epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Рыбак умесці з царам асвабаждаюць сына Пятра І

Как быў бедны рыбалоў, і была ў яго шэсцера дзяцей; ён ніякімі работамі не занімаўся, акрамя рыбы лавіць. І быў у яго закон: больш трох тонь у дзень не закідываць: када за тры разы што выцягніць, то прадасць і етым корміць дзяцей. Толькі адзін раз на яго злучылася: тры разы закінуў, ні воднай рыбкі нету, а хлеба-то дома ні крошкі, дзяцей карміць нечым. Ён уздыхнуў цяжало:

— Ну, што будзь, а закіну чэраз закон чацверты раз.

Толькі ў чацверты раз цяніць із ракі кукшын медны; еты кукшын закрыт, царкоўнаю пячаццю запячатаван, і навярху кукшына крэст выбіт. Рыбалоў узяў і падняў ету крышку з храстом: у етым кукшыне нетуці нічаво, толькі із яго пашоў гужыкам дымок за ўзвал. Рыбалоў еты сам з сабою рассуждаіць:

— Ну, хоць рыбкі не паймаў, дык еты кукшын прадам, усё якей руп дадуць.

Толькі з-за ўзвала, куды пашоў дымок, ідзець адтуда к рыбалову чалавек агромны і гаворыць на рыбалова:

— Я цябе, рыбалоў, уб'ю.

Ён гаворыць:

— За што ты мяне будзеш біць, нявіннага чалавека, за якоя дзела?

— А за то: зачым ты мяне бяссрошна выпусціў із кукшына?

— Як я цябе выпусціў бяссрошна, па какому дзелу?

— А па такому: я быў заперт у кукшыне на дзвесце лет.

Рыбалоў гаворыць;

— Як ты магіш памясціцца ў кукшыне, еткі злябінішча, я етаму не веру, патаму што твая ніпраўда!

— Ну, када ты мне не верыш, то глядзі, як я буду вон з-за тэй гары ідзіць дымком у кукшын — ты відаў, што із кукшына дым ішоў — ета быў я.

Пашоў ён за гару, скінуўся дымком і ідзець у кукшын. Рыбалоў дзяржыць кукшын, а дым у яго ўбіраецца, і думаіць рыбалоў: «Вазьму, как дым убярэцца, закрыю кукшын, а то ні за што ўб'ець». Толькі дым увабраўся ў кукшын і гаворыць:

— Ну, рыбалоў, ты гаварыў, што я не ўбяруся, а тапер сматры: я ўвесь увабраўся.

Рыбалоў січас хляп крышку ды й прыпячатаваў, што как было, гаворыць:

— Ну, нікаянны, сядзеў ты на дзвесце лет, а цяпер я засадзіў цябе на трыста.

— О не, рыбалоў! — гаворыць дым. — За што на столькі засадзіў: нужна памілаваць.

— А за што ж ты хацеў убіць мяне занявіння, так і я цябе?

Дым гаворыць:

— Я жа зразу сказаў, ды не ўбіў, а за што жа ты мяне адразу хочаш засадзіць на столькі? Нет, рыбалоў, ты мяне пусці: я цябе навек пасажу на хазяйства.

— Ты мне салгеш, ніпраўда, нікаянны дух!

— Нет,— гаворыць,— наш дух вярней вас; я праўду гавару,— толькі выпусці, пажалуста.

— Ну, харашо сабе, выпушчу, када спраўдзіш толькі мне.

Адкрыў рыбак кукшынок, із яго вышаў дымок і пашоў за ўзвал. Патом ідзець к яму чалавек агромны і гаворыць:

— Ну вот, рыбалоў, ты мне не верыў, што я цябе пасажу хазяінам навек! Вот я табе пакажу амшарыну, ігдзе табе лавіць рыбу, перавалаківай у тую амшарыну сець сваю і лодку, такоято і такоя места, там і лаві рыбу; будзеш ты там многа выцягіваць рыбы,— ну ты большы трох шчучак не бяры: што за іх запросіш, то табе і дадуць.

Рыбалоў пашоў у тую амшарыну, закінуў сець сваю і выцягнуў многа рыбы; тую рыбу назад паўпускаў, а тры шчучкі з сабою ўзяў. Нясець ён па гораду ету рыбу, страчаецца з рыбаловам царскі повар:

— Што, рыбалоў, прадаеш рыбку?

