epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Таратурка

Як жыў цар Васіль, і век у яго дзяцей не было. Занімаўся ён ахвотай-рыбалоўляй, імеў ён дванаццаць рыбакоў. І вывязалі яны невад шаўковы, работалі тры годы. Паехалі яны на мора рыбу лавіць. Пралавілі трое сутак, улавілі тры рыбінкі, тры вокуні. Прыносяць к цару Васілю гэты тры рыбінкі, тры вокуні. Тады думшыя1, райшыя і гадшыя савет празняслі: іскушаць гэты тры рыбінкі, тры вокуні царыцы, і родзіць яна сына — сільнага магучага багатыра. Тады царыца ўзяла гэты тры рыбінкі, тры вокуні, дала ізгатаваць кухарке. Кухарка абмыла, шалуху і вантробы бросіла на зямлю, а сука, падбегшы, паела шалуху і вантробы. І забярэменела. Кухарка, абгатаваўшы, нейдзе з сярэдзіны кусочак адарвала і сама ціхенька паспытала, штобы царыца не ўвазнала, і забярэменела. Тады падалі гэтыя тры рыбінкі, тры вокуні царыцы. І царыца гэты тры рыбінкі, тры вокуні іскушала. І забярэменела царыца. Пранасілі яны ўсе тры годы. Тады перва сука радзіла: увесь чалавек, толькі вуха сабачае. І далажылі цару, што сука радзіла мальчыка. Вялеў гасудар яго прыняць ад сукі і перахрысціць. Нараклі яму ймё Таратурак Сабачы сын. Тады радзіла старуха-кухарка, тож мальчыка. І гэтаму ймё нараклі Іван Кухаркін сын. Тады радзіла царыца мальчыка, і яму нараклі ймё Васілій Васільевіч Царскі сын.

Тады яны січас пасядзелі дзве нядзелі і сталі хадзіць, і пабяжалі на волю іграць. Таратурак Сабачы сын сільней усіх. Каторага ірванець алі скубанець — яны плачуць, к цару Васілію ідуць на жалабу. І ўсе тры завуць айцом:

— Абідзеў, — гавораць,— нас Таратурак Сабачы сын!

Ну, гасудар ім і гаворыць:

— Вы з ім не йграйце, калі ён вас абіжаець; ну, цялеснага наказання яму не давайце!

Ну, споўнілась ім па месяцу ад раждзення, і савет яны друг со другам празносяць:

— Пойдзем к айцу свайму, штобы ён вялеў кузняцам скаваць нам цацкі-паліцы-булавіцы, маладзецкія забавіцы, штобы ён нам пакаваў і золатам паблітаваў!

Яны пайшлі к цару савет празнесці. У іх спрашываець цар:

— Што жа вам нада, дзеці мае вазлюбле**нныя?

Таратурак Сабачы сын за іх смялей, байчэй, цару атвячаець:

— Цяцінька наймілейшы, цяцінька найлюбейшы! Нам нада,— гаворыць айцу Васілію,— паліцы-булавіцы, маладзецкія забавіцы!

— А па сколькі вам нужна фунцікаў?

— Не, цяцінька, вы не спрашывайце фунцікі, а спрашывайце пудзікі!

— Ну, многа лі ж вам нада пудзікаў?

— А мне,— гаворыць,— цяцінька, нада дванаццаць пудзікаў!

— Ну табе, Іван Кухаркін сын, сколькі нужна?

— Мне восем,— гаворыць,— пудзікаў.

— Ну табе, Васілій Васільевіч, многа лі нужна?

— А мне, цяцінька, шэсць пудзікаў нужна!

Ну, у цара, праўду баюць, ні піва варыць, ні віно курыць, жалеза не пакупаць і па кузніцах не хлапатаць. Вялеў гасудар пакаваць ім паліцы-булавіцы і золатам паблітаваць і ім на рукі падаць. Яны ўзялі гэты паліцы-булавіцы і пабяжалі ў чыстае поле, у зялёную дуброву пагуляць. Тады Таратурак Сабачы сын размахнуў-размахнуў і бросіў гэту паліцу-булавіцу ўверх і ўскінуў з віду вон. Тады ляціць яна зверху, ён узяў падставіў лоб, і ўдарылась паліца-булавіца аб ягоны лоб і рассыпалась па макаваму зярну —усе дванаццаць пудзікаў. Тады, на яго глядзя, бросіў і Кухаркін сын з віду вон сваю паліцу-булавіцу. Гэты падставіў калена, і ў яго тожа разляцелась паліца-булавіца на многа-многа часцей, толькі крупней. Тады бросіў і Васілій Васільевіч: забросіў сваю паліцу-булавіцу з віду вон. І падстанавіў калена, і яна рассыпалась на многа доляў. Узялі яны гэты кускі і паняслі к цару, зачым цар зделаў малыя паліцы-булавіцы.

— Дзеці мае! Многа ж вам нада прыбаўкі?

Таратурак Сабачы сын [а]пяць жа атвячаець упрэд сваіх братоў:

— Мне,— гаворыць,— нада дваццаць чатыры пуда!

Кухаркін сын гаворыць:

— Мне дванаццаць пудоў нужна!

— А мне,— гаворыць Васілій Васільевіч Царскі сын, нада дзесяць пудзікаў, і будзець з мяне досіць!

[А]пяць жа пакавалі паліцы-булавіцы: Таратуркі дваццаць чатыры пуда, Кухаркінаму сыну — дванаццаць пудоў, а Васілію Васільевічу дзесяць пудоў; золатам паблітавалі і ім на рукі падавалі. Яны [а]пяць жа ўзялі паліцы-булавіцы і пабяжалі ў чыстае поле, у зялёную дуброву пагуляць. Тады Таратурак Сабачы сын [а]пяць жа размахнуў і забросіў паліцу з віду вон; ляціць яна ўзад, ён падставіў калена, паліца-булавіца толькі ўвагнулась, а не разляцелась. Вось яны тады як пабяжалі і ўсё брасаюць паліцы ўверх і бягуць усё дальшы і дальшы ў чыстае поле, у зялёную дуброву. І збеглі яны на трэцяе царства, на чацвёртае гасударства. Убягаюць у зямлю Юды-анціюды Беззаконнай галавы, у царства яго.

