epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра пана і хлопца

Даўно, даўно гэта было, многа гадоў назад, жыў адзін пан. І служыў у яго хлопец. Хлопец быў добрым, усё рабіў добра. Прабыў у пана шэсць гадоў, а платы не браў. Пан яго карміў і надзяваў, хлопец у яго вырас вялікі. Вот пан сказаў хлопцу:

— Выцеплі лазню, памыемся.

Хлопец выцепліў лазню, і пайшлі з панам мыцца, памыліся і прыйшлі дамоў. Пан яму кажыць:

— Кончыўся год, а ты ў мяне шэсць гадоў служыў добра і справядліва. Садзіся, будзем есці. І скажы, колькі табе за шэсць гадоў нада заплаціць.

— Я пану служыў шэсць гадоў, а пан паслужы мне шэсць дзён. Я буду панам, а ты маім парабкам, што я буду казаць — выпаўняць.

Падумаў пан і кажыць:

— Добра, буду я табе служыць шэсць дзён.

Сагласіўся пан служыць шэсць дзён; цяпер хлопец будзець за пана, а пан за парабка. Вот рана новы пан будзіць свайго парабка:

— Уставай, ідзі кармі каня.

Слухаець парабак, устаець і пайшоў карміць каня. Накарміў, напаіў каня; пан сказаў устроіць сняданне. Тады пан кажыць на парабка:

— Садзіся, еш разам.

Сеў парабак з панам есці, пад'елі яны. Пан кажыць парабку:

— Ідзі запрагай каня.

Пайшоў парабак, запрог каня, падагнаў пад ганак. Новы пан кажыць парабку:

— Надзявайся, паедзем.

Парабак надзеўся, сеў за хурмана, а пан сеў як і пан ззаду.

— Ну, паедзем,— кажыць новы пан.

Выехалі на дарогу і паехалі ў адну старану. Едуць і едуць і ўжо і палудзень прайшоў, а яны едуць. Тады парабак кажыць пану:

— Есці хочацца.

А пан кажыць:

— А ты відзеў, што я еў, едзь далей.

Вот яны і едуць. Ужо і сонца зайшло, а яны едуць; у вялікі лес уехалі і едуць лесам. Відзіць пан — гарыць аганёк, кажыць на парабка:

— Дзяржы каня, ідзі паглядзі, хто там ёсць.

Злез парабак з воза, пайшоў глядзець, хто там ёсць. Прыходзіць да хаткі, а там нікога нет. У хаце на стале гарыць свечка, а пасярод хаты ляжыць нежывы чалавек у думаўі. Прыходзіць парабак да пана і кажыць пану, што відзеў.

— Вярні каня да хаткі, там будзем начаваць.

Парабак павярнуў каня, пад'ехаў да хаткі. Адпрог каня і пайшоў з панам у хатку. У хаце стаяла печка, а за печкай ложак.

— Будзем класціся спаць.

Парабак аж дрыжыць ад страху. Новы пан лёг на ложку і спіць, а парабак скруціўся ў пана ў нагах і аж дрыжыць ад страху, і не спіць.

Сярод ночы прыходзіць гэткі другі мярцец. Устаець і гэты з думаўя і схапіліся біцца і пішчаць. Парабак будзіць пана:

— Уставай, паглядзі, што гэта робіцца.

Новы пан падняў галаву, паглядзеў на іх і кажыць:

— Што вы робіце? Пазабіваецеся.

Чалавек, што прыйшоў у хату, за дзверы і пайшоў, а гэты паваліўся ў думаўё і лёг. Парабак увесь дрыжыць ад страху, а пан спіць хоць бы што. Развіднелася, устаў пан і кажыць парабку:

— Запрагай каня, паехалі.

Парабак запрог каня, выехалі на дарогу. Пан кажыць парабку:

— Ідзі вазьмі гэтага чалавека.

Парабак прынёс нежывога чалавека і паехалі далей, нічога не еўшы, бо ў іх не было чаго есці. Едуць яны цэлы дзень, к вечару прыязджаюць у лес, ужо цёмна. Едуць яны лесам і бачаць, гарыць аганёк у кустах. Пан кажыць на парабка:

— Схадзі паглядзі, хто там ёсць, можа і нам можна там пераначаваць.

Парабак пайшоў да агню, а там сядзяць разбойнікі, п'юць гарэлку і закусваюць.

— Ці можна нам пры вас пераначаваць?

Разбойнік пытаецца ў парабка:

— А многа вас ёсць?

Парабак кажыць:

— Нас двух, я і пан.

Разбойнік кажыць:

— Едзьце і начуйце.

Парабак сказаў пану, прыйшоўшы да ваза, што там разбойнікі. Пан кажыць:

— Вярні каня да агню.

Пад'ехалі да агню. Пан сказаў парабку:

— Адпрагай каня,— а сам пайшоў да разбойнікаў. Парабак адпрог каня і сам прыйшоў да разбойнікаў, селі каля агню і сядзяць, глядзяць, як разбойнікі ядуць і п'юць. Тады малады пан кажыць свайму парабку:

— Ідзі і нясі з ваза мяса, і мы будзем есці.

Пайшоў парабак да ваза, выняў мерцяца, прынёс да агню і кінуў. Глядзяць разбойнікі, што мерцяца будуць есці, і маўчаць. Старшы разбойнік узяў нож, адрэзаў мерцяцу вуха, історкнуў на нож, паднёс сабе да зубоў і нюхаець. А пан як ударыць разбойніку па нажы, нож і ўлез яму ў горла. Разбойнік і паваліўся нежывы, астальныя разбойнікі паўцякалі хто куды. Вот новы пан бярэ сала печанае, хлеб і гарэлку, даець парабку і сам выпіў, пад'елі і кажыць парабку:

— Кладзіся, будзем спаць.

