і была ў іх дочка адна. Такая красівая дочка, што я вам сказаць не магу. Ну, тая маць нямнога пажыла, яе маленькую аставіла. І вот яна гаворыць, як смерць прыйшла, яна гаворыць свайму мужыку:

— Глядзі, штоб такую жану ўзяў, як мая дачка, на маю дачку каб пахожа была.

Ну вот, яна памерла. Ён ездзіў, ездзіў, нідзе не найдзе, каб пахожа была на яго дачку. Толькі дачка гэтакая, а дачка на мацеру пахожа. Нідзе гэтакай нямашака. От ён, як яна вырасла, дарослая стала, ён кажа ёй:

— Дочка, я на табе жанюся.

Дак яна гэта як пачула, так і паляцела ўцякаць. Бегла яна, бегла, сколькі яна бегла, не знаю. Бацька агледзеў, што яе нямашака, дак ён асядлаў каня даганяць яе. От яна бяжыць да бяжыць — пастух пасе стада авец. Яна гаворыць на яго, на пастуха гэтага:

— Схарані мяне, бо даганяюць мяне.

Ён узяў кожу зняў з авечкі і накінуў на яе гэту кожу. Ну от, бацька прыехаў сюды, спрашуе:

— Была тут дзяўчына, прахадзіла ці не?

Пастух кажа:

— Я не відзеў ніякай дзяўчыны.

Ён і вярнуўся, паехаў яе бацька. А гэта кожа к ёй прырасла, аўчына. Ну, яна і пайшла ў пушчу. Пайшла ў пушчу, жыла ў дзераве, у дупле.

У аднаго цара сын быў. Цар памёр, толькі з мацераю той хлопец быў. Ну і паехаў ён на ахоту, той ужо сын. І з сабакам. Сабачка ўчуў дзеўку тую ў пушчы і стаў брахаць. Ён падышоў, гэты царэвіч, бачыць — дзевушка. Яна красівая, красівая! Ён гаворыць:

— Вылазь, дзевушка!

А яна гаворыць:

— Я не вылезу. Лучча мяне ўбейце, а я не вылезу.

— Чаму ты не вылезеш?

— Бо ка мне авечая кожа прырасла.

Ён гаворыць:

— Нічога, вылазь, я цябе за жану вазьму.

Яна вылезла, паслухала яго. Ён яе забраў, прывёў цішком — маці не знала — у асобную яе комнату, яна жыла там. Ён яе карміў, каб маці не бачыла. Яна красівая сама сабою, ну толькі што кожа прырасла.

Колькі ўжо ўрэмя, доўга ці коратка, маці гаворыць на яго:

— Жаніся, сын мой, ужо ўрэмя жаніцца табе.

А ён кажа:

— А я сабе ўжо нявесту падыскаў. У мяне,— гаворыць,— нявеста ёсць.

— Адкуль ты яе ўзяў?

Маці ж не знае, што ў яго там пад ложкам ляжыць з баранінай кожай.

— Ідзі,— гаворыць,— пакажу, маці.

От ён дастае яе з-пад ложка, дастаў яе, гэта кожа злезла. Яна красівая зрабілася, што ну проста не нагледзецца!

— Вот мая нявеста!

Ну, маці не наравілася яна, нядобра было. От яна бярэменная стала, і яму нада было недзе ехаць. Колькі ён пабыў там, і яна нарадзіла мальчыка — тры валасэ на галаве залатыя, з трыма валасамі залатымі. Гэта свякроў як агледзела, што такі мальчык, так яна мальчыка забрала, а туды пусціла два шчанюкі, сабачаняткі. Яму напісала пісьмо, што радзіла твая жана не дзіцёнка, а сабачанятка. Ён адпісаў мацеры пісьмо: «Пакуда я ні прыеду, нідзе не дзяваць». А гэтаму ўжо хлопчыку яны зрабілі скрыначку, пасадзілі туды і пусцілі жыўём па вадзе. Ён і паплыў.

Пакуль той прыехаў царскі сын, маці ўзяла другую падставіла, а гэтую вялела, каб сказнілі. Сказала, каб яе сказнілі, дасталі сэрца і каб прынеслі. Павялі яе слугі. Знаеце, шкода было яе казніць. Яна начала прасіцца. Слугі пусцілі яе, а на гэта места ўзялі сабаку, сэрца дасталі і прынеслі. Яна ж пайшла ў пушчу й жыве.

