epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Смерць кумою

Быў сабе адзін мужык з жонкаю, былі яны ўжэ надта бедныя! Трапілася, даў ім бог дзёцятка, асёж ніхто не хацеў паслухаць таго дзёцятка ахрысціць. Пайшоў ён сабе дарогаю плачучы, асёж сустрэў паню: уся ў чорным убранні і ў руцэ нясе дзве свечкі запаленыя. Скланіўся ён ёй нізка, а яна кажа:

— Чаму ты, чалавечку, гэтакі заплаканы?

— Ах,— кажа,— мая пані міленькая, як мне не плакаць,— кажа,— калі мне бог даў дзёцятка,— кажа,— і нікога не ўпрашу, каб хто да храсту дзяржаў.

— Чаму ж цябе,— кажа пані,— ніхто паслухаць не хоча?

— Таму,— кажа мужык,— што я надта бедны: у мяне ў хаце ні куска хлеба, ні солі німа.

Так гэта тая пані выняла з кішонкі жменю грошай, дала яму і кажа:

— Ідзі ж ты і купі, чаго табе на хрэсьбіны патрэбна, і пастарайся кума, бо ўжэ цябе кажан паслухае, а ўзаўтры ранюсенька я,— кажа,— сама табе за куму прыду.

Падзякваўшы ён ёй харашэнька, прыйшоў да хаткі, да гэта баржджэй шалду да балду! да за глячок, за торбачкі ды й да места. У месце накупляў усяго ўсялякага, дастаў кума і ўжэ ўсё як мае быць. Назаўтры, чуць свет, прыходзіць тая пані, так зара гэта павязлі да ксёндза, ахрысцілі тое дзіця і справілі хрэсьбіны. Ужэ па хрэсьбінах, пані, адходзячы дахаты, просіць таго чалавека:

— Прыдзі ж ты, кумятку, да мяне ў госці.

— Ах,— кажа,— мая пані міласціва, ласне я ведаю, куды да пані іці?

— Будзеш,— кажа,— ісці шырокаю дарогаю, так угледзіш мой палац, на маём палацу цёнгле свечкі гараць.

Адходзячы, яшчэ яму на спамажэнне многа грошай пакінула. Ён зараз узяў сваю гаспадарку папраўляць: зрабіў хату новую, усе будынкі да і можа ў год ці ў паўгода пайшоў да тае пані ў госці. Ідзе ён, так ідзе шырокаю дарогаю, асёж угледзеў палац, на ём свечкі так як зоры трамацяць: што адна згасне, то другая загарыцца; свечак гэтых было там без ліку. Зцікавала пані яго праз акно да і выхапілася проці яго:

— А мой кумятко, я цябе так доўга ждала!

Павяла яго ў пакой: корміць, поіць, трахтуе і не ведае, як яго ўгасціць. Потым давай ён яе пытаць:

— Мая пані міленька, чаму гэта на паніным палацы цёнгле адны свечкі тухнуць, а другія загарваюцца?

— Ага, мой кумятку, я табе скажу, бо гэта,— кажа.— я е Смерць, а гэтыя свечкі — то душы, і як свечка стухне, то чалавек,— кажа,— умрэ, а як загарыцца, то дзіця народзіцца.

Так ён чыста спалохаўся! А яна кажа:

— Не бойсь, кумятку, ты яшчэ дзесяць год будзеш жыць,— да і дала яму многа грошай і сама кажа:

— Цяпер ідзі сабе з богам, а за дзесяць лет я да це ў госці прыду.

Пайшоў ён дахаты і не казаў аб гэтым на[в]ат жонцы нічога. Пілі яны, елі смачна, хадзілі харашэ, і наш чалавек не агледзеўся, калі яму тыя дзесяць год мінуліся.

Асёж аднаго разу прыходзіць яго кума і шэпча яму на ўха:

— А што, кумятку, пара табе ўміраць.

А ён яе так просіцца, так модліцца:

— Я,— кажа,— у гэтакам дабрэ! у гэтакай роскашы! Мне здаецца, што я ўчора нарадзіўся: пазволь, пазволь, пані міласціва, яшчэ хаця з дваццаць гадкоў пажыць!

Так яна крыху падумала, памеркавала ды й пазволіла яму жыць дваццаць год і дала яму яшчэ больш грошай, а сама пайшла. У роскашы жывучы, хутка яму тыя дваццаць год зноў мінаюць, тады ён гэта ўзяў і справіў сабе ложак на круцюлцы. Прыходзіць Смерць:

— А што, кумятку? — кажа.— Пара ўміраць! Цяпер ніц не паможа: кладзіся, будзеш уміраць!

Лёг ён на том сваём круцяшчым ложку: як Смерць зайдзе ад галавы, так ён возьме ложак і нагамі перакруціцца. Яна зноў да галавы, ён зноў нагамі адкруціцца. Бегала яна акруг ложка, бегала да і кажа:

— Круці, кумятку, не круці, трэба ўмярці!

Сама дзыг! на ложко ўскочыла ды й задушыла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 497-499
Крыніца: скан