— Прадаю.

— Што ж ты за яе просіш?

— Па тры чарвонца шчучку.

Повар яму дзевяць чарвонцаў выкінуў, а шчучкі еты пазабраў. Прынёсшы іх на кухню, ён прыгатуваў іх, як нада. Штоба палажыць на пліту іх жарыць. Толькі палажыў на пліту етых ён рыбак, січас ідуць тры дзевушкі із кухні і спрашыюць:

— Рыбкі-сёстры, вы тут?

— Тут,— атвячаюць рыбкі.

— Пайдзем з намі!

Січас брык — у кухні адна сцяна вон; еты рыбкі саскачылі з пліты, скінулісь дзевушкамі і пашлі з первымі скрозь сцяну. Повар етых штук смотрыць ды й гаворыць;

— Купіў было гасудару рыбы згатовіць, а тапер нечага; бог знаіць, што злучылась!

Січас зачаў прыгадываць, какоя ба кушанне згатаваць на рыбным месце, якоя ба паслажай. Гасудару панравілась ета кушанне на рыбным месце: харашо!

І гаворыць:

— Ах, повар, як ба ты і заўтра еткія кушання згатаваў!

Повар пашоў і назаўтрага пакупаць рыбу. Еты рыбалоў апяць нясець тры шчучкі. Повар гаворыць:

— Прадаеш рыбку?

— Прадаю.

— Што просіш за іх?

— Па тры чарвонца.

Повар апяць выкінуў яму дзевяць чарвонцаў. Прыносіць іх на кухню, гатовіць так, штоба палажыць на пліту жарыць. Толькі палажыў іх на пліту, апяць ідуць тры дзевушкі:

— Што, сёстры-рыбкі, вы тута?

— Тута.

— Пайдзем з намі!

І апяць брак — адна сцяна вон; рыбы скінулісь дзевушкамі, узялі і пашлі. А повар смотрыць ета дзіва апяць жа-ткі. Апяць повар зачаў гатаваць кушання на рыбным месце, каторыя паўкусней, как ба і ўчара. Рыбалоў жа, прадаўшы ету рыбу, апяць адпраўляецца ў амшарыну рыбу лавіць. Падносіць апяць повар цару кушання на рыбным месце сладкія. Гасудар апяць спрашыіць:

— Ідзе ты еткія кушання наўчыўся гатаваць із рыбы? (Ён знаў, што даваў повару дзеньгі на рыбу.)

Повар гаворыць:

— Пазвольце сказаць, свет вялікі гасудар, я бяру рыбу ў знакомага, беднага рыбалова, і толькі вам, гасудар, ні разу тэй рыбы кушаць не дастаецца. Я рыбалову за тры рыбы выкідываю пастаянна дзевяць чарвонцаў, но я сам прымышляю гатовіць еткія кушання на рыбным месце за свой капітал.

— А йдзе жа ваша ета рыбка дзяваецца? — гаворыць гасудар,— ты мне аб етым не талкаваў.

Ён атвячаіць:

— А прыдзіце самі, свет вялікі гасудар, вы ўвідзіце, ідзе яна дзяваецца.

— Ну,— гаворыць гасудар,— ідзі к тому рыбалову, старгуй у яго тры рыбкі і, дзеньгі не плацёмшы, прывядзі яго суда з рыбкаю.

Повар пашоў на рынак і ўстрэў тога рыбалова с трымя рыбкамі:

— Што, рыбалоў, прадаеш рыбку?

— Да, канешне, не пакупаю: вы самі знаеце пра маю нужду!

— Ну,— гаворыць повар,— нясі за мною рыбку на кухню, там цябе заплоцяць, а пры мне тут дзенег нету.

Прыведшы яго на кухню, узяў у яго рыбку і давай абчышчываць. Прыбраў яе так, як ставіць на пліту. Січас пашоў і далажыў цару:

— Свет вялікі гасудар, падзіце, пасматрыце, як я вам рыбу гатую!

Прышэдшы на кухню, цар гаворыць:

— Рыбалоў, ты мне рыбку прадаеш, а я яе не кушаю.

