epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Шывар-маладзец

У каторым-та царстве, ну толькі не ў том, у каторым мы жывём, жыў сабе дзед ды баба. Жылі яны дужа доўга, ну не было ў іх дзяцей. Пад старасць не маглі яны ўжо сваімі трудамі бальшымі зарабіць сабе хлеба; вот дзед і наняўся ў пана за лесніка быць. Ідзець ён раз па лясу каля бальшога балота. Відзіць, паляцела з гэтага балота вутка. Пайшоў ён па балоту і відзіць у кусце дванаццаць вуціных яец. Ён узяў іх і панёс дамоў. Прынёс дамоў гэтыя яйцы і кажаць бабе:

— На табе, баба, гэтыя яйцы, спражы ты мне яешню!

Тая баба стала на яго крычаць:

— Што ты, дурак, гаворыш? У нас няма дзяцей, а ты хочаш, каб я табе спякла яешню. Ідзі прынясі лубку, я буду выседжваць дзяцей!

Дзед пайшоў прынёс лубку, паслаў саломы, паклаў яйцы. Села баба на яйцы і сядзіць. Сядзі, сядзі тая баба — ісседзелася на таўкач, а дзяцей не вывела. Сядзі, сядзі баба — ісседзелася на ложку і вывела адзінаццаць сыноў, а дванаццатага Івана Шывара — добрага малайца. Не растуць яны па гадах, а растуць па чыслах і выраслі бальшыя. Тады гавораць яны бацьку:

— Ідзі, тат, папрасі ў пана дванаццаць дзесяцін ляда!

Пайшоў дзед к пану, стаў прасіць; прасіў, прасіў і выпрасіў ляда. Прыходзіць дамоў і гаворыць:

— Ну, сынкі, пан даў нам дванаццаць дзесяцін лесу. Ідзіце сячыце яго!

— Ідзі ж, татка, у кузню, здзелай нам дванаццаць тапароў па дванаццаць пудоў!

Пайшоў дзед у кузню, здзелаў дванаццаць тапароў па дванаццаць пудоў; хацеў прынесці, ды ніводнага не падняў. Прыходзіць дамоў і кажаць:

— Здзелаў я тапары, ідзіце, бярыце!

Пайшлі сыны, узялі тапары і пачалі сеч лес. Сталі сеч: каторы сячэць, каторы дзярэць, і высеклі за дзень дванаццаць дзесяцін лесу. Прыйшлі дамоў і гавораць:

— Ну, тат, мы ўжо павысеклі ўвесь лес. Ідзі цяпер к пану, папрасі дванаццаць бочак аўса!

Пайшоў дзед к пану, стаў прасіць аўса; прасіў, прасіў — даў пан аўса. Прыйшоў ён дамоў:

— Ну, кажаць,— ідзіце, бярыце авёс, пан даў!

Узялі яны авёс і за [а]дзін дзень засеялі ўсё сваё поле. Тэй авёс як рэсці дык рэсці — стаў ужо паспяваць. На табе: унадзіўся нехта ў гэты авёс, стаў яго біць, ламаць, пустошыць. Сталі сыны тыя пілнаваць аўса. Адзін пілнаваў — не ўпілнаваў, другі пілнаваў — не ўпілнаваў, і так усе. Наканцы, пайшоў пілнаваць Іван Шывар — добры маладзец. Прыйшоў ён у вавёс. А пасярод аўса стаяў бальшы дуб. От ён у гэты дуб наторкаў зялёнага аўса, сеў покала дуба і пілнуець. У самую поўнач прыбягаець у вавёс кабыла, а за ёю прыбеглі дванаццаць жарабцоў — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залаты капыток, сярэбраны капыток. Прыбегла кабыла к дубу і стала рваць з дуба авёс. Тут Іванька Шывар — добры маладзец схваціў яе за грыву і стаў біць. Біў ён яе, біў, убіў па калена ў зямлю і гаворыць:

— Ага, будзеш хадзіць у мой авёс?

— Буду!

Стаў ён зноў яе біць. Біў, біў, убіў па бруха:

— А што, будзеш хадзіць у мой авёс?

— Буду!

Ён яе знова стаў біць. Біў, біў, убіў па вушы.

— А што, будзеш хадзіць у мой авёс?

— Не, не буду!

