epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Шчасце і няшчасце

Быў чалавек бедны: не меў ні снасціны, ні скаціны, а дзяцей меў шмат. Прыйшла вясна, а яму няма чым гараць; людзі ідуць з сахою і скацінаю, а ён ідзе з жалязніком. Устрачае ён дзве панны, тыя панны былі: адна — шчасце, а другая — няшчасце. Пытаюць яго:

— Куды, чалавеча, ідзеш?

Так ён кажа:

— Панначкі мае, кралеўначкі! Маё такое няшчасце: людзі ідуць з скацінаю, а я з жалязніком, няма чым пражывіць дзяцей.

Дак тыя, адна з другою гаворачы, кажуць:

— Надарым мы яго.

Дак шчасце кажа:

— Калі твой, то ты яго і надары.

Дак вынялі і далі яму дзесяць рублёў, і сказалі:

— Ідзі дахаты і купі сабе вала.

Дак ёй прыйшоў дахаты і тыя грошы схаваў у гаршчок, дзе быў попел.

Назаўтра прыйшла да яго суседка, кума багатая, ды й кажа:

— Чы няма ў вас попелу, бо мае палотна вельмі рудыя.

— Вазьмі сабе, вот у гарнушку стаіць,— сказала беднага чалавека жонка.

Мужык, каторага не было дома, стаў аглядацца і ніяк не ўбачыў гаршка з попелам, ды й стаў на жонку (крычаць):

— Куды дзела грошы з гаршком?

Жонка зачала бажыцца, што не ведала, што там былі грошы, і сказала, што гаршчок узяла суседка-кума. А после мужык (пайшоў) да кумы і стаў прасіць, каб аддала грошы.

Яна кажа, што я не бачыла іх у цябе ніколі. Мужык пайшоў да пана і там не знайшоў справы, бо пан сказаў, што ты грошай ніколі не меў, а хочаш толькі ў яе адабраць.

І так грошы мужыка прапалі.

Плакаў ён, плакаў ды й ізноў ідзе з жалязніком, аж устрачае тыя дзве панны. Ён іх не пазнаў, а яны яго пазналі. А после пытаюць таксама, як упярод, і ён ім таксама адказаў, як упярод, і яны далі яму дваццаць рублёў. Мужык ізноў, прыйшоўшы дадому, схаваў грошы ў гумне ў патруху. Назаўтра прыйшла тая самая кума і зачала прасіць патрухі для цялят. І жонка беднага мужыка ізноў дала патруху, бо не ведала, што там грошы. Мужык, прыйшоўшы дадому, пайшоў у гумно выняць грошы і ізноў не знайшоў. Прыйшоў у хату і стаў сварыцца на жонку:

— Куды дзела грошы з патрухою?

Жонка сказала, што кума прыхадзіла і забрала патруху. Дак той мужык таксама, як упярод, хадзіў і да кумы і да пана, але нідзе не знайшоў справы. Усе казалі, што ў цябе ніколі грошай не было.

Мужык паплакаў ды й ізноў ідзе і спатыкае тыя самыя панны, і яны далі яму толькі два грошы і сказалі:

— Ідзі да рэчкі Немна, там будуць лавіць рыбу, ды й ніяк не зловяць. Ты папрасі, каб на тваё шчасце закінулі.

Ён так і зрабіў. Пайшоў да Немна і папрасіў, каб на яго шчасце закінулі. Як закінулі, дак так многа выцягнулі рыбы, што негдзе было дзець. Рыбакі запыталіся:

— Колькі бы табе даць за гэта?

Ён кажа, што прадайце мне за два грошы.

Яны прадалі адну рыбку за два грошы, а другую далі яму дарам. Мужык, узяўшы тыя рыбкі, пайшоў дадому і аддаў жонцы, каб зварыла. Жонка вельмі была рада з дзецьмі з тых рыбак і не варыла, а палажыла так. Аж ехаў адзін пан чэраз тое сяло; той мужык пайшоў адчыніць варота і зачаў смяяцца, а пан запытаўся:

— Чаго ты смяешся?

Ён сказаў, што ў мяне ёсць такая рыбка: хто на рыбку гляне, то кажды смяецца. Таму пану вельмі захацелася рыбкі, і за тую рыбку даў мужыку пару валоў, пару коней і [с]толькі збожжа, колькі мужык хацеў.

І так мужык знайшоў сваё шчасце ў двух грошах.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 471-472
Крыніца: скан