Убеглі яны ў горад. Ёсць і піцяннё і едзяннё, ну народу нетуці. Яны дзень з вутра да вечара пілі-гулялі, у карты ігралі, на сабе нічаго не спадзявалісь. Быў дзень, даець бог ноч. Таратурак Сабачы сын давай жэраб'я мятаць, каму быць большым братам і к калінаваму мосту, к агнянай рацэ на каравул іці. Упаў жэраб самым малодшым братам быць Кухарскаму Івану, і на первую ноч на каравул іці к калінаваму масту к [а]гнянай рацэ. На другую ноч Васілю Васільевічу сярэднім братам быць і на каравул іці к агнянай рацэ, на трэцюю ноч Таратурку Сабачаму сыну на каравул іці і быць старшым братам.

Увечары Іван Кухаркін сын пайшоў на каравул к калінаваму мосту, к [а]гнянай рацэ, стаў нямножка каля мосту пастаяў, каля агнянай ракі. І хто-та тамка тропнуў алі лопнуў пад мастом. Ну, Кухаркін сын гэтага дзела спугаўся і адтулька ўцёк і ў яслі ў стадоле ў сена зарыўся і праспаў усю ноч. А ён жа, Таратурак Сабачы сын, узяў паліцу-булавіцу і пайшоў к калінаваму масту, к [а]гнянай рацэ, пабачыць, ці ёсць гэта Іван Кухаркін сын на каравуле. Прыйшоў жа ён к масту і не найшоў малодшага брата Івана Кухаркінага сына. І стаў ён каля маста, каля [а]гнянай ракі.

Вось ён Таратурак Сабачы сын слышыць: едзець Юда-анціюда Беззаконная галава ў втарым часу ўночы, на водных плячах дзевяць галоў. Січас коні яго зарзалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі. Ён на іх крыкнуў громкім голасам і свіснуў маладзецкім посвістам з усіх дзевяці вустоў:

— Воўчае мяса, чаго вы ржэце? Пессе мяса, чаго вы брэшаце? Арлінае пер’е, чаго вы свішчаце? Проціў мяне ў белым свеце нетуці супраціўніка. Толькі ёсць у трэцім царстве, у чацвёртым гасударстве Таратурак Сабачы сын; ну ён млод, яму нет трох год, не то што трох год — і трох месяцоў нет, яго сюды воран косці не занясець!

Ну, Таратурак із падмосця выскачыў і з паліцай-булавіцай, маладзецкай забавіцай:

— Не воран, — гаворыць, — косці заносіць, а сам добры маладзец заходзіць.

— А, ты, — гаворыць, — ёсць?

— Ёсць.

— На абед к заўтраму паспееш.

— Не,— гаворыць,— падавішся.

— Выразай,— гаворыць,— Таратурак Сабачы сын, ток, выраўняй горы і рвы, штобы было роўна на пяцьдзесят вёрст, а я буду пазалачываць!

Таратурак Сабачы сын як фукнуў — на шэсцьдзесят пяць вёрст выразаў ток.

— Ну, Юда-анціюда Беззаконная галава, пазалачывай ток на шэсцьдзесят пяць вёрст!

Юда-анціюда як фукнуў — вызалаціў ток на шэсцьдзесят вёрст, а на пяць вёрст сілы ў яго не хваціла, з усіх дзевяці вустоў. Тады гаворыць Таратурак:

— Ну, што нам так спірацца? Урэмя,— гаворыць,— нам з табой ужо драцца!

Вот яны біся-дзярыся, біся-дзярыся, і Таратурак Сабачы сын зняў Юды-анціюды дзевяць галоў сваёй паліцай-булавіцай і збіў каней, хартоў і сакалоў, і ў агняную раку пасадзіў. Тады Юды-анціюды галовы па[а]трубіў, ад тулава пасарваў, камень узвараціў і пад камень палажыў. Тады апяць пайшоў у комнату і лёг на сваё места. Зара занімаецца, Кухаркін сын абчынаецца ў стадоле, у яслях, у сене і ідзець к старшаму брату, як бы ўродзе з каравула. Ну, Таратурак і спрашываець у яго:

— Ну, што,— гаворыць,— Іван младшы брат, ці быў ты на каравуле каля калінавага моста, каля [а]гнянай ракі?

— Быў, брацец.

— Ці не відаў ты каго, ці не слыхаў чаго? Можа, пяшой прайшоў, алі на кані хто праехаў?

— Не, брат, ні відом не відаў, ні слыхом не слыхаў, і пціца і тая не праляцела.

— Вот гэта харашо, ды не дужа, а худа, ды не зусім!

Ну, яны гэты жа самы дзень пілі, гулялі, у карты гралі, на сябе нічаго не спадзявалісь. Быў дзень, даець жа [а]пяць бог ноч. Таратурак Сабачы сын пасылаець сярэдняга брата, Васілія Васільевіча Царскага сына к калінаваму мосту, к [а]гнянай рацэ на каравул. Пайшоў Васілій Васільевіч к калінаваму мосту, к агнянай рацэ і стаў пад мастом. І хто-та там тропнуў алі лопнуў, ну, Васілій Васільевіч ахці спугаўся і ўцёк адтуль у стадоль.

— Што, — гаворыць,— мне, Царскаму сыну, прыйшлося стаяць на каравуле каля калінавага моста, каля [а]гнянай ракі?

Тады ён пайшоў у тоя стадоля і ў тыя яслі і лёг у сене спаць. Ну, Таратурак Сабачы сын [а]пяць жа захацеў узнаць, ці ёсць гэта сярэдні брат на каравуле каля калінавага моста, каля [а]гнянай ракі. Узяў паліцу-булавіцу і пайшоў туды. І нетуці сярэдняга брата на каравуле. Ну, ён і стаў пад мастом. Прастаяў ён да трэцяга часу ў ночы і слышыць — едзець другі Юда-анціюда Беззаконная галава, на [а]дных плячах дванаццаць галоў. Січас яго коні зарзалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі. Ён на іх крыкнуў громкім голасам, свіснуў маладзецкім посвістам з усіх дванаццаці вустоў:

— Воўча мяса, чаго ржэце, пессе мяса, чаго вы брэшаце, арлінае пер'е, чаго вы свішчаце? Проціў мяне ў белым свеце нетуці супраціўніка! Толькі ёсць у трэцім царстве, у чацвёртым гасударстве Таратурак Сабачы сын; ну ён млод, яму нет трох год, не толькі трох год — трох месяцоў нет, яго воран косці сюда не занясець, не то што ён сам зайдзець.

