epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Тры ночы на магіле айца

Жыў сабе такі купец, значыцца, бальшы багатыр, і было ў яго тры сынаўё: два сыны жанатых і разумных, а трэці сын халосты і дурань. Ён дурань, да вочань сілен крэпка. Цяпер прыйшлося гэтаму бацьку ўміраць. Ён гаворыць:

— Ну-ка,— гаворыць,— сыны мае пралюбезныя! Я,— каець,— паміраю, а вы [а]станецёся,— гаворыць,— у жыцці! І,— кажыць,— прыхадзіце ка мне на могалку начаваць тры начы: большаму — гаворыць,— на перву ноч, а сярэдняму,— гаворыць,— на другую ноч, а дурню,— каець,— на паследнюю ноч. І як будзеце ісці, кажыце: «жоўты пясок, рассыпайся, грабова дошка, адчыняйся, бацька, з мяртвых уставай!»

Ну, цяпер гэтых жонкі ў голас, не хочуць пускаць, кажуць:

— Прасі як-небудзь дурня, ці не пойдзець ён за цябе,— на большага жонка ўжо.

А дурань гэты на печы ляжыць. Цяпер ён кажыць:

— Ах, брат, схадзі ты за мяне к бацьку на ноч, ты-тку,— кажыць,— смялейшы!

— Гэ,— кажыць,— каб ты не даждаў, каб я за цябе ішоў на ноч! Прыйдзець мая ноч, тады я й пайду! — кажыць.

— Брацец,— гаворыць,— родны, схадзі!

Ён тады кажыць яму:

— Няхай,— кажыць,— жонка пашыець торбу, у тры палы,— кажыць,— і дай,— кажыць,— дзве булкі хлеба — вы мне есці не даеце,— дак я пайду тады!— кажыць.

Сычас гэта, не доўга думаючы, торбу яму пашылі, дзве булкі хлеба ўклалі — пайшоў ён іграючы. Ён часта на жалейцы іграў, гэтак іграў, што няможна і ў свеце сыскаць.

Прыходзіць на могалку:

— Жоўты пясок, рассыпайся, грабова дошка, адчыняйся, бацька, з мяртвых уставай!

Так гэта і расчынілася. І ўстаець ён з мяртвых.

— Ах,— кажыць,— сынок, што ж ты,— кажыць,— прыйшоў? Я ж казаў большаму прыходзіць!

— Гэ,— кажыць,— яны бацькі свайго баяцца, а я не баюсь, дак я,— кажыць,— прыйшоў, пачалі мяне прасіць!

— Ну,— кажыць,— добра! Ну, вот жа,— кажыць,— сынок, ёсць,— кажыць,— у зялёных лугах, у сцідзёных вадах конік-бурац, вешчы кавурац. Дзень,— каець,— буяець, ноч гуляець, а як крыкнеш — да добрага малайца прыбываець! Ну,— каець,— цяпер вот ты,— кажыць,— крыкні, свісні — ён да цябе прыбудзець. Ты на ём пакрасуйся і пусці яго ў зялёныя лугі, у сцідзёныя воды,— гаворыць.— Ну, а цяпер,— кажыць,— кажы за мной: «Бацька, з мяртвымі кладзіся, грабова дошка, зачыняйся і, жоўты пясок, засыпайся!»

Ён гэтак сказаў, бацька з мяртвымі лёг, грабова дошка зачынілась і жоўты пясок засыпаўся. Ён адышоў, як крыкнуў багатырскім голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — прыбыла да яго лошадзь: збруя латна, скап’ё булатна, конь багатырскі. Ён цяпер у лева вуха ўлез, а ў права вылез — абярнуўся каралевіч такі, што ў свеце не сыскаць. Уссеў на яе і паляцеў у свет. Тры разы пераляцеў, увесь свет абляцеў — да зямлі тры разы даткнуўся толькі. Цяпер на гэта месца на ўссядаў; у права вуха ўлез, у лева вылез — старац, як і быў. І гаворыць:

— Лошадзь мая пралюбезная! Ідзі,— гаворыць,— у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды, дзень буяй і ноч гуляй, як крыкну, да добрага малайца прыбывай!

Пусціў яе ў чыстае поле, а сам торбу на плечы і пайшоў дамоў. Прыйшоў дамоў ды на печ; ногі на грады1, а сам на печы лёг ды іграець у жалейку. Вот ужо браты кажуць:

— Вот, нашага дурня д’яблы не ўзялі, ідзець ужо, у жалейку іграець! Яго,— кажыць,— і не задавіў там ніхто!

Ну, цяпер другая ноч прыйшла ўжо — сярэдняму ісці. Ён іх крэпка застрашыў, што ўжо не пайду, кажыць, за другога. Яны як пакоцяцца з жонкай, брат тэй і жонка:

— Брацец, родны, схадзі,— кажыць,— схадзі!

— Га, не пайду,— каець,— каб вы не даждалі! Схадзіце самі сабе! — каець.

На том сталі, што ўпрасілі-такі яго.

— Ну,— каець,— няхай жонка торбу ў тры палы шыець і дзве булкі хлеба дасць, ужо пайду, што рабіць!

Яны яму после бацькі хлеба не даюць, дак ён у іх есці спрашыець, каб ужо далі. Сычас дала яму жонка торбу і дзве булкі хлеба ўклала. Так ён і пайшоў.

Прыходзіць на могалку:

— Жоўты пясок, рассыпайся, грабова дошка, адчыняйся, бацька, з мяртвых уставай!

Сычас рассыпаўся і пясок, і дошка расчынілась, і бацька ўстаець.

— Што ж ты,— кажыць,— сынок, чаму ж сярэдні сын не прыйшоў?

— Гэ! Яны бацькі свайго баяцца, а я не баюсь, дак я пайшоў узнова!

— Ну вот жа,— кажыць,— ёсць,— кажыць,— узнова ў зялёных лугах, у сцідзёных вадах конік-бурац, вешны кавурац, пушчэйшы трошку таго; то ж няхай і той табе застаецца, калі яны мяне баяцца! Ты,— кажыць,— на ім што хочаш, дак застанеш. Ну, а цяпер, сынок, кажы апяць за мною: «Бацька, з мяртвымі кладзіся, грабова дошка, зачыняйся, жоўты пясок, засыпайся». А ты палюбуйся з ім і адпраў яго зноў у поле!

Ён гэта сказаў, бацька з мяртвымі лёг, грабова дошка зачынілася і жоўты пясок засыпаўся. А сам і пайшоў. Адышоўся, як свіснець маладзецкім посвістам, крыкнець багатырскім голасам — прыбыла да яго лошадзь: збруя латна, скап’ё булатна, конь багатырскі. Ён цяпер у лева вуха ўлез, а ў права вылез — абярнуўся каралевіч такі, што ў свеце не сыскаць. Уссеў на яе і паляцеў у свет. Тры разы пераляцеў, увесь свет абляцеў — да зямлі тры разы даткнуўся толькі. Цяпер на гэта месца на самае прыехаў, дзе ўссядаў; у права вуха ўлез, у лева вылез — абярнуўся зноў такі старац, як і быў. І гаворыць:

— Лошадзь мая пралюбезная! Ідзі,— гаворыць,— у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды, дзень буяй і ноч гуляй, як крыкну, да добрага малайца прыбывай!

Рыззе сваё надзеў, а лошадзь пусціў. Жалейку ў рукі, торбу на плечы і прыйшоў дамоў.

— От,— кажыць,— ён нідзе не прападзець!