А гэты мальчык плыў, плыў па вадзе і плакаў. Ён не ўтапіўся ж у гэтай скрынцы. А двое старых жылі бяздзетных каля ракі. От яны выйшлі вечарам к рэчцы — дзяціны голас плача. Яны злавілі скрыначку, адчынілі — там мальчык невялічкі, харошы вельмі. Яны гавораць:

— Няхай будзе нам, у нас дзіцяці няма, няхай будзе.

Гэтак ён жа рос, асілак, гэтак рос, не часамі, а мінутамі.

І от ён як вырас, дак гаворыць на іх (яны ж расказалі, дзе ўзялі, а тая маці жыве тамака ў лесе). Так ён кажа:

— Ну вот,— гаворыць,— цяпер ужо спасіба вам, мае няродныя радзіцелі, што вы мяне гадавалі, мяне адратавалі. Цяпер,— гаворыць,— я паеду на свой хлеб, свайго шчасця шукаць.

Ну, дак старык даў яму гэтакі мундзір, дак як ён зашпіліцца, такі сільны зробіцца, што невазможна, якая ў яго сіла! І даў шаблю. Такая шабля, як скамандуе, усё яна косіць перад сабою, усё на свеце, адно б скамандаваў, ведаў, як камандаваць.

Вот ён і пайшоў у свет. Ідзе ён, ідзе, ідзе. Відзіць, у горадзе ўсё завешана чорным сукном. Ён тады спрашуе:

— Чаму гэта так?

Людзі гавораць, што царская дачка ідзе к змею на смерць. Гэтакі змей, што ўсіх людзей паеў; дайшло да царскай дачкі, яе ўжо вядуць. Вядуць яе, і музыка грае, і ўсе плачуць, жалоба, вядома, вядуць на смерць. Ён гаворыць:

— Я вас буду спасаць, маладая красавіца.

Ну, так яна пярсцёнак зняла з пальца і аддала яму. А сама вярнулася.

— А я пайду сам да тае гары.

А ён на гары, дванаццаць галоў змей. Патупаў хлопец на гару. Пайшоў сражацца. Ну што ж. Як падышоў туды, як свіснуў змей, дак усё галлё, лісце пасыпалася з дзеравоў. Вядома, дванаццаць галоў змей. Гэты ж хлопец як скамандаваў сваёй шаблі, як свіснуў, ударыў раз — чатыры галаве, і другі раз чатыры галаве звырганула. А то яшчэ асталося чатыры галаве, дванаццаць было. Дак ён ізноў, трэці раз закамандаваў, дак усё зляцела, і толькі кроў цячэ з яго ракою, ракою кроў. Уся рэчка зрабілася кравяная.

Ну, тады ён пайшоў да змеева замка. Яго замак гэтакі быў, што на дванаццаць кварціраў. І ўсё з касцей чалавечых. А ў змея былі прыслужнікі, людзі такія прыслугоўваліся. Вот ён увайшоў у тую кварціру, чуе, нехта ў нейкай кварціры шалпочацца. Усё абышоў, а толькі пад адну падышоў, так там, бач, адчыніў — там слуг многа, дак ён шаблі скамандаваў — каму вуха адсякае, каму нагу адсякае, гэтак іх пасекла, пасекла, а каторы жывы астаўся. А тады замкнуў, забраў ключы і паехаў у свет, на ахвоту паехаў гэты сын. Едзе да едзе, прыйшоў да тае мацеры, распытаўся:

— Адкуль ты, што да як?

Яна гаворыць, што ў мяне быў сын з трыма залатымі валасамі.

— І мяне,— кажа,— страбілі.

Дак ён зняў шапку да й кажа:

— А не я быў твой сын?

Так яна пазнала яго па тых валасох. Забраў ён яе і завёз у тога ўжо змея ў палац. Вот ён ёй даў дванаццаць ключоў і сказаў гэтак:

— Маці, усюды хадзі, па ўсіх комнатках, а ў гэту дванаццату не ідзі (гэта ўжо, дзе былі гэты слугі). Сюда,— гаворыць,— не захадзі, нельга.