Ну, Таратурак із падмосця выскачыў з паліцай-булавіцай і гаворыць:

— Не воран косці заносіць, а сам добры маладзец заходзіць.

— Ці ты,— гаворыць,— ёсць?

— Ёсць.

— На абед к заўтраму паспееш!

— Не, падавішся.

— Выразай, Таратурак Сабачы сын, ток на семдзесят пяць вёрст, а я буду пазалачываць.

Вот Таратурак як фукнуў, выразаў ток на сто дваццаць пяць вёрст!

— Ну, Юда-анціюда Беззаконная галава, вызалачывай ток на сто дваццаць пяць вёрст.

Юда-анціюда як фукнуў, вызалаціў ток на сто вёрст, а на дваццаць пяць вёрст сілы ў яго не хваціла.

— Што,— гаворыць Таратурак,— мы будзем з табой спірацца, урэмя нам драцца!

Тады яны біся-дзярыся, біся-дзярыся, і збіў Таратурак Сабачы сын Юды-анціюды ўсе дванаццаць галоў і ўзвярнуў камень, палажыў іх пад камень; тады пабіў ягоных каней, хартоў і сакалоў і бросіў усіх у агняную раку, а сам пайшоў дамоў і лёг спаць на сваём месце. Зара занімаецца, сярэдні брат абчынаецца ў стадоле, у яслях на сене і ідзець к старшаму брату як бы ўродзе з каравула. Таратурак у яго спрашываець:

— Ці быў ты, брат, на каравуле?

— Быў,— баіць ён.

— Ці не відзеў ты каго? Ці не слышаў чаго? Можа, пешы прайшоў алі конны праехаў?

— Не, брат, ні слыхом не слыхаў, ні відом не відаў.

— Ну, гэта харашо, ды не дужа, худа, ды не зусім!

Яны гэты жа самы дзень пілі, гулялі, у карты ігралі, на сябе нічаго не спадзявалісь. Быў дзень, даець бог ноч. Прыходзіцца іці на гэту ноч самому Таратурку Сабачаму сыну. Тады ён увечары стаўляець на вакне стакан водкі і стакан вады і свечку васковую ставіць на стале, і свечку сальную тожа ставіць на стале, а ім кладзець дванаццаць калод карт і іх просіць і прыказываець:

— Сматрыце, братцы, піце-гуляйце, прахлаждайцесь, на сябе нічаго не спадзявайцесь, ну спаць не ўкладайцесь, на гэты вешчы пасматрывайце, што я на стале паснавіў! Вам я аб'ясню яственнай праўдай: калі пайдзець із гарэлкі кроў, тады мы толькі будзем мець свіданне з Юдай-анціюдай Беззаконнай галавой; калі з сальнай свечкі пайдзець кроў, тады пайдзем з ім драцца; калі пайдзець кроў з вады, тады ён станець мяне асіліваць; калі пайдзець кроў з васковай свечкі, тады ён мяне ўб'ець! І да тых вы пор не бяжыце, пакуль кроў з вады не ўвідзіце; ну, калі ўвідзіце кроў з вады, тады бяжыце з паліцай-булавіцай к [а]гнянай рацэ, к калінаваму масту, бяжыце на вадбарону мяне, на сахраненне душы маёй!

І сам пайшоў. Прабыў жа ён урэмя каля сем часоў каля калінавага маста, каля [а]гнянай ракі, ажыдаўшы Юду-анціюду Беззаконную галаву. А яго ўсё нетуці. Яны толькі здзеся гралі чатыры гадзіны і ўлягліся спаць крэпкім багатырскім сном без жаднай апаскі. І слышыць Таратурак Суччы сын, што едзець Юда-анціюда Беззаконная галава, зямля стонець, лес вянець, з дуба лісця валюцца — вужась шыбка ездзець — на [а]дных плячах пятнаццаць галоў, самы на**бальшы брат, і дзве галавы па бальшушчаму піўному катлу. Коні зарзалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі; ён на іх крыкнуў:

— Воўча мяса, чаго вы ржэце, песся мяса, чаго вы брэшаце, арліныя пер’я, чаго вы свішчаце? На ўсім белым свеце проціў мяне нетуці супраціўніка, толькі ёсць равен мне ў трэцім царстве, у чацвёртым гасударстве Таратурак Сабачы сын; но ён млод, яму нетуці трох год, дажа і трох месяцоў; яго воран касцей сюды не занясець!

Таратурак Суччы сын із падмосця выбег і баіць:

— Не воран косці заносіць, а добры маладзец сам заходзіць. Здарова, Юда-анціюда Беззаконная галава! Я ўчара з тваім[і] браццям[і] вітаўся, а сянні з табою павітаюсь!

— Ці ты тутка ёсць?

— Ёсць,— баіць Таратурак.

— На абед мне паспееш!

— Не, падавішся.

— Выразай, — гаворыць Юда-анціюда, — ток на дзвесце пяцьдзесят вёрст.

Таратурак Сабачы сын як фукнуў, выразаў ток на дзвесце дваццаць пяць вёрст.

— Ага,— гаворыць,— мал, Таратурак, ток.

— Будзець з нас, не дзеці ў нас, а дзеці будуць, самі дабудуць.

Тады Юда-анціюда пазалаціў ток на дзвесце семдзесят пяць вёрст — на пяцьдзесят большы Таратуркі. Вось яны тады ўзяліся біцца: біся-дзярыся, біся-дзярыся, Таратурак адрубіў яму пяць галоў з плеч, а Юда-анціюда ўбіў Таратурку ў зямлю па калена.

— Ну што,— гаворыць Таратурак,— Юда-анціюда! Цары-каралі дзяруцца і аддышку маюць, будзем і мы аддыхаць.

— Ну, колькі ні аддыхай, а на абед паспееш!

— Ну, паспею, а будзем аддыхаць.

Тады ён вылез з зямлі, узяў з левай нагі сапог здзеў і як фукнець у гэты дом, дзе яго браты Іван і Васілій; увесь дом звараціў да паталка, на паталок сапог узляцеў — браты не сачнулісь.

