epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Вячорка, Паўношнік і Заравы

Жыў сабе так мужычок з жаною. І пражылі да старасці, і ў іх не было дзяцей. Потым пры старасці лет баба гэта забрэменела і радзіла ў вадну ноч трох сыноў: большага сына радзіла вячэрняга, сярэдняга — паўношнага, і меншага — заравога. І бабушка-пупарэзніца налажыла ім усім імя тры Іваны: Іван Вячорка, Іван Паўношнік і Заравы Іван. Гэтыя Іваны раслі там не днямі, а проста часамі і ўвайшлі ў савяршэнныя лета і ўслыхалі, што ў цара хтось-та ўкраў тры дочары з дварца, і нязвесна хто, і дзе, і калі. Цар разаслаў там па ўсіх местах пасланцоў, ну толькі не маглі найціць. Ну, і даў послух, што як іх хто разышча, дык аддасць іх замуж тым і палавіна царства аддасць. Ну, гэтыя Іваны давай прасіцца ў свайго айца разысківаць царскіх дачарэй. Бацька пазволіў.

— Калі,— гаворыць,— жаланне імееце, дык едзьце!

Тады меншы Іванька пайшоў к кавалю і заказаў сабе такую куцабу здзелаць — дванаццаць пудоў. Здзелаў каваль куцабу, ён падкінуў яе ў высату, падставіў калена, яна [а]б калена ўдарылась і пераламілась, гэта самая куцаба. Потым ён заказаў здзелаць куцабу ў дваццаць пяць пудоў. Падкінуў ён тую, тая і не пагнулась дайжа.

— Ну, — каець,— гэта мне будзець памочніца.

Заказаў тады здзелаць цэп некалькі сажаней. Прыходзе к айцу, к сваім братам, к гэтым двум Іванам, да і просяць у ватца благаславення іціць разысківаць дачарэй гэтых. Ацец іх благаславіў, і яны адправіліся ў пуць дарогаю.

Ішлі, ішлі яны там многа-мала ўрэмя і ўходзяць у лес. У лясу стаіць хатка на курынай ножцы. Яны заходзяць у гэту хатку, і меншы гэты Іван гаворыць на большага:

— Ты аставайся тут абед варыць, а мы пойдзем на ахвоту.

Тэй заняўся абед варыць і зварыў як следуе быць і сеў, аддыхае ўжэ. І вылазе к яму з-пад печкі Сам з кокаць, барада з локаць, а вочы па яблыку. Узяў гэта ўвесь абед яго паеў і яго прыбіў: біў-біў, чуць жывога аставіў. Прыходзяць тыя браты — абедаць нечага. Яны засварылісь на яго:

— Што ты не нагатаваў да сіх пор абеду?

А ён атвяшчаець:

— Астаньцесь вы да наварыце.

А гэтага ім не сказуе, што з ім было,— няхай і яны палучаць тое, што з ім было. На другі дзень меншы Іван гаворыць сярэдняму:

— Ну, аставайся ты сягоння абед варыць!

Яны пайшлі на ахвоту, а ён астаўся абед гатовіць. І зварыў як следуе быць, і сеў, аддыхае ўжэ. І вылазе к яму з-пад печкі Сам з кокаць, барада з локаць, а вочы па яблыку. Узяў гэта ўвесь абед яго паеў і яго прыбіў: біў-біў, чуць жывога аставіў. Прыходзяць тыя браты — абедаць нечага. Яны засварылісь на яго:

— Што ты не нагатаваў да сіх пор абеду?

А ён атвяшчаець:

— Астаньцесь вы да наварыце.

А гэтага ім не сказуе, што з ім было, няхай і яны палучаць тое, што з ім было. На трэці дзень гавора:

— Ах, ступайце вы,— гавора,— на ахвоту, я накармлю вас,— гавора.

