epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Прыгажуня-жонка

Служыў так сабе чалавек у аднаго багатага гаспадара, служыў ён з малку дзён і служыў шчыра. Быў ён чалавек верны, да работы ўлеглы, і гаспадар той шанаваў яго за працавітасць. Вядома, гадуючыся ў людзей, нямнога ўбачыш, пачуеш, нямногаму выўчышся; так і той чалавек,— як дзень дык ноч у працы, у рабоце — нямнога бачыў, нямнога чуў. Дажыўся ён да сталых лет, а свету не бачыў. І захацелася яму паглядзець, як людзі жывуць. І стаў ён прасіцца ў гаспадара ў свет:

— Пусці ды пусці — хоць пагляджу на людзей, а то век у цябе зжыў — у лесе, на засценку — што дзеецца на свеце, не знаю.

Нечага рабіць — пусціў яго той гаспадар.

— Задурыў ты,— кажа,— пад старасць: нет ведама чаго табе захацелася — свету пабачыць! Усюды людзі, як людзі. Ты думаеш, што дзе-небудзь ёс[ц]ь на кары каша? Нідзе няма. Вот сядзеў бы на адном месце, цяплей бы было. На адном месце лежучы і камень абрастае...

І многа чаго яму гаварыў, угаварываў свайго парабка астацца. Але той як упёрся — пайду ды пайду — хоць ты што хочаш яму дзелай. Мусіў пусціць яго гаспадар.

— Ну,— кажа,— нечага рабіць — мушу пусціць цябе. Жаль мне цябе — нагаруешся ты ў людзей: чужая старана — не родная матка. Ідзі сабе. Чалавек ты справядлівы, служыў ты мне верна,— вот табе за тваю працу.

І даў яму мяшочак чырвонцаў.

— Нашто гэта мне? — кажа найміт, бо не знаў, што можна з грашамі рабіць і на што яны патрэбны. Не хацеў браць. Але гаспадар сілком залажыў іх яму за пазуху і кажа:

— Згодзіцца ў дарозе; гэта грошы, а без грошы цяперашнім светам нікуды не патыкайся.

Сабраўся той парабак і пайшоў свету глядзець.

Ішоў, ішоў ён, куды вочы глядзяць, дайшоў да мястэчка. Цяжка яму нясці тое золата за пазухай. Увайшоў ён у крамку, выняў мяшэчак з золатам і кажа таргоўцы:

— Вазьмі сабе, што тут ёс[ц]ь, а мне насып чаго-небудзь лягчэйшага.

Тая глянула — абрадавалася, і з радасці не ведае, чаго яму насыпаць. Папаўся пад рукі ладан — насыпала яму ладану. Пайшоў той чалавек далей.

Настала ноч, а кругом лес, недзе пераначаваць. Напаткаў ён кала дарогі ізруб. «Тут заначую»,— думае сабе. Нацягаў у ізруб хворасту, разлажыў агонь. Было ў яго сала і хлеб. Стаў ён смажыць сала на ражончыку і есці з хлебам. Павячэраў і заснуў у том ізрубе. Агня не патушыў, каб цяплей было спаць і каб камары не кусалі. Аж так золакам чуіць — нешта жарка стала. Прачхнуўся — гарыць ізруб. Што ён ні рабіў, каб патушыць яго, але дзе агонь ты без вады патушыш?

Ледзь-няледзь сам жывы выскачыў. Гарыць ізруб. Плачыць той парабак:

— Божа ты, мой божа! Нарабіў я чалавеку шкоды, прапала яго праца... Няхай жа,— кажа,— і мая так прападае.

З гэтым словам выхваціў з-за пазухі мяшэчак з ладанам і кінуў яго ў агонь. Пайшоў пах ад ладану ўгору, дайшоў да неба. Пачуў бог той пах і пасылае анёла запытацца, чаго гэты чалавек патрабуе. Зляцеў анёл і пытае:

— Чаго табе трэба, чалавеча? Чаго ты хочаш?