Рыбалоў еты саўсім ета дзела не знаіць нічаво і гаворыць:

— Свет вялікі гасудар! Я яе прадаю і не знаю, ідзе ж вы яе дзяваеце?

Гасудар гаворыць:

— Ну, рыбалоў, я сам не знаю, ідзе яна дзяваецца, а тапер паглядзім умесце, ідзе яна дзяваецца.

Повар січас наставіў ету рыбу пры іх на пліту. Січас ідуць тры дзевушкі:

— Рыбы-сястрыцы, вы тут?

— Тут.

— Пайдзем з намі.

Брык! Сцяна адна вон вывалілась, тры рыбкі скінулісь дзевушкамі і пашлі з первымі. (Яны тры разы выхадзілі з кухні, і сцяна тры разы вывалівалась і ізнова станавілась на сваё места.) Гасудар спрашыіць у рыбалова:

— Вот, рыбалоў, сам відзіш, ідзе яна дзяваецца!

Рыбалоў гаворыць:

— Свет вялікі гасудар! Я сам не знаю, пачаму ета ўсё дзелаецца.

— Раскажы, рыбалоў,— гаворыць гасудар,— ідзе ета ты ловіш ету рыбу?

— Вот, вялікі гасудар, лаўлю я ў таком-то месце, у такой-та амшарыне.

— Скажы ты мне, хто табе тую амшарыну паказаў?

(У тэй амшарыне із веку праваліўся горад Пятра І.) Рыбалоў расказаў, як ета і што было.

— Ну,— гаворыць цар,— вот табе за рыбу тры чарвонцы, і заўтра паязжай з сеццю ў тую амшарыну як можна раней і зацяні сець — толькі не выцягівай, пакеля прыеду я.

Рыбалоў так і здзелаў: закінуў сець у амшарыне і стаў дажыдаць цара. Гасудар назаўтрага раненька ўстаў, узяў сваю вострую меч і пашоў к рыбалову. Стаў ён іскаць рыбалова і не найдзець і біўся цэлы дзень, іскаў рыбалова і не нашоў, а заблудзіўся ў тэй амшарыне. Прабыў да цёмнага, ужо запалілі агні. Аднака ж ён замеціў пасерадзі амшарыны аганёк і дай к етаму аганьку бліжы падайдзіць. Прыходзіць к етаму аганьку — стаіць дом агромнейшы, царскія палаты. Уходзіць ён у палаты, там нет нікаво, толькі сядзіць Пятра Первага сын: палавіну ламарнага камня, а палавіну чалавека. Гасудар увайшоў і скланіваецца яму, а ён толькі галавою кіўнуў. Гасудар гаворыць:

— Як так можна: я табе так нізка кланяюсь, а ты мне не можаш пакланіцца?

Пятра Первага сын атвячаіць:

— Эка, вялікі гасудар, разве вы не відзіце, як я суродаван: палавіну ламарнага камня, а палавіну чалавека?

Гасудар і спрашыіць:

— Хто ета цябе так асуродаваў, што ты страдаеш?

— Свет вялікі гасудар. Мая жана мяне так асуродавала: яна ўгаждаіць нікаяннаму духу, яна з ім знаецца. Када хаціце пасматрэць, як яна нада мною зругаецца, то ізвольце схараніцца за шках і сматрэць аттуда: яна мне кажныя суткі па сто лазаноў даець і, как сто лазаноў уваліць, то на мне суконную рубашку перадзяваіць, а корміць — пасматры чым: аднэю валоўю жылай.

Цар спрашыіць:

— А ідзе яна тапер?

— А яна вялікая валшэбніца і тапер ідзе-то лятаіць па рускаму царству і скора даўжна прыляцець.

Цар узяў і за шках спратаўся, штоба пасматрэць, што яна над ім будзіць дзелаць. Січас яна прыляцела з палёту, січас яму сто лазаноў уваліла і суконную рубаху перамяніла і дала яму ў рот валоўю жылу жваць. Цар сматрэў з-за шкахва, як яна яго наказывала. Патом яна падашла к сундуку, ідзе ляжаў нікаянны дух, яе узлюбленны, і начала яго ўпрашываць. (Яна яго чым-то разгневала.) Патом яна ўляцела. Цар вышаў з-за шкахва і гаворыць на сына Пятра І:

— Как ба цябе спасці атсюда, і штоба здзелаць горад горадам, а чалавека чалавекам?