Сам лёг і спіць, а парабку не спіцца, баіцца, каб разбойнікі не прыйшлі і не пабілі іх. Ляжыць ён і прыслухаецца. Стала віднецца. Пан устаў і кажыць парабку:

— Цяпер будзем есці і запражом каня і паедзем.

Вот селі яны паснедалі, выпілі гарэлкі патроху, запрог парабак каня. Пан яму кажыць:

— Цяпер бяры хлеб, сала, гарэлку, кладзі ў воз і паедзем.

Паклаў парабак усё ў воз і паехалі. Едуць яны ўсё ў адзін бок, едуць і едуць. Падходзіць пара к абеду, луг такі пекны. Пан кажыць на парабка:

— Вярні каня на луг, няхай конь аддыхнець, а мы будзем палуднаваць.

Парабак звярнуў каня на луг, адпрог і пусціў хадзіць. Яны паелі, аддыхнулі.

— Цяпер запрагай каня і паедзем.

Парабак запрог каня і паехалі (парабак — гэта стары пан, служыць свайму парабку шэсць дзён). Едуць яны ўсё ў адзін бок, ужо стала сонца ніжэць, а ўперадзі вялікі лес. Парабку і тут страху многа. Пад лесам стаіць пекны двор. Вот пан кажыць парабку:

— Схадзі ты ў новы двор, папытайся, можа пусцяць нас паначаваць.

Прыходзіць парабак у двор, спатыкаець паню і дзеўку гэтага двара і пытаецца, пусцяць пераначаваць ці не пусцяць.

— Нам не шкада пусціць, вы начаваць не будзеце. Ужо чацвёрты год як памёр пан. Ён прыходзіць кожную ноч, і хто тут ёсць, задушыць і толькі астануцца косці.

Пайшоў парабак да пана і кажыць, што яму гаварыла пані гэтага дома. Пан кажыць парабку:

— Нічога, вярні каня, будзем тут начаваць.

Парабак завярнуў каня, прыехалі ў двор, адпраглі каня, павячэралі і леглі спаць у першым пакоі на падлозе. Парабак ляжаў і дрыжаў са страху і не спаў, а пан спіць ды толькі пахрапываець. Вот толькі выбіла дванаццаць часоў, адчыняюцца дзверы, уходзіць памёршы пан і кажыць:

— Хто тут аспадар?

Парабак будзіць пана:

— Уставай, прыйшоў пытаецца, хто з вас аспадар?

Новы пан устаў і кажыць:

— Я аспадар.

Мярцец кажыць:

— Ну, хадзі за мной.

Пан пайшоў за ім ззаду і, пераходзячы дзверы, на дзвярах мелам ставіў крыжы. Прывёў пана ў дванаццаты пакой, хацеў кінуцца на яго душыць, глядзіць — усе дзверы адчыняныя, яму няможна душыць. Вот ён кажыць пану:

— Ты мяне збавіў. Я быў закляты і прыходзіў кожную ноч, і каго застану, душу, а ты мяне збавіў ад чараў. Я болі сюды хадзіць не буду. Пані будзець астаўляць, каб ты з ёй жаніўся, а ты не саглашайся з ёй жаніцца, бо йна зачаравана. Калі сагласіцца палучыць ад цябе бізуноў, тады можаш з ёй жаніцца і будзеш добра жыць. На табе гэты бізун і гэтым бізуном бі. Яна будзець пераменьвацца на вужоў, звяроў, а ты нічога не бойся, пакуль не зробіцца, якая была.

Мярцец, выходзячы з дому, стукнуў кулаком па стале, і каля стала насыпалася куча золата, і сказаў пану:

— Гэта табе, што ты мяне збавіў ад пакут.

Устаець пані гэтага дому рана і кажыць на сваю дзеўку:

— Уставай, выкінь косці.

Дзеўка ўстала, выйшла ў пакой, глядзіць, што яны спяць.

Прыходзіць да пані ў пакой, а пані пытаецца:

— Гэтак скора выкінула косці?

А дзеўка кажыць:

— Яны жывыя, спяць.

Пані не паверыла дзеўцы, устала сама і пайшла глядзець. Выходзіць, глядзіць — праўда, што яны спяць. Вот пані і дзеўка сталі строіць есці. Устаў пан і парабак, пані папрасіла іх есці, дала ім выпіць. Пад'елі, выпілі, вот пані і кажыць новаму пану:

— Будзем мы з табой жаніцца.

А ён кажыць ёй:

— Калі ты сагласішся, каб я табе даў пяцьдзесят бізуноў, тады буду з табой жаніцца.

Як ні круцілася пані, каб не біў, але сагласілася. Вот стаў ён яе біць бізуном. Яна стала рабіцца на ўсякіх звяроў і вужоў, а нарэшце такой, якой была. Вот і астаўся новы пан жаніцца, а на парабка кажыць:

— Цяпер ты едзь дамоў. Тры дні мы ехалі ў адзін бок, цяпер за тры дні ты заедзеш дамоў. Я табе служыў шэсць гадоў, а ты мне шэсць дзён. Я цяпер буду тут жыць у сваім доме, а ты будзеш ізноў панам.

Прыехаў пан стары ў свой двор і крэпка захварэў і памёр, доўга і не жыў. Крэпка ён перапужаўся. А хлопец, што ў яго служыў, ажаніўся з паняй і добра, багата стаў жыць.

Вот і кончылася мая казка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 514-518
Крыніца: скан