Падумаў, падумаў той чалавек — не ведае, чаго яму прасіць, чаго яму трэба? Далей кажа:

— Дай ты мне жонку, калі ты такі добры; бо як я бабыль,— не хочыць за мяне ісці ні адна дзеўка. І калі я, бывала, стану жартаваць з дзяўчатамі на йгрышчы чы то на нашлезе, дык толькі, бывала, штурхаюцца. А мне б жонка знадабілася. Ды яно, праўду казаўшы, кепска чалавеку быць без жонкі.

Анёл выслухаў яго, паляцеў да бога. Бог і кажа:

— Праўда яго — кепска чалавеку быць без жонкі. Чалавек ён шчыры — трэба яму даць жонку.

Потым кажа анёлу:

— Схадзі ты к гэтаму чалавеку і скажы яму: няхай ён ідзець прама па дарозе на ўсход сонца, дойдзе ён да росстанек, там будзе стаяць крыж, а пад крыжам убачыць вяроўку. Няхай таргане тройчы за вяроўку і чакае: будзе яму жонка.

Анёл паляцеў і так сказаў беднаму парабку. Скора паказалася краснае соўнійка, асвяціла і абагрэла ўсю зямлю. Падняліся пташкі, сталі шчабятаць, і наш парабак пайшоў на ўсход сонца шукаць крыжовай дарогі. Чы доўга, чы не ён ішоў, толькі знайшоў крыжовую дарогу: стаіць крыж і вяроўка пры ём вісіць. Таргануў наш бедны парабак за вяроўку: раз, другі раз і трэці, таргануў і чакае. Прайшоў такі ладны час — нічога няма. «Абманіў,— думае сабе,— паганы! А казаў, як тарганеш — будзе жонка. Дзе ж яна?» Хацеў ужо ісці проч, аж чуе — нешта зашумела. Глянуў уверх — ляціць нешта з неба, ляціць, аж гудзіць. Потым шлёп! аб землю:

— Я тут! — кажа.

Глянуў той парабак — ляжыць рыбіна, бальшушчая рыбіна.

— Вот табе і маеш,— кажа ён,— вот табе і жонка! Як жа я буду жыць з рыбінай? Што я, вокунь які-небудзь, ці што?

Тым часам тая рыбіна троп-троп! хвастом трэйчы страпянулася, і выйшла з яе паненка, ды такая прыгожая, як маляваная. Глянуў на яе парабак — і рот разявіў; глядзіць — слова вымавіць не можа, як быццам яму зацяло. Глядзіць — ні рукой, ні нагой не кране, шавяльнуцца не можа — зачараваны ды й годзе, так ён задзівіўся. І было чаго! бо дужа ж яна прыгожая. А паненка стаіць перад ім, галоўку на бок скланіла, ручкі на жываце злажыла, хустачку у руках трымае — чысты анёлак.

І кажа паненка:

— Будзь здароў, мой муж багданы!

А ён маўчыць — сваім вушам не верыць.

— Будзь здароў, мой муж! — кажа яна другі раз.

А ён маўчыць — сказаць слова не смеіць.

— Будзь здароў, мой муж! Што ж ты маўчыш? — кажа йна ў трэці раз.

Тады толькі ён асмеліўся:

— Здароў, здароў! — кажа.

— Я твая жонка,— кажа яна. — Чы рад жа ты мне?

Тут яму-ткі мова вярнулася.

— А мая ж ты паненачка! Чы можа ж гэта быць? Не, пэўна, паненка, з мяне насмяхаешся? Ты такая маладзенькая, прыгожая, а я, вядома, мужык.

— Не бойся,— кажа йна,— і мужык чалавек. У бога ўсе людзі роўны...

— Баюся, як ты са мной будзеш жыць — я табе не роўня, і, калі праўду гаварыць, стар я для цябе.

— Не бойся,— кажу табе... Пажывём — паладзім. А цяпер трэба падумаць, дзе нам ночку начаваць: пойдзем сабе хатку шукаць.

