epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сіняя Cвіта

Жыў-быў цар-валшэбнік. Стаў ён кліч клікаць, вызываць ахотніка, штоб узяўся схавацца ад яго. І за таго, хто схаваецца, абяшчаў выдаць сваю дачку замуж і палавіна царства аддаць. Найшоўся такей Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак. Узяўся ён схавацца ад цара, а калі не схаваецца, дык яго на смерць даўжны сказніць. На гэтым ён і распісаўся. Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак перад царом стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам. Як бяжы, дык бяжы за трыдзевяць зямель у трыдзевятае царства. А ў гэтым царстве ёс[ц]ь дужа бальшэй луг. На гэтым лугу рассыпаўся ён на тры цвяты. На другей дзень цар, устаўшы раненька, умыўшысь бяленька, пасматрэўшы ў свае валшэбныя кнігі, узнаў усё і кажыць:

— Перада мной стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез чорным гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам. Збег на бальшэй луг у трыдзесятым царстве і рассыпаўся на тры цвяткі разнацветных. Слугі мае верныя, слугі мае добрыя, ідзіце вы ў трыдзесятае царства. Ёс[ц]ь там дужа бальшэй луг, а на ім тры цвяткі разнацветных. Вы іх адарвіце, у платок завярніце і мне прынясіце!

Слугі і пайшлі. Ішлі яны ці доўга, ці каротка, толькі найшлі тыя цвяткі, у платок завярнулі і к цару прыняслі.Тады цар пытаіць:

— А што, Сіняя Світа, ці схаваўся ты ад мяне?

Стаў Світа цара прасіць, каб дазволіў схавацца яшчэ раз. Цар дазволіў. Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак перад царом стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам. Як бяжы, дык бяжы за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства. У гэтым царстве ёс[ц]ь такей мох, што зверху балота, а паднізом бяздонная вада. Зайшоў ён у мох, абярнуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно і сядзіць там. Навутра цар, устаўшы раненька, умыўшысь бяленька, пасматрэўшы ў валшэбныя кнігі, кажыць:

— Перада мной стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам. Збег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства і схаваўся ў балоце, абярнуўшысь рыбай-вокунем!

Вялеў цар сваім слугам іціць у трыдзесятае царства, вычысціць балота і злавіць вокуня. Слугі так і здзелалі: зрубілі, вычысцілі тое балота так, што толькі адна буза асталась паверху; закінулі яны сеці, паймалі окуня, завярнулі ў платок і к цару прыняслі.

— Ну што, Сіняя Світа, ці схаваўся ты ад мяне? — пытаіць цар.

Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак апяць стаў прасіць цара, каб дазволіў яшчэ схавацца. Цар і яшчэ дазволіў. Сіняя Світа перад царом стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам. Як бяжы, дык бяжы за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства, дзе ёс[ц]ь такей дуб, што корні ў зямлі, а макушка ў небе. Узлез ён на дуб, абярнуўся іголачкай ды пад карынку і сядзіць. Прыляцела на дуб пціца Нагай, узнала, што тут ёс[ц]ь чалавек, і пытаіць:

— Хто тут ёс[ц]ь?

— Я,— кажыць,— Світа.

— А зачым ты забраўся сюды?

— Ды вот, узяўся я схавацца ад цара-валшэбніка, ды ніяк не схавацца.

— А хош, я цябе схаваю? — кажыць пціца.

Світа стаў яе прасіць. Нагай-пціца абярнула яго пярынкай, узяла к сабе пад крыло, знесла і палажыла соннаму цару за пазуху. Вутрашкам цар ўстаў, умыўся, пасматрэў па валшэбным кнігам і гаворыць:

— Перада мной стаяў добрым моладцам, па двару бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полю бег шэрым зайцам, збег у трыдзесятае царства. Ёс[ц]ь тамацька дуб, што корні ў зямлі, а макушка ў небе. Забраўся ён за яго кару і сядзіць, абярнуўшысь іголачкай.

Прыказаў цар слугам, каб яны спілілі дуб, пакалолі яго на дровы і сажглі. Слугі так і здзелалі, а Сіней Світы не найшлі, аб чом цару і далажылі. Вот цар выйшаў на крыльцо і завець:

— Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак, пакажыся!

— Не,— гаворыць Світа,— збяры першы вяльможай і каралей, тады пакажуся.

Цар думаў, што ён тутацька, дзе-ліба ля яго: кружыўся, кружыўся вокала сябе, а Світа сядзіць сабе ў яго за пазухай. Вот цар сабраў вяльможай і енаралаў, выйшаў на крыльцо і апяць завець:

— Сіняя Світа налева сшыта Саломенны каўпак, пакажыся!

— Не, баюсь, абманеш! Снаражай-ка дачку пад вянец, тады і я буду.

Цар вялеў залажыць у карэту шасцёрку лашадзей, пасадзіў у яе каралеўну і выйшаў на крыльцо. Удруг выляцела пярынка і стала добрым маладцом. Сеў ён к каралеўне ў карэту і паехалі пад вянец. Павянчалісь і сыгралі свадзьбу. Цар адпісаў яму палавіну царства, а пасля смерці і ўсё.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 427-429
Крыніца: скан