epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Проварна Ярыжка

Да быў сабе Іван Іванавіч — рускі царэвіч. А ён быў бальшы карцёжнік і любіў крэпка ў карты гуляць. І была на вазмор'і, у каторым-то царстве, жыла там Васіліска Дыябалска, і яна тож ахвотніца ў карты гуляць. Ну, гэты Іван Іванавіч тожа знаў, што яна любіць у карты гуляць, ну і мог ён к ёй даехаць, і мог ён з ёй у карты разыйграцца. Ну, ігралі яны многа ўрэмя, да й датуль яны ігралі, пакуль Іван Іванавіч — рускі царэвіч абыйграўся. І так ён абыйграўся, што і гасударственную каруну прайграў.

Як ён паехаў дамоў, Васіліска Дыябалска і замуравала гэту каруну ў печ. Ну, гэта ён ад яе ад'ехаў у свой гасударскі дом і стаў ён праз гэта клапатаць. Сабраў роту салдатаў к сабе і гаворыць:

— Ідзіце-тка па ўсём маім царству і васпытайцеся такога чалавека, ці не абярэцца хто маю каруну атыйскаць.

Ну і прыходзіць салдат, быттам так, як і ў Гарадзішча, і заходзіць ён у каршму і ў каршме спрашывае:

— Ці няма тут такога чалавека, каб царскую каруну атыйскаць?

Лезе із-за печкі ў каршме чалавек і аб'яўляецца:

— А вот я магу!

— Ну, хто ж ты такі ёс[ц]ь?

— Я Проварна Ярыжка, прагоркая п'яніца!

Ну, сычас салдат бярэ яму стаканчык гарэлкі. А ён гавора, Проварна Ярыжка:

— Ах ты, служба! Проварна Ярыжка ў каршме гуляе і не па гэткім стаканчыку выпівае!

І паказаў яму вядро:

— Во мой стаканчык!

Ну, як увідзеў салдат, што ён багатырскі чалавек, то ён, салдат, мог старацца гэтаму. Відзіць, што на ём світка плашэнькая, то ён рад старацца лі яго купіць, і павёў яго да цара. Прыводзе яго к цару, і ён гавора:

— Здраствій, ваша царскае вялічаство!

— Ну,— спрашывае яго гасудар,— як цябе зваць?

— Зваць мяне Проварна Ярыжка, прагоркая п'яніца!

— Ну, што ж ты можаш маю каруну атыйскаць у Васіліскі Дыябалскі?

Атвяшчае ён цару:

— Магу, толькі мне нада салдатаў полк і нада караб, і нада пораху, і нада ўвесь прыпас салдацкі!

Цару ці доўга? Убралісь на караб і паехалі морам. І можа яны ехалі месяц і больш, і пад'язджаюць пад дварэц, так не дальша як вярсты ў тры да дварца да Васіліскі Дыябалскі. Цяпер Проварна Ярыжка вылез на бераг і пайшоў берагам, а ім сказаў ажыдаць. Ну, прыходзе Проварна Ярыжка, прагоркая п'яніца пад дварэц, а там кругом яе дварца абвіўся бальшы вуж і ў зубы хвост узяў; і хто ідзе ў двор к ёй, ён пускае, а хто ідзе з двара, таго не пускае. Ну й упусціў ён яго. І ўходзіць ён у первую комнату, Проварна Ярыжка. І сычас, як увайшоў ён, і ўвідаў гасударскую каруну, умурованую ў печ, і чуць яна відна. Ну, гэты Проварна Ярыжка сычас яе выдраў і схаваў за пазуху. Аяўляецца тады к Васіліскі Дыябалскі:

— Здраствій, Васіліска Дыябалска!

— Здрастуй, Проварна Ярыжка! Ну, чаго ж ты сюды прыйшоў?

— Я слышаў, што вы ахвотнікі ў карты гуляць?

— Да, ахвотнікі!

— Ну вот жа, пазвольце мне на караб схадзіць: у мяне ёсць кніжачка такая, што вы можаце ўвесь свет абыйграць!

— Ну, ступай сабе на караб і прынясі мне кніжачку гэту!

