epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Суччы сын

Жыла пані, і не было ў яе дзяцей. Яна жыла з кухаркай удзвюх. Прыйшоў да іх старык, і там у сажалку ён упусціў шчуку. Ён зайшоў к гэтае пані і бачыць, пані бядуе. Ён кажа:

— У сажалцы ёсць шчука, схваці яе і з’еш, і будзеш бярэменна.

Улавілі шчуку, значыць, яны з кухаркай і забярэменелі, і сучка забярэменела, а кабыла памыі выпіла, і радзілі яны па сыну: сучка, і кухарка, і пані, а кабыла жарабца. Раслі яны не па днях, а па часах і не зналі, хто старшы, каму падчыняцца.

Выехалі ў поле ўсе трое і пусцілі па страле: чыя страла далей паляціць, той і будзе старшы. Паніч стрэліў, Кухаркін сын далей, а Суччы — далей за ўсіх; яны яму і падчыніліся. Паехалі ў свет усе трое. На дарозе стаяла карчма і ў той карчме надпіс: «Ёсць мост на рацэ», і хадзілі начаваць па вочарадзі на гэты мост. Пад гэтым мастом астанаўліваліся. Тут у карчме паніч павесіў рукавічкі на сцяне, а Суччы сын паставіў кубак на стол і адправіўся пад мост і кажа:

— Як будзе з кубка кроў, а з рукавіц шум, то бяжыце бараніць.

Ён пайшоў, сеў пад калінавым мастом, пад смуродавым кустом, каня свайго запёр за трыдзевяць дзвярэй. І вось, калі сядзеў, прыйшоў змей трохгаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў і конь заржаў.

— Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, іржэш, чаго, сабака, брэшаш? Можа, якога непрыяцеля чуеш?

Ён гаворыць:

— Тут ёсць.

— Ну, вылязай, айды,— гаворыць змей.— Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

Суччы сын:

— Вінца напіцца — уп’ёмся, а будзем гадзіцца — вы мяне адурыце, лепш будзем біцца.

Ён яму, змею, тры галавы зняў, а змей па калені ў зямлю яго ўвагнаў. Суччы сын вылез, прыйшоў на кватэру к сваім браццям: яны спяць. З рукавіц шум, а з кубка кроў, а яны не чуюць.

— Ах, спіцё вы, а чуць не чуеце, будзець і вам гэта.

Тады нада на гэту ноч Кухаркінаму сыну ісці, ён просіць Суччага сына, каб ішоў за яго. Ён сагласіўся:

— Як будзе з кубка кроў ісці, як сіла мага бяжыце бараніць,— і тады сеў пад калінавым мастом.

Паляцеў змей шасцігаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў, конь заржаў. Змей гаворыць:

— Чаго, сабака, брэшаш? Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, ржэш? Можа, якога непрыяцеля чуеш?

Суччы сын сказаў:

— Ён тут ёсць.

— Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

— Вінца вып’ем — уп’ёмся, гадзючыся, вы мяне адурыце, а лепш будзем біцца.

І сталі біцца. Ён змею тры галавы зняў, змей яго па калена ў зямлю ўвагнаў, ён яму яшчэ тры галавы зняў, ён яго па пояс у зямлю ўвагнаў. Тады ён, значыць, вылез з гэтай зямлі і пайшоў на кватэру да сваіх братоў. У кватэры па калені крыві, поўна кватэра шуму.

— Ах, братцы, спіцё, не чуеце, я чуць не прапаў галавой, будзець і вам гэта, што мне.

На трэцюю ноч Панінаму сыну нада ісці. Пачаў ён прасіць, каб за яго схадзіць, ну Суччы сын і сагласіўся.

— Але калі будзе з кубка кроў, як сіла мага бяжыце бараніць.

І пайшоў, сеў пад калінавым мастом, пад смуродавым кустом. Прыляцеў змей дзевяцігаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў і конь заржаў. Змей і гаворыць:

— Чаго, сабака, брэшаш? Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, ржэш? Можа, якога непрыяцеля чуеце?

А Суччы сын:

— Я тут ёсць.

— Ну, вылязай сюды.

Ён вылез, змей і гаворыць яму:

— Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

— Вінца вып’ем — уп’ёмся, гадзючыся, вы мяне адурыце, а лепш будзем біцца.

Суччы сын зняў яму тры галавы, змей яго па калені ў зямлю ўвагнаў. Ён змею яшчэ тры галавы зняў, змей яго па пояс у зямлю ўвагнаў. Суччы сын гаворыць:

— Аддыхнём цяпер і што пагаворым, разрашы мне тры разы свіснуць.

— А нашто? — гаворыць змей.

— Каб чэрці па маю душу скарэй ляцелі.

Ён яму разрашыў свістаць. Першы раз свіснуў — конь трое дзвярэй прабіў, ён свіснуў яшчэ і яшчэ раз — конь прабіў дзевяць дзвярэй.

— Што гэта гручыць?

— Гэта чэрці па маю душу лятуць.

Трэці раз як свісне — конь астатнія дзверы прабіў, капытамі змею тры галавы зняў, выратаваў Суччага сына з зямлі. Пайшлі на кватэру із сваім канём, і сказаў Суччы сын сваім браццям:

— Вы тут спіцё, каб не выратаваў конь верны, я б прапаў; ужо сабірайцесь, паедзем адгэтуль.

І яны сабраліся і паехалі. Едуць цераз мост, ажно каток такі красівы. Панін сын:

— Вось красівы коцік, мы возьмем і павядзём дамоў. А Суччы сын:

— Гэта не коцік, а вораг наш,— шашкай адсек яму галаву.

Едуць далей, ажно луг такі харошы і рэчка бяжыць. Вот Панін сын гаворыць:

— Мы тут аддыхнём і лашадзей падпасём, і мы аддыхнём і свежай вадзіцы пап’ём.

А ён:

— Папробую, што гэта, — і па гэтай вадзе шашкаю секануў, стала не вада — кроў.

— Засек,— кажа,— жану другога змея.

Тады едуць далей, а Суччы сын кажа:

— Бачыце змея, ён нас праглынець.

Бросіў ён назад шчотку, і вырас лес, такі гушчар, што невазможна прайсці. Жонка змея давай грызці гэты лес і прагрызла дарогу, апяць даганяе іх. Тады ён бросіў скавараду назад. Абразавалася возера. Яна пачала піць гэту ваду, Суччы сын далёка паехаў, і па дарозе стала кузня. Ён кавалю гаворыць:

— Кладзі ў гарон дванаццаць кляшчэй.

Пачаў грэць гэтыя кляшчы, а кузню запёр жалезнымі дзвярыма. Жонка змея прыляцела:

— Ці тут Суччы сын?

Кузнец кажа:

— Тут.

— Падай мне яго сюды.

Кузнец кажа:

— Ліжы дзверы.

Яна як лізнула тры разы, пралізала дзверы.

— Ну, давай мне Суччага сына сюды.

— Выстаў,— кажа кузнец,— язык.

Яна выставіла язык, а ён кляшчамі гарачымі яе за язык і давай яго па кавадлу. Яна тады варочалася ва ўсякія звяры, якія ёсць на зямлі, і патом перавярнулась на жанчыну і так стала красіва, што ва ўсім свеце не было. І тады яны з Суччым сынам пажаніліся.

Вось і казцы канец, і я там быў, мёд-піва піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала. Як далі мне барану, я адтуль як смаргану, аж на гэта месца. Вось і казкі канец, а старыны гэтай вянец.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 62-65
Крыніца: скан