Ён тады выцяг яе з зямлі, сеў і паехаў. За кабылай пабеглі і ўсе жарабцы. Прыязджаець ён дамоў. А ў іх ды не было хлява. Пайшлі яны к другому хазяіну, знялі ў таго з зямлі новы хлеў і загналі туды коней. А гэтыя коні былі бальшога ведуна-чараўніка. Стаў ён іх шукаць і найшоў у Івана Шывара — добрага малайца. Прасіў ён, прасіў, каб аддалі коней яго, ну Іванька Шывар гаворыць:

— Твае коні зністожылі мне ўвесь авёс. Я табе іх не дам, а бяры сабе кабылу!

Тэй сеў на кабылу і паехаў. Ці многа, ці мала пражыўшы, сталі браты шукаць, каб ім дзе-небудзь ажаніцца. Паехалі яны ў дарогу. Ехалі, ехалі, прыязджаюць на калінавы мост. Іванька Шывар — добры маладзец увідзеў на мосце залатое пяро і хацеў яго ўзяць. А конь яму гаворыць:

— Не руш гэтага пяра, а то будзець дужа бальшая бяда!

Ну, ён не паслухаў і ўзяў. Прыехалі яны к адной бабе, к сястрэ таго чараўніка, а ў яе ды было дванаццаць дачок. Яна як увазнала, што гэтыя коні яе брата, і высватала за іх сваіх дачок. Ноччы паляглі браты спаць з гэтымі дочкамі і заснулі. Яна ж паглядзела і гаворыць:

— Ага, вы ў майго брата адабралі коней, вот я цяпер вам пазнімаю галовы: мой меч, а вам галава з плеч!

А Іванька Шывар ды й пачуў гэтыя словы. Устаў ён ціханька з пасцелі, пайшоў на двор, стаіць там і цяжанька ўздыхаець. А конь яго і пачуў:

— Чаго ты, Іванька Шывар, уздыхаеш!

— Ды як жа не ўздыхаць: казала баба, што яе меч, а нам галава з плеч!

А конь кажаць:

— А што, я табе гаварыў, каб ты не браў пяра! Вот цяпер загубіць вас баба. Ідзі скарэй, скажы братам, каб яны знялі сваю адзежу ды надзелі на дзевак, а іхныя сабе надзелі!

Ён тады пабег скарэй к братам і кажаць:

— Скарэй вы перадзеньце ім свае адзежы, а іхныя сабе надзеньце!

Яны ўзялі перадзеліся і зноў заснулі. Прыходзіць баба і давай сеч сваіх дачок; пасекла, пасекла і пайшла. Браты тады скарэй на коней ды ўцякаць! Назаўтрага ўвідзела баба, што дачок засекла, села ў ступу і пабегла іх даганяць. Чуць-чуць не дагнала Іваньку Шывара — добрага малайца, але ён успеў пераскочыць чэраз калінавы мост. Вывернуўшыся, ён ёй крычыць:

— А што ж, баба, чаму не лавіла мяне?

— А ты, Іванька Шывар — добры маладзец, коней звёў?

— Звёў, бабушка!

— Дочак маіх з'еў?

— З'еў, бабушка!

— Ну, прашчай!

— Не, не прашчай, а шчэ ў госці дажыдай!

А сам і паехаў. Ехалі яны ўмесце, ехалі і заехалі ў чужыя землі, у іншае царства. І нанялісь у таго цара за работнікаў: браты на таку малаціць, а Іванька Шывар сад пілнаваць, і ім было хужы, а яму лепі. Сталі яны яму завідаваць, што яму лепі, а ім хужы, і сталі гаварыць:

— Як бы нам яго ці забіць, ці зарэзаць?

А другія кажуць:

— Ці зарэзаць, ці забіць — грэх, а луччы скажам цару, што ў тэй бабы, дзе мы жаніліся, ёсць самапітны жбан: што болі п’еш, то болі хочацца. Дык цар яго пашлець туды, а там яна яго заб'ець!

Прыйшоў цар на ток, яны і гавораць:

— Вот што, цар: дзе мы жаніліся, ёсць самапітны жбан. Дык Іванька Шывар вам яго даставіць.

Прызваў цар Іваньку і гаворыць:

— Што ты, Іванька Шывар — добры маладзец, шчыра мне служыш?

— Шчыра!

