epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сірата-Іван, дзявіца-чараўніца і пан

Жыў сабе дзед ды баба, быў у іх сын Іван. Дзед і баба ў скорасці памёрлі, адзін толькі Іван застаўся беднаю сірацінаю, нечага было яму нават і есці.

Пайшоў Іванька ў свет, куды вочы глядзяць. Глядзь, аж насустрэчу яму ідзець дужа красівая дзеўка і пытаецца яго:

— Куды ты ідзеш, Іванушка-сірата? Пойдзем на тваю бацькаўшчыну, будзем з табою жыць да пажываць.

Так яны і зрабілі. Жылі яны дзень, другі. Уведаў пан, што ў Івана красівая дужа жонка. Пасылае ён к Івану свайго парабка.

— Ідзі,— гавора пан, — к Івану і скажы, штоб ён прыйшоў ка мне.

Прыйшоў Іван і к пану. Пан ды і гавора яму:

— Што ж ты, Іван, забагацеў? Не хочаш і ка мне прыйці?

— Не можна было, пане, некалі было.

Пан, задумаўшы Івана страціць, пасылае яго на граніцу ў лес ля ахвоты на дзікага вала; жонку яго ўзяць думаў сабе, а сваю паню задавіць. Прыйшоў Іван дамоў ад пана ды й плача. А жонка пытаецца:

— Чаго ты, Іванюш, плачаш?

А ён кажа:

— Пасылае мяне пан на граніцу на дзікага вала. Я ведаю, што мне будзе там немінучая смерць.

— Не плач, мой дарагой Іванюш. На табе клубочак. Куды будзе клубочак каціцца, туды і ты ідзі!

Іван і пайшоў. Каціцца клубочак, а Іван ідзе ўслед за ім. Прыкаціўся клубочак на граніцу к мядзведзю. Падышоў Іван к мядзведзю і ўскінуў на яго муздэчку. Мядзведзь устаў і пайшоў, а Іван за ім услед. Прыйшоў Іван і к пану і пытаецца:

— Дзе мне падзець вала?

Пан прыказаў упусціць і к каровам. Упусціў Іван вала і к каровам у хлеў і пайшоў дамоў.

Назаўтра пан устаў рана і пайшоў у хлеў — ажны ўсе каровы ляжаць нежывыя; адзін мядзведзь стаіць. Як толькі пан а[д]чыніў вароты, мядзведзь і ўцёк праз вароты ў лес. На другі дзень ізноў пан пасылае парабка к Івану:

— Ідзі, скажы, штоб ён сайчас прыйшоў ка мне.

Прыйшоў парабак і сказаў Івану адправіцца к пану.

— Што ты, Іван, забагацеў — не хочаш ка мне прыйці?

— А што ж, пан? Усё некалі ды некалі.

— Ідзі ты, Іване,— кажаць пан,— і к гуслям і скажы, штоб яны далі гуслю.

Прыходзе Іван дамоў і плача, а жонка пытаецца:

— Чаго ты, Іван, так ізбедзіўся?

— А вот пасылае мяне пан і к гуслям па гуслю.

— Не плач, Іванюш! На табе клубочак; куды ён будзе каціцца, туды і ты ідзі за ім.

Каціцца клубочак, а Іван ідзе ўслед; прыкаціўся клубочак і к гуслям і стаў. Падыходзе Іван і к гуслям і просе аддаць яму адну гуслю.

— За што мы табе аддадзім гуслю? — гавораць тыя-другія гуслі.

І сталі яны біцца. Біліся, біліся, а потым Іван просіцца аддыхнуць. Сеў Іван, а потым дастаў платочак і стаў ім уцірацца. А гуслі ўвазналі гэты платочак і пытаюцца ў Івана:

— Дзе ты гэты платочак узяў? Гэта нашай сястры платочак.

А Іван атвячае, што яму жонка дала.

— А-а! Гэта твая жонка ёсць наша сястра. Ну, так цяпер дадзім табе гуслю.

Ідзе Іван дамоў, ажно сустрэчу яму якійся-то пан.

— Здрасцві, Іван бяздомны! Аддай мне гэтую гуслю, а за яе я табе дам кіёчак. На каго будзеш сярдзіт, так і скажаш кіёчку: «Эх, кіёчак, шахні, махні і ўбі!»

Аддаў Іван пану гуслю і пайшоў далей. Ідзець Іван без гуслі, не весел.

— Ах, кіёчак! Шахні, махні, таго пана дагані, забі і гуслю прынясі!

Кіёчак наш шахнуў, махнуў, пана дагнаў, забіў і гуслю прынёс.

Ідзе Іван, іграе і скача. Едзе другі пан.

— Здрасцві, Іван бяздомны! Аддай мне гэтую гуслю! На табе сякерку. Ты гэтай сякеркай што захочаш, тое і зробіш.

Аддаў Іван пану гуслю, узяўшы ў яго сякерку, і пайшоў не весел.

Потым гавора свайму кіёчку:

— Гэх, кіёчак мой! Шахні, махні, таго пана дагані, забі і гуслю вазьмі!

Кіёчак так і зрабіў. Пайшоў Іван дамоў і прынёс пану гуслю.