Іх адправіў на ахвоту, сам заняўся абед гатовіць. Згатовіўшы абед, лёг сабе і палежуе на лаўцы. Удруг вылазе з-пад печкі Сам з кокаць, барада з локаць, а вочы па яблыку і давай такім жа парадкам абед яго есць. Ён тады, многа не думаўшы, Іван гэты, і давай яго біць. Да тых пор біў, пакамісь ён стаў яго прасіць:

— Не бі мяне,— гавора,— да смерці, буду я вам меншы самы брат і буду наўсягда слухаць вас.

Ну, сабраліся яны ўсе ў кучу і па[а]бедалі. Па[а]бедаўшы, адпраўляюцца яны ў ход, і тэй з імі. Ішлі, ішлі, ішлі, ішлі, падходзяць — стаіць дуб аграмаднейшы, і пад тым дубам пайшла нара, так, як калодзезь усё роўна. Удруг ён і гавора:

— Ну, хто з нас палезе ў гэту нару?

Тэй баіцца, другі баіцца.

— Ну, відна,— гавора,— лезць мне, меншаму брату.

Апусціў ён гэты самы свой цэп і гавора:

— Глядзіце ж,— гавора,— я апушчусь на тэй свет, і як таргану за цэп, вы мяне тады ташчыце.

От ён апусціўся і відзіць там такі ж свет, як ба й тут. Ён стаў хадзіць там, любапытстваваць і відзіць — стаіць медны дварэц. Ён падходзе к яму і нідзе не можаць дзвярэй найці. Замеціў ён у вадным месцы дзверы і атварыў гэты дзверы і стаў хадзіць па гэтых комнатах.

Удруг заходзіць у вадну комнату, і сядзіць там ізмучаная царэўна. Узышоў ён туды, яна крэпка абрадавалась, што ўвідала рускага чалавека, і гаворыць:

— Ах, юнаша,— гавора,— як цябе гасподзь сюды занёс? Жалка мне,— гавора,— цябе, што ты тут прападзеш! Скора прыляціць шасціглавы змей, ён,— гаворыць,— цябе тут страбіць.

А ён атвяшчае:

— Ну, там як гасподзь дасць!

От яны первым доўгам селі, выпілі і закусілі як следуе, потым ён спрашуе ў яе, па якой дарозе ён будзець ехаць. Яна паказала яму тую дарогу. Ён пайшоў і сеў пад мастом. Удруг едзе змей. Уз'язджае на гэты масток, і спатыкнулася яго лошадзь. Ён тады гавора:

— Што ты,— гавора,— ненасытная лошадзь, спатыкаешся? Алі ты сабе праціўніка слышыш? Мне,— гаворыць,— праціўніка ніякага нету, толькі есць адзін Іван Заравы. Ну ён сам сюды не зайдзець, і яго воран сюды косці не занясець.

А ён яму атвяшчаець:

— Добрых малайцоў ніхто не водзіць, не носіць, яны самі заходзяць.

І вылез з падмосця.

— Ну, ці будзем біцца, ці мірыцца?

— Не затым я прыйшоў, каб мірыцца, а затым, каб біцца!

І схвацілісь яны біцца.

І ўдарыў ён яго куцабою і збіў яму тры галавы. Потым змей яго ўдарыў — ён толькі абтрахнуўся. Тады рассярдзіўся Іван. Ударыў другі раз і збіў яшчэ дзве галавы. Потым змей просе яго:

— Давай, Іван, аддыхнём!

От ён січас патрабаваў у царэўны вады — сілныя і бяссілныя. Ну, царэўна яму падала ваду бяссілную, а Івану гэтаму падала сілныя вады напіцца. То змей гэты худжы аслаб, а ў Івана сілы шчэ прыбавілась. Тады ён узяў яго і напаследку ўбіў і тулавішча забросіў у роў. Прыходзе ў двор гэты і забірае гэту самую царэўну, і з сабой забрала яна сваё тамашняе плацця, разнае, і выйшлі з дварца. Астанавіліся, і Іван стаў сматрэць на гэты дварэц. Потым яна атвяшчаець, царэўна:

— Няўжлі табе жалка гэтага дварца?

— Да,— гавора,— дужа прыгожы дварэц.

І выняець яна яму платок.

— Махні,— гаворыць,— гэтым платком тры разы!

