epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Сузама

Жыў-быў мужык са сваёю жонкаю. Бедна яны жылі. Але ж неяк кідаліся ад вясны да вясны.

Вот паехаў мужык на сваёй кабылцы ў лес па дровы. Едзе ён па лесе і так задумаўся над сваім цяжкім жыццём, што не заўважыў, як заехаў вельмі далёка, у нейкую пушчу. Злез ён з воза, прывязаў кабылку да дрэва, а сам глядзіць, што зрэзаць. Ідзе і глядзіць па баках. Раптам бачыць вялікую-вялікую скалу. Агледзеў яе мужык з усіх бакоў, з аднаго боку заўважыў дзверы.

Стаіць мужык і думае, як жа дазнацца, хто там жыве. І тут надумаўся вот што: засесці дзе-небудзь і дапілнаваць. Нехта ж пакажацца.

Пайшоў мужык, загнаў кабылку ў гушчар, а сам пайшоў і сеў недалёка каля дзвярэй у нейкім кустарніку. Сядзіць і чакае. А час так доўга цягнецца. Аж у жываце ўжо стала рэзаць, ды і галава закружылася. «Не, усё ж такі дапілную»,— думае сам сабе мужык.

Раптам чуе ён нейкі трэск і гоман, людскія галасы. Сядзіць мужык, аж валасы сталі дубам. А гоман усё нарастае. Тут бедняку не на жарт стала страшна, хоць ты драла давай.

Тут падходзяць да скалы шмат мужчын. Здаровыя такія, з бародамі некаторыя. Адзін з іх, самы здаровы, падышоў да дзвярэй і сказаў:

— Сузама, адчыніся!

Дзверы адчыніліся, і яны сталі ўваходзіць. Сядзіць мужык і лічыць. Аж сорак іх налічыў. Увайшоў апошні з іх, і дзверы самі зачыніліся. А мужык сядзіць і думае: «Пасяджу і пагляджу, што будзе далей».

Доўга яшчэ сядзеў мужык і думаў усё сам сабе: «Што гэта за скала, чаму дзверы самі адчыняюцца? А што гэта за людзі?» Пакуль мужык думаў так, дзверы адчыніліся, і ўсе сорак мужчын выйшлі. Пастаялі трохі і пайшлі ў той самы бок, адкуль і прыйшлі.

Хацеў ужо мужык дадому ехаць, але думае: «Давай зайду і пагляджу, што там знаходзіцца». Падышоў да дзвярэй і сказаў:

— Сузама, адчыніся.

Дзверы адчыніліся, ён і ўвайшоў туды. Аглянуўся, аж там: зіхаціць кругом! Золата, што вокам не акінуць, нейкіх дарагіх рэчаў поўна. Яды ўсякай шмат. Сеў ён наеўся. Затым думае далей: «Набяру я гэтага золата і завязу дахаты». Скінуў ён світку, кашулю, завязаў рукавы, набраў поўна і думае: «Як жа выйсці адсюль?» Тут падышоў і сказаў:

— Сузама, адчыніся.

Дзверы адчыніліся, мужык выйшаў і панёс золата да воза. Злажыў, едзе і мурлыкае нешта сабе пад нос, так узрадаваўся. Гэтак здорава абмануў ён разбойнікаў, столькі золата дастаў.

Дома паказаў мужык гэта золата сваёй жонцы ды кажа:

— Схадзі да суседа і пазыч гарца. Памераем, колькі ў нас яго ёсць.

Пайшла жонка да таго суседа. А суседзі былі вельмі багатыя ды вельмі ж хітрыя былі. Намазала суседка дно гарца мёдам і дала. Мералі яны гэтым гарцам золата, а некалькі залатнікоў і прыляпіліся да дна. Здзівіўся багач, калі беднякі аддалі гарнец. Думае ён: «Дзе гэта яны столькі золата ўзялі, што гарцам мералі? Яны ж ніколі нічога не мелі».

Распытаў багач мужыка, а той усё і расказаў. Ад зайздрасці сусед аж кіпіць. Запрог ён добрага каня, сеў і паехаў. Прыехаў, падышоў да дзвярэй і крыкнуў.

— Сузама, адчыніся!

Дзверы адчыніліся, увайшоў ён і давай награбаць поўныя мяшкі золата. Набраў, выцер лоб ад поту, падышоў да дзвярэй... А тут забыўся, што сказаць, каб дзверы адчыніліся. Тут давай крычаць як мог:

— Дзверы, адчыніцеся! Адапрыцеся, дзверы! Хата, адчыніся! — а потым і клясці яе пачаў усяк. Змогся, сеў і думае, як жа вылезці. Сядзеў, сядзеў, і тут раптам дзверы адчыніліся і ўваліліся туды сорак тых самых разбойнікаў. Убачылі яны тоўстага мужыка на мяшках з золатам і кажуць:

— А, папаўся. Дык гэта ты і тады ў нас золата пакраў.

Стаў багач апраўдвацца:

— Ды гэта не я, не я...

Але яму і прагаварыць не далі. Забілі і выкінулі яго. А той бядняк падзяліўся тым золатам з другімі беднякамі і зажылі яны весела. А прагны багач так і загінуў, не ўдалося яму ўкрасці золата.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 345-347
Крыніца: скан