(Ведзьма ў угоднасць узлюбленаму абараціла людзей у рыбу і горад у возера). Пятра І сын гаворыць:

— Вот вазьмі і перарубі нікаяннага духа сваею востраю меччу крэст-накрэст, ні большы,— схавайце яго пад мост, а самі ляжце ў сундук: када яна апяць прыляціць, мне сто лазаноў уваліць, суконную рубаху перадзеніць, то думаўшы, што ў сундуке нікаянны дух, то станіць упрашываць вас...

Цар нікаяннага духа хрэст-нахрэст перасек, а ён закрычаў:

— Прыбаў, вялікі гасудар, яшчо раз!

А цар гаворыць:

— Будзіць з цябе і етага!

Яго з сундука выкінуў, пад мост схаваў, а сам у сундук лёг. Ведзьма прыляцела з палёту, даець у хрыбет мужу сто лазаноў, перамяняіць суконную рубашку, даець у рот валіную жылу, а сама ідзець к сундуку ўпрашываць нікаяннага духа, не зная, што ён спатраблен, і гаворыць:

— Што ты на мяне сердзішся, што ты мне не атвячаеш, сколькі ўрэмя я цябе спрашыю?

Цар гаворыць:

— Што жа буду табе атвячаць: какоя я із цябе віжу давольствія?

— Как какоя? Я ўсё, што ты мне прыказыеш, я ўсё выпалняю.

Цар гаворыць:

— Нашто ты свайго мужа здзелала палавіну ламарнага камня, а палавіну чалавека? Ета нам ні пад нужду. І горад ты здзелала возерам, а людзей рыбамі? А вот ты мне здзелай удавольствія: мужа свайго — як быў ён трыццаць пяць лет, так і здзелай такім жа, горад, як быў ён горадам, так і здзелай горадам, людзей здзелай людзьмі!.. Пайдзець тады па нашаму гораду таргоўля; вот ета і будзіць мне ўдавольствія, а то сядзім мы тут, як у вастрогі, і свету не відзім.

Яна думала, што ета гаворыць з ею нікаянны, січас і гаворыць:

— Я сама знаю, што мы тапер жывем у неўдавольствіі, ну, я дзелала, як ты мне прыказываў.

Січас з радасцю пабегла ўсё перадзелываць. Падзелала, як ей цар гаварыў, прыбегла к нікаяннаму духу і гаворыць:

— Ну, усё падзелала, як ты мне прыказываў: выйдзі, паглядзі!

Цар гаворыць:

— Ну, ці верна ж ты здзелала?

— Верна.

Цар гаворыць:

— Ну, бяры мяне за левую руку: я залежыўся і не ўстану!

Яна ўзяла яго за левую руку, а ён яе як секануў меччу, так галава і пакацілась. Патом сын Пятра І абнялісь з царом і пацалавалісь. Сын Пятра І гаворыць:

— Ну, тапер рубі яе на мелкія кусочкі: благадару, што ізбавіў мяне.

Так яны ўзялі і парубілі яе з нікаянным духам на мелкія кусочкі, вывезлі яе на поле, касцёр дроў злажылі і іх спалілі; попел размялі і на мора па ветру пусцілі,— хто таго смуроду набраўся, на век ведзьмаком астаўся. Самі пашлі па етых палатах расхажываць і ўсё разглядываць, усе лі так стала, як прэждзі. Толькі ідуць у ва зал у свой і відзяць: сядзіць у зале рыбалоў, што цару прадаваў рыбу, і сядзіць ён, абцянуўшысь сеццю кала сцяны. Сын Пятра І спрашыіць у цара:

— Свет вялікі гасудар, хто жа ета?

— Маўчы, брат, еты цябе адсель і вывеў. Ну, збірай, рыбалоў, сеці, пайдзем адсель із залы! Благадару цябе, што ты ўказаў мне ету мясціну: мы тут спаслі горад, цара і народ, запаланётыя нікаянным духам.

Сталі яны тады піць да гуляць, да дабро нажываць. Рыбалова паставілі первай гільдзіі купцом, дзецям яго павек палажылі жалавання. Пасеяў мужык аўса, а басня мая ўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 332-338
Крыніца: скан