epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сястра-бязручка

Жыў дзед і баба. Былі ў іх сын і дачка. Памёрла матка, памірае і бацька. Ён спрашуе, сын:

— Што, тата, дзелаць?

А ён:

— Ну што, мой сын, дзелаць? Жывіце дружна, харашо, адзін аднаго слухайце, што яна будзе, ты ёй загадай, каб яна цябе слухала, харашо і жывіце.

Ну, пажылі яны, тады жаніцца брат захацеў. Ажаніўся, узяў жонку. От ён усё сястры загадуе. Куды едзе ці ідзець, усё сястры загадуе. Сястра гэта ўсё дзелае.

А жонцы дужа не панаравілась, чаго сястры загадуе. От, на стайні быў конь, яна ўзяла забіла таго каня, жонка; тады прыехаў ён, кажа:

— Во твая сястра харошая, ты ўсё загадаеш ёй, от жарабка забіла.

Ён:

— Ну, мая сястра, мой жарабок, клопату столькі.

Тады сад быў. Яна ўзяла вырубіла сад. Прыязджае, а ён купец быў ды ездзіў усё. Прыязджае ён, а жонка:

— Вот, твая сястра харошая, во сад увесь парубіла.

Ён:

— Мой сад, мая сястра — клопат.

І ўжо радзіўся ў іх сын, у купца гэтага ўжо. Яна ўзяла ды сына гэтага забіла, матка. Тады:

— О-о! Сястра харошая, ужо і сына нашага забіла.

— О-о! Ну, за ўсё яе прашчаў, за гэта не прашчу.

Узяў павёз яе ў лес і паадсякаў рукі па локці. Ну што? Паадсякаў і сам паехаў. Яна ішла паўз царскага гэтага саду. Ну, захацелася яблычка, яна ўзяла ў тэй у сад ды даставаць, а рук жа няма. І вот царскаму сыну панаравілась яна, такая яна была прыгожая. Так ён кажа:

— Тата, я яе вазьму за сябе замуж.

— Ну што, мой сын, наравіцца?

— Наравіцца яна мне, а што рук няма — клопату, яна мне наравіцца.

Узяў яе, пажылі, радзіўся у іх сын. І вот пачула тая жонка, што радзіла яна. І баба была ў яе, тожа змяя такая, што яна навучала на плахое. А царскага сына не было дома. Ну вот, напісалі цар з царэўнай запісы і направілі ўжо несці к яму, што радзіўся сын. От, пасланец панёс і зайшоў якраз к гэтай нанач. Яна прачытала, што які сын радзіўся, і к бабе к той. Баба тая:

— Знаеш што,— кажа,— давай напішам, што радзілась лягушка, не дзяцёнак, а лягушка.

Узялі напісалі. Ну, а тэй жа не знаў, гэтую запіску і панёс. Прынёс к царскаму сыну. Ён прачытаў. Тады: «А хто ні радзіўся, да майго прыезду няхай жыве». Панёс ён. Апяць ён ішоў і к тым самым нанач зайшоў. Тыя прачыталі, што «хто ні радзіўся, няхай, пака я ні прыеду, няхай жыве». Узялі гэту запіску ануліравалі, а напісалі: «Да майго прыезду штоб не было яе з гэтым рабёнкам». Ну што ж, прынёс гэты запіску. Бацька з маткай прачыталі:

— О-о! Куды ж нам яе адправіць. А ў яе ж рук няма, як жа яна.

Ну, прывязалі ёй гэтага ўжо рабёначка і завязалі, пусцілі, кажуць:

— Ідзі,— кажуць,— куды хочаш, ты не нада нам такая.

Ну, яна пайшла. Ішла, стаіць крынічка, яна ў тую крынічку, вады захацела. Нагнулася, а дзяцёнак у гэту крынічку. Яна куксамі тады хапаець, і рукі палучыліся. Вот яна дзяцёнка паймала, увязала і пайшла. Ішла-ішла, ішла-ішла, куды?

Ну, зайшла яна ўжо ў свой двор.

А прыехаў ужо цар — і няма жонкі. А йдзе?

— А ты,— кажуць,— запіску прыслаў, каб яе не было, так мы адправілі.

— А куды?

— Адправілі, а куды яна пайшла, дак не знаем.

Пайшоў шукаць яе. Прыходзіць к купцу таму, астаўся нанач. І якраз хлопчык туды найшоўся. Цар кажа:

— Ох ты, госпадзі, хоць бы казачку мне хто якую расказаў. Вот жонка мая не знаю дзе.