Ён махнуў платочкам, і гэты дварэц здзелаўся яечкам. Ён узяў гэта яечка, у карман уклаў. Адправіліся к гэтай самай нары. Да. Потым пасадзіў яе на стульчык і падвязаў к цэпу. Ціскануў цэп — яе паташчылі. Гэтыя, выташчыўшы, тры гэтых брата, каторыя там, і гавораць.

Тэй гаворыць: гэта мне будзе жана, тэй — мне.

— Ах,— гавора,— калі б нам усім траім дастаў па такой, то б было харашо.

Ну, і большы яе ўзяў сабе за жонку. І асталіся яны апяць ажыдаць. А меншы Іван адправіўся пуцём-дарогай шчэ дальшы. Ішоў, ішоў ён, да і відзіць — стаіць сярэбраны дварэц. Ён падходзіць к дварцу і стаў шукаць дзвярэй. Найшоў дзверы, атварыў, заходзе ў вадну комнату — няма нікога, ён у другую — няма нікога, потым у трэцюю — сядзіць [і]змучаная царэўна. Ён гавора:

— Здрастуй!— гавора.

— Здрастуй, здрастуй,— гавора на [а]твет.— Як цябе гасподзь сюды занёс? Няхай ужо я,— гавора,— пагібла тут, дак і ты, малады чалавек, тут пагібнеш.

— Ну,— гаворыць,— як бог дасць.

— От скора,— гаворыць,— прыляціць мой дзевяцігаловы змей. Ён,— гавора,— цябе ўб'ець.

— Ну, там,— гавора,— што бог дасць, а дай-ка, — гавора,— паесць.

От яны селі за стол, папілі, паелі як следуе, і потым яна гаворыць:

— Скора прыляціць,— гавора,— змей.

— Куды ж ён будзець ляцець?— спрашуе Іван.

— А вот тою, — гавора, — дарогаю, — паказуе яму ў вакно.

От ён адпраўляецца на тую дарогу і садзіцца такім жа парадкам апяць пад мастом. [У]друг едзе змей, і спатыкнулася яго лошадзь. Ён тады гаворыць:

— Што ты,— гаворыць,— ненасытная лошадзь, спатыкаешся? Алі ты сабе праціўніка слышыш? Мне,— гаворыць,— праціўніка ніякага нету, толькі ёсць адзін Іван Заравы. Ну, ён сам сюды не зайдзець, і яго воран сюды косці не занясець.

А ён яму атвяшчаець:

— Добрых малайцоў ніхто не водзіць, не носіць, яны самі заходзяць.

— Ну, выхадзі,— гавора,— сюды! Ну, ці будзем біцца, ці мірыцца?

— Не затым я прыйшоў, каб мірыцца, а затым, каб біцца.

І схвацілісь яны біцца. Ударыў яго куцабою і збіў тры галавы ў яго. Потым змей яго ударыў — ён толькі абтрахнуўся. Тады рассярдзіўся Іван. Ударыў другі раз і збіў яшчэ тры галавы. Тады змей просе оддыху на пяць мінут.

— Ну, аддыхай,— гаворыць,— нячыстая сіла!

Змей патрабаваў у царэўны вады, сілныя і бяссілныя. Царэўна падала яму ваду бяссілную, а Івану падала сілныя вады. То ў Івана сілы прыбавілась, а змей шчэ худжы аслаб. Ударыў Іван і тыя галовы ўсе збіў. І закінуў яго ў роў у ваду, пад мост пад той. Тады прыходзіць у дварэц, у дварцы апяць выпілі і закусілі з царэўнай.

— Ну,— гаворыць,— цяпер пойдзем, а то мне ўрэмя няма — шчэ многа работы.

Да, выйшлі з дварца, астанавіўся Іван і гаворыць:

— Эка, які дварэц прыгожы!

— А жалаеш ты, штоб ён быў табе?

— Як бы не жалаць?

І выняець яму платок, і махнуў ён тры разы платочкам і здзелаўся гэты дом яечкам. Ён яечка гэта ў карман і адправіўся к гэтай нары. Пасадзіў яе на стульчык і падвязаў к цэпу. Ціскануў цэп — яе паташчылі.

