epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Воўк

Быў адзін бацька і меў трох сыноў: двох разумных, а адзін дурны. Заставіў іх бацька пільнаваць сады. Старшы пайшоў перш пільнаваць, узяў і заснуў, і яблыка абарвалі. На другу ноч пайшоў другі, і той заснуў, і яблыка чыста абарвалі. На трэцю ноч паслаў бацька дурня пільнаваць. Дурань узяў з сабою шчотку, сам сеў, шчотку падпёр пад бараду, за нагу прывязаў да яблані сам сябе і зачаў драмаць. Штырхануў барадою ў шчотку і прачхнуўся: відзіць — на яблані пташка прыляцела з другога царства і абрывае яблакі. Ён хацеў яе злавіць і не злавіў, толька адну пёрынку вырваў і заткнуў яе за шапку. Прыходзіць назаўтра да бацькі. Пытаецца бацька яго:

— Дзе ўзяў гэту перынку?

А ён адказывае:

— Прылятала пташка ўночы і абрывала яблакі.

Так бацька паслаў усіх трох сваіх сыноў, каб яны даставілі з другога царства тую пташку. Так яны выйшлі ўсе тры і знайшлі тры дарогі: адзін пайшоў на дарогу, дзе шчасце, другі пайшоў так сама, а трэцяга, дурня, выправілі на такую дарогу, што смерць. Дурань ішоў тры вярсты да лесу і спатыкае яго воўк. Пытае яго:

— Дзе ідзеш, дурань?

А ён адказывае:

— Бацька нас выслаў, каб мы даставілі тую пташку, што ў нас абарвала яблакі.

Так воўк на яго кажа:

— Я цябе йз’ем.

А ён адказывае:

— Еш, маеш волю.

Потым воўк гаворыць:

— Сядай на мяне і паедзем.

Едуць яны і прыязджаюць у другое царства, дзе ёсць у дварэ Жар-пціца. Так воўк кажа на дурня:

— Ідзі ў гэты дварэц і там у клетцы сядзіць Жар-пціца, не бяры яе з клеткаю, але бяры без клеткі; як возьмеш з клеткаю, так цябе там зловяць.

Дурань пайшоў у двор і знайшоў у саду стаячы клетку, у той клетцы сядзіць Жар-пціца. Так ён паглядзеў, што клетка харашэйша за пташку, і ўзяў з клеткаю. Пры той клетцы былі ўвязаны звонкі — і зазвінелі. Ачуліся ўсе ў дварэ, злавілі дурня і сказалі яму:

— Прыстаў нам з трэцяга царства лятучага каня, так аддамо табе гэтую пташку.

Так ён выйшаў з двара, ідзе да ваўка і плача. Так воўк кажа на яго:

— Я цябе йз’ем.

А ён адказывае:

— Еш, маеш волю.

Так воўк на яго гаворыць:

— Сядай на мяне, паедзем.

Едуць яны, едуць і прыязджаюць у трэцяе царства да двара.

Воўк яму кажа:

— Ідзі ў двор да стайні, там стаіць конь; не бяры яго з вабруцьмі, але бяры без абруцей.

Так ён прыйшоў да стайні, увідаў, што вобруць харашэйшы за каня, так ён узяў з вабруцьмі яго і вывеў са стайні. Яго злавілі і сказалі яму:

— Дастаў нам з чацвёртага царства паненку, так мы табе аддамо каня.

Так ён ідзе да ваўка і плача. Воўк кажа на яго:

— Я цябе з’ем.

А ён адказывае:

— Еш, маеш волю.

Так воўк на яго гаворыць:

— Сядай на мяне і паедзем.

Едуць яны так, едуць, прыязджаюць да таго двара, а ў том дварэ тры паненкі. Выйшлі яны купацца. Воўк кажа:

— Я буду чайкаю, а ты сядзь і едзь праз гэтую раку.

