Жылі сабе так два браты. Адзін з іх быў вельмі багаты, а другі бедны. Пайшоў раз бедны папрасіць у багача каня поле папахаць, а багач яму і кажа:
— Ідзі сабе вазьмі, да глядзі не змуч.
Во бедны і пайшоў. Толькі выйшаў за гумны, ажно коні тут і ходзяць. Стаў ён забратаваць каня, а нейкі чалавек падышоў к яму да і не дае. Бядняк і пытае ў яго:
— Што ты за чалавек такей, што мне каня майго брата не даеш?
А тэй яму і кажа:
— Я Шчасце брата твайго.
Во бядняк і пытае ў яго:
— А дзе ж маё Шчасце?
— Вон там пад кустом ляжыць у краснай сарочцы.
Бядняк узяў добры кол да й пайшоў к кусту, глядзіць, ажно вялікі чалавек ляжыць расцянуўшы. Бядняк падышоў да як трэсне яго па баку, да і кажа:
— Што ж ты тут ляжыш, а?
Тады як падхопіцца тэй чалавек да і кажа:
— Ой, не бі ты мяне, я не прывык зямлю пахаць, а калі ты хочаш, так ідзі да прадавай што, я табе тады буду памагаць.
Бядняк кінуў каня да і пайшоў дамоў. Тады ўзяў ён новы жонкін андарак, пайшоў на базар і прадаў яго за два цалковых, а другі купіў за паўціннік да яшчэ прадаў; так ён нядзелі дзве папрадаваў і зарабіў багата грошы, купіў сабе там у горадзе двор і сялібу да і стаў перавозіцца. Забраў усё да хацеў з хаты ісці — чуе, нехта плача. Во ён і пытае:
— Хто там гэта?
— Я,— кажа.
— Хто ж ты такей?
— А Гора тваё.
— Чаго ж ты плачаш?
— А што ты мяне не бярэш з сабой?
— Цыц жа! Не плач, я вазьму — лезь во ў гэту скрыню.
Гора ўлезла, а бядняк узяў замкнуў скрыню да і закапаў, а сам паехаў і стаў жыць багачом.
Прыехаў раз к яму яго брат у госці да і пытае:
— Чаго, брат, стаў такі багаты?
А ён і кажа:
— Я Гора закапаў у зямлю.
— Дзе?
— А на старым дворышчы.
Багач і рад, што бядняк сказаў яму, дзе ён закапаў. Прыехаў ён дамоў да і адкапаў і кажа:
— Ідзі ізноў к майму брату.
А Гора яму кажа:
— Не! Твой брат чалавек ліхі, а ты добры, што мяне адкапаў,— я к табе і пайду.
Хацеў ён ізноў паймаць да закапаць, а Гора і не відно стала. Тады збяднеў зусім багач, а бядняк разбагацеў.