epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Прамудры Салямон

Быў сабе адзін жаўнер, меў аднаго сына, называўся Прамудры Салямон. Аддалі яго вучыцца да кляс. Быў дужа сільны: з кім завядзецца, вазьме за уха, за што-небудзь, так адарве.

Зачалі жалабу падаваць, што ён сільны, бо многа пакалечыў народу. Прыйшоў да маткі, кажа:

— Матка, трэба выбірацца, бо мяне страцяць.

Так яны выбраліся на ваду, паехалі вадою. Ехалі, з'елі ўсё, што мелі, і не мелі, з чаго жыць.

Прыехалі да берагу. Вылез сын, маці, і паселі на беразе. Ён кажа на мацяру:

— Сядзі тут, а я пайду да лесу, можа што ўб'ю з'есць зверыну.

Набіў многа зверыны, напяклі, пад'елі. Назаўтра пайшоў зноў набіць зверыны. Як прыйшоў у лес, знайшоў палац велькі, а ў том палацу накрыта да столу, пастаўлена пячэння і ядзення; сеў, наеўся, напіўся і набраў для маткі.

Матка пытае:

— Скуль узяў?

Кажа:

— Знайшоў дом вялікі, і накрыта да столу, і патраў многа расстаўлена; набраў, матка, для цябе.

Назаўтра на ранку забраў матку, пайшлі да палацу таго. Селі есць абед; прыходзіць дванаццаць разбойнікаў, пытаюцца ў яго:

— Што ты за адзін? Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон за трыдзевяць зямель, але ён тут не дайдзе.

Ён кажа:

— Я не дайшоў, але прыехаў.

Кажуць разбойнікі:

— Будзем біцца.

Так як ён зачаў біцца, так адзінаццаць убіў, а дванасты схаваўся за печ.

Яны там жылі доўгі час з сваею маткаю. Прамудры Салямон пайшоў назаўтра да лесу і набіў пташак многа. А той разбойнік вылез з-за печы да маці і кажа:

— Страць сына, то будзе наша ўсё.

Прыйшоў сын з лесу, і маці захварэла. Пытае ў мацеры:

— Што табе баліць? Можа табе што снілася? Можа ва сне падавалася? Можа што хочаш з'есць? Я табе дастаўлю.

Яна кажа:

— Снілася мне: за трыдзевяць зямель у дзесятым царстве ёсць на дванаццаць каменяў закляты млын; з-пад астатняга каменя дастаць мукі, пячы пірагоў, то я буду здарова.

Улажыў торбачку яе сын і пайшоў. Прамудры Салямон прыйшоў да млына. Пытаецца ў яго, што ён за адзін:

— Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон, але ён тут не дайдзе.

Ён кажа:

— Я не ішоў, але ехаў.

Пытаюць:

— Чаго хцэш?

— Мукі з астатняга каменя для мацеры на пірагі.

Адвярнуў камень, набраў мукі і паехаў дамоў. Прыехаў, матку хворую знайшоў. Напёк пірагоў. Маці з'ела і стала здарова. У тры дні захварэла зноў. Пытае ён ў маткі:

— Можа табе што снілася?

— Мне снілася: за трыдзевяць зямель ёсць закляты сад, у том саду сядзіць крулеўна; мне з тае яблані даставіць яблак, то я буду здарова.

Прамудры Салямон улажыў торбу і пайшоў за яблакамі. Прыйшоў да саду. Пытаюць у яго:

— Што за адзін? Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон за трыдзевяць зямель, але ён тут не дайдзе.

Салямон кажа:

— Я не прыйшоў, але прыехаў.

Прыходзіць змяя і пытае ў яго:

— Што за адзін? Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон за трыдзевяць зямель, але ён тут не дайдзе.

— Я не дайшоў, але прыехаў.

Тая змяя кажа:

— Будзем біцца! Чысць пляц!

Ён кажа:

— Ты чысць праклятаю сілаю, а я прэснаю душою не магу.

Як дмухнула змяя, ачысціла пляц на восем вярстоў. Як дмухнуў Прамудры Салямон, ачысціў пляц на дзесяць вярстоў.

Прыходзіць другая змяя і пытае:

— Што за адзін? Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон за трыдзевяць зямель, але ён тут не дайдзе.

Прамудры Салямон кажа:

— Я не дайшоў, але прыехаў.

— Чысць пляц!

Прамудры Салямон кажа:

— Ты чысць, ты праклятаю сілаю, а я прэснаю душою не магу.

Як дмухнула змяя, ачысціла на дзесяць вярстоў. Прамудры Салямон на дванаццаць вярстоў. Зачалі біцца; збіў тую змяю Прамудры Салямон. Выходзіць трэцяя змяя і пытае:

— Што за адзін? Мы чулі, што ўрадзіўся Прамудры Салямон за трыдзевяць зямель, але ён тут не дайдзе.

— Я не дайшоў, але прыехаў.

Пытае змяя:

— Біцца альбо мірыцца?

Прамудры Салямон кажа:

— Біцца!

Змяя кажа:

— Чысць пляц!

— Чысць ты праклятаю сілаю, а я прэснаю душою не магу.

Як дмухнула змяя, ачысціла пляц на дваццаць вярстоў. Прамудры Салямон на восем вярстоў.

Зачалі біцца. Змяя ўгнала Прамудрага Салямона ў зямлю па калена. Так ён кажа:

— Жаўнер б'ецца і дае оддых, а ты мне не даеш.