— Ну,— гаворыць Юда-анціюда,— досыць нам аддыхаць, будзем драцца! Хоць з адной галавой астануся, а ўсё з’ем!

Тады яны [а]пяць жа ўзялісь біцца: біся-дзярыся, біся-дзярыся, яшчэ збіў Таратурак Юдзе-анціюдзе тры галавы, а ён убіў Таратурку ў зямлю па самы пояс.

— Цары-каралі дзяруцца і аддышку меюць, будзем аддыхаць! — просіць Таратурак Сабачы сын.

— Колькі ні аддыхай, а на абед паспееш.

— Паспею, а будзем аддыхаць!

Вылез тады Таратурак із зямлі, здзеў апаследні сапог і бросіў у братоў, зняў па самыя вокны хату, і сапог уляцеў у вакно і папаў у затылак Івану Кухаркінаму сыну; ну, століка не захваціў. Тады яны ўскачылі і смотраць на гэты столік, як прыметы пакажуць: ці жыў старшы брат, ай не? Пасматраць з усіх чатырох вяшчэй кроў ідзець і на стол канула, ну са століка не канула.

— Ну, адначы,— баюць,— во што, брат: жыў не жыў большы брат, а пабяжым як можна паскарэй к калінаваму масту, к [а]гнянай рацэ.

Патом аглянулісь, і яго жа обуў тут, і гавораць:

— Верна, не жыў наш брат, калі яго сапагі тутка!

Ну, схвацілі яны свае паліцы-булавіцы, маладзецкія забавіцы, і пусцілісь бегць к агнянай рацэ.

— Ну, Юда-анціюда Беззаконная галава,— гаворыць Таратурак,— урэмя нам драцца!

— Ды й пара! Колькі ні аддыхай, а ўсё я цябе з'ем!

Ну, Таратурак відзіць гэта дзела, што яго брацця бягуць, і атвячаець яму смела:

— А не! Абжарэшся!

— Што ты,— гаворыць Юда-анціюда,— смел стаў?

— А то, што я цябе не баюся, што я цябе зразу ўб'ю, на пахват мала!

— З чаго ты сілу ўзяў?

— А мне,— гаворыць,— бог даў!

І з аднаго змаху яму дзве галавы зняў. Тады і брацця яго падбеглі і давай яго ззаду валяць. А Таратурак Суччы сын упаў як мёртвы, што дужа ізмаяўся. Брацця яго з ахвоты началі яго рубіць паліцам[і]-булавіцам[і] і знялі яму чатыры галавы з плеч; астаецца ў яго тапер адна галава, самая набальшая — карнявая. І Юда-анціюда Беззаконная галава апусціў рукі і прыпас свой бросіў аб зямлю і крыкнуў громкім голасам, прасіў прашчэння ў айца-мацеры і мілых сваіх сясцёр:

— Цяцінька і мамінька і сястрыцы! Прашчайце мяне, убіў мяне Таратурак Суччы сын, сільны магучы багатыр!

І яму зук дала ў гэтым маць яго, з таго града, адзе жылі Таратурак і брацця яго трое сутак.

Тады дабілі Юду-анціюду Беззаконную галаву, ізнялі апаследнюю галаву. Тады Таратурак Суччы сын і гаворыць браццям:

— Во пачаму я падаўся Юдзе-анціюдзе: во на тваёй ночы, Іван, я зняў мяньшому Юдзе-анціюдзе дзевяць галоў, дзевяць хартоў, дзевяць сакалоў і дзевяць каней збіў! А на тваёй, Васілій Васільевіч, я ўбіў і ўтарога Юду-анціюду і зняў яму дванаццаць галоў, убіў яго дванаццаць хартоў, дванаццаць сакалоў і дванаццаць каней! Во пачаму ў мяне на пяць галоў сілы не хваціла!

І тады січас узвараціў камень і паказаў ім абіду, тыя галовы, што зняў з Юдаў-анціюдаў.

Послі ж таго пайшлі яны апяць у той горад, адзе Таратуркіны сапагі ляжаць. Яны ляглі спаць, Іван і Васілій, а яму, Таратурку, некалі спаць, трэба дзела ўзнаць: дзе гэта дужа рыкнула голасам у тым у горадзе, як прашчаўся Юда-анціюда. Ён пайшоў хліпапыствуя каля вакон, каля комнат. Прыходзіць к адной комнаце ў скрытым месце, каля зелянога саду, і слышыць чалавечым голасам разгавор. Ён падышоў бліжы таго к дзвярам: савет празносяць дзявіцы ўтрох адна з адной, як бы звесць з свету гэтых трох багатыроў.

Адна гаворыць:

— Я, сястрыцы, іх звяду су свету!

— А як жа ты звядзеш іх, калі яны сільныя, магучыя багатыры?

— Не, сястрыцы, звяду, яны не будуць ні знаць, ні ведаць! Яны пойдуць у такую-та зямлю, у такі-та горад; я гэта знаю, так я накіну на іх вялікі жар і сон, будуць яны бегць і валіцца, сон іх будзець кланіць, а жар паліць, а я,— гаворыць,— абярнусь у стадоль на горачцы, цясоваю краваткай, пуховай пярынай, шубай вызалачыванай, і будзець там оздух лёгкі, запах харошы. Тады яны прыбягуць туды, а я ўпрэд залячу; яны лягуць спаць на мне, на цясовай краваці, на пуховай пярыне; як уснуць, я іх задушу. Вот як я іх звяду!

А другая гаворыць:

— Не, сястрыца, ты не звядзеш іх су свету, а во я звяду!

— А чым ты іх звядзеш?

— Вот як звяду: накіну тожа пал і займу рэкі і азёры; і будуць яны бегць і валіцца, ну вады нігдзе не найдуць. А я абарачусь сама ключком, крынічнай вадзічкай, абрубік будзець сярэбраны, коўшычак залаты. Яны па коўшычку вып'юць, тады я іх разарву! Во як я іх звяду!

Ну, трэцяя гаворыць сястрыца:

— Вот я іх звяду!

— Ну, а ты як?