Прыехаў ён да іх. Яны просяцца, каб павазіць у чайцы.

Села старшая, і ён павазіў і прывёз на бераг. Узяў другую і тую павазіў і пусціў. Трэцюю як узяў, так перавёз на сваю старану. Селі на ваўка і прыехалі да таго двара. Так воўк зрабіўся паненкаю, і ён аддаў ваўка таго, а яму далі каня. Воўк гаворыць на яго:

— Як ад’едзеш палавіну вярсты, так успомні аба мне і скажы: «Ах мой сівы воўк, да дзе ж ты астаўся!»

Так яны едуць і прыехалі больш як тры вярсты, а аб ваўка запомніў. Потым успомніў і сказаў:

— Ах, мой серы воўк, дзе ты астаўся?

Аглянецца назад, відзіць воўк бяжыць, язык высалапіў і даганяе іх. Дагнаўшы, гаворыць на дурня:

— Я цябе з’ем.

А ён адказывае:

— Еш, маеш волю.

І прыехалі яны ўсе да двара. Воўк зрабіўся канём, і ён таго каня аддаў, а яму далі Жар-пціцу. Ён узяў Жар-пціцу і паненку, на каня селі і паехалі. Ад’ехалі больш як тры вярсты і ўспомніў ён аб ваўку і сказаў:

— Ах, мой сівы воўк, а дзе ж ты астаўся?

Аглянецца назад, аж воўк бяжыць. Прыбягае да іх і гаворыць:

— Я цябе з’ем, нашто ты мяне забыў.

А ён адказывае:

— Еш, маеш волю.

Так воўк гаворыць:

— Ну, едзьмо разам.

Прыехалі яны блізка сва[й]го двара. Так воўк гаворыць яму:

— Глядзі ж ты, не засні тут, бо як заснеш, так прыйдуць браты твае, прыйдуць і цябе заб’юць, а гэтае ўсё забяруць і прыставяць да сва[й]го бацькі, і яны будуць жаніцца з гэтаю паненкаю.

А сам воўк узяў і пайшоў у лес ад іх. Надышла ноч, ён узяў і заснуў. Прыйшлі браты, яго забілі, завалаклі яго ў лес і кінулі пад куст. Самі забралі ўсё, даставілі да бацькі сва[й]го, і стаў адзін жаніцца з тою паненкаю.

Прыходзіць воўк да таго дурня, знайшоў яго лежачы пад кустом і толька завыў. Відзіць воўк: чалавек барануець на полі, а сам адышоў ад каня ў лес. Воўк прыбег да таго каня і заеў. Наляцела крукоў да таго каня. Воўк узяў самае старшае кручаня схапіў і сказаў крукам:

— Прынясеце мне жывушчай крыві, так аддам вам кручаня.

Яны прыняслі яму жывушчай крыві. Ён узяў тую кроў, памазаў таго каня, і конь устаў. Потым пайшоў да таго чалавека, што забіты, памазаў яго кроўю, і стаў жывы. Так воўк гаворыць яму:

— Ідзі дахаты, там ужо ў вас вяселле: твой брат жэніцца з тою паненкаю, што ты яе вёз; здайся там убогім і скажы, няхай табе прынясе маладая хлеба; як яна будзе падаваць табе хлеба, так ты ёй дасі гэтую палавіну пярсцёнка, што вы разламалі на паловы.

Ён так і зрабіў.

Прыходзіць туды, здаўся ўбогім: згаварыў пацеры і просіць, каб яму прынясла маладая хлеба. Прыносіць маладая хлеба, падае ўбогаму, а ён выняў з кішэні палавіну пярсцёнка і падаў ёй. Успомніла яна, што ў яе ёсць другая такая палавіна пярсцёнка і злажыла разам абедзве — злучыліся.

Так тады ўзнала яго, што гэта ён яе прывёз; адкінулася ад таго нарачонага, а з ім узяла і ажанілася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 483-486
Крыніца: скан