epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра склятых братоў і сястру

Вот былі бацькі. Было ў іх трох сыноў. Такія ж ужо красівыя, такія магучыя яны, здаровыя, проста, як якія багатыры. Але што яны нешта бацькоў угнявілі, не вельмі-то яны былі ім склонны. Узялі яны неяк раз і пабіліся. Матка іх скляла:

— Каб вы, дзеткі, біліся век, як птушкі.

Яны ўзялі і пракляліся, і падняліся на крылля і паляцелі, як птушкі, і б'юцца гэтымі крыламі па баках і паляцелі, і засталіся бацькі адны, няма ў іх ужо гэтых дзяцей. Ну вот, жылі яны, ну, вядома ж, цяжка было, такіх сыноў пацярала матка, не магла разжалець гэтага нічога. Вот жылі-жылі, нажылі сабе яшчэ дзевачку. Дзевачка не відзела гэтых братоў ніколі. Жыла яна. Вот бацькі сталі казаць:

— Вот, дачушка, у цябе былі брацеткі тры, такія красівыя, такія харошыя, я іх не сцярпела і пракляла, а матчыны клятвы збываюцца.

Дачка гэта падрасла, і так яна ўсягды была задумная, усё думала: «Як мне братоў тых увідзець, як іх атыскаць?» А матка ёй сказала:

— Дачушка, не думай, бо яны паляцелі на лес.

А лес быў непрахадзімая пушча. Вот яна падрасла і ўціхамолку ад бацькоў пайшла. Пайшла яна шукаць братоў. Прыйшла ў лес. Ну вот, па тым лесе пахадзіла, пахадзіла, нідзе не магла натрапіць найсці. А пасля глядзіць: паляначка, на паляначцы хатка стаіць. Думаець: «Вот зайду». Зайшла яна ў гэту хатку, глядзіць: тры коечкі, вот столік стаіць і печ, паглядзела ў печы — кацялочкі стаяць, там наварана ежа. Ну, праўда, не вельмі там было падмецена. Яна ўсё зрабіла чысценька, падмяла і пазнала, што тут нейкія жывыя людзі жывуць.

Ну, з аднаго гаршка з'ела, з другога з'ела, з трэцяга, памногу не ела, пабаялася, каб гэта ўжо не абідзець каторага. Аднаму краваць прыбрала, другому, трэцяму і падумала, што яны ўжо скора могуць вярнуцца, хто тут такі будзець, яна ж не знала, баялася дажа. Узяла захавалася за печку. Аж уходзяць такія багатыры, такія красівыя і селі есці.

— Ох,— кажуць,— як мы ўхадзіліся, ну і аддыхнуць не шкодзіла б.

Селі за стол, сталі яны прыглядацца ў свае кацялкі: у аднога ўзята, у другога і ў трэцяга, яшчэ ў іх былі і чарачкі, а ў чарачках у каждай было панямножку, а можа і поўная, віно. Яна ад каждай тожа па глаточку выпіла. Вот яны і ўстрывожыліся.

— Хто гэта ў нашым можаць быць доме?

Проста трывога нейкая іх ужо агарнула.

— Ну, нічога,— кажуць,— нада дапілнаваць.

А яна сядзіць.

— Калі б мы каго ўвідзелі, мы б яго тут як відзіш бы рашылі.

Ну, дык дзе ж ёй ужо вылезці. Тады і другі гэтак дзень, да і трэці; леглі яны спаць і вот так яна асмелілася і выйшла з сваёй прыюткі, агледзела, што яны спяшчыя. Над адным пагаласіла, заліла яго слязьмі, што ён проста чуць не прачнуўся. Тады ўжо ўвідзела, што яна яго тут патрывожыла, узяла і зноў схавалася. Гэты брат устаў і кажа:

— Мае вы братцы, што мне сёння саснілася. Як быдта ў нас ёсць сястра і вот яна нада мной плакала, проста аж у мяне рубаха мокрая.

— Што б ты рабіў, каб гэта праўда было?

— Ну што, можа я б убіў бы яе.

О так во. Тады другую ноч узноў гэтак сама яна выйшла і над другім братам плакала, плакала, аблівала слязьмі. Тожа ўстаў.

— Мне,— кажа,— тожа такі самы сон сніўся.

— Ну, а ты што б рабіў, калі б застаў яе над сабой плачучы?

— Ну, я б ёй ужо харошы падарак бы паднёс.

Ну і пайшлі зноў жа яны ў лес. Трэцяй ночы таксама. Заснулі яны, і над трэцім яна слязьмі аблівала. Вот так. Як толькі ён прачнуўся, сказаў:

— Ну, што сабе хочаце, вашы сны да мяне перайшлі, мне таксама саснілася. Я вам проста і не верыў.

І расказаў, у якім віду гэта дзяўчынка.

— І нам такая снілася.

— Ну, што б ты рабіў, калі бы ты яе ўвідзеў?

— Каб я яе ўвідзеў, я б яе расцалаваў бы, я б яе не знаю як ужо прыжаў бы, я быў бы моцна рад.

Узяла яна і выйшла. Як яны абрадаваліся ўсе! Ну што ж, тады яна стала плакаць і прасіць у іх:

— Браточкі, пойдзем дамоў. Гэтак тата пастарэў і мама ўжо. Як жа жыць? Я ж іх не пракармлю.

— Мы цябе не пусцім, пакуль ты нас не адратуеш, бо нас матка пракляла. Вот,— кажуць,— ёсць у адным месце камень такі, каб ты ўжо як-небудзь да гэтага каменя дайшла і там вада пад ім ёсць. Каб ты вады гэтай дастала, дык ты б на нас пырснула, можа мы і аджывіліся б.

Вот яна гэдак і пайшла. Прыйшла яна, а тамака камень гэдак ужо сільна вялікі. А тут дрэва таксама вялікае, яна і абначавала каля гэтага каменя.

Прыляцелі птушкі і сядзяць і гавораць, але не гэтыя птушкі, браты, толькі другія, будуць казаць:

— Вот дзіва, дык дзіва. У нашым лесе тры браты і яны праклятыя, а сястра іх шукаець, вот найшла, але яна іх дамоў не можа вярнуць. Вот пад гэтым каменем вада ёсць, ёй ніяк няможна дабыць, але каб яна прайшла, там працякаець маленькі ручаёк, яна прасочваецца, гэта вада. Няхай яна набярэць, папырскаець па іх, і яны будуць добрыя ж ужо, як і належыць.

Ну, яна шукала, шукала, найшла нейкай там ужо макраты, не такая яна вада, як гразь. Яна гэтай граззю папырскала іх і тады ўсё: сталі яны ўжо — ні ў іх тых крылаў, не сталі птушкамі, сабраліся, сабраліся і прыйшлі дамоў. Вот і ўся басня.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 131-134
Крыніца: скан