— Да яшчэ не саўсім! Вот мне гаварылі твае браты, што ў тэй бабы, дзе вы жаніліся, ёсць самапітны жбан. Каб ты мне яго дастаў! А не даставіш, дык мой меч, а табе галава з плеч!

Выйшаў Іванька Шывар на двор і цяжанька ўздыхнуў. А конь пачуў, што ён так цяжка ўздыхаець, і гаворыць:

— Што ты, Іванька Шывар, так цяжка ўздыхаеш?

— Як жа мне не ўздыхаць? Цар казаў, што ў тэй бабы, дзе мы жаніліся, ёсць самапітны жбан. Дык каб я яго даставіў, а калі не дастаўлю, дык яго меч, а мне галава з плеч!

— А што, Іванька, я табе казаў, каб ты не браў пяро, а ты не паслухаў мяне, узяў. Вот табе цяпер! Ну, да гэта бяда невялікая, я табе ў ёй памагу, а будзець бяда большая! Ідзі ты скажы цару, каб даў нам тры дні паесць, папіць і пагуляць і каб даў дванаццаць валоў па дванаццаць пудоў, а то ў тые бабы ёсць шэсць катоў, што з’ядаюць даразу чалавека.

Ну, паелі яны тры дні, папілі, пагулялі ды ўзялі дванаццаць валоў па дванаццаць пудоў і паехалі к тэй бабе. Прыехалі яны к калінаваму масту, конь і гаворыць:

— Вот у бабы цяпер з коміну іскры сыплюцца, а як станець дым ісці тады ты мяне гукні — я пайду пахаджу троху!

Сеў ён на камень і глядзіць. Глядзеў, глядзеў — усё ўперад іскры сыпаліся, а во сычас стаў і дым ісці! Ён свіснуў, конь прыбег і гаворыць:

— Садзісь жа скарэй, бяры валоў і паедзем!

Узяў ён валоў, сеў на каня, і паехалі. Прыехалі яны туды, сталі ў сянёх — баба спіць. Ён тады пайшоў скарэй па самапітны жбан. Толькі ўвайшоў, а каты к яму. Ён скарэй узяў шэсць валоў ды ў запечку ім торкнуў. Сталі яны есць, а ён ухапіў самапітны жбан ды ўцякаць. А каты з’елі тых валоў ды за ім; а ён яшчэ ўторкнуў ім па валу, а сам і паехаў. Прашнулася баба. бачыць — няма самапітнага жбана! Села на іступу, таўкачом паганяець, памялом услед замятаець — едзець у дагоню. Даганяець Іваньку, вот-вот ухваціць Іванькавага каня за хвост, але-тку ён пераскочыў чэраз калінавы мост. Пераехаўшы чэраз мост, вывернуўся ён к бабе, а баба кажаць:

— А што, Іванька Шывар, конеў звёў?

— Звёў, бабушка!

— Дочак маіх з’еў?

— З’еў, бабушка!

— Самапітны жбан звёз?

— Звёз, бабушка!

— Ну, прашчай!

— Не, не прашчай, а шчэ ў госці дажыдай!

І паехаў. Прыехаў к цару, аддаў самапітны жбан. То было яму харашо, а то яшчэ палепшала. А братам як было, так і было. Тады яны сабе думаюць:

— Як бы нам яго страбіць: ці зарэзаць, ці забіць?

А другія гавораць:

— Ці зарэзаць, ці забіць, — грэх, а луччы скажам цару, што ў тэй бабы ёсць самадуды. Вот цар яго пашлець, дык, можа, яна яго цяпер заб'ець.

Прыйшоў цар на ток, яны і гавораць:

— Вот што, цар: у тэй бабы, дзе мы жаніліся, ёсць самадуды: што болі йграеш, то болі хочацца. Вы пашліце Іваньку Шывара, ён вам іх даставіць!

Прыйшоў цар дамоў і гаворыць:

— Што, Іванька Шывар — добры маладзец, шчыра ты мне служыш?

— Шчыра і верна, ваша царскае вялічаства!

— Ну, не саўсім яшчэ. Вот у тэй бабы, дзе вы жаніліся, ёсць самадуды. Дык ты мне іх дастаў, а калі не даставіш, то мой меч, табе галава з плеч!

Выйшаў Іванька Шывар — добры маладзец на двор, так цяжанька ўздыхаець А конь яго пачуў і спрашыець:

— Чаго, Іванька Шывар, так цяжка ўздыхаеш?