Сам пад грады, ногі на грады, і іграець на печы ў жалейку. Ну, цяпер прыходзіць яго ноч ужо.

— От, цяпер,— кажыць,— прыходзіць мая ноч! Я,— кажыць,— не буду вас прасіць, сам пайду!

Цяпер устаў з печы, торбу на плечы, жалейку ў рукі і пайшоў на могалку іграючы. Прыходзіць:

— Жоўты пясок, рассыпся, грабова дошка, адчыняйся, бацька, з мяртвых уставай!

Ну, гэтак усё: жоўты пясок рассыпаўся, грабова дошка адчынілася бацька з мяртвых устаець:

— От ты,— кажыць,— сынок, усё адзін ходзіш! Ну,— кажыць,— што меў ім даць па каню, няхай табе ўсе тры кані. Ёсць,— кажыць,— у чыстым полі, у зялёных лугах, у сцідзёных вадах конь шчэ троху пушчэйшы. Ты на ём палюбуйся і адпраў зноў у поле. Цяпер,— кажыць,— прашчай, сынок, на век вешны! Імееш ты цяпер свайго каня, што табе быў наміргован, дак цяпер у цябе будзець тройка коней ужо!

Ну, цяпер ён кажыць:

— Бацька, з мяртвымі кладзіся, грабова дошка, зачыняйся, жоўты пясок, засыпайся.

Бацьку адправіў, а сам і пайшоў. Адышоўся ад бацькі, як крыкнець, як свіснець багатырскім голасам, маладзецкім посвістам — прыбыла да яго лошадзь. Пушчэйшая ўжо далёка. Ён у лева вуха ўлез, а ў права вылез — абярнуўся каралевіч такі, што ў свеце не сыскаць. Уссеў на яе і паляцеў у свет. Паездзіў, палятаў, палятаў, прыехаў на места на тое на само. У правае вуха ўлез, у левае вылез — абярнуўся зноў такі старац, як і быў.

І гаворыць:

— Лошадзь мая пралюбезная! Ідзі,—гаворыць,— у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды, дзень буяй і ноч гуляй, а як крыкну, да добрага малайца прыбывай!

Пусціў яе ў чыстае поле. А сам торбу на плечы, жалейку ў рукі і пайшоў.

Прыходзіць дамоў:

— От,— кажуць,— наш дурань! Нідзе не прападзець!

Цяпер дзе-та, у яком царстве, у яком гасударстве, скінулася царэўна, аб’явілася і ўлезла на трэці атаж і села на вакошку і такую аб’яўку пусціла: хто яе там застанець і пацалуець, таму ўсё царства астанецца па смерці бацькі, і яе мужам будзець.

Цяпер гэтакі паблікат2 пайшоў, каб кожан туды прыязджаў, і там будзець скакаць і яе заставаць гэта. І братом яго велена, каб яны ехалі на гэта дзіва глядзець. А ён, дурань, просіцца ў братоў:

— Ах,— кажыць,— браты вы мае родныя! Вазьміце вы мяне з сабой, хай і я пагляджу гэтага дзіва!

— Э, ты,— кажыць,— дурак ты, дурак! Куды ты паедзеш? Хіба табе работы дома няма? От, я табе работу,— кажыць,— дам, калі табе нечага робіць дома! — большы брат кажыць гэтак.

Пайшоў, узяў два гарцы маку ды два гарцы пяску ды ўкучу змяшаў:

— Вот,— кажыць,— пакуль мы прыедзем, каб ты гэта перабраў, да каб чыста было,— гэты асобенна, а гэты асобенна!

Ён тады ўзяў у торбу ўсыпаў:

— Хай табе вочы,— кажыць,— выбярэць! Што ж рабіць — трэба выбіраць!— кажыць.

У голавы ўклаў да й лёг. Ляжыць сабе мак гэты, сохнець пад бокам на печы. Яны паехалі, а ён сплёў сабе каробку, пайкі ў два, у грыбы схадзіць; прынясець грыбоў — тады нявесткі дадуць яму есці, а не прынясець — так не дадуць.

Ну, цяпер знаець ён тое ўрэмя, што яны там ужо, пазаехалі, што там ужо дзіва гэта ёсць, можа паўмесяца ждаў ён там ці колькі, тады ён злез з печы, мак гэты з пяском у каробку ўклаў, жалейку ў рукі і пайшоў у лес, торбы пабраўшы свае.

Прыходзіць ён дзе там, на тэй на луг, дзе яму следуець ужо; як крыкнець, свіснець — прыбылі да яго лошадзі ўсе тры.

— А,— кажыць,— лошадзі мае пралюбезныя! У таком-та царстве, у таком-та гасударстве скінулася царэўна, узлезла на трэці атаж і села на вакошку і такую аб'яўку пусціла: хто яе там заставіць і пацалуець, таму ўсё царства астанецца па смерці бацькі, і яе мужам будзець. Ці не маглі б мы,— гаворыць,— туды заехаць і з ей павідацца?

Большы лошадзь атвяшчаець:

— Што,— гаворыць,— будзець урэмя, ды не цяпер,— гаворыць.— Едзь ты,—гаворыць,— на малой лошадзі цяпер; ну, зніміся ты за вярсту! — гаворыць.— Ды,— гаворыць,— не вітайцеся з ей. Так як будзеш ляцець, так і паляці!— гаворыць.

Ён тады ў свайго лошадзя ў лева вуха ўлез, у права вылез — абярнуўся каралевіч такі, што ў свеце не сыскаць: чыст, на ім адзежа, што ў свеце няможна сыскаць такія. Як пусціў — тыя ехалі можа месяц, паўтара месяца, а ён у тры часы стаў там. Як ляцеў, так каля яе ног, каля самых абляцеў!

Яны:

— Лаві! Лаві!

А ён як ляцеў, так і паляцеў — быў да й няма. Прылятаець на тое места, як свіснуў, як крыкнуў — прыскочылі тыя лошадзі. Ён у права вуха ўлез, у лева вылез — як быў старац, так і ёсць. І большы лошадзь усе парадкі парадчыць. Ён тады каець:

— Лошадзь мая пралюбезная! Ёсць жа ў мяне работа: два гарцы маку і два гарцы зямлі, да ўкучы! — гаворыць.— Як ба мы яе павыбралі?— каець.

Цяпер большы лошадзь гаворыць:

— Ну,— гаворыць,— раздзірай на посцілкі свае торбы,— гаворыць,— і сцялі посцілкі на зямлі, высыпай,— гаворыць,— мак гэты на посцілкі!

Ён сычас высыпаў гэты мак на посцілкі. Лошадзі тыя ў ноздры як дунулі — і разлучылі гэты мак: мак асобенна, пясок асобенна. Прыносіць дамоў, набраў каробку грыбоў тую, сам на печ, мак у голавы. Нявесткі атвяшчаюць:

— Ці выбраў,— кажыць,— ты мак? Будзець табе,— кажыць,— ад іх, як прыедуць.

— А хай вам вочы выберэць! Павыбраў, — кажыць,— і мак, і грыбоў во набраў.

От, цяпер, прыязджаюць браты і кажуць сваім жонкам:

— Божа! Божа! Што там было! І падскаквалі,— кажуць,— і ўсё. А адзін царэвіч,— кажуць,— дак увесь у золаце, як скакнуў, дак да ног даскочыў! «Лаві, лаві! Дзяржы, дзяржы!» — а ён і паехаў. Тут-тут пацалаваць яе, да,— гаворыць,— і паляцеў!