От яна, ведаеце, як хадзіла, усюды абхадзіла, а там прыслухалася — нешта шалпочацца. Яна адчыніла, дак жывы адтуль чалавек выйшаў. Як выйшаў жывы чалавек, так яна з ім пазнаёмілася і ўзяла яго за мужа. Ну, і жывуць яны сабе. А ён часта не прыязджаў дадому, сын той. Раз прыехаў ён дадому, ну, маці неяк не вельма што прыхільная да яго. Ён не дагадаўся чаму так, бо там забітыя ўсе былі, а гэты адзін жывы астаўся. Ён пабыў нямнога, паехаў, пасля прыехаў. А яны ўжо згаварыліся ўдваіх: «Як бы,— гавораць,— страбіць, каб ён не ездзіў сюды. Было б нам добра, жылі б удваіх. Што ж прыдумаць,— як бы прыдумаць, штоб страбіць? Ён жа сільны такі».

Прыдумалі. Яна кажа:

— Ты знаеш што. Стаіць там і там на гары яблынька, і тая яблына ад усяго чыста і адмалодзіць і аджывіць — на ёй яблыкі такія. Адзін яблык аджывіць, другі адмалодзіць. Няхай ён мне той яблык дастане. А той яблык трудна дастаць. Ён таго яблыка не возьме.

От прыехаў сын. А яна таго замыкае, як сын прыедзе. Яна гаворыць:

— Сынок, я забалела.

Так ён кажа:

— Што вам такое, мама?

— От забалела. Але пасаветавалі мне, што там і там такая гара, і стаіць на той гары яблына, і на той яблыні ёсць яблычка і жывушчае, як хто памрэ, дак аджывіць, і адмаладзіць можна, яблычак з'есці такі.

Ён гаворыць:

— Я дастану, мама.

Ён паехаў, дастаў тыя яблыкі. Вядома ж, гэтакая сіла, сіла гэта шабля, перад ім нічога не ўстоіць, ён шаблю такую мае.

Прыязджае, прывозіць яблыкі. Ён сабе прывёз, мацеры даў адзін і другі яблык даў.

Яна проста ніздзівіцца, як гэта ён застаўся жывы. Ну, надумаліся іначай.

— Няхай ён табе пойдзе дастане льва, падоіць львіцу і малака прынясе, табе на здароўе. Яго львіца разарве.

От сын прыехаў, яна гаворыць:

— Мой сынок, гэта мне не памагло,— гаворыць,— каб ты мне львіцава малака дастаў, каб падаіў львіцу і мне гэта малако прывёз, мне б адразу памагло.

Ну, як для мацеры, дак усяго.

— Нічога,— кажа,— мама, дастану.

І паехаў. Ну, яны гавораць:

— Усё, ён цяпер не вернецца, львіца яго разарве.

Ён паехаў, прыязджае ў лес там, дзе гэтыя львэ, стаіць львіца. Ён прымяркаваўся застрэліць яе. Яна гаворыць:

— Не страляй мяне, малады маладзец, ты не таго хочаш,— гаворыць.— Што табе нада, я табе ўсяго дам.

— Мне нічога не нада, хачу цябе падаіць, малака мне нада.

Яна гаворыць:

— Пажалуста.

Ён злез з каня, падаіў сколькі яму нада было і прывозіць, зноў мацеры дае. Тут ужо маці, дзе ж тут, на двух гэтакіх заданнях бываў і нічога, як яго тут збыць? Той муж яе надумаўся так:

— Ты,— кажа,— знаеш што. Як ён прыедзе, ты застаў яго памыцца. І от,— гаворыць,— мы гэтак зробім, што ён аслабее з вады і зусім зробіцца слабы, нічога не варт будзе.

Сын ужо на трэці раз прыехаў. Яна кажа:

— Сынок, можа б ты памыўся з дарогі?

Ён кажа:

— Не нада, мама.

— Ну, памыйся, сынок,— настала яна, ведама, маці.

Ну, зрабіла, каб ён памыўся. Улез ён у тую ваду. Узяў той мундзір палажыў і шаблю палажыў. Завязала яна яму пальцы ніткаю і гаворыць:

— Ну, парві, сынок.