— Ну,— гавораць,— слава богу, двом нам па нявесце ёсць! Будзем ажыдаць шчэ.

А Іван адправіўся апяць дальшы. Ішоў, ішоў, відзіць, стаіць залаты двор. Ён падходзіць к яму і гаворыць:

— То была красата дварцы, а гэты яшчэ красівей.

Потым стаў прыглядацца дзвярэй, найшоў дзверы, атварыў, усходзіць туды — сядзіць там ізмучаная царэўна. Ён гаворыць:

— Здрастуй,— гаворыць.

Яна [а]твяшчаець — чуць толькі ўжо душа сядзіць у ёй:

— Здрастуйце! Як цябе,— гаворыць,— бог данёс сюды?

— Да я прыйшоў,— гаворыць,— нарошня вас разысківаць.

— Да, друг,— гаворыць,— пагібнеш,— гаворыць,— і ты тут.

— Ну, я не затым прыйшоў, штоб пагібнуць, а затым прыйшоў, штоб вас адсюда вывесць.

От яны селі, закусілі харашэнька, як следуе, і потым яна гавора:

— Друг, схавайся,— гавора,— куды-небудзь, а то січас змей мой прыляціць — дванаццаць галоў, дык ён з’есць,— гавора,— і цябе і мяне!

— Ну, там,— гаворыць,— як бог дасць! Куды ён будзець ляцець?

— От па той,— гаворыць,— дарозе, адзе масток,— паказала яму ў вакно.

Ён адправіўся, сеў пад масток. [У]друг едзець дванаццацігаловы змей. Уз’язджае на гэты масток, і спатыкнулася яго лошадзь. Ён гавора:

— Што ты,— гавора,— ненасытная лошадзь, спатыкаешся? Алі ты сабе праціўніка слышыш? Мне,— гаворыць,— праціўніка ніякага нету, толькі ёсць адзін Іван Заравы. Ну, ён сам сюды не зайдзець, і яго воран сюды косці не занясець.

А ён яму атвяшчаець:

— Добрых малайцоў ніхто не водзіць, не носіць, яны самі заходзяць.

І вылез з падмосця.

— Ну, ці будзем біцца, ці мірыцца?

— Не затым я прыйшоў, каб мірыцца, а затым, каб біцца: за то што вы ўкралі ў такога-та цара тры дочкі, дык я прыйшоў іх адсюлецька ўзяць!

— Ну,— гаворыць,— ты двох братоў маіх убіў, ну мяне не заб’еш, я,— гаворыць,— усё гэта [а]дплачу!

І сталі біцца! І ўдарыў яго Іван Заравы і збіў яму тры голавы. Потым змей яго ўдарыў — ён толькі абтрахнуўся. Тады рассярдзіўся Іван. Ударыў Іван другі раз — збіў яшчэ тры галавы. Ударыў яго змей — і ўбіў яго па калена ў зямлю. Потым змей гаворыць:

— Ну што, ці дальшы будзем біцца, алі будзем,— гаворыць,— мірыцца?

— Не,— гаворыць,— я не затым прыйшоў, каб мірыцца.

[У]друг змей патрабаваў вады сілныя і бяссілныя. Царэўна падала яму ваду бяссілную, а Івану падала сілныя. Іванька паправіўся, парубіў яго на мелкія кускі і забросіў у чыстае поле. Тады ўвайшлі ў дварэц, выпілі і закусілі як следуець і адправілісь. Выйшаў Іван і астанавіўся і спрашуе гэтае царэўны:

— Эка,— гаворыць,— якія тут устройствы харошыя ў гэтым дварцы!

Яна атвяшчае яму:

— Ты, можа, жалаеш, штоб гэты дварэц быў у нас з табой?

— Як бы не жалаць,— гаворыць.

