epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Шэсць рыбін

Каля берага мора на высокім падгорку стаяла хатка, мохам заросшы, з маленькім ваконцам, з паламанымі дзвярамі. У гэтай хатцы жылі дзед і баба. Бабка была вельмі старэнькая. Ёй было больш чым сто год. Валасы ў яе былі сівыя, твар увесь у зморшчынах. І была яна бяззубая, гарбаценькая. Дзед быў трошкі шустрэйшы за бабку, але сілы ў яго было вельмі мала. Усё жыццё сваё дзед праводзіў за рыбалоўляй. Кожну раніцу, як толькі развідняецца, бярэ ён вудачку і ідзе да сіняга мора. Бабка ў той час каля ваконца чакае дзядка.

Аднаго разу пайшоў дзедка на рыбку і, як спусціў вудачку, адразу ў яго руках пачулася нешта цяжкое. Падняў ён вудачку да бачыць, што аж шэсць рыбін учапілася. Вельмі ўзрадаваўся дзедка. А потым раптам бачыць — стаяць перад ім царэўны вельмі харошыя. Валасы на іх шаўковыя, з залатымі каронамі. Сталі яны ўсе перад дзедам, нізка пакланіліся, і адна з іх гаворыць:

— Бацька ты наш родны! Ты нас вызваліў. Нас сюды вадзяны цар усадзіў. Бяры каторую за дачку да сябе.

— Як я вас павяду ў такую хатку?

— Нічога,— кажуць,— не журыся. Як будзеш падыходзіць да сваёй хаткі, убачыш на зямлі кіёчак. Махнеш ім у правы бок — перад табой стане царскі палац. Махнеш ім у левы бок — адчыніцца брама залатая.

Выслухаў дзед гэтыя словы і аглянуўся вакол, а царэўнаў ужо і няма.

Узяўшы вудачку, ідзе дзед дамоў. Глядзіць — на сцежцы ляжыць кіёчак. Падняў ён кіёчак і махнуў у правы бок. Перад ім стаў царскі палац, і такі прыгожы, што ні ўздумаць, ні ўзгадаць, толькі ў казцы сказаць. Узмахнуў у левы бок — перад ім адчынілася залатая брама. Дзед аж здзівіўся, што перад ім такое царства адчынілася. Не верыцца яму, што ён тут будзе жыць. Увайшоў у гэты царскі палац і бачыць — сядзіць яго бабка ўся ў золаце. Дзед аж ахнуў.

— Вось, баба, цяпер мы пацарствуем!

І стаў дзедка царом, а бабка царыцаю. Тыя царэўны, якіх дзед выратаваў, павыходзілі замуж за царэвічаў і прыязджалі вельмі часта да дзеда і бабкі ў госці. І доўгі час дзед і баба жылі, віно пілі і шчаслівы былі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 555
Крыніца: скан