І пайшлі яны. Прыйшлі ў сяло. Ідуць па сялу, пытаюць, чы не пусціць хто жыць к сабе. Дзівяцца людзі: адкуль гэта паненка ўзялася? І з мужыком ходзіць і кажа, што гэта муж яе. Баяліся пусціць. Але-такі змілаваўся адзін гаспадар, пусціў іх у лазеньку жыць. Увайшлі яны ў лазеньку — чорна кругом, гразна, вады наліта. На што ўжо парабак — ка ўсяму прывык, і ён, глянуўшы, заплакаў: як гэта йна, паненка тая, такая кволая, як яна тут будзе жыць? Ані сесці дзе, і ні легчы, ані есці зварыць. Падумаў ён гэта і заплакаў.

— Чаго ты плачаш? — пытае яна ў яго.

— Я плачу, што на гора цябе бог паслаў ка мне. Няма табе ніякага прытулку. Як ты будзеш жыць тут?

— Не бойся,— кажа,— пражывём.

Стала яна ў парозе, трэйчы махнула хустачкай, што была ў яе ў руках, і лазенька як азалацела: і стол з'явіўся, і лаўкі, і пасцель, і яда — усё, што трэба. Узноў парабак той задзівіўся — рот разінуў. Цудоўная, думае сабе, асоба. І сталі яны жыць. Але нядоўга-такі нажыліся. Бачылі людзі, што ў мужыка такая жонка прыгожая, захацелі выслужыцца — пайшлі да пана. Так і так, кажуць, пане, з'явіўся тут мужык з паненкай, жывуць як муж з жонкай. Куды яму, мужыку, такая жонка? Яна настаяшчая паненка, маладая, прыгожая, а ён, вядома, мужык. Куды йна яму? Вот каб пану...

А пан быў рабы, непрыгожы, але ж надта ласы да дзевак. Пад вечар пайшоў ён у сяло, быццам на прахоцку, а сам падышоў к лазенцы, паглядзеў у шчэлачку, бачыць — і праўда — паненка дужа прыгожая, а мужык саўсім негалюзны. Увайшоў у лазеньку.

— Што вы за людзі? — пытае. — Адкуль вы?

— Ён,— кажа яму паненка, — мой муж багданы, а я яго жонка.

— Вот як... муж багданы... Знаем мы такія штукі... Гавары ты, мужык, адкуль узяў такую паненку? — крыкнуў пан.

— Бог даў, паночак! — кажа парабак.

— Вы, пэўна, уцеклыя,— кажа пан.

І прыказаў іх адвясці ў двор. Павялі іх, бедных. Плачыць мужык, а паненка яго ўцяшае:

— Не плач, нічога ён нам не зробіць... Пацерпім, бо без гора дабра не будзе.

Пасадзілі іх у дварэ ў хатку, пільнуюць, каб не ўцяклі. Пан мужа муштруіць, а да жонкі дабіраецца. Але не на такую напаў, голымі рукамі не возьмеш.

— Я,— кажа,— мужняя жана, хоць ты,— кажа,— рэж мяне, а на грэх не змусціш.

І задумаў пан мужыка з свету збавіць, каб тады лягчэй было да жонкі дабрацца. Загадаў пан тому парабку задачу:

— Дабудзь мне,— кажа,— такога сабачку, што як у хвосцік зайграеш, каб усякі пайшоў скакаць. Пакуль,— кажа,— не дабудзеш, дамой не варочайся, бо засяку цябе.

Прыйшоў парабак да жонкі, прыйшоў і плачыць.

— Чаго ты плачаш? — пытае йна ў яго.

— Так і так,— кажа,— загадаў мне пан задачу такую і такую. Пайсці такога сабачку шукаць, значыцца к табе не вярнуцца. Дзе я яго вазьму такога?

— Не плач,— кажа яго жонка,— я табе дараджу, найдзеш сабачку такога і дамоў вернешся, цэл будзеш, а пан мне нічога не зробіць. Лажыся цяпер спаць, а заўтра сабірайся ў дарогу.