— Не, не дам, уб'ю!

Прамудры Салямон зачаў біць, паправіўся, збіў паследнюю змяю. Пайшоў да саду, зняў крулеўну з саду з дзерава, набраў яблак ля маткі з таго дзерава, дзе была крулеўна. Крулеўна просіць на абед Прамудрага Салямона. Прамудры Салямон кажа:

— Не магу, хворая матка, трэба нясці яблакі ля маткі.

Крулеўна кажа:

— Гандлюйма жукоінкамі.

Крулеўна дала яму сваю, а Прамудры Салямон сваю. Кажа Прамудры Салямон крулеўне:

— Прысылай карабле на выспу тую каля ма[й]го дому, я буду ждаць.

Пайшоў Прамудры Салямон дадому, прынёс матцы яблакі. Матка з'ела, была здарова тры дні. Пасля захварэла зноў матка.

Пытае Прамудры Салямон у маткі сваей:

— Можа табе што снілася?

Яна кажа:

— Мне снілася, што зрабіць ванну, так я буду здарова. Сын пайшоў, раздзеўся, зачаў секці дровы. Насёк дроў, нанасіў вады. Вылез той разбойнік з-за пячы і ўкраў у Прамудрага Салямона падцяжкі. Прамудры Салямон аглянуўся і кажа:

— Дзе мае падцяжкі?

Вылазіць разбойнік з-за пячы і кажа:

— Тут, у мяне.

Кажа:

— Ну, забіў ты нас, а я цябе аднаго не буду, толькі табе выдзеру вочы.

Выдраў вочы разбойнік Прамудраму Салямону. Пайшоў Прамудры Салямон на тую выспу, дзе мелі прыйсці карабле. Пачуў Прамудры Салямон, што прыходзяць карабле, ждуць на яго.

Ждалі два дні, не прыждалі, паехалі дахаты.

Пытае крулеўна:

— Чаму не прывязлі Прамудрага Салямона?

Яны кажуць:

— Няма нікога, адзін ляжыць без ачоў.

Крулеўна кажа:

— Пачом не бралі, гэта ён.

Села крулеўна ў карабель, паехала сама. Пачуў Прамудры Салямон, што прыехала сама, і ўлажыў жукоінку на руку. Крулеўна глянула і пазнала па сваёй жукоінцы, што гэта ён.

— Забірайце яго без ачоў.

Забралі без ачоў, прывязлі дахаты. Далі аглоску:

— Хто можа ўставіць вочы, той будзе мець вельку награду.

Прыйшоў стары жаўнер і ўставіў вочы. Кажа крулеўна:

— Будзем цяпер жаніцца.

Ён кажа:

— Не магу, трэба даставіць матку сваю.

Сеў на карабле і паехаў па матку. Прыехаў да выспы да таей, у коей быў упярод. Кажа на свае карабле:

— Ждзеце мяне да трэцяй гадзіны; як я не прыйду па трэцяй гадзіне, едзьце дадому, не ждзеце мяне.

Прыйшоў Прамудры Салямон у лес пад тую хату, бачыць, ідзе разбойнік з маткаю на шпацар. Разбойнік кажа:

— Муруйце слуп у неба і ў зямлю, то буду неба і зямлю варачаць.

Пайшоў Прамудры Салямон і ўлез да пакою і лёг пад ложкаю. Прыйшоў разбойнік з маткаю і палажыліся спаць. Разбойнік разабраўся, скінуў падцяжкі, павесіў падцяжкі на крэсле і пазаснулі.

Прамудры Салямон украў тыя падцяжкі і ўлажыў на сябе; вылез з-пад ложкі і пайшоў да караблёў. Кажа:

— Ждзеце мяне, паедзем дадому, а я пайду забяру сваю матку.

Прыйшоў Прамудры Салямон, аж яны спяць. Адчыніў дзверы, так яны пасхапляліся. Пытае разбойнік:

— Дзе мае падцяжкі?

Прамудры Салямон кажа:

— Тут, у мяне,— кажа.— Ты выдраў мне абедзве вочы, а я табе адно.

Узяў ён адно і абедзве выдраў. На матку кажа:

— Ну, матка, збірайся, паедзем за мною, будзеш на вяселлі маём.

Забраў матку і паехаў. Прыехаў Прамудры Салямон, пабыў тры дне, і вяселле пачалось. Жаніўся Прамудры Салямон з крулеўнаю. Здаў яму круль усё войска. Прамудры Салямон сеў конна і паехаў аглядаць войска. Як аб'ехаў, прыехаў да круля і кажа:

— Што ваша за войска, калі мне чэсці не аддае?

Круль разгневаўся, казаў заклікаць салдата таго, каторы не аддаў чэсці Прамудраму Салямону. Пазвалі таго салдата. Кажа той жаўнер:

— Не магу аддаць чэсці: меў аднаго сына, называўся Прамудры Салямон, а як сеў на лодку, так занясло за трыдзевяць зямель у дзесяпятае царства; служыў дваццаць пяць гадоў і цяпер служу, дваццаць пяты год кончу.

Кажа Прамудры Салямон:

— Так ты мой бацька!

Пытае ён у бацькі:

— Што зрабіць з мацераю, што яна яго ўсюды пасылала, кабы страціць?

Бацька кажа:

— Ніц іншага няможна зрабіць, трэба прывязці стаповага каня, узяць матку, прывязаць да каня да хваста галавою, так няхай яе разнясе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 167-172
Крыніца: скан