epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра трох братоў-ахотнікаў

Жыў мужык, было ў яго тры сына. Былі яны вялікія ахотнікі; ну як ахотаю ні занімалісь, а не было нікаму шчасця. Яны як ездзілі па пушчам і заблудзілісь. Ездзілі тры дні і выбралісь на бальшую дарогу. Яны між сабою гаварылі:

— Пойдзем, брацця, кажны сваей долі іскаць!

На бальшэй дарозе стаяў стоўб. Ад тога стаўба тры дарогі, а на тым стаўбу тры табліцы: «Хто паедзець управа, сам будзець сыт, а конь будзець голадзен»; «Улева — лошадзь будзець сыта, а сам будзець голадзен»; «Трэцяю дарогаю хто паедзець, у Вахрамеевым царстве будзець царом».

Былі яны голас у голас, волас у волас, рост у рост як адзін. Іван Іванавіч быў старшы брат. Прыязджаець ён у Вахрамееўскае царства; прыняў яго цар:

— Як цябе зваць? Якія ты знаеш масцерства?

— А я самасільны ахотнік.

Цар яго высылаў на ахоту. Лес быў нісхадзімая пушча. Ідзець звер леў, як крутая гара, проці яго. Ён прылажыўся яго біць, а леў яму гаворыць:

— Не бей мяне, Іван Іванавіч, я табе дам свайго дзіцёнка — ён табе прыгадзіцца.

Маленька прайшоўшы, выходзіць к яму наўстрэчу мядзведзіца. Ён прылажыўся яе біць. Яна і гаворыць:

— Ах ты, Іван Іванавіч, не бей ты мяне; вот табе ў дар медзвянёнка — ён табе прыгадзіцца.

Ён яе не стаў біць. Маленька праходзіць, страчаецца воўк і гаворыць:

— Ах, Іван Іванавіч, не бей мяне!

[Іван яго] не стаў біць, а [ён] яму [даў] ваўчанёнка. Ён купіў сабе лошадзь. Яго лівянёнак, медзвянёнак хадзілі за ім усягда ўслед. Цар Вахрамей абвянчаў Івана Іванавіча на сваей дочке. Іван Іванавіч захацеў после свадзьбы праехаць на ахоту са львянёнкам, медзвянёнкам і ваўчонкам. Была ў гэтым царстве на северную старану захожая пушча. Жана і гаворыць:

— Друг мой мілы, не ездзі ты ў гэту пушчу! Там вялікія халады і лютэя марозы.

Ён ездзіў па старанам і рассуждаў сам с сабою: «Какой я ахотнік, када не буду ў гэтай пушчы».

Узяў і паехаў у гэту пушчу на северную старану. Як уехаў у лес, здзелалась цемень, халодны вецер і люты мароз. І здзелаўся яму вялікі блуд, заблудзіў ён у тым лясу і заначаваў. Відзіць ён, што ідзе-та аганёк далёка свеціцца.

— Ну-ка, леў, ты сілен і прытак, прынясі-ка нам агню! А ты, мядзведзь, прынясі-ка дроў! А ты, воўк, прынясі-ка парасёнка на вужын!

Леў агню прынёс, воўк парасёнка, а мядзведзь нанасіў дроў, а ён агню разлажыў. Сталі яны гэтага парасёнка гатуваць на вужын. У гэтым лясу жыла ведзьма, празывалась Баба Яга Касцяная нага; сама яна была смугаль, а глаза ў яе як вугаль. Толька яны сталі вужынаць, а яна нясецца, ажну трасецца:

— Ах, мілы мой начлежнік, абагрэй мяне, а то я змерзла!

— Ах, бабушка, падзі, грэйся!

— Нет, бацюшка, баюсь ахоты тваей!

— Нябось, бабушка, ступай, цэла будзеш!

— Нет, бацюшка, вырві пяць валаскоў са сваей галавы, з лашадзінай і са сваей ахоты.

Ён вырваў і падаў ей. Яна як дунула, так Іван Іванавіч і яго ахота акамянелі. А жана дажыдаець яго дамой.

Ішоў дарогаю Івана Іванавіча брат Даніла Іванавіч. Страчаецца з ім [ільвіца]. Ён хацеў убіць яе, а ільвіца гаворыць:

— Ах, Даніла Іванавіч! Не бей мяне: вот табе лівянёнак — ён табе прыгадзіцца!

Даніла Іванавіч не стаў яе біць, а лівянёнка ўзяў. Нямнога праехаўшы, страчаецца з ім мядзведзіца. Ён хацеў яе ўбіць, яна і гаворыць:

— Ах, Даніла Іванавіч, не бей мяне: вот табе ў дар медзвянёнка — ён табе прыгадзіцца.

Узяў ён медзвянёнка і паехаў дальшы. Страчаецца з ім ваўчыца і гаворыць:

— Ах, Даніла Іванавіч, не бей мяне: вот табе ваўчанёнка — ён табе прыгадзіцца!

Узяў ён ваўчанёнка і паехаў. Прыехаў ён у Вахрамеева царства. А царэўна думала, што гэта яе муж. А ён увазнаў, што яна жана братняя. Яна яго цалавала, рукі к сэрцу прыжымала:

— Я думала, што ты аттуда не звароцішся: у нас аттуда звароту нету.

Яна яго паіла і карміла, белу ложу засцілала, спаць яго ўкладала і сама з ім лажылась. Ён між сабою клаў вострую меч нагалі:

— Ну, жана мая мілая, сяннішнюю ноч хто к каму перавернецца, таму галава проч!