Вынула яна платок і дала яму, ён махнуў платком тры разы, і дварэц здзелаўся яечкам. Ён узяў гэта яечка ў карман уклаў. Адправіліся к гэтай самай нары. Потым пасадзіў яе на стульчык і падвязаў к цэпу. Ціскануў цэп — яе паташчылі. «Слава богу, ужо нам усім тром ёсць па нявесце!» І ўзялі і цэп яму туды кінулі — няхай ён там і астаецца. Іван гэты заплакаў сілна, як цэп гэты ўпаў: «Вот калі, гавора, я тут прапаў!» Паплакаўшы, пайшоў ён пуцём-дарогай. Прыходзіць — стаіць бальшы-бальшы дуб. І находзіць сілная граза; ён стаў пад гэтага дуба. Удруг на дубе закрычалі пціцы ў гняздзе. Ён, многа не думаўшы, узлез на дуба, зняў з сябе адзёжу і накрыў гэтых дзяцей. Удруг прылятае Жар-пціца і благадарыць яго:

— Спасіба табе, Іван Заравы — знае, як яго і зваць — за тое, што ты забярог маіх дзяцей, і не знаю, чым мне за гэта табе адплаціць.

— Не трэба мне,— гаворыць,— тваё нічога, толькі вынесь ты мяне на тэй свет.

— Ну,— гаворыць,— вынесу. Толькі нагатоў мне мяса дзве бочкі і вады бочку, то тады я цябе вынесу.

І паказала яму:

— Ідзі,— гаворыць,— вот за раку, там ёсць багаты такі старык, дак ты яго,— гаворыць,— папрасі быкоў на мяса, ён сляпы.

Ён пайшоў к старыку. Старык гэты гаворыць:

— Я дам табе,— гаворыць,— быкоў, толькі прапасціві мне іх год!

Ну, дзелаць нечага, сагласіўся ён год прапасцівіць. І старык гэты яму гаворыць:

— Усюды ганяй, усюды пасі, ну на такі і такі луг не гані. Гэта ведзьмін луг, і яна цябе згубіць. Я быў пагнаўсь на тэй луг, дак яна і мне вочы выкалала. І я во ўжо трыццаць гадоў сляпы!

— Я не баюсь,— гворыць,— гэтага!

Звіў сабе пастуськую пугу і пагнаў прама на тэй луг пасцівіць быкоў. Прылятаець ведзьма на ступе і таўкачом паганяе, а мятлой след замятае і закрычала на яго:

— Ах,— гаворыць,— с... сын, хто табе дазволіў быкоў пасціць на маём лугу?

— Я,— гаворыць,— сам сюды прыгнаў, ні ў кога не спрася! — Да падышоў к ёй бліжы і давай яе пугай гэтаю біць, склаўшы ўдвая. Біў, біў, потым яна стала ў яго прасіць:

— Пусці,— гаворыць,— мяне.

— Не,— гаворыць,— не а[д]пушчу, аддай,— гаворыць,— таго старыка вочы, тады,— гаворыць,— я цябе пушчу!

— Ідзі,— гаворыць,— у маю хату і пад падушкаю два ляжаць пузыркі з лекарствам, то ты памаж,— гаворыць,— адным і другім, то будзець старык гэты бачыць.

— Вот ён пайшоў у хату ў яе з ёю, узяў гэты два пузырка і прыйшлі к старыку. Адным пузырком памазаў — здзелалісь глаза, толькі ён не бача; другім памазаў — стаў бачыць. Тады ён яе ўзяў убіў. Тады старык гэты яму благадарыў за тое, што ён стаў бачыць.

— Бяры быкоў,— гаворыць,— колькі ўгодна, хоць і ўсіх за гэта.

От ён нарэзаў дзве бочкі мяса і насаліў. Да прыходзе к той к Жар-пціцы. Жар-пціца гаворыць:

— Ну, падвязуй мне гэты бочкі пад крылля.

Ён падвязаў.

— Ну, цяпер,— гаворыць,— трэцюю бочку вады.

Наліў ён вады, падвязаў трэцюю бочку к хвасту.

— Ну, цяпер,— гаворыць,— садзіся сам на мяне.

Сеў ён на яе, яна яму гаворыць:

— Сматры ж ты,— гаворыць,— як рот разіну, то ты кідай мне мяса ў рот.

