epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Тры сыны

Жыў адзін стары. Было ў яго тры сыны. Ну, ён ужо сам стаў стары, слабы. Тады будзіць гаварыць сынам:

— Мае сыночкі, раздзялю я вас, пакуль я жыў, а то пасля маёй смерці будзеце дзяліцца, будзеце сварыцца.

Ну і раздзяліў каму што прыйшлося, каждаму часць. Аднаму, другому, трэцяму. Гэтыя двое сталі работаць на хазяйстве, а трэці будзіць думаць:

— Ай, нашто мне гэта хазяйства, прадам я сваю часць, пайду ў свет.

Вот ён прадаў сваю часць, што яму прыйшлося, бацька што яму назначыў, купіў карты. Карты ў запазуху, грошы ў карман і пайшоў на свет. Вот ідзець, ідзець дарогаю, ідзець без дарог. Прыходзіць, дарога перакрэслівая — стаіць крэст, на ім такі Язусік распяты. Тады ён падышоў, будзіць казаць:

— Бог, будзем у карты гуляць.

А ён жа не гаворыць. Вот узяў разлажыў карты, дастаў грошы. Яму кучу грошай, сабе кучу грошай. Раздаў карты. Падыміць яго карту, падыміць сваю. Ну й так іграў, іграў і прайграў усе грошы. Ён узяў ссунуў у кучку, карты ў запазуху і пайшоў у дарогу яшчэ. Ідзець, ідзець дарогай, ідзець, ідзець — коціцца шкатулачка нейкая. Сагнуўся, падняў. Глядзіць, нейкія дзве дзірачкі ў шкатулачцы. Ён павярнуў на адну руку — золата!— на другую серабро! Ой! Ну, ідзець, варочаець гэтую то на адну руку, то на другую. У карманы накладваіць гэтае золата з серабром. Ну, ішоў, ішоў, ішоў. Зайшоў — сяло, бальшое сяло. І пан там жыў у маёнтку, у яго быў за дзярэўняй. І карчма там была ў дзярэўні ўжо ў гэтай, у сяле. Вот ён зайшоў у карчму. А хто прыходзіць у карчму, а ў яго ж грошай многа гэтых, а ён загадвае гэтым, таргоўшчыцы гэтай, гарэлку каб паднасіла. Ён поіць усіх, хто ні зайдзіць, поіць і плаціць сваімі грашыма. Вот на абед ужо пазванілі, у пана ж многа было гэтых парабкаў. Работалі там падзённікі. На абед ішлі яны ўжо, прыйшлі на абед, паабедалі, ідуць. А зайшлі ў карчму, ажно тут які-то сядзіць, небагата надзеўшыся, у армячку, ды поіць усіх, плоціць грашмі. Яны зайшлі, тожа напіліся, панапіліся яны там. Пан звоніць, акуном гэты звоніць, звоніць, каб ішлі на работу ўжо. Не йдуць работнікі. Пасылаіць пан акунома:

— Ідзі ты праслухай, што такое, работнікі не йдуць на работу.

Прыходзіць ён к карчме. А яны п'яныя: хто спіць, хто сядзіць, хто пяець, хто спораіць. Прыйшоў у карчму. Сядзіць у армячку нейкі чалавек незнакомы ды і напайвае іх. Пайшоў ён да пана і дакладваіць пану:

— Паночак, каб ты відзеў! Вон кала карчмы п'яныя ўсе работнікі. Сядзіць нейкі там у карчме багата не надзеўшыся, бедна саўсім, у армячку, і ўсіх поіць, плоціць. І работнікі за гэтага не йдуць.

Пан січас гаворыць:

— Ідзі, січас прывядзі яго сюды, нягодніка таго. Што ён мне работнікаў сарваў з работы.

Ён прыйшоў, забраў яго.

— Хадзі да пана.

Ну, вот прыходзіць. Пан рассердзіўся на яго.

— У псарню яго січас зачыніць! І заперці там к сабакам!

Ну, узялі яго зачынілі к сабакам. Ён сядзіць суткі, сядзіць другія. Ён у куточку сеў, а яго сабакі не трогаюць. Ён на адну руку, на другую перакачваіць гэтую сваю шкатулачку. Яму ўжо німа дзе дзяваць золата, дык ён гэтае і серабро адсыпаіць усё кругом. Ну, тады пан загадваіць свайму прыслужніку, лакею:

— Ідзі, выкінь яго косці. Сабакі недзе яго б з'елі. А то б засмярдзяцца там косці яго.

Ён прыходзіць, адкрыў дзверы, як глянуў — аж куток увесь ззяіць! А божа ж мой, а божа мой! Ён тут у карманы скарэй панакладваў, панакладваў грошай. Пабег да пана.

— А паночак, а родненькі! А што ж там! Хадзіце скарэй, бярыце мех! Ён жа ўвесь там у золаце сядзіць!

Ну, пан тут скарэй мех схваціў. Прыбеглі, золата гэтае ўсё падабралі, яго павялі, січас баню заказалі, січас яго памыць, нада ў баню звадзіць.