— А вот як: накіну на іх оздух лёгкі, запах харошы, оздух яблышны-вінаградны, а гэты дрэвы я паўністожу, сама абарачуся яблынай, разнымі яблычкамі самацветнымі, драгацэннымі. Як яны падайдуць і па яблычку з'ядуць, то я ў іх сэрца павырву!

Ну, маць іх гаворыць:

— Не, дзетушкі, вы іх не звядзеце, вот я іх звяду.

— А ты, матушка, як іх звядзеш?

— А вот як: абарачуся свіннёй, адзін лыч будзець рыць у небе, а другі ў зямлі, як іх наганю, то іх усіх і пражру — з'ем!

Праслухаўшы ўсё, Таратурак Суччы сын пайшоў к браццям:

— Позна,— гаворыць,— тут спаць, жыва ўрэмя ў паход ступаць!

Тады і пабяжалі яны з гэтага горада вон.

Бяжы яны, бяжы, бягуць і валюцца, сонца жарыць, сон клоніць, прыбягаюць к гэтай стадоле. Ну, браты яго гэтага дзела не знаюць.

— Брацец,— гавораць,— пазволь здзесь лягці заснуць, очынна здзеся прылесна: оздух лёгкі, запах харошы, цясовая краваць з пуховай пярынай!

— Не,— гаворыць,— вы малыя браты, а я большы! Я першы засну!

Тады січас падымаў паліцу-булавіцу, маладзецкую забавіцу, як ціснуў паліцай па ўзгалоўю, па цясовай краваці, па пуховай пярыне, так у кучу і ссадзіў зразу, патрушкі гэты ўмесцях злажыў. Утарой раз як цапнуў паліцай-булавіцай, толькі лужына крыві пацякла, і нічога не стала.

— Во,— гаворыць,— братцы, гэта не сон, а зрада наша!

І не захацелася ім спаць ніколькі. Апяць пабяжалі. Бягуць і валюцца, уста ў іх смагай зараслі, піць смерць хочацца, нетуці на свеце вады нігдзе, ні ракі, ні возера, ні разнай узнорыны. Прыбягаюць к руччу з сярэбраным абрубцам, з залатым коўшычкам.

— Што,— гавораць,— старшы наш брат, смерць наша, пазволь напіцца па коўшычку вады!

— Не, братцы, я большы брат, я першы вып'ю коўшычак алі два.

Тады як цапнуў паліцай-булавіцай па гэтаму абрубцу, ён яго зламіў. Тады коўшычак палажыў і другі раз як цапнуў — нічога здзеся не стала: ні крыніцы, ні абруба, ні коўшыка, толькі рэзаная кроў пацякла руччом. А ім не стала ні жару, ні палу, і піць не захацелась. Тады апяць пабяжалі яны. Бягуць, оздух меюць лёгкі, запах харошы, есць жалаюць, ды нечага, тады прыбягаюць к яблыні: вочань красівая яблыня, яблыкі самацветныя, драгацэнныя, не то што рукам[і] іх рваць, мажно вустам[і] узяць. Браты апяць просяць Таратурку:

— Пазволь, брацец, з’есць нам па яблыку.

А ён ім атвячаець:

— Вы малодшыя браты, а я старшэй: перва я з’ем, можа два, а можа і тры.

Тады ён падскачыў к яблыні і цапнуў яе паліцай-булавіцай пад макушку, сучча гэта абламіў! За другі раз з пня зваліў. Тады ўзяў, умесцях злажыў і трэці раз як цапнуў паліцай-булавіцай — патудава й дзела не стала, толькі лужына крыві пацякла. А яны не хацелі разных хруктаў, а самі пабяжалі ўцякаць. Прыбягаюць яны к валоўніку, і ён меіць тысячу валоў і пяць соцень быкоў.

— Ну, здарова, валоўнік!

— Ну, здарова, Таратурак Суччы сын!

— Брат валоўнік, не бай, што мы тутацька ішлі: ці знаеш ты свінню? Яна гоніцца за нам[і]!

— Во, брат, Таратурак Суччы сын, як мне яе не знаць, калі я яе на дні па пяці разоў відаю. Толькі я яе не баюсь: у мяне валы харошы, а між таго валы-полы і быкі-кнарасы — на рагах падымуць яе, і нічога яна мне не здзелаець!

— Пажалуста, не бай, што мы тутацька ішлі!

— Пятнаццаць рублёў, тады не скажу!

Ён даў яму дваццаць рублёў.

— Скажу, што ішоў старык у пятнаццатым гаду з торбачкай і з кійком, хадзіць табе, баба, з торбай і з кійком!

Яны апяць пабяжалі. Прыбягаюць к конюху; ён меіць дзве тысячы канёў і паўтары тысячы жарабцоў-сіўцоў-бурцоў, вешчых каравульцаў.

— Здарова, конюх!

— Здарова, Таратурак Суччы сын, куды ідзеш, куды пуць дзяржыш?

— Эх, брат конюх, іду і сам не ведаю куды, дзяржу пуць для таго, і сам не ведаю для каго.

— Ды што ты мне ўрош: ты ўцякаеш ад ведзьмы-свінні!

— А ці знакома яна табе?

— А як жа яна мне не знакома? Ды я яе не баюся, у мяне коні харошы, а між таго жарабцы-сіўцы-бурцы падымуць яе на капытах ды на зубах.

— Брат конюх, не сказывай, што мы тутацькі ішлі!

— Пяцьдзесят рублёў, тады не скажу!

Ён даў яму сто рублёў.

— Скажу,— баіць конюх,— што ў дваццаць пятым гаду прайшоў старык.

Тады яны суткі ўбягаюць. Таратурак к зямлі прылягаець, ці слышыць вухам чалавечаскім, ці бяжыць свіння! Чалавечаскім вухам не слышыць. Тады прылёг сабачым вухам і слышыць: бяжыць свіння вужасна шпарка, аж зямля стонець! Тады яны давай шпарчэй таго ўцякаць. Прыбягаюць к кузняцу Саламону, і ў яго дванаццаць учыльнікоў-кузняцоў і ўсё сільных багатыроў. І ў гэтага кузняца ўсё жалезны тын, мядзяныя вароты, а падваротні з рыбій косці. Тады січас і гаворыць Таратурак Суччы сын:

— Кузнец Саламон! Атапры вароты!

— А што,— гаворыць,— ці папаўся, брат Таратурак, к ведзьме-свінні?

