epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Разумны то і чорта падыдзе

Адзін хлопчык, узяўшы калясачку, паехаў па дрова; прыязджае ён у лес, ажно бачыць, не[й]кі жабрак стары ідзе да й, падышоўшы, кажа да яго:

— Дзецянятко, падвязі ты мае пасталы туды да таго луга, што е ў лесе, то я табе дам, што ты схочаш.

А той хлопец не дагадаўся, што гэта быў чорт, так кажа:

— То чаму ж, дзядзюшку!

І павёз. Завёз ён туды да таго лугу, скінуў іх, а стары пытае:

— Ну, а што ты хочаш: ці ўглёў, ці грошай?

Так хлапчаня, падумаўшы, кажа:

— Углёў, дзядзюшку.

Так чорт і насыпаў яму мяшок углёў, ледзве завёз дахаты. Прыехаў дахаты, ажно бацька пытае:

— Назбіраў, сынку, дроў?

— Не, тату, я прывёз углёў для вас.

— А скуль ты ўзяў?

Так і так.

— Пакажы, мо што і людзка.

Падышоў стары, развязаў мяшок, аж яму ў вачох зазыяла!

— А то ж гэта,— кажа,— не углі, да грошы!

І гэта пацішком заняслі дахаты да й схавалі, каб ніхто не бачыў (бо даўней, каб двор даведаўся, то і забралі б). Посля бацька давай яму расказваць:

— Будзем, сыночку, цяпер і мы жыць, як людзі, купім сабе валоў, коні, завядзем гаспадарку — пайшлі і мы ўгару!

Назаўтра бацька паехаў купляць сёе-тое, а хлапчаня, узяўшы сваю калясачку, зноў па дрова да лесу. Едзе ён, так едзе, зустрачае яго зноў той самы чорт, за дзеда прыбраны, і пытае:

— А што, добрыя углі?

— Чаму не, дзядзюшку, добрыя, яшчэ мо е, то дайце такіх.

— Добра,— ка[жа],— сынку, дам табе, анно мне падвязі крыху.

Той сеў, хлопец давай цягнуць: цягнуў, цягнуў — не даў рады. Так чорт кажа:

— То хацямся паварушы з месца.

Так хлопцу аж вочы на** лаб вылезлі, а такі паварушыў. Тады чорт злез да й кажа:

— Ну, добра, хадзі ж цяпер за мною.

Так хлопец пайшоў і калясачку за сабою павалок. Прыйшлі да таго лугу, чорт насыпаў яму зноў такі мяшок велькі! што ледзь за [ў]весь дзень зацягнуў дахаты. Прывалок неяк, ажно ўжэ і бацька ў хаце. Так ён кажа:

— Тату, я зноў прывёз такіх углёў.

Стары ўрадаваўся:

— Ну,— кажа,— то хадзем, сынку, хутчэй унясем.

Уняслі**, зноў схавалі ў тое месца, паселі і давай бацька расказваць, што ён даў за валы, што за коні і за ўсё разам. А той стары быў надта хітры на грошы, так посля кажа:

— Ведаеш што, завядзі ты мне ў тое месца, скуль ты браў гэтыя углі, то мо яшчэ іх набярэмся.

— Добра, татачку, завяду.

Так бацька зараз гэта набраў свецаў з касцёла, ксёнчку ўзяў ад 'набажэнства і пайшлі. Прыходзяць на тое месца, давай стары запальваць свечкі, а чорт з лугу крычыць:

— Не руш, бо ўдушу!

Але стары не слухае, зноў запальвае, так гэта чорт выскачыў.

— Не запальвай, — кажа,— бо ўдушу!

Стары анно перажагнаўся, адапхнуў яго і зноў сваё робіць. Як ужэ пазапальваў усе свечкі, тады сеў і давай чытаць на ксёнчцы. Чытае, ажно чэрці пачалі выць, вішчаць, скрыгітаць, бо ўжэ і занялася тая смала гарэць, у каторай сядзелі. Ажно тое хлапчаня чыста спалохалася, бо іскры па цэлым свеце разносіла, то яно думала, што і хата іх займецца і ўсё чыста дабро згарыць. Так бацька кажа:

— Не бойсь, дурань! Да све**нчанага дому смала не прыстане.

Ажно, паждаўшы, і чэрці пачалі ўцякаць з таго луга па адном, паперакідаўшыся то ў ката, то ў сабаку. Так той хлопчык узяў кала ў рукі і як чорт бяжыць, то як дасць па вотлях, так і заб'е. Біў ён так усіх, ажно на канцы выбег сам старшы чорт, а хлопец як дасць яму калом, так ён яму пад ногі і рассыпаўся ў горбу золата. Хлопец думаў, што гэта няведама што, да й спалохаўшыся, упаў на зе**млю нежывы. Ідзе ўжэ бацька назад дахаты, шукаючы хлопца, ажно бачыць: ляжыць на дарозе і горба золата каля яго! Так бацька давай яго трасці, турзаць, ён ачуціўся, тады забралі гэтыя грошы, паняслі дахаты і схавалі. Посля пайшлі сабе да карчмы, купілі було**к, піва да й то давай есці, піць. Ажно прыходзіць да іх не[й]кі стары жабрак да й кажа:

— Дайце мне што перакусіць, я цэлы дзень нічога не еў. Бог за мяне заплаціць вам.

Так стары кажа:

— Хадзі, хадзі, дзедку, перакусіш і ты. Быў і я калісь такі, як ты,— жабраваў, а цяпер багатыром стаў.

— А як ты збагацеў?

Так і так, і ўсё яму чыста ад канца ў канец расказаў.

— Пайдзі ты,— ка[жа],— да таго лугу, то мо яшчэ і ты набярэшся.

Так ён давай бягом бегчы туда. Прыбегшы, стаў шукаць у смале, шукаў, шукаў і не агледзеўся, як на ём адзенне загарэлася. Ажно стары гэта ўгле**дзеў, так прыбег, выцягнуў яго з смалы, патушыў той агонь, прывёў дахаты, насыпаў яму поўну шапку грошай да й адправіў у свет.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 468-471
Крыніца: скан