Выйшла яна на двор і крычыць:

— Вартавы! Адпусці Проварну Ярыжку, прагоркую п'яніцу на караб схадзіць!

Ну і пайшоў ён. Прыходзе на караб і гаворыць салдатам:

— Сматры, рабяты, будзець да вас ад Васіліскі Дыябалскі нападзенне!

Ну, а сам у лёгкую лодку сеў і паехаў.

— Грабіце,— ка[ж]а,— рабяты, як можна і ўцякайце як можна, і адбівайцеся арудзіем!

А сам паехаў. Ехаў ён можа дзень, а можа і два, і захацелась яму ес[ц]ь. Вылез ён на бераг. Ідзе берагам — стаіць хатка. Уходзіць ён у хатку, аж там на стале стаіць чан капусты, чан кашы. Ну, гэты Проварна Ярыжка садзіцца за стол і кушае, і толькі кушае і скучае, што не ведае, чый стол, а пакушаць то ён пакушае. Ну, і пакушаў ён, Проварна Ярыжка, і сядзіць. А адчаго ён сядзіць? Што гэта хатка такая: хто ў яе ідзе, яна пускае, ну назад не пусце нікога. Сядзіць ён, жджэ. Ну, і аяўляецца гэтай хаты хадзяін, касавокі багатыр:

— О,— ка[ж]а,— русь-кось пахне!

А ён кажа:

— Гэта не русь-кось, а Проварна Ярыжка!

— А! Гэта ты, Проварна Ярыжка, маю сястру пабядзіў?

А гэта Васіліска Дыябалска пасылала на караб, і яны не маглі даступіцца да карабля. Адчаго яны не маглі даступіцца — што тыя салдаты, што асталіся на караблі, ударылі із пушак. Васіліска Дыябалска ждала, ждала іх і не даждалася. Села яна на зялезную ступу і таўкачамі паганяе, і прылятае к караблю. Садзіцца на караб і бярэ салдата і пытаецца:

— Ці ты Проварна Ярыжка?

Як скажа салдат: «Я Проварна Ярыжка!» — яна глоць! І праглыне. І так, што ўвесь караб паела. Цяпер гэты Проварна Ярыжка садзіцца з касавокім багатыром абедаць. Цяпер гэты касавокі багатыр гаворыць:

— А што так, Проварна Ярыжка, на мяне так пазіраеш?

— А я,— гавора,— на цябе пазіраю, што ты на дно вока касавокі, а на другое саўсім не бачыш!

— А што, ты мне вылечыш?

— Я б то табе мог вылечыць, калі б быў у цябе прыпас!

— А які табе трэба прыпас?

— Трэба прыпас мне: пуд саломы і трэба, трэба мне зялезны ланцуг харошы, і трэба мне прыпас — кацёл!

Атвяшчае яму касавокі багатыр:

— Ёс[ц]ь у мяне увесь гэты прыпас!

Дае яму ўпярод кацёл, тады смалу ўслед. Разгравае Проварна Ярыжка гэту смалу і разагрэў сілна. Цяпер спрашуе:

— Нясі ланцуг!

Уносе ён ланцуг яму. Ну, сычас Проварна Ярыжка ўвязвае касавокага багатыра ланцугом:

— Страпянісь-ка, ці будзе крэпка?

Страпянуўсь ён — ланцуг пасыпаўся!

— Не,— кажа,— шукай крапчэйшага!

Прынёс ён ланцуг другі, стаў ён увязваць яго другім ланцугом:

— Страпянісь ізноў!

Ну, страпянуўся — ён не падаўся, гэты ланцуг. Садзіцца касавокі багатыр на парозе ля таго, каб Проварна Ярыжка не ўцёк.

— Цяпер,— кажа Проварна Ярыжка,— вылуп вочы харашо!

Узяў ён коўш, зачэрпаў смалы і лінуў яму ў вочы! Як ускоча касавокі багатыр, разарваў ланцуг:

— Дак во як,— ка [ж] а,— ты лечыш! Пагуляй жа, не ўцячэш ад мяне!