Павячэралі яны, ляглі спаць, выспаліся. На заўтрашні дзень жонка і кажыць свайму мужу:

— Вот табе мая хустачка і вот табе мой пярсцёнак, пярсцёнак надзень на палец, хустачку трымай у руках. Ідзі той дарогай, што сюды прыйшоў, падыдзі к тому крыжу, дзе мяне дастаў, таргані за тую вяроўку, што там вісіць, таргані тройчы. Спусціцца па вяроўцы лубка, садзіся ў гэтую лубку, таргані потым тройчы, і ты апынешся на тым свеце. Будзеш ты пасярэдзіне круга — кругом там агонь гарыць, грэшнікі смажуцца — гэта пекла. Ідзі прама на агонь. Куды ні пойдзеш, к агню прыдзеш. Ты тады падойдзеш к агню, хустачкай махні — агонь перад табой расступіцца, ты ідзі далей. Жарка табе будзець — хустачкай абцірайся. Перайдзеш пекла — будзе такое поле, роўнае-роўнае, шырокае-шырокае. Пойдзеш па полю, будзеш людзей спатыкаць — ні з кім не гавары. Перайдзеш поле — кругом будзець сад, убачыш многа-многа варот, стукні ў вароты, выйдуць табе насустрач мае сёстры. Ты ім скажаш: «Паслала мяне к вам мая жонка, каб вы далі мне такога сабачку, што калі ў хвосцік зайграеш, усякі скакаць будзе». Калі яны запытаюць прызнакі, пакажаш ім мой пярсцёнак. Яны табе дадуць сабачку, схавай яго за пазуху і той дарогай і варочайся. Прыйдзеш к лубцы, сядзь у лубку і спускайся на зямлю. Ну, будзь здароў і ідзі з богам.

Папрашчаўся муж з жонкай і пайшоў даставаць таго штучнага сабачку. Зрабіў так, як жонка яму расказала, падняўся на той свет, аглянуўся — стаіць пасярэдзіне круга, па краях смаляныя рэкі абцякаюць і агнём гараць. Высока-высока полымя ўздымаецца. Куды ні пайдзі, к пеклу прыйдзеш. Як стаяў, так і пайшоў, куды вочы глядзяць. Што бліжней к пеклу, то жарчэй становіцца. Абатрэцца хустачкай — холад чуе. У пекле голас, крык, енк, як бура якая выіць. Махнуў ён перад сабой хустачкай, агонь расступіўся, па баках стаіць, як лес, сценамі. Пайшоў наш парабак па гэтай дарозе, абціраючыся хустачкай, каб не было жарка. Выйшаў на поле — і поле ідзе кругом, кала агня. Шырокае поле. Людзі па ём сланяюцца, маўчаць. І мужык ім нічога не сказаў — ні худога, ні добрага. Пайшоў далей. Падышоў-такі і к саду тому. Ідзець, сад кругом кала поля — і ўсё вароты — вароты і не злічыць, а ў садзе пяюць, іграюць, як на вяселлі. Падышоў гэты парабак к адным варотам, стукнуў у вароты, аж зараз яны і расчыніліся. І ўбачыў ён многа-многа паненак, і ўсе такія прыгожыя, як яго жонка.

— Здароў вам! — кажа ён ім. — Прыслала мяне жонка багданая, каб вы далі таго сабачку, што ў хвосцік як зайграеш, то кажны заскачыць. А вот вам і прызнака, што я не маню.

І паказаў ім пярсцёнак. Пабегла адна з паненак, скора так прынясла сабачку, падала яму.

— Кланяйся,— кажа,— сястрэ.

І вароты зачынілі. Сеў кала варот наш мужык, адпачнуў трохі. Але думае сабе, трэба к жонцы паспяшыць. І як прыйшоў, так і назад пайшоў. Так і на зямлю вярнуўся. Усеўся на росстаньках пад крыжам, сядзіць; дай, думае, пагляджу на свайго цудоўнага сабачку. Выняў яго з-за пазухі, паглядзеў-паглядзеў,— дай, думае, зайграю, як то ён іграе. А то можа мяне ашукалі, і ён не такі цудоўны, як пан трэбывае. Тады хоць дамоў не варочайся.

Сталі так па'язджаць нейкія людзі, і зайграў той парабак. Толькі зайграў ён — як пайшлі тыя людзі скакаць; скачуць, падпяваюць:

 

 

Ой, не сам я трасуся,—

Мяне чэрці трасуць;

Маладыя чарцяняткі

Падгоцківаюць. Ух — я! Ух — я!