— Як жа мне не ўздыхаць, калі сказалі браты, што ў тае бабы, дзе мы жаніліся, ёсць самадуды, і цар сказаў мне даставіць, а калі не дастаўлю, то яго меч, а мне галава з плеч.

— А што, Іванька, я казаў — не руш пяра! А ты не паслухаў — вот табе і бяда. Але я ў гэтай бядзе табе памагу, а будзець табе яшчэ большая бяда! Ідзі скажы пану, хай дасць нам тры дні папіць, паесць, пагуляць і хай дасць нам тры гарошыны па тры пуды, а то ў бабы ёсць тры мухіны, што адразу чалавека з’ядаюць!

Даў ім цар тры дні папіць, паесць, пагуляць і даў тры гарошыны па тры пуды. Пагулялі яны і паехалі. Ехалі, ехалі, прыязджаюць к калінаваму масту. Конь гаворыць:

— Я ж пайду, пахаджу трошку, а ты сядзь на камень і глядзі, бо цяпер з коміна сыплюцца іскры, а як станець дым ісці, то ты свісні, я й прыбягу!

Сеў ён на камень, глядзеў, глядзеў, усё іскры сыплюцца. Ажно во пайшоў і дым. Ён свіснуў, конь прыбег і кажаць:

— Садзісь скарэй ды паедзем!

Сеў ён на каня і паехалі. Прыязджаюць туды, баба ляжыць на койцы, каля яе самадуды, а на іх мухі сядзяць. Конь кажаць на Іваньку Шывара — добрага малайца:

— Кідай ты адну гарошыну мухінам!

Ён кінуў, мухіны сталі есць гарошыну, а самадуды і зайгралі. Баба кажаць:

— Цішыце вы, мне й так тошна!

Кінуў Іванька другую гарошыну, мухіны сталі яе есць, а баба знову гаворыць:

— Цішыце вы, мне й так тошна!

Кінуў Іванька паследнюю гарошыну, мухіны зноў кінуліся есць яе, а самадуды зайгралі. Тады баба ўзяла ды іх пацёрла, яны перасталі йграць, баба й заснула. Іванька Шывар — добры маладзец схваціў самадуды і паехаў. Прашнулася баба, убачыла, што няма самадудаў, села на ступу, таўкачом паганяець, памялом услед замятаець і пабегла ўдагон. Чуць не ўхваціла яна Іваньку Шывара, але ён ужо пераехаў чэраз калінавы мост. Вывернуўся ён к бабе, баба і крычыць:

— Што, Іванька Шывар — добры маладзец, коней звёў?

— Звёў, бабушка!

— Дочак маіх з’еў?

— З’еў, бабушка!

— Самапітны жбан звёз?

— Звёз, бабушка!

— Самадуды ўзяў?

— Узяў, бабушка!

— Ну, прашчай, Іванька Шывар — добры маладзец!

— Прашчай, бабушка!

Паехаў ён к цару, аддаў самадуды. То было яму харашо, а то шчэ палепшала. Тады браты гавораць самі з сабой:

— Во, як яму ўсё ўдаецца! Як бы нам яго страбіць: ці зарэзаць, ці забіць?

А другія кажуць:

— Не, зарэзаць ці забіць — грэх, а луччы скажам пану, што як мы ехалі, дык відзелі — плаваець у чавеньчыку Дзеўка-Красаўка. Дык ён яго пашлець за ёй, ён не даставіць і сам згінець!

{сэм згінець!

}Прыйшоў цар на ток, яны і гавораць:

— Вот што, ваша царскае вялічаства: як мы ехалі, дык відзелі: плаваець у чавеньчыку Дзеўка-Красаўка, ды такая прыгожая, што і сказаць няможна. Пашліце Іваньку Шывара, ён вам яе даставіць.

Прыйшоў цар дамоў. Прыйшоў дамоў і гаворыць:

— Што ты, Іванька Шывар — добры маладзец, шчыра і верна мне служыш?

— Шчыра і верна, ваша царскае вялічаства!

— Да яшчэ не саўсім. Вот што браты твае гаварылі: як вы ехалі, дык відзелі, што ў чавеньчыку Дзеўка-Красаўка плаваець. Дык каб ты мне яе даставіў. А калі не даставіш, то мой меч, табе галава з плеч!