Ну, цяпер яна не ўрымсціць гэтага, што ён гэтакі. Аявіла паблікат, каб узноў з усяго царства што да душы кожан хадзяін быў. А сама на чацвёртым атажы ўжо села на вакне.

Ну, цяпер, з’езд стаў, едуць усе — дзесятнікі выганяюць, з’езд такі, што божа мой! Ну, едуць гэтыя ўжо браты.

— Вазьміце,— кажыць,— мяне з сабой. Хай я пагляджу гэтага дзіва!

— А дурань ты гэтакі-такі! Куды ты,— кажыць,— паспеў? Табе,— кажыць,— работы няма дома! От я табе,— кажыць,— работу дам!

Пайшоў, тры гарцы маку і тры гарцы зямлі і ўкучу змяшаў:

— Каб мне,— кажыць,— перабраны быў, пакуль я прыеду! — гаворыць.

Большы ўсё брат гэтак. А сам і паехаў. Ён тэй пясок сушыць на печы.

Цяпер ён ведаець, што блізка ўжо ўрэмя тое, ёсць ужо там сыборышча. Сычас злязаець з печы, каробку на плечы, мак у посцілку, у каробку, і пайшоў у лес. Прыходзіць на тэй луг, як свіснець, як крыкнець — прыбылі да яго лошадзі.

— Ну, чаго жалаеце?

— Ды,—гаворыць,— ці не ўрэмя нам ехаць?

Большы конь адказуець:

— Успеем,— гаворыць,— шчэ! Цяпер,— гаворыць,— павышы йна ўзлезла! І едзь ты,— гаворыць,— на сярэднім,— гаворыць,— кані! І тож,— кажыць,— блізка каля яе, да не вітайся з ей — успеем вітацца!

Так сычас ён лашадзей тых адправіў у чыстае поля, у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды, а сам сярэдняй лошадзі ў лева вуха ўлез, у права вылез і стаў каралевіч такі, што сыскаць няможна! Адзяянне чыста, што й сказаць няможна. Сеў і паехаў. Тож ехалі па месяцу, па паўтара месяца, а ён за паўтара часа стаў там. Як ляцеў, падняўся каля яе, каля самае ўжо каля палавіны — тут вітацца б ужо, ды не вітаўся,— і паехаў прама. Тут:

— Лаві-лаві! Лаві-лаві!

А ён і паляцеў! За паўтара часа назад звярнуўся. Ну, тут толькі як — і распусцілі зноў усіх,— як ён паляцеў, там з вакна яна саскочыла, і распусцілі ўсіх. А ён прыскочыў на сваё места, як свіснуў, як крыкнуў — прыскочылі тыя лошадзі. Ён у права вуха ўлез, у лева вылез — як быў ашарпаны, такі і стаў зноў. Ён тады кажыць:

— Лошадзі мае пралюбезныя! Ёсць жа ў мяне работа: тры гарцы маку і тры гарцы пяску, да ўкучы. Ці не маглі б мы мак так разабраць?

Цяпер большы лошадзь гаворыць:

— Ну,— гаворыць,— раздзірай на посцілкі свае торбы,— гаворыць,— пасцялі посцілкі на зямлі, высыпай,— гаворыць,— мак гэты на посцілкі.

Ён сычас высыпаў гэты мак на посцілкі. Лошадзі тыя ў ноздры як дунуць! Туды-сюды, туды-сюды, туды-сюды, мак тэй разабралі і пайшлі. Ён мак у каробку, грыбоў набраў і прыйшоў дамоў. Тры часы прамедліў толькі. Прыносіць грыбы гэтыя:

— Наце,— кажыць,— хай вам бог не паможыць! Дзень правёў, пакуль мак перабраў, во грыбоў назбіраў — вы ўсё кажаце, што нічога не ро**блю.

Прыязджаюць яго браты. Пачалі жонкам расказваць:

— Божа мой! Якія штукі там былі! Якое як, як ляталі, як што! Адзін,— кажыць,— царэвіч падняўся, тут-тут-тут пацалаваць! Да не! Падняўся,— кажыць,— і паляцеў пад небяса!

А дурань кажыць:

— Ох,— кажыць,— ці не быў і я там?

— Гэ! Ты дурань! Ці перабраў ты мак? — кажыць.— От я табе перабяру, калі ты не перабраў!

— Э,— кажыць,— павыбраў, хай табе вочы выберэць! А я павыбраў мак і грыбоў нанасіў!— кажыць.

Ну, цяпер, тут не доўга ждучы, сычас трэці паблікат: каб узнова збіраліся ўсе! А яна ўзлезла на пяты [а]таж на вакошка. Ну, й ім прыказ гэтакі цвёрды, каб усе былі, да душы каб былі, усе хадзяіны каб былі, усякі каб ішоў.

Просіцца ён у іх:

— Братцы,— кажыць,— вазьміце вы мяне раз! Хоць я дзіва гэтага пагляджу!

Большы брат кажыць:

— Агу! А вот я табе работы дам, калі табе работы няма!

Пайшоў, чатыры гарцы маку і чатыры гарцы пяску прынёс:

— На, перабяры! А то,— кажыць,— печы ўсё пілнуеш!

Ён на посцілку ўсыпаў да й пад голавы на печ, сушыць на печы.

Знаець ён тое ўрэмя, ведаець, што ёсць ужо там сыборышча. Сычас злезаець з печы, каробку на плечы, мак у посцілку, у каробку і пайшоў у лес. Прыходзіць на тэй луг, як свіснець, як крыкнець — прыбылі да яго лошадзі:

— Ну, чаго жалаеце?

— Ды,— гаворыць,— ці не ўрэмя нам ехаць?

Большая кажыць лошадзь:

— Урэмя,— кажыць,— мы цяпер усё ўрэмям здзелаем.

А яна [царэўна] узлезла на пяць атажоў на вакно ды й села. А ён каробку пад куст, а сам у лева вуха ўлез, у права вылез. Як вылез — быў царэвіч, а то ўжо ў свеце няма лепш яго ўжо. У вадзін час прыехаў туды. Як падняўся і павітаўся з ею і прыдзе**ржыўся. І яна яму пячатку прыклала: першую ў патыліцы, другую на лоб. Ён і паляцеў. Тут:

— Лаві! Лаві!

Да й некага лавіць — ён быў, да няма! Ну, цяпер, прыляцеў на места, у права вуха ўлез, у лева вылез — абярнуўся зноў такім паршывым, як і быў. Гаворыць:

— Лошадзі мае пралюбезныя! Есць жа,— гаворыць,— у нас работа: пяць гарцаў,— гаворыць,— маку і пяць гарцаў пяску: трэба нам яго перабраць.

Цяпер, большы лошадзь гаворыць:

— Ну,— гаворыць,— раздзірай на посцілкі свае торбы,— гаворыць,— пасцялі посцілкі на зямлі, высыпай,— гаворыць,— мак гэты на посцілкі!

Ён сычас высыпаў гэты мак на посцілкі. Лошадзі тыя ў ноздры як дунуць! Туды-сюды, туды-сюды, туды-сюды, мак тэй разабралі і пайшлі. Ён іх адпусціў.

— Лошадзі,— гаворыць,— пралюбезныя! Ідзіце ў зялёныя лугі, у сцідзеныя воды!