 

 

Пяюць, скачуць — астанавіцца не могуць. Скачуць людзі, скачуць коні іх. Пастух паблізасці пасціў статак. Пачулі музыку, і яны ў пляс пусціліся: і пастух, і свінні, і авечкі. І так яны скакалі, покуль парабак не перастаў іграць. Перастаў ён, і яны сталі. Замарыліся, а на душы весела. А гэта былі купцы. Падзякавалі яны яму за музыку і далі яму гасцінца хустку. Рад ён: ёс[ц]ь што бабе падараваць.

Пайшоў дамоў. Зайшоў ўпярод к сваёй жонцы. Паздароўкаўся з ёй, хустку вынімае з-за пазухі:

— Я табе, мая жонушка, і гасцінец прынёс. Добрых людзей бог паслаў, купцоў. Я ім пайграў, а яны мне хустку далі. Вот табе яна. Глянь, якая прыгожая!

— Дзякуй табе, што ты на мяне не забыўся. А пан і не чакаў, што ты вернешся. Паабедай ты і ідзі да яго.

Пайшоў ён да пана. Пан задзівіўся.

— Што ты вярнуўся? А дзе ж твой сабачка?

— Прынёс, пане,— і вынімае яго з-за пазухі.

— Во як... прынёс-такі,— кажа пан.— Ну-тка зайграй, паглядзім, чы такая?

Зайграў парабак, і пайшоў пан скакаць: скачыць, прыпяваіць:

 

 

Ой, не сам я трасуся,—

Мяне чэрці трасуць;

Маладыя чарцяняткі

Падгоцківаюць. Ух — я! Ух — я!

 

 

Хто ўвойдзіць з дваровых — і яны ў пляс пускаюцца. Змарыў ён іх саўсім; другія на зямлю пападалі, а і то не ўнімаюцца: нагамі дрыгаюць. Датуль скакалі, дакуль іграў парабак. Прачухаўся трохі пан, адпачнуў:

— Падай,— кажа,— сабачку!

Парабак падаў. Тады пан прыказаў парабка ў пограб заперці, а тым часам думаў яго жонку прысіліць. Але надарэмня турбаваўся: к ёй і прыступу нет. Ён ужо ёй і жаніцца дакляраваў.

— Паняй,— кажа,— будзеш.

А яна яму так кажыць:

— Як я за цябе пайду, калі ты такі стары, рабы, непрыгожы, а я такая маладая. Калі ты ўжо хочаш мяне за жонку мець, дык памаладзей трохі, пахарашэй.

— Як жа я памаладзею, на гэта спосаба няма?

— Ёс[ц]ь спосаб, я яго знаю,— кажа так жонка багданая.

Хто ж не хочыць быць маладым? І пан захацеў. Сказала яму тады жонка парабка: паставіць кацёл сярод двара, разлажыць пад катлом агонь і гатаваць ваду.

— Лезь,— кажа йна пану,— у кацёл, акуніся тройчы і малады будзеш.

— Што ты,— кажа ёй пан,— зварыць мяне хочаш? Як раз палезу... убачыш... Ты ж свайго мужа, хама, пашлі туды, калі ты такая разумная. А я пасля...

— Няхай лезе муж, калі ты не хочаш быць маладым. Сам будзеш жалкаваць.

І пасылае пан за мужам яе. Прывялі яго з пограба. Стаіць ён, трасецца, не ведае, што з ім будуць рабіць.

— Лезь у кацёл,— кажа яму пан,— малады будзеш. Жонка твая для мяне прыгатавала гэтую лазню. Папробуй-ка ты ўпярод.

Заплакаў парабак.

— Лезь, не бойся,— кажа яму жонка, — будзеш цэл.

Дала яна яму ў руку свой пярсцёнак; кінуўся ён у кацёл, тры разы перавярнуўся там і выскачыў такім маладым, што не налюбуешся. Пана аж зайздрасць узяла. Кінуўся ён у кацёл — і вылезці не можа. Так і зварыўся. Мяса яго сабакам выкінулі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 53-60
Крыніца: скан