Выйшаў Іванька Шывар на двор і цяжанька ўздыхнуў. Конь блізка быў, пачуў, што ён так цяжка ўздыхаець, і гаворыць:

— Што ты, Іванька Шывар, так цяжка ўздыхаеш?

— Як жа мне не ўздыхаць? Сказаў цар, каб я даставіў яму Дзеўку-Красаўку, а калі не дастаўлю, дык яго меч, мне галава з плеч!

— А што, Іванька! Я табе казаў, каб ты не браў залатога пяра, а ты не паслухаў — вот табе і бяда. Ну, ды гэта шчэ не бяда, а будзець табе яшчэ большая бяда. Хай нам дасць цар тры дні папіць, паесць, пагуляць і хай дасць нам тавараў усякіх крамных і бочку з дванаццаццю зялезнымі вабручамі і дванаццаць валоўіх шкур і разных напіткаў, наедкаў.

Пайшлі яны, пагулялі, узялі бочку, і шкуры, і тавары, і напіткі разныя і паехалі. Ехалі-ехалі, ехалі-ехалі, прыязджаюць к мору. Тады Іванька Шывар — добры маладзец узяў развесіў тавары на дубах ля берагу ды паставіў напіткі, наедкі, а сам схаваўся. Дзеўка-Красаўка ўвідзела тавары, пад’ехала бліжы к берагу, паглядзела, паглядзела і паехала. Ездзіла, ездзіла, узнова прыехала к гэтым дубам. Выйшла на бераг, разгледжваець тавары. І ўвідзела разныя напіткі і наедкі. Стала яна піць-есць, упілася і заснула. Тады конь гаворыць:

— Бяры яе, садзі ў бочку і абвівай валоўімі шкурамі!

Ён узяў уклаў яе ў бочку, увярцеў у дванаццаць шкур і павёз. На дарозе бачыць ён — бяжыць парсюк, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка і кажаць:

— Іванька Шывар — добры маладзец, не кажы, што я пабег гэтай дарогай, а скажы, што другой!

Паехалі яны дальшы, бяжыць пастух.

— Іванька Шывар — добры маладзец, скажы, куды пабег парсюк?

Іванька Шывар не паказаў яму тую дарогу, па якой пабег парсюк, ды паказаў другую. Пастух і пабег. Паехалі яны ўзнова. Ехалі, ехалі, стала яна прашынацца. Як павярнулася — шэсць зялезных вабручоў пераламіліся і шэсць валоўіх шкур перарваліся. І апяць заснула. Прыехалі яны ў двор: як павярнулася — шэсць зялезных вабручоў пераламіліся і шэсць валоў іх шкур перарваліся, і яна выйшла з бочкі. Цар і павёў яе ў пакой.

Іваньку Шывару то было харашо, а то шчэ палепшала. Цар хацеў на той Дзеўцы-Красаўцы жаніцца, а яна кажаць:

— Калі даставіш мне з мора залатую скрынку маю і сярэбраны ключык, дык пайду за цябе, а не даставіш, дык не пайду!

Пазваў цар Іваньку:

— Ну што, Іванька Шывар, шчыра і верна мне служыш?

— Шчыра і верна, наша царскае вялічаства!

— Ну, ды шчэ не саўсім: дастаў ты мне з мора залатую скрынку Дзеўкі-Красаўкі і сярэбраны ключык. А калі не дастанеш, дык мой меч, табе галава з плеч!

Выйшаў Іванька на двор і цяжанька ўздыхнуў. Конь недалёка быў, пачуў, што ён так цяжка ўздыхаець, і гаворыць:

— Чаго ты, Іванька, Шывар — добры маладзец, так цяжка ўздыхаеш?

А ён кажаць:

— Як жа мне не ўздыхаць, калі сказаў цар, каб я даставіў з мора залатую скрынку Дзеўкі-Красаўкі і сярэбраны ключык, а калі не дастаўлю, то яго меч — мне галава з плеч.

— А што? Ці табе не казаў, каб ты не браў залатога пяра. А ты не паслухаў, узяў — вот табе і бяда. Гэта бяда дык бяда, і я скажу, што бяда. Ну, ды йдзі, скажы, хай дасць нам тры дні папіць, паесць, павесяліцца!

