epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Развалігара, Вырвідуб да й кралеўна-жаба

Адзін хлопец не меў з чаго жыць, так пайшоў у свет. Ідзе, так ідзе, анно ж бачыць, бяжыць не[й]кі стары чалавек і схаваўся за дуб, да то нібавам ляціць за ім двох такіх здаровых хлопцаў: адзін — Развалігара, другі — Вырвідуб да й пытаюць у яго:

— Чалавечку, не бачыў ты тут дзеда ўцякаючы?

— Ля! Бачыў, ун дзе,— ка[жа],— між гэтым дубам і гарою сядзіць.

Так Вырвідуб даляцеў да дуба, парваў аднаею рукою, вырваў з коранем, як махануў, так ніведзь дзе паляцеў! Анно ж бачаць, нара ў гару ідзе пад тым дубам! Ну, так то Развалігара прыскочыў, развярнуў, як купінку, гэту гару, ускочыў у яму і дастаў за бораду старога.

— Ну,— кажа,— ужэ ты тут не будзеш жыў!

Той хлопец падышоў: так, як тыя адвярнуліся, стары шэпча:

— От праз цябе мяне нявіннага яны заб'юць.

Той думае: «Мо гэта і праўда», — так кажа да тых:

— Вы ідзеце па агонь, а вы есці прынясеце, а я яго такі тут прыпілную.

— Добра.

Тыя паразбягаліся, а ён кажа да старога:

— Ну, дзедку, уцякай жа ж!

Так дзед кажа:

— Дзякуй табе за тое, я табе нештась скажу. Зыдзі на гэту дарожку да ідзі проста, проста, як глянуць, дойдзеш да замку, у том замку нойдзеш аграмністу жабу, а гэта кралеўна заклята, то ты ці есці захочаш, ці спаць, ці што, то анно скажы, яна табе як бач усё зробіць.

— Добра.

Пажагналіся, стары як ні падыме полу, як ні пойдзе ў лес, а той таксама пабег. Нібавам і прыйшоў да таго замку, анно ж праўда, ляжыць жаба; так ён кажа:

— Ах, як мне есці хочацца!

Так жаба тая зараз шлоп, шлоп, шлоп, шлоп, папаўзла ў нору і выносіць на дзвёх лапах усякае ядзенне. Ён наеўся да й кажа:

— Ах, як мне спаць хочацца!

Жаба тая кіўнула на яго, завяла да харошага такога пакою, паказала ложка, а сама шалдык, шалдык і пайшла. Ён лёг, назаўтра зноў таксама, анно ж увечары з жабы стала хароша кралеўна да й кажа:

— Жанемся.

Ён:

— Добра.

Зараз гэта пажаніліся, так яна ўночы паненка, а ўдзень жаба. Аднаго разу ён узяў і той жабячы вылупак спаліў, так яна:

— Ах! Божа мой, божа ж! І што ты зрабіў? А то ж мне трэба было яшчэ гэты дзень быць жабаю, а так мушу цэлы рок! — і згінула.

Ён на яе ў том замку такі ждаў, якраз у рок яна прыйшла і жылі ўжэ шчасліва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 96-98
Крыніца: скан