epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра зачараваную дачку

Быў пан, а ў пана быў сын і хацеў ён гора знайсці. Ну, вот сказаў:

— Тата, я пайду шукаць гора, я не хачу багата жыць, каб мне ў бядзе пажыць.

І пайшоў. Бацька, ну што ж, плакаў, прасіў усё. Ідзець, ідзець гэты сын. Ніякага надта і гора няма, бо ён грошы з сабой меў, у яго хватала гэтых грошаў. Прыходзіць ён, так што ў даль такую ўжо. Раскашэліў грошы. Стала яму тошна і цяжка, стала яму есці хацецца. А як пабыў у холадзе і голадзе, думае, каб памерці. Вот прыйшоў ён у горад у адзін. Ідзець салдацік дамоў, а тут выскачылі баіндзіты і ўбілі купца, і самі скрыліся, а людзі на гэтага салдаціка сказалі, што вот гэты ўбіў, гэта ён якраз вот січас быў. Ну што ж, гэты салдат просіцца, плача:

— Бо я ж не вінават ні ў чым.

А яны ж, бандзіты, уцяклі, не стала ж іх. Вот тады панскі сын думае:

— А што ж, бедны гэдак плачыць, ну ён жа ж не хочыць уміраць, а я хачу ўміраць, вазьму я яго замяню.

Ну, ужо гэтага салдаціка будуць судзіць. Вот і суд зачаў, судзяць ужо салдаціка. Смертнай казняй гэта яго ўжо будуць судзіць, даўней жа ж ужо смерць за смерць. Ну дык што ж, панскі сын гаворыць:

— Нада ж мне памерці, за што жа ён будзіць уміраць, калі ён не хочыць?

Кажыць:

— Няправільна, суддзі, судзіце. Я яго відзеў сам, што ён не вінават. Гэта ж я ўбіў.

Ды гэтыя глядзяць, суддзі, што гэта такое? Ну, дык не пусцілі ж надта і салдата гэтага, а панскага сына ўзялі і ўжэ будуць судзіць. А гэты разбойнік відзіць усё, што тут ужо робіцца. «Вот,— думаець,— за маі грахі хочыць у неба папасць гэты ўжо панскі сын. Не, брат, не пайдзёць так». І гэтыя грошы дзяржыць, ён жа ж ужо і вінават сапраўды, і крычыць:

— Расступіцеся,— на народ,— расступіцеся!

Тут расступаюцца, расступаюцца, ён ужо падходзіць:

— Панове суддзі! Вот вы няправедна судзіце. Ён не вінаваты, ні адзін, ні другі. А вот гэта я ўбіў. Вот і дзеньгі, вот той і кашалёк.

Паглядзелі — праўда, такая сума ж ужо вялікая. Панскі сын устрывожыўся, ну што, не дадуць ужо ж умерці, а гэтак хочацца ўміраць. І гэтага ўзялі ж ужо, узялі ж там растралялі пэўна, а салдата пусцілі дамоў і пана. Ідзець-ідзець, ідзець-ідзець пан. Падыходзіць да горада. Горад вялікі, але ўвесь у жалобе. Хорангелкі чорныя вісяць — страх глядзець. Ён гаворыць:

— Што гэта такое? — у першы дом увайшоўшы,— што тут такое? Чаму тут такая жалоба?

Кажуць:

— Ты што, не ведаеш? Тут жа ў нас цар закляў сваю дачку, і вот яна ляжыць у касцёле. Ляжыць у шкляной труне і яе нада штоноч пілнаваць, штоб харошы, красівы кавалер прыйшоў. А сягоння такі красівы хлопец гэдак плачыць, гэдак не хочыць, і вот пагібнець, яна яго з'есць, толькі косці знайдуцца, і ўсё.

Тады кажыць ён:

— Ну, дык вот я пастаражу.

Ух, тут скарэй падхапілі яго за падручкі да да цара, што дабравольна з'явіўся, кажуць. Вот яго січас уткнулі ўжо ў касцёл гэты. Ён глянуў: там перавернута ўсё, а куча касцей ляжыць, увесь у крыві гэты ўжо касцёл, страх там, што робіцца. Трошку і яму страшна зрабілася, але думаіць: «Усё роўна ўміраць». Укленчыў каля гэтай труны, а труна стаіць шкляная пасярод касцёла, а там відаць праз века шкляное страшная-страшная дзеўка: валасы чорныя, яшчаркі па гэтай галаве поўзаюць, сукенка ў гадзіны ў такія, розныя выкрантасы, вужакам падперазана, ну проста страх глядзець, якая. Толькі ўжо стала сумяркацца троху, чуіць: скрып дзверы. Швэп! Швэп! Швэп! чалавечак у лапціках сівенькі-сівенькі выйшаў з закрыстай.

— Чаго ж ты прыйшоў, маё дзетка? Ці ж ты не чуў? Ты ж згінеш, ты ж не выйдзеш адгэтуль, гэта ж табе канец будзець, гэта страшная смерць.

Дык ён неяк змякіціўся, забаяўся ўжо, стаіць зхмурнеўшы. А стары кажыць:

— Калі ж ты толькі вытрымаеш, я цябе схаваю. Толькі маўчы. Яна цябе будзець і па іменню зваць, не адзывайся. Вот пастаі яшчэ троху тут, а тады ідзі на хоры — гэта былі такія хоры ў касцёле, там спявалі. Там стаіць статуя такая святая. Ты за гэту святую статую зайдзі і ціханька стаі, і глядзі адным вокам. Глядзі, дзе яна паварачваецца і што будзець.

