epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Салдат у чорта на службе

Служыў салдат дваццаць пяць гадоў, без роду, без пароду — адзін душою. І служыў ён лі цара лі самага, у гвардзіі. Цяпер яго выпусцілі дамоў. Ён выйшаў за горад і гаворыць:

— Служыў богу і цару, а цяпер,— гаворыць,— ідзі хоць і к чорту!

А ён тутацькі і стаіць лі яго, ужо і ёс[ц]ь.

— Калі гэтак,— гаворыць,— дык хадзі ка мне, паслужы сем гадоў. У мяне,— гаворыць,— будзеш сем гадоў і нічога не будзеш работаць, толькі будзеш распараджаць грошы: медзь і серабро і золата — будзеш паказуваць, ідзе іх ссыпаць. І не будзеш у мяне,— гаворыць,— брыцца, ні стрыцца, ні мыцца, ні маліцца і каптуроў адразаць ні на руках, ні на нагах, ні на чом. І будзеш ты ў мяне называцца Грап Нячосаны. А тады,— гаворыць,— я цябе за сем гадоў ажаню і здзелаю царом; і палучу тры падаркі за цябе, што ажаню!

От, ён і пайшоў к яму служыць на сем гадоў. Ён яму паказаў, ідзе ссыпаць грошы,— у тры пары возяць. Праслужыў так сем гадоў ён. Цяперака ён гаворыць, чорт:

— Што ж, Грап Нячосаны, цяпер нада жаніць цябе — пара!

А ён кажаць:

— Як хочаш сабе!

Ну, ён пайшоў к цару ў сваты, сам, тэй адыявал. Сватаць то сватаць, за каго? За Грапа Нячосанага, большую дачку. А Грапа Нячосанага няма ў царстве. Цяпер ён паслаў, цар тэй, жывапіса зняць з яго патрэт, які ён. Жывапіс паехаў туды із ім. Паказаў яму Грапа Нячосанага. Аж такога Грапа і ў свеце няма: аброс як пёс — воласы да паяса, і барада і воласы, і каптуры доўгія. Ну, жывапіс з яго патрэт зняў, такі як ёс[ц]ь ён, як ляжыць. Прывёз к цару, паказаў патрэт той дзеўцы. Дзеўка не йціць замуж. Тая не пайшла, большая, каторую засватаў, а пайшла сярэдняя. Цяпер трэба ехаць на свадзьбу Грапу Нячосанаму. Вот адыявал даў яму адну бутылку выпіць. Ён узяў выпіў бутылку. Цяпер гэта ўся руда на ём аб'ехала — стаў чысты. Даець другую — стаў маладзец — і ў свеце няма такога: здаровы, чысты, прыгожы. Цяпер запраглі лашадзей, уссадзіў Грапа і паехалі. Прыяжджаюць на крылец на двор — аж не тэй чалавек, што жывапіс зняў. Палядзелі, што не тэй чалавек, ён узяў жывапіса, цар, да й завесіў,— што няверна зняў патрэт. А большая дачка тая, як убачыла,— з дасады прапала. А сам тады цар тэй — няма жывапіса, няма дачкі — памёр і сам. А ён іх ажаніў і вяселле згуляў, і ў том царстве ён царом стаў — Грап Нячосаны. А дыявал усё-такі тры падаркі ўзяў: жывапіса завесіў, дачка з дасады прапала і цар памёр.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 521-522
Крыніца: скан