epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Снягурка

Жыў дзед і баба. Не было ў іх дзяцей. Ляпілі дзеці снягурку. Баба на дзеда гаворыць:

— Дзеду, пойдзем мы злепім снягурку, яна ў нас мо будзе гаварыці.

Пайшоў дзед з бабаю ляпіць снягурку. Зляпілі яны снягурку. Прыняслі ў хату, стала снягурка гаварыці да дзеда і да бабы. Абрадаваліся яны, што снягурка стала гаварыць.

Жыла яна ў іх дзесяць лет. Пасля дзесяці лет пастушкі жануць каровы пасвіць. Тая снягурка гаворыць:

— Бабу! Пажану і я каровы.

Баба ўзяла ў торбачку ім сыра, наклала хлеба, сыра, каўбаску палажыла. Дала торбачку ў руку і гаворыць:

— Будзеш ты там есці.

І пагнала яна дзве каровы за пастушкамі. Пасе яна, пасе — захацела есці. Выняла з торбачкі яду сабе, стала есці. Сама ела і пастушком давала. І ўсё з торбачкі аддала. Усё з'елі. Цяперака сталі гуляці. Гулялі, гулялі, хлопцы кажуць:

— Давайце распалім агонь.

Сталі яны каля агню гуляці, сталі цераз агонь перадзыгаці. Хлопцы перадзыгалі, нічога ім не сталася. А снягурка гаворыць:

— Дайце я перадзыгну.

Перадзыгнула раз, перадзыгнула другі раз цераз агонь, ніц ёй не паўрадзіла. За трэцім разам перадзыгнула і пайшла з дымам. Сядзіць на небе і з неба гаворыць:

— Пастушкі, пастушкі, зажанеце бабіны каровы дахаты.

Пастушкі тыя паслухалі, пагналі каровы дахаты. Прыганяюць дахаты яны каровы, а баба ўстрачае іх:

— А дзе мая снягурка падзелася?

Пастушкі гавораць, што пайшла з дымам. Баба ў плач, дзед у плач, началі плакаці. Баба на дзеда — нашто выпраўляў, а дзед на бабу. Пайшла баба шукаці снягуркі. Ходзіць баба і пакрыквае:

— Снягурка, снягурка, дзе ты падзелася?

Тры разы. Прыйшла да таго паленага месца. Снягурка з неба стала гаварыць:

— Не плач, баба, не ішчы мяне, я на небе. Пажджэце, як прыйдзе зіма, то я прыйду да цябе.

Прыйшла баба дахаты і стала плакаці, што снягуркі няма. А дзед уцяшае бабу:

— Не плач, прыйдзе зіма — прыйдзе снягурка да нас.

Вот і казка ўся скончылася, дзед бабе кулаком, баба скурчылася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 267-268
Крыніца: скан