epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сірата

Была ў старыка доч, была ў бабы доч — яны пажаніліся. Баба дачцэ старыка нічога не давала, не адзявала. Прасілася яна да касцёла, мацоха нічога не дала адзецца. Дзяўчына пагнала ў поле каля рэчкі; скінула з сябе бяльё і памыла, а назаўтра да касцёла ў том пайшла. Заплакала, што мацоха не дала ўбрацца:

— Хоць заткну я гэтую кветку да касцёла ідучы.

Рве кветкі пад пустаю хаткаю. Сядзіць дзве асобы пад тою хаткаю пустаю, пытаюцца яе:

— Чаго ты плачаш, сірата?

— Да як жа ж мне не плакаць, калі мне маць нічога не дала, каб ісці да касцёла.

Так яны памеркаваліся і пэрламі абдарылі: каб яна, як плача, пэрлы сыпаліся. Так яна прыйшла з касцёла, села абедаць. Уздыхнула цяжка, што яе мацоха сягодня згатаванае сама з'ела з мужам і дачкой, а ёй учарашняе дала. Яна заплакала, і пасыпаліся пэрлы. Мацоха зачала пытаць:

— Хто цябе так абдарыў пэрламі?

Яна кажа:

— Я пад пустаю хаткаю кветкі рвала да касцёла ідучы, там сядзелі дзве асобы, яны мне абдарылі пэрламі.

Так яна кажа на сваю дачку:

— Ты на другую нядзелю прыбярэшся харашо, і як пойдзеш да касцёла, вазьмі кветак пад пустаю хатаю.

Яна кветкі рве, а тыя дзве асобы пытаюцца:

— Куды йдзеш?

— На кармаш.

— Нашто табе кветкі, калі харашо адзета?

— Штоб малайцы мяне любілі, штоб пекна была.

Тыя асобы да сябе гавораць:

— Трэба яе абдарыць жабамі: каб яна, як засмяецца, жабы падалі з рота.

Прыйшла яна з касцёла і зачала смяяцца: жабы так і падалі з рота. Матка спужалася і пытаець:

— Хто цябе так абдарыў?

— Дзве асобы пад пустаю хаткаю сядзелі, яны мяне абдарылі.

Мацоха зачала сірату яшчэ горш крыўдзіць, што харашо абдарана не яе дачка, а мужа.

Быў у яе брат, зышліся яны ўдваіх, зачалі плакаць, што няма жыцця ніякога.

— Ты, сястра, жыві тут, цябе бог пэрламі абдарыў, а я пайду да цара служыць.

І пайшоў ён у дарогу. Зайшоў на магілу пацеры па айцоў сваіх згаварыць:

— У гэтую старану я ўжо не вярнуся.

Начаў пацеры гаварыць кленчачы і заснуў. Прысніў: як прачхнешся, што найдзеш на магіле, так бяры з сабою. Як ён прачхнуўся: на мацяры магіле партрэт сястрыны. Згаварыў ён пацеры і пайшоў да цара служыць.

Узяў яго цар за стоража. Глядзіць ён, па саду ходзячы, на партрэцік сястрыны. Цар спацараваў па саду, заглядзеў яго:

— Што там глядзіш, пакажы мне.

Брат паказаў. Паглядзеў цар на партрэт, спадабаў і кажа:

— Пішы пісьмо, каб твая сястра прыстала сюды, я буду з ёю жаніцца.

Брат прыпісаў да сястры:

— Прыязджай, будзе цябе цар замуж браць.

Мацоха пажалела, што сірата замуж за цара пойдзе, паехала сама і забрала сваю дачку. Цераз рэчку едучы, ачаравала сірату: зрабіла яе качачкаю і пусціла на ваду, а сваю дачку павязла да і замуж аддала за цара. Цар на яе брата сказаў:

— Партрэт пекны, а сястра твая няпекна.

Цар звянчаўся з ёю. Як з вянца прыйшла, засмяялася; жабы пападалі з рота на падлогу. Пайшоў цар да стоража і кажа:

— Ты мяне звёў, гаварыў, што сястра пэрламі плача, а яна жабамі смяецца.

Галаву яму зрубіў і ўнёс да касцёла. Потым ноччу прыйшоў пан да труны, аж пэрламі асыпана труна. Зачаў карауліць. Аж прылятаець на другую ноч качачка, устрапянулася ў дзвярах, пер'ечка спусціліся і стала харошаю дзеўкаю і зачала па брату плакаць. Тады цар яе забраў сабе, з ёю жыў, а ведзьме і дачцэ галаву зрубіў. Брату харошы похараны даў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 223-224
Крыніца: скан