epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сястра і брацця-арлы

У якомсь сяле так было, жыў старык. У яго больш не было, апроч два сына, і матка іх, сынаўёў тых, бярэменная была. Панёс ён паску пасвяцаць на вялікадня. Тады ён прыносе, пасвяціўшы, а яны б'юцца. Тады ён гавора:

— Ах, сынкі вы мае! Б'яцёсь вы, як арлы якія!

Тады яны ўзнялісь і паляцелі, як арлы, як ён сказаў. Тады яны паплакалі межда сабой:

— Вот, было два сынаўя, і тых няма! Засталіся адны!

Ну, яны колькі там прабылі, год алі паўгода, а радзіла тая баба дачку сабе. Тая дачка стала расці, разумнець. Дзеці на вуліцы сталі смяяцца дочцы дзедавай, а тым сынаўям сястры:

— Вот,— ка[ж]а,— бацька твой калдун: сынаўёў падзелаў арламі!

Тады яна, прыйшоўшы дамоў, стала плакаць:

— Дайце мне хлеба і койстрачку. Хоць век,— гавора,— буду стражджаць, а братоў сваіх буду шукаць.

А бацька з маткай не пускаюць, плачуць:

— Дзе ты іх нойдзеш?

А яна гавора:

— Прапалі яны, прападу і я, калі іх не найду!

Ну, тады ўзяла яна сабе торбачку і пайшла куды вочы глядзяць. Яна ішла і дзень і ноч і прыходзе ў пушчу ў такую, што толькі неба ды зямля,— не ведае, куды яна сама ідзе. Яе ноч абняла, яна сычас пад елачку і абначавала. Тады назаўтрага ўстала, колькі-нібудзь прайшла. А там стаіць дамок небалшы. Ля таго дамка б'юцца два арлы. Яна ўбачыла і заплакала. Ну, сычас у тую хатку увайшла. Увайшла — дзве порцыі хлеба ляжаць на стале і два стаканы вады. Яна сычас увайшла, аднаго куска хлеба адкусіла і другога, аднаго стаканчыка адпіла і другога. Сама на печку ўзлезла і ляжыць. Так цераз нескалькі ўрэмя яны падзелалісь такімі малайцамі, як бы і такі народ. Цяпер яны ўходзяць у тую самую хатку.

— Ах, брацец,— адзін аднаму гавора,— што,— гавора,— нам бог дае прапітання, і тое нехта дзеле з намі!

Тады яны селі за стол і павужыналі. Тады яны сычас аб сырую зямлю ўдарыліся і здзелаліся ўзноў арламі і паляцелі біцца. Тады самая тая порцыя на стале і стала, як была: два стаканы вады і дзве абярценькі хлеба. Тая сястра так жа сама і здзелала: адламіла ад аднаго 'бярценька і ад другога і адпіла вады з аднаго стаканчыка і з другога, а сама апяць на печ схавалась. Тыя браты, пабіўшыся, узноў прыляцелі, падзелаліся такімі людзьмі, як ба нада, увайшлі ў хатку, падышлі к сталу і гавораць:

— Ах, госпадзі! Што нам дае бог прапітання, і то нехта адбірае. Ці худы, ці добры — вылазь, абяшчайся! Хто тут адбірае божае прапітання?

Яна выйшла з-за печкі і слезна заплакала. Яны пытаюцца ў яе:

— Хто ты такі?

Яна гавора:

— Я ваша сястра!

Меншы гавора:

— У нас не было сястры!

А большы ка[ж]а:

— Як жа, у нас матка засталась бярэменная. Можа і точна, што наша сястра. Ну, калі ж ты наша сястра, дык ты анямей на тры гады, дык нас узвароціш, а калі не выдзержыш, дык нас далі запратаеш!

Дык яна, саслязіўшысь, пайшла. Ідзе бог знае куды. Ішла яна дзень і ноч, на другую ноч усходзіць так; падышла то ж сама пад бярозку, заначлежылась. Ну, заначлежылась, а яе сабакі апанавалі. Ёй нельга крычаць, дык яна на бярозку ўзлезла. Гэта ж ахвоціўся царскі сын. Чуе ён, сабакі цахляць, да на 'дном месце, нікуды не бягуць. Ну, тады ён прыходзе к бярозе. Убачыў яе на бярозе і кажа:

— Злазь!

Яна маўчыць. Ён крычаў, крычаў — маўчыць.

— Ну, ці нямы, ці глухі, хто ні ёс[ц]ь — злазь далоў!

Тады яна злезла і плача. Ён яе за руку і павёў у двор, гасударскі сын. Ну, тады ён прыходзе дамоў і гавора на матку:

— Ну глядзі ж, матушка, я хачу з ёй пажаніцца!

А яна гавора:

— Ты каго пападзеш у лесе — ці нямога, ці глухога,— то ўсё табе харошае, то ўсё ты хочаш пабраць іх!

А ён атвячае:

— Ці нямая, ці глухая, а будзе мая жана!

Матка дужа не хацела, каб ён яе браў, а ацец із ім хацеў. Ну, ён і ажаніўся. Пажылі яны нескалькі ўрэмя з ёй, сычас у некаторым царстве падымаецца воінства, і трэбуюць іх — бацьку з сынам — на тое воінства. Ну, ён сычас паехаў з бацькам і кінуў яе бярэменную — яна забярэменела. Яны прабылі там колькі год, мо год пяць, ці колькі там — тады яна радзіла два сына, а іх яшчэ не было адтуль. Свякруха агледзела, што яна радзіла два сына і дужа прыгожыя: у вадным ува лбе сонца, а звёздачка-зараніца ў патыліцы, а ў другім месячка ўва лбе, а звёздачка-зараніца ў патыліцы. Ну, тады ёй нельга было шчэ гаварыць. Свякруха за іх, абаіх пабрала ды ў склеп у такі, што ніхто не ходзе туды, і замкнула. Яна ж толькі плача. Ну, тады села матка тая, піша сыну: «Вот, сынок! Я казала табе — не жанісь на ёй: радзіла яна ні шчанят, ні сабачанят, няма як,— кажа,— іх і пісаць!»

Ну, а ён адпісаў ёй: «Ну, хоць і кацяняты, да майго прыезду каб цэлы былі!»

Ну сычас, доўга не думаючы, ён прыехаў адтудава, і то, і спрашуе ў маткі:

— Дзе мае дзеці?

Яна ка[ж]а:

— Вун там я ў склеп паўкідала іх, што яны нікуды неспасобны!

Ён тады з сэрца пайшоў, той склеп разламаў. Толькі разламаў, аж той склеп увесь ззяе, і яны ў розных цвятах сядзяць. Ну, цяпер ён пабраў тых сыноў, а матка насустрэчу ідзе. Ён выхапіў меч да на матку ка[ж]а:

— Вот, матушка, ты хацела дзве душы загубіць, дык я адну загублю!

Ды ўзяў матку і засек. Толькі матку засек, тыя браты прыляцелі арламі, і ўдарылісь аб сырую зямлю, і сталі такімі людзьмі, як бы і нада. Ну, яна сычас, тая нямая, загаварыла, абняла сваіх братоў, пацалавалісь. Тады царскі сын вывеў чэцвера коней, узяў запрог, забраў сваіх швагроў і жану з сынамі і паехаў к свайму цесцю.

Казка скора сказуецца, ды няскора дзела дзеялась. Адцураўся царскі сын і царства, што матка плоха хацела здзелаць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 126-128
Крыніца: скан