Узяў каробку, пайшоў у лес, грыбоў набраў. І здаў бабам грыбы гэты і мак. А сам ажыдаець братоў, на печы лежучы, мак у голавы. Прыязджаюць браты. Пачалі жонкам расказваць:

— Божа мой! Якія штукі там былі! Якое як, як ляталі, як што! Адзін,— кажыць,— царэвіч падняўся і павітаўся з ею. А яна яму пячатку прыклала.

А дурань кажыць:

— Ох,— кажыць,— ці не быў і я там?

— Гэ! Ты дурань! Дзе табе быць? Ці перабраў ты мак?— кажыць.— От я табе перабяру, калі ты не перабраў!

— Э,— кажыць,— павыбраў, хай табе вочы выберэць! А я павыбраў мак і грыбоў нанасіў!— кажыць.

Гэта ім дзіва, што як ён выбраў мак гэты:

— Ну, дось з цябе работы стала, відаць!

Ну, цяпер, гэта царэўна пусціла паблікат, каб к ей явіўся гэты жаніх яе. Перва-наперва зазвала з панства, з большых памешчыкаў, вобыск пусціла. Абгледзела — няма яго. І розыск распусціла назад гэтых. Цяпер з шляхтаў, а после з купцоў, з мужыкоў, з усякіх-усякіх — шукала йна ўсіх. Цяпер з нішчых, дзе які ні быў, ды каб сабраныя былі ўсе. Усе ўбогія пасабіраліся — якія б сабе ні было,— дурныя, якіх-якіх толькі, абы б толькі чалавек, дак усіх сабіралі.

— Ну,— кажыць,— браты, тады я прасіў, каб вы мяне ўзялі, а цяпер я й без вас пайду! Можа, йна і ка мне ці не прызнаецца! — кажыць.

Узяў жалейку ў рукі, марш і пайшоў. Прыходзіць у чыстае поле, у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды. Як крыкнуў, як свіснуў багатырскім голасам, маладзецкім посвістам — прыбылі да яго лошадзі ўсе тры:

— Ах, лошадзі мае пралюбезныя! Сабіраюць усіх туды, і нішчых, ці не можна б і нам туды дастацца?

А большы лошадзь атвяшчаець:

— Цяпер табе трэба ехаць на меншым лошадзю! І ты,— гаворыць,— не ўбірайся ніяк.

А меншаму лошадзю кажыць:

— Ах,— кажыць,— брат мой любезны, падвязі яго пад такую і такую ізобку, пад лазеньку3 — там лазенька стаяла недалёка ад дварца, за вярсту, — падвязі пад лазеньку і кінь там!

А яму гаворыць:

— А ты,— гаворыць,— узлезь на цапкі4, ногі на грады і іграй у жалейку! Цябе,— гаворыць,— найдуць тамацькі.

Ён сеў на каня і паехаў, прыехаў пад лазеньку, увайшоў у яе, узлез на цапкі, лёг на цапкі, ногі на грады, пад столь. Іграець у жалейку. А сам каравы, паршывы — страшна глядзець на яго! Сахронь божа! Здаецца, няможна б было пашчытаць яго за чалавека! Ну, яна цяпер усіх гэтых нішчых перагледзела сама з дзеўкай. Няма яе жаніха! Тады гаворыць там які ўбогі, напрымер, дзеўцы расказуець:

— Вот,— кажыць,— у лазні там іграець нейкі, так у свеце няма такія музыкі, як там у лазні!

Дзеўка гэта атвячаець ёй [царэўне], што, гаворыць, у лазні ляжыць на цапках, іграець у жалейку, у свеце не чуць такея музыкі, як ён.

Яна сама марш з дзеўкай у лазню ў гэту. Адчыніла — гэтак іграець прыгожа, што сахронь божа! Няможна ўцерпець, здаецца! Ухапіла, залабіцу яму падняла — тут пячатка яе, і тут яе. Зняла яго адтуль, вядзець за руку к бацьку ўжо. Ён зробіўся такім дурным:

— Не пайду,— упіраецца, не йдзець!

А яна яго вядзець — абшарпаны, абодраны,— божа ратуй! Няможна на яго глядзець. Бацька ўзяў пляваць на яе!

— Ну,— кажыць,— татулька, як сабе хочаце, а гэта,— гаворыць,— мой.

Ну, цяпер, у яго былі, у гэтага цара, шчэ дзве дачкі замужніх, да то былі за віншых царыкоў паддаваны, напрымер. Ну, узыскаў ён гэтых царыкоў на вяселле ўжо — гэта дачка жэніцца ўжо з гэтым. Цяпер ён пры старасці лет.

— І вот,— гаворыць,— зяці мае пралюбезныя: ёсць у каторым-та царстве, у каторым-та гасударстве свінка — залатая спінка, носам арэць, а нагамі барануець, і ззаду хлеб расцець за ей — можна самому цару есці. Каторы,— кажыць,— застанець яе і прывядзець гэту свінку, так таму,— гаворыць,— усё царства апішу!

Ну, цяпер, гэтыя царыкі абодвы гэты:

— Ну, што,— гавораць,— трэба ехаць. Бацькі трэба слухаць! А бог ведаець, дзе яна, у каторым царстве тая свінка!

Цяпер і яна на яго — гэты зяці ўвабраліся, узялі сабе войску, музыку — марш і паехалі па свінку па гэту. А яна на яго:

— Ну, што ж,— кажыць,— ці не з’ездзіў ба ты, ці не дастаў ба?

— Што ты?— кажыць.— Барані божа, куды я паеду? Няхай яны едуць, прывязуць свінку! Выдумалі што — свінку нейкую, ідзе яе возьмеш? Я,— кажыць,— ні за што не паеду, барані божа!

Яна і заплакала. Падаждаўшы так, з паўгода можа прапусціў, тады ўздумаў:

— Душка,— кажыць,— душка! Схадзі ты,— кажыць,— к бацьку, вадапойныя кабылкі папрасі, паеду,— кажыць,— і я за свінкай!

— Дурань ты,— кажыць,— дурань! Тэя ўжо можа вязуць, а ты ўздумаў ехаць!

— Няхай сабе,— кажыць,— вязуць! Схадзі-тка ты,— гаворыць,— к бацьку. А не дасць, дак я пяшком пайду!

Цяпер, яна пайшла к бацьку:

— Татулька,— кажыць,— просіць мой дурань хоць вадапойныя кабылкі: хочыць і ён ехаць!

— Э,— кажыць,— уздумаў! Ну, ды схадзі,— кажыць,— на стайню, няхай дадуць хурманы якога яму каня там!

Прывялі яму якую там кабылёшку. Ён выйшаў з пакою, к галаве сеў плячмі, а хвост у рукі, ды ладоняй па заду, па заду! Б’е тую кабылёшку. І паехаў.

— Во,— кажуць,— дурань па-дурному і ездзіць!

Выехаў дзе ў алешнік тамацькі, саскочыў з гэтага каня, ухапіў за хвост, як траханець — косці вытрас:

— Сарокі, вароны!— гаворыць.— Вам свежае мяса, а табе, кусця, вешная накрыўка!

А тады як крыкнуў багатырскім голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — прыбылі да яго лошадзі.

— Ах,— гаворыць,— лошадзі мае пралюбезныя! У каторым-та царстве, у каторым-та гасударстве ёсць свінка — залатая спінка, носам арэць, нагамі барануець, а ззаду хлеб расцець — можна самому цару есці! Ці не можам мы,— гаворыць,— яе застаць?

Цяпер лошадзь большы атвячаець:

— Зачым,— гаворыць,— цар наш найяснейшы? Можам,— гаворыць,— застаць. І едзь ты,— гаворыць,— на меншай лошадзі!

