epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Праўда і Крыўда

Начном сказку, а не сказку, да прыказку, сказка будзе заўтра пасля абеда, пад'еўшы мяккага хлеба.

Былі сабе два хлопцы: адзін зваўся Крыўда, а другі Праўда. І хадзілі яны па кусочках. Так Праўда просе хлеба, а Крыўда крадзе. У Праўды хлеба няма, а ў Крыўды поўна койстра. Адзін раз завялі яны між собку сварку, як луччы жыць.

Крыўда кажа:

— Крыўдай луччы жыць!

А Праўда кажа:

— Не, праўдай луччы жыць!

— Ну, хадзем дарогай, каго пападом, у таго й папытаем, чым луччы жыць — ці праўдаю, ці крыўдаю?

Ішлі, ішлі і бачаць — на полі пасе дзед авец.

— Зайдам к яму, папытаемся!

Прыходзяць к дзеду.

— Здрастуй, дзед! І скажы ты нам, як луччы жыць, ці праўдаю, ці крыўдаю?

Дзед падумаў, падумаў, задраў вочы ўгару і кажа:

— Крыўдаю луччы жыць, а праўдай цяпер не пражывеш. Крыўдай жыўшы, скарэй што-нібудзь украдзеш: ці ў пана лесу ўкрадзеш, ці хлеба ўкрадзеш, усё-такі большы е. А праўдаю ідзе што возьмеш?

Праўда кажа:

— Не, няпраўду, дзед, кажаш! Праўдай луччы жыць. Хадзем, Крыўда, далі!

Прайшлі далі па дарозе і бачуць — ідуць [купцы].

— Давай папытаем у гэтых [купцоў].

— Здаровы, купцы!

— Здароў, здароў, хлопцы!

— І скажыце вы нам, як луччы жыць — крыўдаю ці праўдаю?

— А што ж? Крыўдаю луччы жыць! І мы вот жывом крыўдаю: каго не падманеш, і няма нічога!

Тады Крыўда кажа Праўдзе:

— А што, не казаў я табе, што крыўдай луччы жыць?

Пайшлі ізноў далі. Праўда захацела есці і просе ў Крыўды:

— Дай мне, брат, хлеба, хоць кусочак!

А Крыўда кажа яму:

— Дай я табе выкалю вока!

— Ну, калі бога не баішся!

Крыўда выкалала вока і дала хлеба кусок. Ён з'еў і пайшлі далі. Праўда ізноў захацела есці.

— Брат, дай мне хлеба яшчэ!

Крыўда кажа:

— Дай я выкалю другое вока!

Праўда дала выкалаць вока другое. Крыўда выкалала вока і дала хлеба яму. Тады кажа:

— Што ж, я цябе цяпер вадзіць буду сляпога?

Кінуў ды й пайшоў.

Праўда попаўзкам, попаўзкам ды й вайшла ў лес. І чуе, хтось гавора ёй:

— Ідзі ты гэтай сцежкай, і прыдзеш ты а к ручайку, і памый вочы: ты будзеш бачыць. Тады глянь удоль па ручайку — убачыш бальшога дуба. І ты ўзлезь на гэтага дуба і там начуй. Зляцяцца ўначы пад гэтага дуба рознае змяйё. Што будуць казаць, ты ўсё слухай.

Ён так і зрабіў. Зляцеліся змяйё на ноч. Адзін кажа:

— Я там-то быў вот.

Другі кажа:

— А я там-то.

А трэці кажа:

— А я вот у каралеўскай дачкі; колькі лет мучу яе ўжэ і ніхто не можа вылечыць. Каб такі найшоўся, узяў — у ваднаго купца ё на варотах божая мацер — узяў тую вікону да спусціў із яе вады, да даў ёй напіцца, я б тады ні разу не паляцеў, і яна б была здаровая за 'дзін час!

Як стаў дзень, Праўда злезла з дуба і пайшоў а к купцу а к тому.

— Дзень добры, купец!

— Здароў, здароў, Праўда! А чаго ты прыйшоў?

— Я прыйшоў, дайце мне гэту божую мацер!

— Я табе дам яе, толькі адслужы мне год за яе!

Праўда астаўся служыць. Прайшоў год. Купец грошы дае, а божыя мацеры не дае, затым, каб яшчэ год паслужыў ён. Ён быў столяр добры: дзелаў розныя стулкі, сталы дарагія. Ён жа грошай не бярэ ў купца. А купец божыя мацеры не дае. Астаўсь яшчэ год служыць. Праслужыў два гады. Тады купец аддаў яму божую мацер. Ён узяў і пайшоў к каралю. Каралеўскія слугі не пускаюць яго.

Ён і кажа:

— Скажыце каралю, што я прыйшоў лячыць паненку.

Слугі сказалі каралю. Кароль яго з ахвотаю прыняў, накарміў, напаіў і даў яму часы два аддыхнуць. Праўда аддыхнуў і пайшоў а к паненцы. Спусціў з божыя мацеры вады і даў ёй напіцца, і спырснуў на яе трохі. Яна стала здаровая. Тады прыходзе кароль і пытаецца:

— Вылечыў?

А яна ўперад за яго адказуе:

— Я ўжэ здарова!

— Ну што ж, ты жанаты, ці халосты!

— Халосты!

— Ну, буду жаніць я цябе на сваёй дачцы!

Жаніў Праўду на паненцы. Вяселле згуляў добрае: гарэлкі было тры соткі з палавінай! Пажыў Праўда гады два і кажа:

— Тата, я пайду ў сваё сяло!

Кароль яму пазволіў. Ён сабраўся ехаць, просіцца і паненка ўслед. Ён узяў з сабой і жонку і паехалі ў сваё сяло.

На дарозе сустрэўся ён з Крыўдай. І ён Крыўду ўгадаў, а Крыўда яго не ўгадала.

— Здароў, Крыўда!

— Здароў, здароў, ваша сыяцелства! Толькі я не ведаю, хто вы такія ёсцека?

— А ці ведаеш ты Праўду, што ты ёй вочы калоў?

— Ведаю, ведаю!..

Стаў на каленцы і ўмаляе богам:

— Прасці мне, што я табе здзелаў!

— Не бойсь, не бойсь, не будзе нічога. Я й табе нараю так. Ідзі вот у гэты лес і нойдзеш сцежку. Пойдзеш ты гэтай сцежкай і нойдзеш ты ручаёк. Памыеш вочы і глянеш удоўж ручайка — убачыш бальшога дуба. Узлезь на яго і заначуй!..

Крыўда гэта здзелаў усё, што казала Праўда. Зляцеліся: змяйё пад дуба на ноч. Адзін кажа:

— Я там быў!

Другі кажа:

— Я вот там-то быў!

А трэці кажа:

— А я, брат, што тады казаў, дак тое ўсё і здзелалася: нехта найшоўся такі, што ўзяў мяне да й выгнаў. Ці не сядзіць, брат, тут хто на дубе, ці не слухае ён, што мы расказуем?

Узяў змей і ўзлез на дуба.

— Э, брат! Дак гэта ты тутака сядзіш і ўсё слухаеш, што мы кажам!

Узяў яго за каўнер і скінуў яго з дуба.

Рассыпаўся ён на семсот кускоў, і здзелалася семсот шынкоў. І цяпер у іх гарэлку п'юць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 440-443
Крыніца: скан