А ў яго была дачка, у пана. І рашыў ён пажаніць яго з дачкой з сваёй. Так і здзелалі. У бані вымыўся ён. Ну і пажанілі з дачкой і з панскай. Вот начуіць ноч ён, там жывець, другую. Тады жонка гэта ўзяла да адкрала шкатулачку гэтую. Ён прачнуўся — няма ўжо шкатулачкі. Ён узяў, нічога не гаварыў, кінуў і пайшоў сваёй дарогай. Ідзець, ідзець дарогай, ідзець, ідзець. Стаіць яблыня, дзве яблыні. На аднэй такія бліскучыя яблыкі, на другой ужо не, не такія.

— Дай,— думае,— паспытаю-тка я яблыка гэта,— зваліўшыся ляжала.

Ну, з'еў тое яблыка, спаць яму захацелася. Спаць ён лёг. Ай, прачхнуўся ж ён, ажно ў яго рогі параслі. Не можыць павярнуцца — і так, і сяк. Ай, ай! Ахаіць, божкаіць! Неяк ён падпоўз пад другую яблыню, з'еў ён яблыка з другой яблыны. Яшчэ спаць яму захацелася. Ён заснуў. А божа мой! Адваліліся ў яго рогі! Ну, ты падажджы! Ён узяў гэтых яблык наклаў падніз, што рогі ў яго адваліліся, а гэтых наверх палажыў бліскучых яблык. Ну, ідзець дарогаю, у карзіначку палажыў, ідзець. Ажно едзіць той пан. Ён пана спазнаў, а ён яго не спазнаў. А гэта ж пану было завідна — ого!

— Што гэта ты нясеш, мужык? Яблычкі?

— Ага, яблыкі нясу.

— Прадасі?

— Купляй.

Ну, пан яму заплаціў грошы, ён яму яблыка даў. Ай, яно ўсё бліскучае, хто ведаіць! Прыязджаіць пан дадому. Ай, пані выйшла яго страчаць.

— Ой, якога я гасцінца прывёз! Ну, вы такога ніколі не відзелі.

Січас тут самавар паставілі, усе сабраліся сваёй сям'ёй, парэзалі кусочкамі тое яблыка, у чай панакідвалі, напіліся і ляглі спаць. Ой, устаюць назаўтрага, параслі ў іх рогі! Ойкаюць паны, енчуць, стогнуць, крэкчуць! Ай, дактароў возяць. Дактары нічога рады не могуць даць.

Прыбягаіць пакаёўка ў гэтую ў карчму, у тую. А гэты ўжо чалавек сядзіць там у карчме. Ага, а гэта была яўрэйка, таргоўшчыца. Вот яна пытаецца.

— Што ж там новага?

А пакаёўка кажа:

— Ой, міленькая мая, не дай бог, што ў нас новага, што здарылася! У паноў вун рогі параслі. Дактароў панавазілі, нічога здзелаць няможна. Няможна цярпець, як яны там енчуць, як яны там просяцца, божкаюць, дык ой-ой! галосяць там, няможна цярпець у пакоі.

А ён сядзіць за сталом ды будзіць казаць:

— А можыць я вылечу?

А яна:

— Ай, дзе там! Гэткі сядзіць у куце — ён бы б вылечыў! Ні такіх вунь навязлі дактароў, нічога не здзелаюць. А ён гэткі сядзіць абарванец, ён бы б ужо вылечыў?

А тая яўрэйка будзіць казаць:

— А што ты думаеш? А можа свецкі чалавек, а можа ён які загавор знаіць? Дык ты ідзі ды скажы пану.

Яна пабегла пану сказала. Пан загадваіць:

— Ідзіце, прывядзіце яго сюда.

Вот прывялі яго да пакою. Прыйшоў ён. Падышоў к пану, узяў яблыка гэтае.

— Дайце чаю,— гаворыць.

І раскалаціў яблыка, даў пану. На сон яго пацягнула. Пані даў. Сын быў іх паніч. І гэтаму панічу даў гэта. Паадвальваліся ў іх рогі. Як бразне гэты рог — дзылкі па пакою пойдуць.

Падышоў ён к гэтай дзеўцы, што замуж яе браў. Узяўся за рог, як калыхнуў яе за рог. Яна:

— Ай-яй-яй-яй-яй-яй-яй! Больна, больна!

— Ну, нічога не быць з гэткім. Нада вытапіць баню харашэнька, і навяжыце бярозавых дубчыкаў.

Ну, яны тут скарэй. Пан загадаў, баню вытапілі тут. Пакаёўка вядзець яе ў баню. І ён ідзець, мужчына гэты во. Ну, пакаёўка стаіць у прыбанніку. Ён:

— Раздзявайся!

А яна ўсё як бы засцяснялася, застыдзілася.

— Быстрэй раздзявайся!

Яна раздзелася.

— Лажыся на палок!

Яна лягла на палок, а ён дубцамі тымі!

— Аддавай маю шкатулачку, аддавай маю шкатулачку!

Як стаў яе біць. Ой, яна енчыла, енчыла.

— Ой жа, ой, божа мой! Пакаёўка! Ці ты тут? Ідзі, там і там шкатулачка ляжыць. Прынясі, аддай.

Пакаёўка тая скарэй пабегла, прынесла шкатулачку, аддала яму. Ён даў ёй з'есці яблыка ўжо. Яна з'ела, рогі адваліліся. Пайшла дамоў. А ён апяць сваёй дарогай і пайшоў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 194-198
Крыніца: скан