І даў яму лошадзь, едвабны шнурок і кожаны бізун і гаворыць на лошадзя:

— Ты дратуй яе нагамі, а ты сячы яе бізуном, пакуль яна здасца вам!

Цяпер ён у лева вуха ўлез, а ў права вылез і здзелаўся такім каралевічам, што і сказаць няможна. Сеў на каня і паляцеў. І прамінуў ён іх у паўдарогі шчэ.

Як прыляцеў, ажно гэта свінка носам арэць, нагамі барануець.Ён напаў на яе, як узяў яе сеч, як узяў яе сеч! Конь капытамі, а ён бізуном. Свінка гэта:

— Ах,— кажыць,— заморскі чалавек, што ты з мяне хочаш? — гаворыць.— За што ты мяне стаў так забіваць? — гаворыць.

— Здайся,— гаворыць,— свінка, бо ўб’ю цябе, не пушчу цябе жывое!

Датуль яе біў, пакуль яна здалась. Тады сеў, на едвабны шнур зачапіў і вядзець яе. Сычас чуець ён, што яны гэта едуць ужо туды. Ён з дарогі ў бок з’ехаў, у права вуха ўлез, у лева вылез — абярнуўся зноў паршывым такім, як і быў. Цяпер ён, значыцца, абярнуўся такім самым, у лахмоцці ў такім, як і быў, гэты дурань, свінку гэту прывязаў на едвабным шнуру, свінка гэта сваім парадкам ўзяла работаць зямлю гэта: носам арэць, нагамі барануець, ззаду хлеб расцець і паспяваець — самому цару можна есць яго. А ён цеплушко** расклаў у гэтых дубках ды ў жалейку іграець, на баку ляжыць. Ажно наехалі гэтыя швагры яго і з сваім войскам і ўвідзелі гэта: у дубках у гэтых цяпло гарыць. Цяпер яны пасылаюць лакея:

— А ідзі,— гавораць,— паглядзі, што-та за [а]гонь гарыць там, у дубках у гэтых? — гавораць.— Трубачку закуры і ідзі і распытайся, хто там такі гэта?

Цяпер гэты лакей прыходзіць і ўзнаў яго. Свінка прывязана, а ён на баку ляжыць, у жалейку іграець. Лакей гэты прыходзіць к ім:

— Што там за [а]гонь?

— Да,— гаворыць,— наш дурань вядзець гэту свінку ўжо!

— Як можна быць? — гавораць.— Пойдзем мы,— гавораць,— паглядзім. Альбо мы,— гаворыць,— па чэсці як у яго выпрасім, альбо мы яе адбяром у яго!

Прыходзяць к яму:

— Здрастуй, швагра!

— Здаровы, — гаворыць.

— Ці ты ўжо,— гаворыць,— свінку вядзеш?

— А вяду,— кажыць.— Я [а]дну сабе,— кажыць,— узяў, а там,— кажыць,— многа свінак ходзіць яшчэ. Едзьце і вы, вазьміце сабе!

— Да не,— кажыць,— што ты ўрош, швагра, яна там,— гаворыць,— адна такая была! Ну, што,— гаворыць,— швагра, аддай нам свінку!

— А не,— кажыць,— вы сабе з'ездзіце, другую возьмеце сабе! А я гэту павяду к бацьку. Ці ўсё ж,— кажыць,— вам: і я павяду к бацьку!

Цяпер ён думаў, думаў, што тут здзелаць? Просяць не дай бог як: мы табе тое дадзім, мы табе тое! Потым таго, гаворыць:

— Ах, бог з вамі! — гаворыць. — Калі адрэжаце мне на назе па палцу па медным, дак вазьміце сабе!

Яны гэта думалі, думалі, узялі што здумалі: свае дахтары, сваё ўсё — нічога!— думаюць.

Узялі адрэзалі па палцу.

— Ну,— гаворыць,— бярыце, вядзіце!

Узялі, павялі свінку. А сам ён астаўся ля гнюшка ля таго. Пасядзеў ці паляжаў ён колькі там, адвялі яны ад яго можыць вярсту, можыць болі, тады ён як свіснець на лошадзь — прыскочыла к яму лошадзь. Ён у вадзін час дома стаў. Яны ехалі паўгода, а ён за тры дні справіўся. Прыехаў дамоў, лошадзь пусціў у зялёныя лугі, у сцідзёныя воды, а сам ідзець, у жалейку іграець.

— Вот,— кажыць,— дурань! Каня, — кажыць,— нейдзе спратаў і ідзець, і свінкі не вядзець, і іграець у жалейку!

Жонка пытаецца яго, гаворыць:

— Дзе ж ты быў, дзе ты лошадзь дзеў?— гаворыць.

— А што? — кажыць.— Я ехаў, ехаў, лошадзь упала, дак я і кінуў яе; прапала, дак я і вярнуўся. Ці мне пяшком ісці?

Ажыдаець ён ужо тых. Жонка плачыць:

— От,— кажыць,— і хваліся мне бацьку табою! Выпрасіла,— кажыць,— у бацькі лошадзь, і ты паехаў, і лошадзь прапала нейдзе! А тыя свінку прывядуць, і бацька царства ім апішыць, а нам нейдзе будзець — хоць ты па кускох ідзі! — гаворыць.

— Ну, няхай сабе, і нам нейдзе будзець места!

От, тыя прыводзяць яны месяцы цераз два ўжо свінку. І такея радасці там, божа сахрані! Сярод дзядзінцу прывязалі, перад пакоем, свінка тая работаець сваім парадкам. Ну, сычас радасці такея; тут гэта цар справіў вечарынку, напрымер: зяці прывялі, значыцца, свінку. І гэта, значыцца, пазбіраліся госці, прочыя каралі, глядзець свінку, што то такое.

Ну, цяпер, гаворыць:

— Ну што, зяці мае пралюбезныя! — гаворыць.— Есць у каторым царстве, у каторым гасударстве,— гаворыць,— кабыліца з дванаццацьмі жарабцамі. Яна ходзіць і замузда**на, закілза**на, і пад сядлом. І дванаццаць жарабцоў ля яе! Калі тую,— гаворыць,— кабыліцу ўловіце і прыведзяцё ка мне — ваша царства! Я толькі буду з кавалка хлеба ў вас сядзець!

Яны-то муляцца, самі з сабой гавораць:

— А што,— кажыць,— дурань,— кажыць,— і гэта дастанець! От бяда,—кажыць. — Ну, што, — кажыць, — дзелаць! Застанець, будзем узноў прасіць у яго — ці па чэсці,— гавораць,— ці па сэрцу, а ўсё неяк дастанем у яго!

Ну, сычас адпраўляюцца яны зноў. Пабольш войска з сабой узялі. А гэта дужа далёка, нязвесна, у каторым царстве. На цэлы год забіраюцца. Тады жонка:

— Што ты,— кажыць,— ведаеш? Ці не з’ездзіў бы ты па кабыліцу па гэту?

— Гэ! Божа сахрані! Як мне,— кажыць,— ехаць? Ці ў мяне конь ёсць, ці ў мяне войска? Куды мне ехаць?

Тоя-сёя пачаў. Ён абаждаў таго, после таго месяца паўтара.

— Душка,— кажыць,— душка! Схадзі к бацьку! — кажыць.

— Чаго?

— Папрасі,— кажыць, — вадапойныя кабылкі! З’езджу і я па кабыліцу!

— Дурань ты, дурань! Яны ж нейдзе вядуць ужо!