Ён яму адпёр вароты.

— Ну, што, брат, ізбаў ты нас ад ведзьмы-свінні, штобы йна нас не з’ела.

— Магу,— гаворыць кузнец Саламон,— толькі дай тышчу рублёў.

— Во табе, брат, дзве тышчы, толькі ізбаў!

Тады січас бяжыць свіння: адзін лыч рыець у зямлі, а другі лыч—у небе. Прыбягаець к валоўніку і стала ўдалі:

— Валоўнік, валоўнік, ці відзеў ты трох багатыроў?

— Не,— гаворыць,— ведзьма-свіння, не відзеў! Я бы і цябе не ўвідзеў, калі б ты на глазы не навярнулась. А прайшоў старык у пятнаццатым гаду з торбай і з кійком, і хадзіць табе тожа з торбай і з кійком навекі.

Яна бросілась к яму, а яе як паднялі валы-полы і быкі-кнарасы на рагах сваіх, тады яна адтуль ходу! І прыбегла к конюху, а ён пасець канёў на рэстаньках.

— Конюх, конюх! Ці не відзеў ты трох багатыроў? Каторай яны дарогай ішлі?

— Я бы і цябе не відзеў, калі б ты на глазы не папала! А здзеся прайшлі ў дваццаць пятым гаду тры старыкі!

Яна і адтуль лызу. І прыбягаець к кузняцу Саламону.

— Кузнец Саламон, адпірай вароты!

— А нашто табе адпіраць?

— На то, што не сахраняй Таратурку Суччага сына: ён маіх трох сыноў і трох дачок звёў, і я яго звяду.

— Не, ведзьма, не звядзеш.

— Не, звяду.

— А чым табе адпіраць вароты, ты луччы ліжы вароты, а я табе Таратурку падам на лапаце.

Яна як салупнула2, палавіна доскі ссадзіла — а яна ў тры аршыны была; другі раз як [с]алупнула і дзірку небальшую пралізала; трэці раз як салупнула і язык улажыла. А кузнец Саламон вялеў сваім масцярам распаліць красна кляшчэй і ўзяць каторыя малаткі палаўчэй і схваціць свінню. І схвацілі яны яе кляшчамі за язык увасьміх і давай задаваць малатком цяжолым: бей-бей — збілі на кабылу! І Таратурак Суччы сын узяў уздзечку і гэту кабылу забрытаў і спрасіў павесма льну і сам сеў вярхом і гаворыць:

— Еслі гэта добрая кабыла і ў ёй нетуці нічога свінога, то я павесма льну запалю і кругом тыну абскачу, і ён не згарыць.

Трэццю часць двара не аб’ехаў, а лён спыжэў.

— Што, братцы-таварышы, распякіце кляшчы ясней, зададзім ёй палаўчэй: яна ў нас тапер пад рукам[і] стала!

Схвацілі яе кляшчам[і] і давай біць: збілі яе на маленькую кабылку як бы трох лет. Тады Таратурак Суччы сын узяў павесма льну і зажог і кругом двара аб’ехаў, і палавіна не згарэла.

— Ну, тапер будзець яе біць!

Тады ўзяў сваіх братоў Івана і Васілія адправіў у айцоўскі дом.

— Ну, я,— гаворыць,— паеду дальшы таго!

Кузняцу Саламону выкінуў яшчэ дзве тышчы і сеў на гэту кабыліцу і паехаў у цёмны лес, у шчыры бор дарогай.

Праязджаець пятнаццаць вярстоў — стаіць сасна трыццаць абхватаў возле дарогі; на гэтай сасне сядзіць Дзед з нагаток, барада з лакаток, каліта дванаццаць ялавіц улязаець, меіць ён пры сабе пушку-свістушку-смалянушку дванаццаць сажон дліны, і ўся гваздзям[і] ўсажана вострымі:

— Здрастуй! — гаворыць Таратурак Суччы сын.

— А! Гэта ты, Таратурак Суччы сын! Ты мне многа ўрону надзелаў: звёў маю ўсю хамілію: сыноў, жану і дачок! І я цябе са свету звяду!

— Ну, не прыйдзецца, штобы ты мяне са свету звёў, стары дурак.

Тады ён гэтай пушкай-свістушкай-смалянушкай як смалянець з сасны — не папаў па Таратурку, а папаў па кабыле! Так кабылу і перарубіў папалам, як траву! Астаўся Таратурак без лошадзі! Скочыў ён к гэтаму дзеду на сасну, схваціў яго за бараду і ўдарыў яго галавой аб сасну! І давай яшчэ прыбаўляць сваёй паліцай-булавіцай. Галаву яго пабіў, бараду яго ўсю ізадраў, пушку-свістушку-смалянушку адабраў, каліту яго разадраў, гавядзіну пціцам варонам і сарокам аддаў, а сам і пайшоў пяшой.

Усходзіць ён к вялікаму полю, каля барскага двара, і відзіць: выносіць багатыр мех іржы, нямножка — толькі сто чацвярцей іржы; адсюль, з поля, бярэць стог хлеба і нясець дамоў і ўдарыць аб зямлю, змалоціць, і зярно высыплецца.

— Бог помач, Кораб Карабанавіч!

— Благадарыць, Таратурак Суччы сын. Што, брат, скажы ты пэўную праўду: куды ты йдзеш, куды пуць дзяржыш?

— А я іду туды — сам не знаю куды, пуць дзяржу для таго — сам не знаю для каго.

— Не, брат Таратурак! Я знаю, што ты ідзеш к Бабе Язе к Жалезнай назе! Вазьмі мяне ў таварышы!

— А, каму не нада таварышы, а мне пяць-шэсць! Ступай з богам.

І пайшлі Кораб Карабанавіч з Таратуркам у дружбе.

Праходзяць яны адны суткі — сеець Сяўбіт жыта: сто чацвярцей у сявалцы дзержыць на плячах, і жыта на зямлю брасаець, і ў цёмныя аблакі смотрыць: харошая луна ўзайдзёць — сеіць, плахая — стаіць.

— Нарадзі божа, Сяўбіт!

— Благадарыць, Таратурак Суччы сын! Куды ідзеш, куды пуць дзяржыш?

— А я іду туды — сам не ведаю куды, пуць дзяржу для таго — сам не знаю для каго.