А хлопчык, гэты сын яго, ды кажа:

— Во я табе раскажу казку, толькі хто перабора мяне, перамяшае, сто рублей, хто калі перамяшае, а я буду расказваць.

— Ну, сто дык і сто, ды толькі раскажы.

Вот ён і стаў казаць пра матку пра сваю.

— Вот жыла,— кажа,— сястра з братам, брат ёй загадваў, што куды едзе работаць, а жонцы яго не панаравілася, што ён ёй загадуе. Яна ўзяла жарабка забіла, а ён кажа: «Мой жарабок, мая сястра».

— А-а! Што ты выдумляеш!

А ён:

— Ну, больш не буду казаць, сто рублей!

А цар:

— Ну давай,— кажа,— раз ён сказаў, што хто мяне перамяшае, а ён няхай мне скажа ўсю казку.

А гэта жонка брата перамяшала. Тады:

— Ну,— кажа хлопчык,— узяла сад вырубіла і на сястру. Прыехаў купец, яна і на сястру, што во сад вырубіла. А ён сказаў: «Мая сястра — мой сад, чорт яго бяры». Вот ёй усё гэта не наравіцца. А тады ўзяла,— кажа,— свайго сына забіла і на яе сказала. Ну, ён кажа: «За ўсё прасціў, а за гэта не прашчу». Павёз у лес,— кажа,— адсек ёй рукі па локці. Яна без рук ішла ля царскага саду і захацела яблычка. Ну, чым жа яна можа, вот куксай трохі прыгарнула, ротам ужо дастала.

— А-ай! Што ты будзеш гарадзіць нейкую гараду, гародзіш скараду!

— Ну, больш не буду казаць, сто рублей.

Цар кажа:

— Кладзі шчэ. Не перамяшай, пускай гавора. Раз я пажалаў.

Ну, шчэ палажыла сто рублей.

— Тады што,— кажа,— ніяк не ўспакоіцца. Ну, ён адсек ёй рукі, рук не было, а ішла ля царскага саду, а царскаму сыну яна панаравілася, і ён узяў яе за сябе. Ну, і паехаў недзе ці ваяваць, ці дзе адлучыўся. У іх радзіўся сын, па пояс у золаце. Напісалі бацька і матка і паслалі пасланца, каб занёс, які сын радзіўся. І тэй пасланец зайшоў к гэтай к самай бабе, каторая жонка брата. А яна ўзяла напісала: «Радзілася мыш і лягушка». Во што!

— А-ай! Ты нейкую складу выдумаў!

— Больш не буду гаварыць! Сто рублей!

Паклала. Тады:

— А прынёс пасланец, цар адпісаў: «Хто ні радзіўся, да майго прыезду штоб быў». Вот ён апяць зайшоў к гэтай бабе. А тут,— кажа,— прачытала. «О-о! Штоб быў!» Так тут узялі гэта ануліравалі, а напісалі: «Штоб да майго прыезду яе выпісалі адтуль». Ну, тады што,— кажа,— бацька і матка прачыталі: «О-о! Радзіўся там сын харошы, па пояс у золаце, а чаго ён напісаў, штоб да майго прыезду не было яе? Ну, у яе ж і рук няма, ну куды мы яе аташлём?» Ну, паслалі яе,— кажа.— Яна ішла. Прывязалі ёй ужо яе сына. А яна захацела вадзічкі, нагнулася ў крынічку піць, а дзяцёнак тэй што ў бок. А яна,— кажа,— хапаць куксамі тымі, і ў яе паявіліся рукі. Ну, і стала з рукамі. Вот гэта такая і казка. Вот я такую казку знаў і расказаў вам.

Тады:

— А дык гэта ты мой ацец,— кажа,— а я твой сын.

От яны схапіліся.

— А гэта,— кажа,— маць, а твая жонка. Ёй рукі брат адсек па локці. Яна была без рук, а як несла мяне малога, вадзічку стала піць у крынічцы, а я выкінуўся, яна падхапіла, і ў яе паявіліся рукі.

— Гм-м! Гэта вы мае,— кажа,— і жана, і сын.

— Вот мы,— кажа,— і твае.

Ну, ён забраў і павёз у гасударства ў сваё яе і сына. І сын ужо рос, кажуць, не па часах, а проста па мінутах. Рос такі бальшы і скора вырас. І асталіся яны жыць, і сын харошы ў іх. Во якая гэта казка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 276-280
Крыніца: скан