— А, вядуць! Добра, устрэну на дарозе, дак і я вярнуся, калі вядуць!

Цяпер яна не хочыць ісці к бацьку. Нацяўся на тое, што схадзі!

— Да мне,— кажыць,— страмна за цябе хадзіць, дзеставаць: апяць прападзець кабыла!

— Ну,— кажыць,— схадзі!

Прыходзіць:

— Татулечка! Дай,— кажыць,— ізноў кабылу якую, хоць вадапойную: хочыць ехаць мой дурань па кабыліцу!

Ну, ён толькі насмяяўся з гэтага.

— А схадзі,— кажыць,— хай дадуць яму якога там каня! Няхай,— кажыць,— папробуець ехаць! Яшчэ,— кажыць,— звядзець нейдзе здохнець, назад прыйдзець пяшком!

Сычас хурманом сказала, асядлалі яму лошадзь і вядуць пад ганак. Ён гэта ўссеў на галаву плячмі, а за хвост рукамі ўзяўся, і лошадзь гэту па заду рукамі! І пае-е-е-хаў за вароты.

— От,— кажыць,— дурань! Па-дурному і ездзіць.

Ён выехаў у дубкі, з гэтыя лошадзі саскочыў. За хвост! Косці вытрас.

— Сарокі, вароны! Вам свежае мяса! А табе, кусця, вешнае пакрывала!

А сам як крыкнець багатырскім голасам! Свіснець маладзецкім посвістам — аяўляюцца к яму лошадзі.

— Лошадзі мае пралюбезныя! Ёсць у каторым-та царстве, у каторым-та гасударстве кабыліца з дванаццацьмі жарэбчыкамі. І замуздана, закілзана, і пад сядлом. Ці не магом мы яе застаць?

Большы лошадзь атвячаець яму, гаворыць:

— А з чым жа ты,— гаворыць,— па яе едзеш? Гэта ж кабыліца — наша родна матка! І нас,— гаворыць,— тры адлучана ад яе, а дзевяць жарабцоў пры ей-то!

І гаворыць:

— Вярнісь ты, папрасі ў свайго, жану сваю папрасі, каб яна спрасіла ў бацькі дзядоўскага бязмена! — гаворыць. А той бязмен пудоў трыццаць! — ехаць па кабыліцу ўжо па тую.

Вярнуўся ён дамоў:

— Душка,— кажыць,— душка! Схадзі ты,— кажыць,— к бацьку, папрасі дзядоўскага бязмена!

Гэты цар і засмяяўся з гэтага, што ён, кажыць, кабылу заб'ець там тую дзядоўскім бязменам. І ён, дурань, яго не падзействуець.

— А,— гаворыць,— няхай прыйдзець возьмець, калі яму трэба дзядоўскі бязмен!

Сычас, дзе-то ён там ляжыць у клеці, бязмен гэты.

— А вот,— гаворыць,— падзі вазьмі, калі табе трэба!

Ён сычас пайшоў, добры маладзец, ухапіў на руку і ўзяў з ім папірацца, заместа ляскі. Цяпер цар гэты атвяшчаець:

— Ну, ні ў ком ты лашадзей папрыбіраў маіх, ажно ты нічога малец!

Прыбыў ён к сваім лашадзям. Лошадзь большая атвяшчаець:

— Ну,— гаворыць,— садзісь,— гаворыць,— ты на мяне і сматры,— гаворыць,— як прыедзем мы к ей, к кабыліцы, дак яна даўно,— гаворыць,— мяне відзела, дак яна з радасці,— гаворыць,— можыць з’есці нас! Яна,— кажыць,— і закілзана і замуздана,— гаворыць,— уся збруя пры ей; ходзіць трыццаць тры гады з дзевяцімі жарабцамі, а нас тры адлучана ад яе. Дак ты,— гаворыць,— я як буду ляцець, дак поплеч стану з ей, яна станець нюхацца са мной, а ты як-небудзь хватайся,— гаворыць,— садзісь на яе! Як толькі ўскочыш на яе, так яе бязменам і лупі межы вуш! Датуль яе лупі, пакуль яна табе здасца. Яна,— гаворыць,— панясець цябе пад небяса, а ты ўсё лупі яе, пакуль здасца. А я буду прасіць: «Матушка, здайся, а то,— гаворыць,— заб’ець цябе!...»

Ну, так і стала. Ён як ускочыў на яе, падняла яго пад небяса! А ён яе хвошчыць.

— Ах,— гаворыць,— які гэта ўссеў на мяне!— гаворыць. Трыццаць тры гады езджу, ніхто не садзіўсь на мяне. Які гэта?

А ён просіць, лошадзь гэты:

— Матушка, здайся,— гаворыць,— а то заб’ець.

— Ну,— гаворыць,— стой, Іван Іванавіч, не бі мяне!

Яна ўжо яго назвала Іван Іванавіч.

— Хадзіла,— гаворыць,— па волі, а цяпер буду пад няволяй!

Ён цяпер едзець на кабыліцы на гэтай, а дзевяць жарабцоў ідуць услед за імі, а яго лошадзь дзесятая. Едзець ён, ажно чуець — едуць гэта швагры яго па кабыліцу па гэту. Ён сваю лошадзь пусціў у чыстыя лугі, зялёныя травы з’ядаць, а гэту кабыліцу прывязаў. Ажно сычас яны пасылаюць лакея — увідзелі дымок: ён расклаў дымок і сядзіць ля кабыліцы ля тыя.

— Ідзі,— гаворыць,— паглядзі,— на лакея,— непрыменна гэта дурань вядзець кабылу ўжо!

Лакей гэты падходзіць:

— Пазвольце,— гаворыць,— піпачку закурыць!

— Ізволь,— гаворыць,— пакур!

Узяў цяпла і пайшоў ад яго. Прыходзіць.

— А што?— гавораць.

— Да што,— гаворыць,— вядзець кабыліцу і дзевяць жарабцоў ля кабыліцы!

— А ля яе ж было дванаццаць жарабцоў?

— Нету! — гаворыць.— Толькі дзевяць, а дзесятая кабыліца!

— Ну што,— гаворыць,— пойдзем?

— Пойдзем ужо прасіць яго, на вошта сойдземся? — гавораць.

Прыходзяць к яму:

— Здрастуй, швагра!

— Здароў, швагры!

— Ці ты ўжо кабылу вядзеш?— гавораць.

— А,— каець,— я сабе ўзяў,— каець.— Там многа коней ёсць,— каець,— ходзяць. Я сабе кабылу ўзяў, дзевяць жарабцоў за ей ідзець!

— А ну, швагра,— гавораць,— дось табе смяяцца з нас!

Ён ім атвяшчаець:

— Што ж,— гаворыць,— за смех? Пры той жа кабыле дванаццаць жарабцоў, а я толькі— каець,— узяў з дзевяцьмі жарабцамі. Дак тая кабыліца нейдзе там яшчэ ваша!

— Ну, шваграчка!— гавораць. — Хай тая там будзець, а ты нам спусці гэту.

Ён гэта думаў, думаў, просяць дужа яго крэпка.

— Ну,— гаворыць,— адрэжу я па палцу на руцэ, па медзянам, да й бярыце сабе!

Яны гэта абдумаліся:

— Ну што,— гавораць,— у нас свае дахтары, сваё зелле, усё сваё — сычас гэта ўслед загоіцца! Што нам гэта? — каець.— Адрэжам!

Адрэзалі па палцу. Ён гэты палцы пазбіраў і ў каліту. У каліту ўлажыў, а ім кабылу аддаў. І павялі яны ад яго.