— Не, я знаю, ты ідзеш к Бабе Язе к Жалезнай назе! Вазьмі мяне ў таварышы.

— А, каму не нада таварышы, а мне пяць-шэсць, ступай з богам!

Паснавіў Сяўбіт сявалку мяжой і ідзець у таварышы. Прайшлі яны не многа ўрэмя, відзяць, качаець Гаравік горы з адной стараны дарогі на другую, а з тэй на гэту.

— Бог помач, Гаравік!

— Спасіба, Таратурак Суччы сын. Брат Таратурак, ці вазьмеш мяне к сабе ў таварышы?

— А што, брат, калі хочаш, пайдзём!

І Гаравік бросіў горы качаць, і пайшлі яны ўчацвярох. Прайшоўшы нямнога, ляжыць Абжора сярод дарогі. А гэта дарога ідзець чэраз возера. Ён нагнецца і адну палавіну вып’ець, а патом выльець у другую, а патом тутацькі нап’ецца і ў тую выльець.

— Здарова, Абжора! Пусці дарогу!

— А вазьмі мяне ў таварышы

Узялі яны і Абжору. Ідзі-ідзі яны, ці мала, ці многа, а толькі ўвайшлі яны ў цёмны лес. Бяжыць Мароз настрэчу ім, аб'ініўшы, абдзелаўшысь, стрась сматрэць.

— Здарова, Таратурак Суччы сын!

— Здарова, сільны Мароз!

— Што, брат, вазьмі і мяне к сабе ў таварышы, і я к худой гадзіне табе прыгаджусь!

Узялі і яго. Тады січас ідуць яны ўшасцёх і ўвайшлі ў чыста поля, у зялёную дуброву. І стаіць бел шацёр, і ў гэтым шатры ляжыць Слон Іванавіч Адрубленая галава і дзяржыць пад сабой меч-самасеч і кап’ё даўгамернае. І тады ўблізь падходзіць Таратурак Суччы сын к Слану Іванавічу, і коціцца буйная галава Слана Іванавіча к Таратурку і просіць нізкім паклонам і сэрцам пакорным:

— Таратурак Суччы сын, сільны магучы багатыр! Будзь ты такі добры, прыжыві ты мне буйную голаву, Слану Іванавічу, буду я за цябе стаяць, як сам за сябе!

— Ну, як жа мне прыжывіць табе буйную голаву? У мяне прыпасу такога нетуці.

— Вазьмі ты маё тулава багатырскае, павараці, і ёсць пада мною меч-самасеч і кап’ё даўгамернае, і ёсць у мяне добрая лошадзь багатырская, дарую яе табе, і меч-самасеч і кап'ё даўгамернае да жызні тваёй, толькі прыжыві мне буйную голаву. І ў мяне атрублена галава не ў учайнасці і сем лет, а атрубіў яе Варыён Анціёнавіч за нечаянасць сваю маім прыпасам, меччу-самасеччу, і за маю жану, за закон, за брак. Ну, я жану сваю аскарбіць не магу: яна к яму не прэлесна, і яна ўзята па няволі, не с вахоты. Паедзеш ты на маім добрым кані і з маім прыпасам, толькі як ты пад’едзеш пада град Варыёнаў — і ў яго вялікая крэпасць,— як вазможна, каня не жалей, а ў крэпасць на кані ўз’язджай. І ў яго ёсць дванаццаць псоў з жалезным[і] дзюбкам[і] — сільныя багатыры; як можна забей трох алі чатырох меччу-самасеччу! А наперад бросяцца к табе самыя злыя і сільныя. Тады ты ў град уязджай і, як траву, усіх паб'еш. Тады ты на крыльцо, на дванаццаты ітаж уязджай на кані, у белы каменны палаты, к Варыёну Анціёнавічу. І каня на крыльцы аснаўляй, вострым кап’ём дзверы мятай, а сам наперад не ступай і меч-самасеч нагатове дзяржы. А Варыён Анціёнавіч бросіцца к табе са сваім мечам-самасечам са сваіх белых каменных палат; тады ты вострай меччу мяжду яго рук брасай і яго меч перарубіш, і тады ты знімеш яму дванаццаць галоў змяіных. І ёсць у яго палатах калодзец і ў тым калодцы на дне дзве бутылі: у адной бутылі жывая вада, а ў другой мёртвая. І табе ўкажаць жана мая Самііхліда Міхайлаўна. Тады яна паедзець з табой ка мне, Слану Іванычу, і прыжывіць мне буйную голаву!

Тады Таратурак Суччы сын паехаў к Варыёну Анціёнычу толькі адзін на добрым кані Слана Іванавіча, узяў меч-самасеч і кап’ё даўгамернае. Пад’ехаўшы к крэпасці, як пціца, узляцеў на крэпасць, і бросілісь к яму гэты псы, і ён зразу дзевяці псам галовы зняў і ў горад уз’ехаў; ускочыў на кані на дванаццаты ітаж, добра каня паснавіў на крыльцы і дрогнуў кап’ём у гэты дзверы. Зразу разляцелісь гэты дзверы на нескалькі долей, і бяжыць жа сам Варыён Анціёнавіч ужасна з вялікім са злом:

— Хто гэта такі тутыцька ёсць большы мяне? Хто гэта мог маю дзвер разбіць і крэпасць не адпіраць?

— А я,— гаворыць,— Таратурак Суччы сын, табе не жалаю са буйнай галавы шапкі ўзняць!

Тады выснавіў яму напярод кап’ё даўгамернае, а патом як ударыць сваім мечам-самасечам, і разрубіў меч Варыёнаў. Тады вочынна арабеў Варыён Анціёнавіч, прыкланяецца яму сваімі галовамі.

— Не зрубі мае галовы, не пралівай крыві багатырскай, будзь ты мне старшым братам, а я буду малодшым, і павелявай ты ўсім маім [і]меннем.

— Не, не жалаю я гэтага,— атвячаець Таратурак,— а жалаю зняць твае галовы і прыдаць цябе злой смерці.

