epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Слуга стаў каралём

Было двое старых людзей. Мелі дзеці, сказалі ім:

— Хто які сон прысніць на божа нараджэнне, то выйдзе на праўду.

Сын прысніў сон, што будзець каралём. Яны яго дапрашывалі, каб сказаў гэты сон. Так яны ўзялі яго і прадалі. Купіў яго з другой зямлі кароль. І той дапрашываў, і таму не сказаў. Так ён яго ўсадзіў у турму, а выехаў у трэцяе царства жаніцца. Служанка прыйшла, прынясла яму абед. Ён стаў пытацца, дзе выехаў кароль. Яна яму расказала. Так ён стаў прасіцца ў яе, каб выпусціць яго з няволі. Яна яго пусціла, і ён пайшоў у пагоны за каралём сваім.

Застрэў на дарозе трох чарцей, б'юцца: найшлі боты, шапку-відомку і каня-самалёта. Так ён сказаў:

— Дайце мне гэта, так вас паміру.

Улажыў боты на ногі, шапку на галаву, сеў на каня і паехаў, а іх аставіў. За тры гадзіны даганіў свайго караля. Стаў прасіцца ў караля за слугу, і кароль узяў. Прыехалі на места. Каралеўна задавала яму задачу:

— Ежалі даставіш такія чаравікі, якія будуць у мяне, так пайду за цябе замуж, а ежалі не, то галаву далой.

Яна паслала рабіць шаўца свайго, а той, яго слуга, убраўшыся ў тыя боты, каторыя ад чарцей адабраў, і шапку тую самую ўлажыўшы на сябе, прыйшоў да таго шаўца і стаіць закрыўшысь. Зрабіў шавец адну пару, той узяў і ўкраў. Зрабіў другую, ён і другую ўкраў, а шавец не ведаў таго.

Ён зрабіў трэцюю: трэцюю каралеўна забрала. Прыносіць ёй. Каралеўна паказвае яму адну пару, а кароль дзве такіх. Потым каралеўна дае задачу:

— Ежалі пакупіш такую хустку, якая будзе ў мяне, то пайду за цябе замуж, а ежалі не, то галаву далой.

Паслала каралеўна ў краму купляць хусткі. [Гандлярка] аддрала адну, а караля слуга ўзяў і ўкраў. Аддрала яна другую, ён і другую ўкраў. [Гандлярка] пытаецца:

— Здаецца, я табе аддрала хустку?

Яны кажуць:

— Не.

Так яна аддрала трэцюю. Узялі і паняслі** каралеўне. Каралеўна паказываець каралю свайму адну хустку, а кароль такіх дзве. Каралеўна задала яшчэ задачу:

— Еслі будзеш мець такія воласы, як будуць у мяне, то пайду за цябе замуж, а ежалі не, то галаву далой.

Так ён сказаў, што дастаўлю. Яна паслала свае слугі на мора. Там быў дзядок: на галаве волас срыбны, а на барадзе злотны. Слугі сталі прасіць, каб той дзед даў два валаскі: адзін з галавы, а другі з барады. Так ён ім пазволіў вырваць. А караля слуга ішоў за імі следам і чуў гэтыя слава.

Яны сталі рваць з галавы адзін валасок, а караля слуга цэлую жменю, і яны яго ні разу не відзелі. Прыняслі яны воласы, падалі каралеўне. Каралеўна паказывае: адзін валасок срыбны, а другі злотны.

Кароль паказывае жменю адніх і другіх. Так яна яму задае задачу яшчэ:

— Ежалі даставіш дванаццаць хлопцаў, як у мяне будзе дванаццаць дзевак, і каб яны былі волас у волас і голас у голас, і з росту роўны, так пайду за цябе замуж, а ежалі не, то галаву далой.

Так кароль сказаў:

— Дастаўлю.

Выйшаў яго слуга на двор у тых ботах і ў той шапцы, каторую ад чарцей адабраў, і гукнуў. Наляцела да яго чарцей і сабралася дванаццаць роўных. Назаўтра прыходзіць каралеўна з сваімі слугамі, дванаццаць дзевак, і просіць караля:

— Дзе твае хлопцы?

Так ён клікнуў свайго слугі, і слуга яго прыходзіць і прыводзіць адзінаццаць такіх, як сам, і ў той час яны павянчаліся. Пасля ўзнала яна, што ў яго быў такі слуга, што яму дастаўляў усё, і хацела страціць слугу. Нарабіла такой атруты і просіць:

— Каторы старшы віромка, ідзьце на водку.

А той слуга знаў, што атрута ёсць, і падмавіў усіх тых хлопцаў. Прыбеглі кампанню і разбілі тую шклянку і вылілі атруту. Так каралеўна зрабіла такое ложка і прасіла яго, каб ён лёг спаць. Так ён падмавіў сваіх хлопцаў. Прыбеглі і паламалі ложка. Яна хацела страціць яго на ложку і нічога не зрабіла яму. Кароль і каралеўна паехалі ў сваю старану, а слугу аставіў на месце. Слуга ўлажыў боты, шапку і сеў на таго каня, каторы ад чарцей адабраў. Сеў і паехаў. Абмінуў свайго караля другой дарогаю і ў тры гадзіны прыехаў на места. Расказаў усё той служанцы, каторая выпусціла яго з турмы, як ён рабіў, а сам сеў у турму зноў. Прыехаў кароль у сваё царства з жаною і сталі жыць умесце. Служанка расказала каралеўне, што гэты, каторы сядзіць у турме, так яму ўсё дастаўляў.

Пасля каралеўна ўкахала яго за тое і свайго мужа страціла, а з тою слугою ажанілась. Ён стаў каралём.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 416-418
Крыніца: скан