— Ну,— каець,— швагра, паедзем разам!

— А я,— гаворыць,— вам не таварыш; вы мяне адтуль не водзіце і адгэтуль не паведзяцё!

[У]зялі ад яго кабылу і павялі гэту. Ён часы два прамедліў там, пасля прызваў сва[й]го лошадзя, ускочыў на лошадзя і прыляцеў дамоў: чацвёра сутак ён прамедліў. Ідзець, бязмен на плячах нясець, у жалейку іграець, і ідзець сабе па двару па царскім. Яна сустракаець яго:

— Дзе ж ты,— каець,— лошадзя дзеў, дурань ты?

— А што ж,— гаворыць,— ляску сваю,— гаворыць,— вёз і сам уссеў, дак яна й прапала! — гаворыць.— Вярнуўся я! Куды ж я,— гаворыць,— пяшком пайду?

От так яна ўзнова ў голас. А ён сабе гэтак сама на ложку, жалейку ў рукі, іграець сабе.

— От, толькі,— гаворыць,— ты на гэта!

Цяпер, цераз месяц прыводзяць тыя кабылу і дзевяць жарабцоў ля яе. Гэтакія радасці, музыка тут ідзець за гэтай кабыліцай, іграець тут! З'езд гэтакі сматрэць гэтых лашадзей, што прывялі! Бог знаець, якая лошадзь. Сабралося прочых каралёў! І будзець гэты цар апісваць царства сваё ўсё зяцём сваім гэтым.

— Ну, што,— гаворыць,— зяці, я [а]бдумаўся!— гаворыць.— Ёсць то,— каець,— у каторым царстве, у каторым гасударстве стаіць,— гаворыць,— леў ля студні, ля калодзезя па-простаму, прыбіты на дванаццаць ланцугоў. А яму пастаянна як дзень, так ноч шэсць чалавек ваду ллюць з студні. А ён п'ець услед як дзень, як ноч. І ўсе з свае нпэрыі балесці сцягуець і з народу, і з скату. Вочань крэпка там здаровы і скот і народ. Калі,— гаворыць,— вы гэтага лева ўкрадзеце адтуль і прыведзяцё мне,— гаворыць,— усё ваша! — гаворыць.— Усё царства ваша! І я,— гаворыць,— буду на ласка**вым хлебе тады ўжо сядзець у вас!

Ну, што ж? Яны абдумалісь гэта:

— Пакуль мы даедзем, дак дурань ужо будзець весці. А мы,— гавораць,— як-небудзь у яго вымарачым!

Так яны ўзгарачыліся.

— Ну,— гавораць,— застанем! Як-як, а застанем,— гавораць,— і лева ўжо.

Забралі войска пабольшы з сабой і музыку, зайгралі з двара і паехалі. Цяпер жана к яму гаворыць:

— Ах, дурак, дурак, што з цябе будзець? Толькі,— гаворыць,— ляжыш,— гаворыць,— у жалейку іграеш! От яны прывядуць лева,— гаворыць,— і ўсё,— каець,— царства застанецца ім, а мы з табой па кускох пойдзем!

— Ах,— каець,— душка, душка! Ці па кускох людзі не ходзяць? А ўсё ж такі хлеб ядуць! — каець.

Ну, яна на гэтым і астанавілась. Цяпер ён, падаждаўшы месяца паўтара ці два там, надзеецца, што яны ўжо пад’язджаюць блізка к леву к гэтаму, і гаворыць:

— Душка! Схадзі-тка к бацьку, папрасі зноў мне кабылёшкі вадапойныя, папрабую зноў ехаць па лева.

— Я не пайду,— каець,— болей прасіць і бацькі нарушаць,— каець.— Калі хочаш,— каець,— ідзі пяшком!

— Ну,— гаворыць,— прашчай жа! А ўжо ж пайду хоць пяшком!

Папрашчаўся з жаной і пайшоў. Адышоўся ён сколькі тамацькі, тады дзе яму там выпадалася, прызваў сваіх лашадзей к сабе, усіх трох на раду. Большы лошадзь атвяшчаець ды сярэдняй лошадзі ўжо раіць, як што дзелаць:

— Едзьце вы,— гаворыць.— Як пад’едзеце блізка пад яго, так,— гаворыць,— няхай ён у лева вуха ўлезець, а ў права вылезець. Абернецца ён,— гаворыць,— асілкам і чыста [а]дзежа на ём купечацкая,— каець.— Каня астаў у лугах, а сам пешшу ідзі. [Я]к прыйдзеш ты к гэтай студні, к леву к гэтаму, так ты сычас нанімайся ў гэтага цара адзін спайваць гэтага лева. І гэты леў знаець, аб чом ты прыйшоў. І гэты цар цябе наймець; патаму ён наймець, што ў яго дванаццаць чалавек выходзіць у суткі толькі ваду ліць — дзве перамены. А ты наймешся адзін, дык ён табе дужа дорага будзець у год плаціць. І патом таго ўначы нара**дзішся з левам, як што дзелаць, леў табе нара**дзіць!

Ён сычас і паехаў. Лошадзь пусціў у поле, сам прыходзіць к студні, к леву к гэтаму:

— Здрастуй,— гаворыць,— рабяты!

— Здароў, здароў,— гавораць.

— Ну, што ж,— гаворыць,— рабяты, што вас шэсць чалавек наліваеце гэта ваду ўсё?

— Да нас,— каець,— дзве перамены. І заўсёды,— гавораць,— усё дванаццаць чалавек у суткі выходзіць.

— А я ж,— гаворыць,— аб’явіце,— гаворыць,— свайму цару: я адзін змоўлюсь паіць яго.

— Да,— гавораць.— Да нічога не здзелаеш адзін!

— Да, брат, не ваша дзела!— гаворыць.— Я адзін саглашусь!

Там сычас гэты начальнік пайшоў і аб’явіў гэта цару. Гэты цар із мілай ахвотай: што выходзіць работнікаў, а то адзін!

Зняў з яго пробу: выпрабуем дні два, тады будзем змову дзелаць! Ён сычас і ўзяў з паўдня гэта дзела дзелаць. Ілле з гэтага калодзезя ваду. І леў гэты не мог зпіць вады тыя. Упраўляюшчы гэты пайшоў к цару і гаворыць:

— Не ўправіцца,— каець,— леў піць, як ён работаець!

Так сычас астанавіліся яны нанач. Астанавіліся і згаварыліся з гэтым левам. Гаворыць:

— У маім царстве лаўчэй будзець, будзець табе выгада лучча!

Так гэты леў і здаўся.

— А што ж ты зробіш? — гаворыць.— Віць ты мяне не адарвеш адгэтуль! — каець.— Лезь ты ў маё ў левае вуха, а правае вылезеш, абернешся ты багатырскай мухай!

І гэта дзеялася ў дванаццатым часу, у поўнач.

— І ляці ты,— каець,— у пакой. Адчыняць лакеі пакой, і,— каець,— там пад ложкам ляжыць дзядоўскі,— каець,— молат. Ты,— каець,— гэты молат ухапі і тахці яго,— гаворыць,— сюды! Толькі не зачапісь нідзе там, як будзеш несці сюды!

Ён так і здзелаў. Сычас абярнуўся мухай і ўляцеў у пакой. Так сычас цар угадаў:

— Ах,— каець,— сычас нейдзе,— каець,— багатырская муха зазвінела,— каець.

