epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Салдат і чорт

Ішоў салдат са службы дамоў. Адслужыў дваццаць пяць гадоў. Дадому заставалася ўжо недалёка. Захацелася яму закурыць. Дай, думае, зайду ў хату, папрашу агню. Зайшоў. А там не хата, а амбар. І ляжыць у амбары куча серабра. Насыпаў ён поўную шапку серабра, устаў, выпрастаўся, аж бачыць — наперадзе яшчэ адны дзверы. Дай, думае, пагляджу, што там. Адчыняе дзверы, а там на таку ляжыць куча золата. Высыпаў ён серабро і набраў поўную шапку золата. Хацеў ужо ісці, аж бачыць — яшчэ адны дзверы. Адкрыў іх, а там грошы соценнымі ляжаць. Па сто рублёў адна паперка. Нашто, думае, буду цягнуць гэтае важкае золата? Набраў поўную шапку соценных. Выходзіць з амбара і бачыць — на сцяне шар вісіць. Узяў ён і гэты шар паветраны. Прыгадзіцца, думае. Выйшаў на дарогу і толькі тут успомніў, што так і не закурыў — няма запалак. А ў тым шары чорт сядзеў.

— Адпусці,— кажа чорт,— прынясу табе запалкі.

Салдат выпусціў чорта і думае сам сабе: «Прынясе чорт хоць адну запалку ці не прынясе?»

Толькі гэта ён падумаў, а перад ім цэлы вагон запалак на дарозе ляжыць. Закурыў салдат, задыміў і кажа чорту:

— Цяпер бы з дарогі памыцца і адпачыць крышку!

Чорт прапанаваў зайсці ў любую хату і заначаваць.

— Ноччу,— кажа,— я табе царскую дачку дастаўлю.

І прынёс чорт нанач салдату царскую дачку. Гулялі яны, весяліліся цэлую ноч. Раніцаю чорт аднёс царскую дачку дадому. Салдат рашыў яшчэ адну ночку пераначаваць у гэтым доме. Просіць чорта прынесці яшчэ раз гэту царскую дачку. Чорт згадзіўся. А дачка расказала ўсё бацьку. Цар даў ёй дзве калоды карт і кажа:

— Калі цябе ўхвацяць, кідай па дарозе карты, і мы цябе знойдзем.

Дачка так і зрабіла. Схапіў яе чорт, а дачка ўсю дарогу картамі ўваслала. Там бы яе і знайшлі. Але чорт быў хітрэйшы за цара. Чорт забраўся на фабрыку, дзе рабілі карты, набраў іх ледзь не цэлы вагон і ўваслаў імі ўсе дарогі. Раніцою чорт зноў аднёс царэўну дадому. Салдат захацеў начаваць з царэўнаю яшчэ адну ноч. На гэты раз цар даў дачцы мел і сказаў ёй, каб яна, як будзе ляцець, рабіла на вокнах адмеціны. Чорт і на гэты раз перахітрыў цара і яго дачку — зрабіў адмеціны не на тых вокнах, дзе трэба было. А там, дзе царэўна рабіла адмеціны,— пасціраў. Тры начы гулялі салдат і царская дачка. На чацвёртую ноч царская дачка сама згадзілася выйсці замуж за салдата. Салдата ўзялі ў царскія пакоі. Згулялі вяселле. Але салдат так ужо разгуляўся, што піў кожны дзень. Вып'е і засне, вып'е і засне. Пакуль салдат піў ды спаў, жонка забрала ў яго грошы і шар. А салдата замкнулі ў пакоі і хацелі ўжо судзіць. Выскачыў ён праз вакно ўночы і схаваўся пад мастом. Сядзіць у адным бяллі. Аж ляціць чорт. Нясе яму адзежу, шляпу і яблыкі.

— Нічым,— гаворыць,— табе не магу дапамагчы, бо шар у цара — я вылецеў толькі на адну хвілінку.

— А што гэта за яблыкі? — пытае салдат.

— Гэта яблыкі двух сартоў,— кажа чорт,— яны табе дапамогуць.

З'еў салдат адно яблыка — з'явіліся ў яго рогі, з'еў яблыка другога гатунку — рогі адпалі, і стаў ён прыгажэйшы, чым быў. Здагадаўся тады салдат, што яму рабіць з гэтымі яблыкамі. Пайшоў да царскага палаца і стаў іх прадаваць.

— Яблыкі, яблыкі,— крычыць ён, ходзячы каля царскага палаца,— хто з'есць гэтае яблыка, стане прыгажэйшым, чым ёсць!

Спачатку купілі некалькі яблык служанкі. З'елі і сталі прыгажэйшымі, як былі. Потым купілі па яблыку царскія дочкі. З'елі і выраслі ў іх рогі. Спалохаўся цар, заплакалі царскія дочкі. Ва ўсім царстве пачалі шукаць дактароў, каб вылечыць царскіх дачок. Пераапрануўся салдат лекарам і прыйшоў у царскі палац. Стаў лячыць дачок. Загадаў тапіць баню. Тую, што абманула яго, лячыў, пакуль не забіў да смерці. Астатніх вылечыў. Даў ім па яблыку, з'елі яны і сталі вельмі прыгожымі. Самую малодшую з іх і самую прыгажэйшую цар аддаў замуж за лекара. І зноў стаў салдат жыць у тым пакоі, дзе жыў раней. І чорт яму служыць. І грошы ў салдата ёсць, і царская дачка, і чорт на пабягушках. І забыўся той салдат, што яму трэба дадому ісці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 192-194
Крыніца: скан