epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Тры дачкі

Вот было ў пана тры дачкі. І яны ішлі ўтрох каля жыта. Адна гаворыць:

— Хто мяне замуж возьмець, таму я харошае жыта раджу.

А другая кажа:

— А хто мяне возьмець, харошую пшаніцу раджу.

А трэцяя:

— А хто мяне замуж возьмець, я таму харошага сынка раджу: па баках звёзды, ува лбе месяц, а ў патыліцы сонца, а па локці рукі ў золаце, а па каленкі ножкі ў серабрэ.

Вот зачуў гэта адзін ужо панаў сын і гаворыць:

— Не будзем гэтых браць, а возьмем гэту, што харошага сына родзіць.

Узяў ён яе, а сам у вармію, яго забралі. А даўней жа служылі доўга-доўга, дваццаць пяць гадоў, гэта называліся рэкруты. Ну, тады гэта ён пайшоў служыць, а радзіўся гэты сынок яго такі ўжо, як яна абяшчала яму радзіць. І сонца ў патыліцы да й месяц ува лбе, і звёзды ў баках, і рукі ў золаце па локці, і па каленкі ногі ў серабрэ. Вот даўней жа ж пошту насіў старык, пяшком насіў. Жонка яго ўзяла і напісала пісьмо і гаворыць да старычка:

— Занясі гэта пісьмо ўжо майму мужу, што вот такі сынок у нас радзіўся.

А гэты дзядок ішоў і зайшоў да яе сясцёр начаваць. Ён заначаваў, сёстры яго пісьмо ўкралі, прачыталі і напісалі пісьмо яму абы-якое, што гавораць так:

— Радзіла твая жана ні то кацяня, ні то парася, пішчыць, вішчыць, не знаюць, што з ім дзелаць.

Ён прачытаў гэта пісьмо, што яму аддалі ад сясцёр, і напісаў так і дзеду аддаў:

— Нясі. Хто там ні нарадзіўся, няхай гадуецца і ажыдаюць мяне.

Ну вот, ішоў назад той пасланец. І ізноў зайшоў к гэтым сёстрам начаваць. Яны тады ўзялі прачыталі пісьмо і напісалі сваё: «Дзе хочаш дзейся, нашто ж ён мне такі — ні то кацяня, ні то парася».

Ну што ж, сабралася гэтая жанчына і з сынам з сваім. Пайшлі яны, пайшлі, ішлі, ішлі. Дайшлі да мора. Ажно там рыбаловы лавілі рыбу. Яна кажа:

— Закуйце нас у бочачку і пусціце на мора.

І вот яны яе закавалі ў бочачку з гэтым мальчыкам і пусцілі на мора. Яна плавала тры гады і тры дні, гэта бочачка. Потым ужо мальчык у бочачцы вырас і гаворыць:

— Мамка, каб гэта бочачка выкацілася на бераг і лопнула і каб мы з табой выйшлі і пайшлі жыць. Хваціць нам у цемнаце тут ужо шалёпацца.

І гэтак здзелалася. Бочачка выкацілася, лопнула, і яны выйшлі і пайшлі. Прыходзяць яны якраз к адной старушцы начаваць. Старанькая хатка на курынай ножцы, на блошцы. Зайшоў ён туды начаваць. А бабка гэта пячэць пірагі, прыбіраецца на свадзьбу ісці і носіць пірагі ў печ. Ён:

— Бабулька, зязюлька, спячы мне піражок, хоць курачок.

Ну, баба не хацела, але ўзяла ды ўкінула гэты піражок у печку. А гэты пірог як вырас і з печкі не хоча лезьці. Ну, але вылезлі. Тады ўжо баба складаець пірагі, ідзець на свадзьбу. А куды ідзець на свадзьбу, яны ж не знаюць, ні гэта яго маць, ні гэты мальчык. А ён:

— Бабулька, зязюлька, пайду і я з табой.

Яна кажаць:

— Цябе ж там заштурхаюць, запіхаюць тамачка на гэтай свадзьбе.

А ён усё роўна ўчапіўся і пайшоў з бабкай на гэта вяселле. Вот ідзець, бабка парог ужо перайшла, і мальчык гэты туды ідзець. Ажно там гэты самы жаніх, а гэта не жаніх быў, гэтага мальчыка бацька. І вот нясець кораб поўны арэхаў і кораб пусты і падняў яго і гаворыць:

— Вот, хто гэтыя арэхі пералічыць, я таму ўвесь маёнтак свой адпішу.

Гэты мальчык падняўся ды гаворыць:

— Я пералічу ўжо, гэта ўсё перасчытаю!

Ну, яго піхаюць, штурхаюць, кажуць:

— Ой, лягушка, ён ужо будзець перасчытваць, гэтка пасчытаець. Дзе ж гэта пасчытаеш, такі ўжо!

— А вот пасчытаю.

Ну, узяў гэты кораб. Пусты паставіў тут, а поўны з арэхамі побач. І вот пачаў:

— Было ў пана тры дачкі, ішлі яны кала жыта, цот арэшкі ў кораб! Адна кажаць: «Хто мяне замуж возьмець, таму харошае жыта раджу», цот арэшкі ў кораб. Другая кажаць: «Хто мяне замуж возьмець, таму харошую пшаніцу раджу». Трэцяя кажаць: «А я, хто мяне замуж возьмець, харошага сынка раджу: па баках звёзды, ува лбе месяц, у патыліцы сонца, па локці рукі ў золаце, па каленкі ножкі ў серабрэ», цот арэшкі ў кораб.

І так перасчытаў. А патом гэты жаніх узяў мальчыка на рукі і панёс за стол к сабе. І пасадзіў яго радам, раз ён перасчытаў гэта ўсе. А ён жа ж знаець, што гэта было. Потым мальчык здзеў шапачку і асвяціў: тут месяц, а тут сонца; здзеў рукавічкі — рукі ў яго такія, як ён гаварыў, здзеў чулочкі і што там у яго было на ножках — і ўсё ў яго тое самае, што вот пан гэты як браў, усё гэта чуў. Ну і што. Прыйшлося яму гэту жонку сваю, што ён браў, прагнаць, ануліраваць гэта вяселле, а ўзяў сваю жонку з гэтым мальчыкам. Ну, вот і ўсё.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 317-319
Крыніца: скан