epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Ванечка-дурачок

У бацькі жылі тры сыны. Два разумныя, трэці Ваня дурны. Пры смерці бацька гаварыў, каб да яго тры ночы прыходзілі: спачатку старшы, потым млачшы, потым Ванечка дурны.

Пасля смерці трэба было на першую ноч ісці старшаму брату. Але старшы брат баяўся першы ісці. Ён даў дзесяць рублей Ваньку, каб ён схадзіў за яго. Ваня пайшоў. Прыйшоў на могальнік, узлез на крыж і пасвіствае. У дванаццаць часоў ночы чуе — трашчыць, пішчыць, ламаецца ўсё.

Устае бацька і гаворыць:

— Сын старшы.

Ніхто не аказваецца.

— Сын млачшы.

Ніхто не аказваецца.

— Ванечка-дурачок.

— Я, тата!

— На табе чырвоную хустачку.

Ваня ўзяў хустачку і пайшоў дахаты. Прыходзіць дахаты і кажа:

— Болей я ніколі не паеду на могальнік.

Прыходзіць ноч ісці млачшаму сыну. Млачшы сын просіць таксама Ванечку. Ванечка не ідзе. Млачшы сын дае яму дваццаць пяць рублей. Ванечка паслухаў і пайшоў. Сеў на крыж і пляце лапці. У дванаццаць часоў ночы чуе трэск, піск. Кругом ломіцца ўсё.

Бацька пытае:

— Сын старшы. Сын млачшы. Ванечка-дурачок?

— Я, тата!

— На табе чорную хустачку.

Ваня завярнуўся і пайшоў дахаты. Надыходзіць ноч Ванечку ісці. Ён просіць братоў:

— Схадзіце, братцы.

Браты не пайшлі. Завярнуўся ён і пайшоў на могальнік. Прыйшоў, укленчыў каля крыжа. У дванаццаць часоў ночы трашчыць кругом.

Бацька пытае:

— Сын старшы. Сын млачшы. Ванечка-дурачок?

— Я, тата!

— На табе белую хустачку.

Ванечка ўзяў і пайшоў.

За некалькі дзён цар паставіў на трэці ітаж дачку і сказаў:

— Хто даскочыць, той з ёй ажэніцца.

На першы дзень браты едуць. Ванечка-дурачок таксама просіцца. Але браты сказалі:

— Ты, дурны, ідзі грыбы збіраць.

Ванечка завярнуўся і пайшоў у лес з кошыкам.

— Кашолачка, пакаціся, поўна грыбоў набярыся.

Махнуў чырвоным платочкам — чырвоны конь ляціць. Сеў на каня, плётку ўзяў у рукі і паехаў. Дагнаў братоў. Намясіў іх і паехаў. Ускочыў на першы ітаж. Тады саскочыў і паехаў назад. Узяў кашолку і пайшоў дахаты варыць грыбы. Варыць грыбы. Прыязджаюць браты. Ванечка пытаецца:

— Ну, што там, братцы, хто даскочыў чы не?

Браты кажуць:

— Нейкі гіцаль нас збіў, на чырвоным кані.

Ванечка дурны кажа:

— Гэта я, братцы.

Старшы брат кажа:

— Што там з дурным гаварыць.

На другі дзень паехалі ізноў браты. Ванечка прасіўся, але яго не ўзялі. Ён пайшоў у лес, махнуў чорнай хустачкай — прылятае чорны конь. Ён сеў, узяў плётку, дагнаў братоў, узяў бізун і давай мясіць сваіх братоў. Паехаў, ускочыў на другі ітаж. Саскочыў, завярнуўся і паехаў у лес. Узяў кошык і пайшоў дахаты. Пачаў варыць грыбы. Прыязджаюць браты. Ванечка пытаецца:

— Ну, хто ж там даскочыў, можа?

Брат кажа старшы:

— Нейкі чорт і сёння нас пабіў — на чорным кані.

Ванечка дурны кажа:

— Гэта я, братцы.

Младшы брат кажа:

— Ай, што з дурнем гаварыць.

На трэці дзень браты збіраюцца, дурны просіцца:

— Братцы, вазьміце мяне.

Але яго не бяруць. Браты паехалі. Ваня ўзяў кошык і пайшоў у лес. Махнуў белым платочкам. Прылятае конь белы. Ён сеў на каня, узяў плётку і паехаў. Дагнаў братоў і давай мясіць. І ўскочыў на трэці ітаж. Царава дачка адбіла на лэбе сонца і пярсцёнак узлажыла на палец. Саскочыў і паехаў назад. Завярцеў палец, завярцеў лэб і паехаў дахаты. Пачаў варыць грыбы. Прыязджаюць браты на конях. Дурны пытаецца:

— Ну, хто там, братцы, даскочыў?

Браты гавораць:

— Нейкі даскочыў і нас намясіў.

Браты пытаюцца ў дурнога:

— Што ў цябе палец заверчаны і лэб?

Дурны кажа:

— Узлез на елку, углядаўся, хто даскочыў, зваліўся, разбіў лэб і палец зламаў.

Зварыў грыбы, паелі. Дурны ўзлез на печ і стаў разварачваць палец. На ўсю хату засвяцілася. Браты кажуць:

— Ты там, дурны, не спалі хату.

Цар сказаў, каб на другі дзень прыязджалі сляпыя, кульгавыя, дурныя і разумныя. На другі дзень браты збіраюцца. Дурны таксама просіцца, каб яго ўзялі. Яму далі худобу, што возяць ваду, паехаў дурны. Спачатку сталі разглядаць цар і доктар разумных, потым кульгавых, сляпых і дурных. Прыходзяць да Вані, пытаюцца:

— Што ў цябе з пальцам і лэбам?

А ён гаворыць, што лез на сосну, зваліўся, зламаў палец, лэб пабіў. Доктар стаў глядзець. Развярнуў палец, і ўвідзелі пярсцёнак. Развярнулі лэб — засвяціла слонца.

Ажанілі дачку цараву з дурным. Павёў дурны цараву дачку да сябе. Прыходзіць дахаты. Разумныя браты не даюць варыць у печы. А дурны залез на печ і ляжыць. Жонка дурнога плача. Дурны кажа:

— Чаго ты плачаш? Зараз яны будуць плакаць. Лезь да мяне на печ.

Яна ўзлезла на печ, дурны кажа:

— Но, печ.

Печ і паехала. Браты просяць дурнога, але дурны нічога, паехаў на печы аж да цара, у печы варыцца, дым ідзе, а дурны з жонкай едзе па вёсцы. Прыехаў да цара на падворка. Злезлі з печы і пайшлі ў хату. Сталі піць і цяпер яшчэ п'юць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 406-408
Крыніца: скан