Ну вот, пайшоў ён ужо, стаў за статую. Праўда, вялікая тая статуя, большая за чалавека, нейкі святы ўжо быў там. Стаіць ён і глядзіць. А што ж ужо падступаець паўноч. Бах, адкрылася труна, вылазіць высокая высмуглястая такая, стройная дзеўка. І як вышчарылася, як вышчарылася, як заламіла рукі, і гэдакая яна страшная, усё там па ёй гады страх-страхам якія! Як завыла, як зараўла:

— А дзе ж ты ёсць, чаму ж цябе сягоння няма?

Ну і паляцела ўсюды шукаць. Яна заляцела перш за абразы паглядзела, паглядзела, тады як бразнець, як стукнець яна ў закрыстаю — і там няма.

— Я знаю, што ты ёсць, я знаю,— во і па іменню завець.— Выйдзі, мой спасіцель, мой збавіцель,— на яго.

А ён усё стаіць, не адзываецца. Тады толькі какарыку! пятух, а яна тады скок, скарэй у гэту труну, хлоп! дзверка і закрылася. Тады ён выйшаў, абразы папавешаў, усё пачысціў, косці гэтыя параскідвала яна была, узноў злажыў.

І тут скарэй, чуць дзянёк, лятуць слугі, адчыняюць дзверы: ах, стаіць ён! І тады толькі хлясць! ізноў замкнулі і да цара:

— Ай, жывець, ёсць!

Цар ляціць на тройцы лашадзей, падляцеў. Глядзіць і кажыць:

— Ну вот, калі другую ноч пераначуеш — золатам абсыплю з ног да галавы, а калі нет —галава далой.

Дык ён у адказ:

— Скідайце сабе гэту галаву, усё роўна яна мне ўжо не нада, я і так не выжыву.

Ну, ён тут ужо адвесіў шаблю, цар, хацеў ужо сякануць, а той спужаўся.

— Ну, зноў застануся,— узяў і застаўся.

Тады гэдак сама ізноў чуіць, толькі скрып у дзверы, толькі шлэп, шлэп, шлэп, ізноў ідзець стары:

— Ты ўзноў прыйшоў, захацеў багацтва, золата? Вот прападзеш, я ж табе ўжо не дам ніякай рады.

— А дзядулька, а міленькі, а ратуй жа ты мяне.

— Калі ж выдзержыш — будзеш спасёны, а не — дык не.

— Ну, дык як жа ж мне ўжо выдзержаць?

Кажыць:

— Укапаю цябе ў косці. Толькі глядзі, каб не зашавяліўся.

Выскакнула яна гэта, ён ужо схаваўшыся быў, і лятаець.

Узноў няма ў другую ноч. Лётала, лётала, лётала, бразгала, стукала, божа ж мой мілы, ён жа ж відзіць яе, ужо не такі страх, але ж так непрыятна ў такіх касцях чалавечых, у трупах гэтых ляжаць. Вот ён чуіць ужо хлоп! — дзверы зачыніліся, як пеўні праспявалі. Вылез ён, спарадкаваў усё, узноў стаіць. Вот тады зноўка лятуць гэтыя слугі. Глядзяць, што ён жывы. Як жа ж паляцелі ўзноў па цара, ужо ж на шэсць каней прыляцеў, шаблю падвесіўшы. Прывялі яго. Кажыць:

— Нізашто не буду больш.

— Ну, раз не будзеш, дык галава далой, а не — дык з ног да галавы ў тры столкі абсыплю золатам.

Ён кажыць:

— Не хачу ні золата, нічога.

І ўжо чуць-чуць да галавы не даткнулася шабля, але ж як уздзержалася. Ну і астаўся. «Усё роўна,— думаець,— памру дык памру, усё роўна ж паміраць, горай, як ужо ж засячэць».

Толькі ўжо тыя ад'ехалі, ён зноў там усё папарадкаваў. Чакае старога. Няма і няма нікога, а тады скрып! толькі дзверы. Стары ўжо:

— А, ты прыйшоў, не паслухаў мяне, я цябе ўжо не знаю, як ратаваць.

Дык ён як зачаў плакаць, як зачаў галасіць, як зачаў прасіць. Тады ён кажыць:

— Ну, калі выдержыш, вот так. Пастаі яшчэ, тады ляж каля труны, з гэтага боку, дзе завесы, крышка і закрые цябе. І на табе залаты ліхтарык гэты, і як яна паляціць у закрыстую, ты ціханька выскач і ляж у яе труну і на грудзі палажы гэты ліхтарык. Як яна толькі будзіць ляцець, дык спужаецца.

І гэдак ён зрабіў. Як толькі ўжо паляцела яна ў закрыстую, ён скоранька лёг, ляжыць, а яна скіялух туды ды на яго. Як спужалася, далоў. А ўжо такая царэўна, красата, якая там сукенка золатам вышыта, ленты такія бліскучыя, валасы светлыя, а сама такая красівая, ну ні ў казках казаць, ні пяром апісаць, такая красавіца. І тады яна яго абняла, пацалавала:

— Мой ты спасіцель, я столькі страдала.

Пайшлі, укленчылі на алтары, удваёх стаяць. Прыбягаюць слугі, папужаліся. Замкнулі і скарэй да цара. Цар прыляцеў. Тады яны пакланіліся ж ужо ў ногі. І ўся басня. Ну, там золатам жа ж то абсыпаў цар хлопца таго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 507-511
Крыніца: скан