А ён сычас пад ложак сеў, муха гэта. Патом таго, як ухапіў ён гэты молат, лакеі пакой адчынілі: вячэру давалі. Як ухапіў молат гэты з-пад ложка, як зачапіўся за што там, за сухвет — і заваліўся ўвесь палац гэты, і пабіў усіх там. Прынёс к гэтаму к леву, у права вуха ўлез, у лева вылез — абярнуўся малайцом, чыстым такім, што... Ухапіў, ланцугі па[а]дбіваў, лошадзь сваю гукнуў к сабе, ускочыў на лошадзь і паехаў у сваю старану. І лева павёў. Цяпер ён знаець тое, што недалёка едуць швагры яго ўжо па лева. Ён тады лошадзь пусціў у поле, цяплушко расклаў, лева прывязаў на ланцугу, а сам на баку лёг і граець у жалейку. Едуць яго швагры, увідзелі гэты дым.

— А от, якраз,— кажуць,— лева вядзець дурак наш!

На лакея гавораць:

— Ідзі, закуры трубку,— гавораць,— пасматры: непрыменна ён вядзець лева!

Лакей гэты прыходзіць:

— Здрастуй, царэвіч,— гаворыць.

— Здароў,— гаворыць,— здароў!

— Пазвольце,— гаворыць,— цяплушка ўзяць, піпачку закурыць?

— А можна,— гаворыць,— за [а]гонь,— гаворыць,— ніхто грошай не бярэць!

Ён сычас, цяпер, прыходзіць лакей гэты:

— Вядзець,— гаворыць,— дурак лева ўжо!

Ну, радзіць-радзіць:

— Пойдзем,— каець,— прасіць, можыць як выпрасім? Ну, што,— гавораць,— здрастуй, швагра!

— Здаровы,— гаворыць,— швагры, здаровы!

— Ці ты ўжо,— гавораць,— вядзеш лева?

— А я,— каець,— свайго ўзяў! А там,— гаворыць,— ёсць болі, і вам будзець!— гаворыць.

— Ай,— гавораць,— швагра, швагра! Дось табе шуціць каля нас!

— Да ну,— гаворыць,— якія шуткі!

— Ну, швагра! Аддай нам і гэта ўжо!

— О,— каець,— усё вам да вам! Няхай жа я хоць адну вешч прывязу к бацьку!

— Ну, што хочаш, швагра, а нам яго спусці.

— А,— каець,— што із вамі робіць? Калі на спіне выражаце па паласе кожы ад шыі да пят, на вяршок, дак,— каець,— вазьміце сабе.

Яны гэта думалі-думалі, думалі-думалі!

— А, хай рэжыць!— гавораць.— Свае дахтары, залечым як-небудзь! Сваё ўсё!

Ён узяў — далі яму — узяў і выдраў па паласе ў абодвых. Скруціў у трубачку, уклаў у каліту ў сваю. Лева адчапіў з ланцугом, аддаў ім на рукі:

— Вядзіце,— каець.

А сам астаўся там. Адвялі ад яго лева гэтага, можыць, вярсты дзве ці тры, тады лошадзь прызваў, ускочыў і паехаў на лошадзі. Пад’язджаець — з лошадзі, сваё адзенне надзеў, што ад жаны адходзіў, ідзець цераз двор, у жалейку іграець!

— О,— каець,— дурань ужо ідзець! За тры дні па лева схадзіў. І куды,— каець,— папінацца ўжо, пяшком хадзіць! Каня,— каець,— не далі яму!

А жана плачыць:

— От,— каець,— пустасмешнік ты: толькі,— каець,— смяюцца людзі каля цябе! Із тваёй,— каець,— работы!

— Ну што,— гаворыць,— хай смяюцца! Не ўсім жа,— каець,— плакаць: каму трэба смяяцца, каму трэба плакаць!

— А от жа,— каець,— ацец ім царства папішыць, а нам і не будзець нічога!

— А хай,— каець,— усё ж і на нас успомніць! Кавалак які зямлі дасць!

— А толькі,— каець,— ты на гэта,— каець,— і адбаеш!

От, сычас тут, цераз месяц вядуць лева з музыкай. І тут радасці такія сустракаюць іх тут. Божа! Сабралася тут народу, купцоў тут, з усіх — [г]лядзець гэтага дзіва, які ён, гэты леў, звер. І справіў гэты цар баль. І трэба ўжо апісваць сваім зяцем царства яго. Па канчанні гэтай балі — апіска ўжо. Цяпер ён, цар, на дачку каець:

— Схадзі ты па свайго дурня,— каець,— чаму ён не йдзець?

А ён к ім не йдзець, ён у сваёй комлаце. Прыходзіць.

— Ну, чаго ты?— каець.— Ішоў ба ты паслухаў рашчоту, як там на яком ты суснаванні будзеш жыць?

Пайшоў ён, за печ залез да й стаіць за печчу. О, цяпер на іх:

— Ну,— каець,— зяці, сабірайцеся! — гаворыць.— От,—гаворыць,— я ў вас застаюсь на ласкавым хлебе жыць, а вам здаю ўсё сваё царства!

А ён атвяшчаець:

— А мне, што, татулька, будзець?

— А табе? Што ж табе будзець? Нічога табе не будзець! За печчу не зарабляюць,— каець.— Хто трудзіцца на свеце,— каець,— тэй тое і маець!

Ён тады:

— А якія іх,— гаворыць,— татулька, труды? Паглядзі,— каець,— татулька, ці ёсць у іх на нагах па палцу за свінку,— каець.

Сычас сапагі далоў здзелі, пасматра**ць — ажно ў іх няма па палцу. А ён тады з каліты шавэль-шавэль! Палцы тыя выняў...

— Во, гэта,— каець,— аднаго палец, а гэта другога. Цяпер,— каець,— тата па[г]лядзі ў іх за кабыліцу, ці ёсць у іх на руцэ палцы?

Выняў тыя палцы:

— У гэта,— гаворыць,— аднаго палец, у гэта другога — за кабылу. От,— каець,— татулька, па[г]лядзі, ці ёсць у іх спіны,— каець,— за лева, як яны лева засталі!

Тады выняў гэтыя кружнікі, скуру, папрыкладалі к іх спінам — іх скура!

— А што ж яны,— каець,— татулька, прывялі яны кабыліцу. У яе ж доўжна быць дванаццаць жарабцоў, а яны прывялі толькі дзевяць. А дзе ж тры яшчэ? А тры,— гаворыць,— у мяне!

Тады як выйшаў на двор, як крыкнуў, як свіснуў — прыбылі да яго лошадзі ўсе тры. І спусціў ён укучу ўсіх лашадзей гэтых. Гэтыя лошадзі — такея радасці, што сышліся ўкучу ўсе — нюхаюцца! І аднае шэрсці, аднаго росту, аднаго лоску — усё. Тады гэты цар за іх гэтыя ўхваткі, за гэтаку боль узяў іх на конскія хвасты папрывязаў і на кавалкі разадраў па чыстаму полю. А гэтаму ўсё царства сваё папісаў. І цяпер ён жывець там. І казцы гэтай канец.

1 Грады — падвешаныя да сцяны жэрдкі, на якія вешаюць цыбулю, бялізну, розныя рэчы.

2 Паблікат – тут у значэнні загад, распараджэнне.

3 Лазенька – тут хутчэй за ўсё лазня для сушкі ільну.

4 Цапкі – жэрдкі ў лазні, якія можна састаўляць разам. На іх ставілі снапы для прасушкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 411-432
Крыніца: скан