От яна яго як панесла! Нясець, а ён гавядзіну ёй кідаець у рот. [У]друг кідаў, кідаў, не хватае мяса. І відаць ужэ свет гэты, а тут нету ў яе сілы ляцець. Ён многа не думаўшы, адрэзаў ёй свае ікры з нагі. Укінуў у рот. Праляцеў шчэ троху і такім жа, значыцца, манерам укінуў ёй і другія нагі ікру. Да, і вынесла яго на гэты свет!

— Дзе ты,— гаворыць,— мне смашныя такія гавядзіны найшоў пад пасля?

Ён паказаў ёй:

— Вот,— гаворыць,— я дзе ўзяў — з ног ікры!

Яна харкнула і выхаркнула гэта мяса.

— На,— гаворыць,— прыкладай к назе!

Ён прыклаў к адной назе і к другой, здзелаліся яны нічым неўрадзімы. Тады ён яе паблагадарыў за гэта, і яна адправілась на тэй свет. А ён тады адправіўся ў тэй горад, дзе і цар пражываў. Зняў сабе хвацеру ў старэнькай старушкі. І потым пасылаець гэту старуху іціць у горад, услыхаць, ці няма якіх навасцей. Яна прыходзе і расказуе яму, што ёсць слух: быўшыя прапаўшы ў цара тры дачкі разысканы. Дак будзець мяншой дачкі паслязаўтра,— гаворыць,— свадзьба з тым, хто яе дастаў. Ну, потым назаўтра зноў ён пасылаець яе. Яна пайшла, стала там расслухваць новасці і прыходзіць к яму і расказуець:

— Вот,— гаворыць,— будзе свадзьба тады, калі найдзецца чалавек і саш’ець ёй такія башмакі, якія яна насіла ў змеявым доме. Тады ён гаворыць:

— Ідзі, бабка, к цару і скажы, што я магу пашыць такія башмакі.

Бабка пайшла к цару і гаворыць:

— Я,— гаворыць,— магу такія башмакі пашыць!

— Еслі толькі можаш, то я награджу цябе, бабка, усім, што ты толькі пажалаеш.

Далі ёй грошай; яна прыносіць і гаворыць:

— Ну толькі,— гаворыць,— сматры ж, штоб ты мяне к смерці не падвёў.

Ён гаворыць:

— Не бось, бабка.

Строку было дадзена на трое сутак. Праходзяць суткі — сапожнік гэты не занімаецца работай; і ўтарыя тожа таксама не занімаецца. Баба гэта давай плакаць:

— Мяне цяпер за гэта,— гаворыць,— прэдадуць злой смерці.

Тады ён атвяшчаець:

— Не бось, бабка, заўтра навутра будуць гатовы — уставай і нясі!

От ён вечарам выйшаў з горада на поле, катануў гэта залатое яечка і здзелаўся залаты дварэц. Ён січас увайшоў у гэты дварэц, найшоў палусапожкі. Узяў іх, выйшаў з дварца, махнуў платочкам, і здзелаўся ён яечкам. Прынёс гэты сапожкі ноччу, паставіў на стол. Старуха навутра ўстала і абратна ўзяла гэты палусапожкі і нясець гэты палусапожкі к цару. Дзеўка тая ўбачыла палусапожкі і крэпка яна абрадавалась. І просіць свайго айца, штоб ён дазволіў патрабаваць яго сюды, хто шыў палусапожкі. Айцец січас паслаўшы карэту, і прыставілі яго ў дварэц. Увайшоў ён у дварэц, яна ўбачыла яго і гаворыць:

— Вот хто мяне дастаў, ну не тэй, з кім хацелі свадзьбу гуляць.

Ну, тут січас стаў айцец спрашваць, што з імі дзелаць? Січас прыказалі гэтых прывязаць к конскім хвастам і пусціць па полю. Прывязалі к хвастам і развалаклі па ўсяму полю. А з гэтай царэўнай павянчалісь, і аддаў яму цар палавіна царства, і сталі яны жыць ды й пажываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 114-123
Крыніца: скан