І зрубіў яму Таратурак усе яго дванаццаць галоў, і прабіў даўгамерным кап’ём яго рацівое сэрца, і праліў гарачую кроў. Січас гэта дзела вазнала Самііхліда Міхайлаўна, што ён прыехаўшы ад Слана Іванавіча; ташчыць гэты дзве бутылі вады, і яму падаець і сама з ім на добрага каня садзіцца, і ўязджаюць з гэтых мястоў. Прывёз Таратурак Слану Іванавічу жывой і мёртвай вады і жану ягоную, і прылажылі яны яго голаву к яго тулаву, і палілі жывой вадой і лілі із бутылі ў вуста, і ў чэцверць гадзіны бог збавіў, і ён жыў стаў.

— Ну, брат Таратурак, спасіба табе, што ты прыжывіў мне маю буйную голаву.

Тады жану ў шатры аснавіў, а сам пайшоў з Таратуркам.

Ідуць яны ўсямёх, а Таратурак едзець на лошадзі. І прыязджаюць яны к Бабе Язе к Жалезнай назе. І ў яе дванаццаць дачок вочынна красівых, вужасна прыўкрасных. І кругом жалезны тын, і ўрыт каля крыльца мядзяны стоўб; і ўбіта ў ём сем калец; царскі сын каня прывяжаць за залатое кальцо; каралеўскі за сярэбранае кальцо, купечаскі — за медзяное, а прочых вяшчэй ніжы таго. Таратурак межа таго прывязаў свайго каня за ўсе сем калец, на вопісь не сматра. І сам пайшоў у белы каменны палаты. У палатах сідзяць дванаццаць дачок прыўкрасных.

— Здарова, дзявіцы-красавіцы!

— Здарова, Таратурак Суччы сын!

— Дзе жа ваша матка?

— Матка разузнала вашы дзяла і паехала за мора, січас прыедзець, прывязець сто валоў к свадзьбе!

Скора прыйшлі і яго шэсць таварышаў: Кораб Карабанавіч, Сяўбіт, Гаравік, Абжора, Мароз і Слон Іванавіч.

— Ну, здарова, дзявіцы-красавіцы!

— Здарова, друз'я любезныя, як вас бог сабраў усіх умесцях?

Яны гавораць:

— Нас сабраў Таратурак Суччы сын!

Сей мінуты прыязджаець Баба Яга Жалезная нага, на ступе едзець, таўкачом паганяець, граблям[і] след заграбаець, а памялом замятаець. Як уз'ехала на свой двор і ўвідзела каня і што ён прывязан к усім кальцам:

— Не можна,— гаворыць,— узнаць, хто такі за маладзец прыехаў! Ну, толькі хто ні ёсць, а буйну галаву зніму і ўсторну на тыніну!

Тады січас улязаець яна ў дом свой:

— Што за багатыры тутыцька такія?

Яны атвячаюць:

— Здарова, Баба Яга Жалезная нага!

— Ну, я думала, хто такія маладцы, ажна гэта тут сільныя багатыры! Во што, дачунька, пратапі-ка ты байню для мілога дружка!

А ў яе байня ўся жалезная. Вытапіла дочка байню дужа жарка. Баба Яга і завець іх у байню. А Таратурак паслаў Мароза; ён як тропнуў-лопнуў, ахаладзіў байню, напусціў усю інею.

— Садзіся, зяцёк, паедзем у байню.

Селі Таратурак з Бабай Ягой на ступу і паехалі. Ён узяў з сабой паліцу-булавіцу і пушку-свістушку-смалянушку. Прыехалі яны ў байню, а тамка холадна. Вось ён як зачаў біць Бабу Ягу паліцай-булавіцай і пушкай-свістушкай:

— Што ты,— гаворыць,— нада мной насмешку робіш.

Тады загадала другую дачку тапіць байню, штобы тры сажані сажгла, штобы духу было. Як вытапілась байня, Таратурак апяць паслаў Мароз[а]. Ён як тропнуў-лопнуў — напусціў поўну снегу.

Паехалі апяць у байню Таратурак і Баба Яга. А тамка апяць холадна. Вот ён як начаў яе біць сільней таго:

— Што я, хлопец табе, ці што?

І дужа збіў бабу. Вось яна тады і гаворыць:

— Ну, зяцёк, тапер я сама буду тапіць: дванаццаць сажан дубовых дроў спалю, а ўсё ўблагатвару.

Натапіла яна байню і подступу нетуці. Таратурак паслаў Мароза. Ну, ён нічога не мог падзелаць — дужа жарка. Тады паслаў Абжору: ён як начаў ліць вадой, абхаладзіў байню, а Мароз ільдом задзелаў.

— Ну, паедзем, зяцёк, у байню.

Селі яны на ступу і паехалі. А тамка адзін лёд. Тады ён яе яшчэ больш набіў. Ну, яна змірылась і давай дастаўляць разных піцяння і едзяння.

— Калі,— гаворыць,— ублагатварыш, то не буду біць, а не, то галаву зніму!

— Ублагатвару,— гаворыць.

Напякла яна і наварыла ўсяго, а Таратурак паслаў Абжору. Ён як начаў уплятаць, за адну шчаку вала, за другую два, і паглытаў усё. Яна другі раз напякла шчэ большы, а ён тожа ўсё паеў. Тады Баба Яга гэта дзела вузнала і ў трэці раз іх, акромі Абжоры, ублагатварыла. Яны там пілі і елі і гулялі. Напаследак Таратурак убіў Бабу Ягу і зняў ёй галаву і ўсторнуў на тыніну, а сам жаніўся на ейнай дачцы.

Таварышы яго пайшлі ў свае мясты, а ён прыязджаець з жаной к айцу. Царскі сын Васілій царствам правіць, і Іван Кухаркін за дворніка, а бацькі ў жывых нетуці. Ён жалаець, штобы брацця яму пакаралісь; ну, Царскі сын Васілій у гэтым дзеле не ў сагласіі. І просіць ён другіх царэй помачы проціў Таратуркі. Ну, Таратурак у гэтым дзеле не рабеець, на сваю сілу багатырскую надзёжу меець, і на свой запас багатырскі; адсек Васілію Васільевічу галаву і стаў яго царствам павеляваць. А Йвана Кухаркіна сына ўзяў к сабе ў палаты. І жыў з ім у сагласіі.

1 Думчыя, райчыя, гадчыя – ад думаць, раіць, гадаць (заўвага Е.Р. Раманава).

2 Салупаць – лізаць, высоўваць язык.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 96-114
Крыніца: скан