Ну, папілі яны тры дні, паелі, пагулялі, павесялілісь і паехалі. Ехалі, ехалі, прыехалі яны к таму мору. Конь і гаворыць:

— Ну, я пайду трошку пахаджу, а ты ляж і ляжы. І будзець тут ісці цэлае стада ракаў, дык ты не бяры ніводнага рака, а толькі ззаду будзець ісці крывы маленькі рачык, дык ты яго і ўлаві. Стануць тады ракі прасіць цябе, каб ты пусціў яго, а ты не пускай, скажы, каб прыняслі табе тыя вешчы!

Вот Іванька Шывар лёг і глядзіць. Глядзеў, глядзеў — паўзуць ракі, цэлае мора! І ён не браў ніводнага, а ўвідзеў, што назадзе паўзець крывы маленькі рачык, ён яго і ўлавіў. Сталі тады тыя ракі прасіць яго, каб ён аддаў ім рачыка:

— Аддай,— кажуць,— нам гэтага рачыка, гэта наш брат меншы!

Ён гаворыць:

— Не, не [а]ддам: дастаньце мне з мора залатую скрыначку і сярэбраны ключык Дзеўкі-Красаўкі!

Паплылі яны іскаць тых вяшчэй. Іскалі, іскалі — не найшлі. Ажно бяжыць парсюк — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка і гаворыць:

— Што табе, Іван Шывар — добры маладзец, трэба тут?

— Ды трэба мне дастаць у моры залатую скрыначку і сярэбраны ключык Дзеўкі-Красаўкі. Ды вот ракі йскалі, не найшлі!

Як сказаў ён так, гэты парсюк боўць у мора і паплыў. Паплыў і паплыў, і ракі за ім — і цягнуць залатую скрыначку і сярэбраны ключык. Узяў Іванька гэтыя вешчы, аддаў ім крывога рака, падзякаваў і паехаў.

Прыехаў к цару, аддаў вешчы. Ну, гэта Дзеўка-Красаўка не любіць цара, ды любіць Івана Шывара — добрага малайца. Вот тады ўжо і цар стаў шукаць злучая, каб як-небудзь яго страбіць. Прыказаў ён сваім слугам падаіць дванаццаць кабыл і вялеў гэта малако спарыць, ускіпяціць. Тыя ўскіпяцілі малако; прызваў цар Івана і гаворыць:

— Я хачу цябе пакупаць у кабыліным малацэ!

Выйшаў Іванька Шывар на двор і цяжанька ўздыхнуў. Конь блізка быў, пачуў, што ён так цяжка ўздыхаець, і гаворыць:

— Што, Іванька Шывар — добры маладзец, так цяжка ўздыхаеш?

— Як жа мне не ўздыхаць? Сказаў цар, што хочаць мяне ў кабыліным малацэ пакупаць. А яно такое жаркае, што няможна падысці к яму!

— Глядзі ж, Іванька Шывар, як скажуць табе лезць у кацёл, дык ты, напрамілуй бог, прасі: прывядзіце мне майго каня, хай жа ён паплачаць па мне.

Вот пайшлі яны к катлу. Іванька стаў прасіць цара, каб прывялі яму каня:

— Хай жа ён паплачаць па мне!

Тады цар гаворыць:

— Ну, ідзіце, прывядзіце яго каня!

Прывялі слугі каня; ён падышоў к катлу і ўпусціў тры слязіны лёду па тры пуды. Іванька ўскокнуў у кацёл, пакупаўся там і вылез. І то быў красіў, а то шчэ пакрасівеў. Бачыць цар, што Іван Шывар — добры маладзец папрыгажэў у малацэ, захацеў ён і сам пакупацца і гаворыць слугам:

— Падойце вы зноў дванаццаць кабыл і нагрэйце малако, як тады награвалі.

Слугі падаілі дванаццаць кабыл і спарылі малако. Прыйшоў цар к катлу, а к яму і падысці нельзя ад жару.

— Ну,— каець,— прывядзіце ж і мне із стайні самага лепшага каня, хай ён па мне паплачаць!

Тыя слугі пайшлі, прывялі каня, а конь не йдзець к катлу, бо дужа жарка, а толькі скачаць каля катла. Цар ждаў, ждаў ды і ўскочыў у кацёл і спарыўся там...

А Дзеўка-Красаўка з Іванам Шываром — добрым малайцом ажанілася і цяпер жывуць. І здзелалі пір на ўвесь мір. І я там быў, мёд-віно піў, па вусам цякло, а ў рот не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 432-442
Крыніца: скан