— І сваю паню задавілі, і Івана не страцілі,— гавора пан свайму парабку.

На другі дзень пасылае пан парабка па Івана. Прыходзе парабак к Івану і кажа:

— Ідзі, Іван, і к пану!

— Нечага рабіць, трэба іці,— падумаў сабе Іван.

Прыходзе Іван к пану і пытаецца, што пан кажа яму рабіць.

— Ідзі, Іван,— кажа пан,— на той свет і папытайся на тым свеце ў бацькі, дзе ён грошы схаваў?

Прыходзе Іван дамоў і плача, а жонка пытаецца:

— Чаго ты, Іван, плачаш?

— А вот пасылае мяне пан на тэй свет.

— Нічога, не лякайсь, Іванюш. На табе клубочак, ідзі з парабкам; куды клубочак будзе каціцца, туды і ты ідзі.

Іван узяў клубочак і пайшоў з парабкам. Коціцца клубочак, а Іван з парабкам услед ідуць.

Ідуць, ідуць — ажны адзін чалавек плот падпірае. Зайдзе са аднаго боку, дык ён валіцца на другі, і ніколі не падпёр.

— Эй, чалавеча! — закрычаў яму Іван. — Я падапру з энтага боку, а ты з другога, і будзе стаяць.

— Ідзі, куды ідзёш — табе тваё будзе,— гавора чалавек.

Ідуць яны дальш — ажны птушка з птушкай б'юцца. Парабак і кажа на адну птушку:

— Я б адтуль цяпнуў, адтуль махнуў — і забіў бы яе.

— Ідзі, куды ідзёш — тваё табе будзе.

Ідуць яны далі — ажны маладзіца па малацэ плавае і ніколі на бераг не выплыве. Парабак удруг адзываецца да яе:

— Эй, баба! Я б адтуль шахнуў, адтуль махнуў!

А тая маладзіца кажа ў атвет парабку:

— Ідзі, куды ідзёш, тваё табе будзе.

Пайшлі Іван з парабкам на той свет. Бачаць: ажны на Іванавым бацьку смалу возяць.

— Хадзі, тата, з табою трошкі пагамонім! — гавора Іван і к бацьку.

— Ай, сынок, некалі!

— А вот у мяне гуляшчы чалавек ё.

Узялі яны парабка і запраглі смалу вазіць. А Іван з бацькам селі пагаварыць. Бацька і кажа:

— Адна скрыня грошай пад яслямі, а другая — дзе хамуты вешаюць.

Пасля гэтага Іван з парабкам пайшлі дамоў на свой белы свет. Глядзь — ажны маладзіца, тая самая, на малацэ плавае і абзываецца к ім:

— Вот я на тым свеце была ведзьмаю і адбірала ў кароў малако, дык мне на гэтым свеце малака — сколькі хочаш.

Ідуць ды й ідуць Іван з парабкам, бачаць — аж тыя самыя птушкі б'юцца. Адна птушка кажа:

— Вот я была на тым свеце чараўніцаю, і йна была чараўніца; я яе было счаравала, і йна мяне счаравала. Вот мы на гэтым свеце б'ёмся і ніяк не саб'ём адна другую.

Ідуць нашы таварышы далей — глядзяць: ажны той самы чалавек падпірае плот і кажа ім:

— Вот мне на тым свеце было не добра жыць, дык я прасіў бога, штоб памерці ды штоб на тым свеце хоць плот падпіраць. Памёр я і на гэтым свеце падпіраю плот.

Іван наш і з парабкам прыйшлі на гэты белы свет і адправілісь проста к пану.

— Вот, пане, — гавора Іван,— адна скрыня грошай пад яслямі, а другая — дзе хамуты вісяць, і патом пайшоў Іван дамоў.

Пан пытаецца ў парабка, як бы Івана страціць.

— Я не ведаю, як вы яго страціце,— атвячае парабак.

— Ідзі-ка ты, мой верны слуга,— кажа пан,— пазагадуй, каб з кажнай хаты па тры гарцы смалы набралі.

Прыняслі ўсе па тры гарцы смалы. Пан прыказаў парабку, каб ён наклаў у кацёл і растапіў яе, штоб аж закіпела, а потым паслаў за Іванам.

Як толькі явіўся Іван і к пану, пан аддае строгі прыказ лезці яму ў смалу, закіпеўшую ў катле.

Стаў Іван прасіцца ў пана, штоб пазволіў яму схадзіць дамоў. Прыходзіць Іван к жонцы і плача горкамі слязамі.

— Чаго ты, Іван, плачаш? — пытаецца жонка.

— Вот пан кажа лезці мне ў гарачую смалу,— атвячае Іван.

— Ну што ж, Іван? Пойдзем з табою разам.

Як прыйшлі Іван із жонкаю, так і ўскочылі абое ў смалу і сталі золатам. Стала пану завідна: ускочыў ён у кацёл і скіпеў у смале. Вот тагды Іван вылез із смалы з жонкаю, схавалі пана пад плотам, а сякерцы сказалі пастроіць дом. Сякерка пастроіла за суткі дом. Тагды Іван узяў тыя дзве скрыні грошай і жывуць сабе і цяпер з жонкаю ды пажываюць ды і дабра нажываюць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 60-64
Крыніца: скан