Сеў на парозе і сядзіць. А быў у касавокага багатыра казёл такі любімы, што ён з ім гуляў. Проварна Ярыжка садзіцца на гэтага казла і шчоўк яго пад пуза! Гэты казёл як брыкнець праз парог і праз гэтага багатыра! Цяпер крычыць касавокі багатыр:

— Ідзе ты, Проварна Ярыжка?

— А я ўжэ на дварэ!

— А хто цябе вынес?

— А казёл,— кажа,— вынес!

Выскачыў ён цяпер услед, касавокі багатыр, да як пусце ім услед сякеркай:

— На табе,— кажа,— і маю сякерку!

Гэты Проварна Ярыжка цап за гэту сякерку адным палцам — гэты палец і прыстаў к сякерцы. Крычыць гэты касавокі багатыр:

— Ці дзяржыш ты?

— Дзяржу, да мала!

Бача Проварна Ярыжка, што гэта дзела плоха, ён чык да палец і адрэзаў і пайшоў.

Ішоў ён, ішоў апяць берагам, можа дзень, а можа й два — стаіць хатка тож. Заходзе ён у тую хатку, аж там на стале чан капусты, чан кашы. І садзіцца ён за стол і начынае ес[ц]ь. Ну, укусіў ён трошкі, прыходзе Аплетаў-багатыр:

— Э,— кажа,— русь-кось пахне!

А ён кажа:

— Не русь-кось, а Проварна Ярыжка тут ёс[ц]ь!

Садзіцца гэты Аплетаў-багатыр кушаць і садзіць яго апяць з сабой:

— Кушай,— кажа,— кушай да й пойдзем!

Ну, пакушалі яны, вылезлі із-за стала, і садзіцца Аплетаў-багатыр яму на плечы, Проварну Ярыжку. Ён яго і панёс. Нёс, нёс ён яго, паднёс пад ябланку і просіцца:

— Пазволь мне на гэту ябланку злазіць, дастаць яблак!

Тэй пусціў. Ён палез, дастаў яблакаў сабе і яму. Сеў тады Аплетаў-багатыр яму зноў на плечы, і зноў ён яго панёс. Падносе яго к другой ябланцы. Яблакі на гэтай ябланцы — як пакушаеш, дак і заснеш. Спрашуе Проварна Ярыжка ў Аплетаў-багатыра:

— Пазволь мне і з гэтай ябланкі дастаць яблакаў.

Багатыр дазволіў. Ён палез, дастаў яблакаў і даў яму ес[ц]ь.

Ён як із'еў, дак і заснуў. Проварна Ярыжка бача, што Аплетаў-багатыр заснуў, і пайшоў.

Ішоў, ён ішоў апяць берагам і прыходзе к гарэ, і к бальшой гарэ, і на тэй гарэ леў і змей б'юцца, сілна б'юцца. І просяць Проварну Ярыжку рассудзіць іх. Ён рассудзіў іх так:

— Ты, змей, стань пад гарой, а ты, леў, стань на гарэ! Змей, разінь рот: як леў будзе бегці з гары, ты яго праглынеш!

Леў як разагнаўся з гары, так і разбіў змея. Тады леў гаворыць:

— Ах ты, Проварна Ярыжка, садзісь на мяне! Павязу цябе ў тваё царства!

І павёз. Падвозе к царскаму дварцу і гавора:

— Проварна Ярыжка, не хвалісь нідзе, што ты на льву-зверу ехаў. А калі ты пахвалішся, што ты на льву-зверу ехаў, то не будзе табе нічога!

Проварна Ярыжка прыносе к цару крэпку дзяржаву і аддае цару. Цар яго спрашуе:

— Што табе трэба за гэта?

— Трэба мне за гэта, штоб куды ні пайшоў, усюды кабакі былі адчыняты!

Вядома, што Проварну Ярыжку трэба? Цар дазволіў. Вот распіўся Проварна Ярыжка, расп'янстваваўся і пахваліўся п'яны, што на льву-зверу ехаў. Як пахваліўся, так січас кабакі і закрылісь.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 395-400
Крыніца: скан