А гэтага німа ўжо, мужа таго. Узяў ён і парваў гэтую нітку. Яна ізноў звязала. Як звязала другі раз (а ляжыць гэты мундзір, сіла ў мундзіры была), ён ужо не разарваў ніткі з пальца. Тады ўжо выйшаў той муж, забраў у яго мундзір, забраў у яго шаблю, і астаўся ўжо сын так, усё. Ну, так яна гаворыць на мужа:

— Павыкалі яму вочы, вазьмі галавешку. Палім у печы,— гэта яна камандуе яму, мужу.

— Ты,— гаворыць,— свайму сынку павытыкай вочы, а я,— гаворыць,— твайму дзіцяці не буду вытыкаць вачэй.

— Ну, дак аднясі яго страбі.

От ён панёс і ўкінуў яго ў калодзезь. Жыўём укінуў у калодзезь, а самі жывуць пажываюць. Ён там у калодзежы ўжо мохам аброс. Колькі ён там быў, патом ішлі жабракі, былі бедныя, некалі ж жабравалі, цяпер няма жабракоў. От і падходзяць пад той калодзезь, захацелі вады напіцца і апусцілі туды вядро. Ён за гэта вядро ўчапіўся, яго і выцягнулі наверх, тыя старыя, тыя мужчыны. Пакінулі яны яго абросшага ўсяго чыста як мядзведзя. Ён ведае, што маці жыве ў тым замку, нідзе ж не дзелася, з тым сваім мужам. Ён што надумаўся. Недзе нейкую машыну абнаружыў і ходзіць усё: мо нада каму пашыць што! Мо нада каму пашыць што! От прыйшоў к гэтай мацеры пад акно і гаворыць ля акна:

— Можа нада вам што пашыць?

Маці не ўзнала яго. Яна думала, нет яго жывога. Яна гаворыць:

— Зайдзі, зайдзі, нам нада пашыць.

Ён увайшоў у хату. Шые адзін дзень, бачыць, яго мундзір вісіць, бачыць, яго меч вісіць. Яны не знаюць, як камандаваць імі. А потым ужо даверылі; яны кладуцца спаць, а ён шые. От ён бачыць, што яны паснулі, спяць ужо, а ён усё шые, ён зараз у свой мундзір адзеўся, а як адзеў свой мундзір, так ужо сіла знайшла, шаблю ўзяў і падышоў пад іх.

— От цяпер,— гаворыць,— я з вамі расчытаюсь.

І-і, так яны жахнуліся абое! Ну што ж.

— Ты мяне ў калодзезь кінуў. Ты не хацеў мне вачэй выпе**каць. І я табе,— гаворыць,— не буду выпе**каць. Ну, а ты як маці, то я табе другую кару дам.

Занёс ён яго, укінуў у той самы калодзезь,— ён там і прапаў гэтым часам. А яе, мацеру, паставіў дзве бочкі і гаворыць:

— Каго табе болей жалка, ці мужа, ці сына? Плач у адну бочку і ў другую, дзе ты наплачаш болей слёз.

А гэты ўжо сам маладзец паехаў к царэўне, каторую спас, каторая дала кальцо яму. Туды прыехаў, тамака ажаніўся, свадзьбу справіў, жыве сабе. Захацелася яму палядзець свае мацеры, ён на муку ж яе пасадзіў, бо яна ж яму што рабіла.

Прыехаў ён. Так дзе па мужу — поўная бочка, слёзы цераз верх пайшлі, а дзе сын — так анно чуць, і нямашака, сухая пачці бочка.

Ну, так ён на мацеру:

— Едзьма са мною, будзеш жыць са мною.

І вот яна, ведаеце, усё раўно свайму сыну падстроіла, так падстроіла, што ён зрабіўся мёртвы. Ляжыць як жывы, але мёртвы, ніяк не ўстае. Качалі яны яго, качалі, уродзе жывы, а ніяк ён нежывы. Потым паглядзелі, а ў яго як іголка ў спіне сядзела. Як вырвалі гэту іголку, ён і ажыў.

Вот ён паставіў усіх у рад — хацеў узнаць, хто яго вораг,— і жонку і мацеру. І скамандаваў сваёй шаблі:

— Шабля, хто віновен, знясі таму галаву!

Гэта шабля над усімі ўзнялася, над усімі, колькі там стаяла слугаў, кружылася і к мацеры падскочыла, галаву сцяла і ўсё.

І казка ўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 172-178
Крыніца: скан