Яны праляжалі, не шавяльнуліся. Рана павутру сабіраецца ён на ахогу. Яна яму гаворыць:

— Ах, мой мілы, не ездзі на северную старану: у нас аттэль нету звароту!

Ён ездзіў на ахоту і заехаў у тую пушчу. Стала яму там холадна і заначаваў там. Льва паслаў за агнём, мядзведзя за дравамі, а ваўка за парасёнкам. Сталі яны гатовіць вужын, як ляціць Баба Яга Касцяная нага, сама смугаль, а глазы як вугаль, нясецца, ажну трасецца:

— Ах, абагрэй мяне!

— Падзі, бабушка, грэйся!

— Нет, бацюшка, вырві пяць валаскоў са сваей галавы, з лошадзі і са сваей ахоты!

Ён вырваў і падаў ей. Яна як дунула, так Даніла Іванавіч са сваею ахотаю і акамянеў.

Ехаў па дарозе трэці брат Мікіта Іванавіч. Насустрэчу [ільвіца]. Ён хацеў убіць яе, а яна і гаворыць:

— Ах, Мікіта Іванавіч! Не бей мяне, а вот табе лівянёнка — ён табе прыгадзіцца!

Узяў ён лівянёнка і паехаў. Страчаецца мядзведзіца:

— Ах, Мікіта Іванавіч, не бей мяне: вот табе медзвянёнка — ён табе прыгадзіцца!

Узяў ён медзвянёнка і паехаў. Страчаецца з ім ваўчыца:

— Ах, Мікіта Іванавіч, не бей мяне: вот табе ваўчанёнка — ён табе прыгадзіцца.

Прыехаў Мікіта Іванавіч к гэтаму стаўбу, а ўжо гэты табліцы пасцерлісь. Гаворыць ён:

— Верна, маіх браццяў нету ў жывых! Паеду іскаць сваіх браццяў.

А быў ён сільны, магучы багатыр і храбры воін. Прыязджаець ён к Вахрамееўскай царэўне. Яна здзелалась рада, када яго ўвідала, і пачытала за свайго мужа. Цалавала, к сэрцу рукі прыжымала. Лажыцца ён спаць і кладзець меч пад голавы:

— Ну, жана, сяннішнюю ноч хто к каму перавернецца, таму галава проч.

Яны цэлую ноч не шавяльнулісь. Устаўшы, паехаў ён іскаць сваіх браццяў. Уехаў ён у пушчу на северную старану, пад’ехаў ён к гэтым камням. Паслаў льва за агнём, мядзведзя за дравамі, а ваўка за парасёнкам. Стаў гатовіць вужын. Як нясецца Баба Яга, ажну трасецца:

— Ах, мілы чалавек, пусці абагрэцца!

— Падзі, бабушка, грэйся!

— Нет, бацюшка, дай мне пяць валосікаў са сваей галавы, з лашадзінай, а такжа і са сваей ахоты.

Тада ён і гаворыць:

— Ну-ка, леў, і ты, мядзведзь, і ты, воўк, валакіце-ка яе на агонь!

Вот яна круцілась, круцілась, а яе ахота цярзаець: тада яна як закрычыць багатырскім голасам:

— Ах, Мікіта Іванавіч, не палі ты мяне: я тваіх усіх браццяў ужыўлю!

— Ну, ужыві!

Вот яна як дунула на гэты камні, так яны і здзелалісь людзьмі.

— Ну, Іван Іванавіч і Даніла Іванавіч, паліце яе!

Яе ўзялі і спалілі. Прыехалі яны ўсе трое ў Вахрамееўскае царства. Вахрамей сабраў вялікі бал, і былі ўсе каралі, гулялі яны кала мора (а Баба Яга жыла ў моры). Марская Чудовішча выкінула на бераг пісьмо. Яго і нашлі каралі, а ў ём напісана:

— Іван Іванавіч, Даніла Іванавіч і Мікіта Іванавіч! Як вы пагубілі маю маць, то я пагублю ваша царства, а еслі не хочаш, Вахрамей, штоба тваё царства пагібла, то вывезі сваю дачку ў залатом бярліне1 на край мора.

Цар Вахрамей пасадзіў сваю дачку ў залатой бярлін і паставіў на край мора. Вахрамей ускрыкнуў:

— Ах, брацця, ці не ўтушыце вы Чуда-Юда, як утушылі Бабу Ягу?

Яны паднялісь яго тушыць. Сталі ноччу кала гэтай карэты.

— Ну, ільвы, дзяржыце крэпка за заднія калёсы; а вы, мядзведзі, ляжце па краям; а вы, ваўкі, када выйдзець ён з мора, хватайце яго за шыю.

У самую поўнач стала валнавацца мора. Здзелалась землетрасенне. Выскачыў з мора, стаў цягнуць у мора бярлін, а львы не пускаюць.

— Ну, мядзведзі, садзіцесь вы яму на плечы, а вы, ваўкі, дзярыце яму ікры.

І парубілі яго на мелкія штукі. Прывязлі мядзведзі царэўну ў царскі дварэц і здзелалі вялікія багамаленні. Івана Іванавіча паставілі царом у Вахрамеевым царстве; Данілу Іванавіча ў Азію, а Мікіту Іванавіча ў Амерыку.

1 Бярлін – каралеўская карэта (берла – скіпетр, знак каралеўскай улады).



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 201-205
Крыніца: скан