epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

З рога усяго многа

Калі так жыў сабе дзед з бабай. І ў іх не было нічога, толькі адна лубачка жыта. Тады дзед кажаць бабе:

— Бабка, бабка, што мы будзем дзелаць з гэтым жытам?

А баба кажаць:

— А йдзі ў пруд, змялі там жыта, хлебца спячом!

Пайшоў тады дзед у пруд, змалоў гэта жыта і ідзець дамоў.

Ідзець дамоў і зайшоў у карчму. А муку паставіў на заваліне ля карчмы. Адкуль узяўся вецер і раздуў тую дзедаву муку.

Узяў дзед лубку і пайшоў дамоў.

— Бабка, бабка, што мы будзем дзелаць? Паставіў я муку на завалінку, а вецер раздуў яе!

— А йдзі, дзедка, не даруй яму!

Пайшоў тады дзед шукаць ветра. Ішоў-ішоў, ішоў-ішоў, бачыць — хатка. Узяў ён тую хатку за вугал і стаў абарачываць. А вецер крычыць:

— Не буры маю хатку! А на табе акрайчык хлебца: што ты будзеш яго есці, то ён будзець большыць!

Пайшоў дзед дамоў і зайшоў к куме нанач. Стаў ён есць тэй хлеб, а ён не менеець, ды болеець. Ноччу кума ўзяла, адрэзала акрайчык свайго хлеба і адмяніла: яго ўзяла сабе, а свой дала яму. Прыходзіць дзед дамоў, сталі яны есці тэй акрайчык і з'елі!

Тады баба кажаць:

{кажацьг

}— Ідзі, дзедка, не даруй ветру!

Пайшоў дзед узнова. Ішоў, ішоў, знайшоў ветраву хатку, узяў яе за вугал і стаў абарачываць. Тады вецер гукаець:

— Чалавек, чалавек, не буры маю хатку, а на табе бараньку. Як ты скажаш: «Баранька, страханіся, высып злата-серабра!» — ён і высыпець.

Гэты дзед узяў бараньку і пайшоў дамоў. Пайшоў дамоў і зайшоў апяць к куме нанач. Пасядзеў трошку і ўздумаў, ці праўда гэта, што яму сказаў вецер. І кажаць куме:

— Дай мне, кумачка, дзяругу!

Тая кума дала яму дзяругу. Ён паставіў бараньку на дзяругу і кажаць:

— Баранька, страханіся, высып злата-серабра!

Баранька страхануўся і высыпаў золата і серабра. Кума гэта ўбачыла і ноччу замяніла барана. Назаўтрага дзед узяў кумінага бараньку і пайшоў дамоў. Прыходзіць дамоў, паставіў бараньку на дзяругу і кажаць:

— Баранька, страханіся, высып злата-серабра!

А баранька тэй стаіць, як дурак! Праганяець тады баба ўзноў дзеда:

— Ідзі, не даруй ветру!

Пайшоў дзед апяць к ветравай хаце і стаў яе апяць за вугал абарачываць. Вецер гэта ўбачыў і крычыць:

— Чалавек, чалавек, не буры маю хату. На табе ражок, цяпер тваё ўсе вернецца, толькі скажы: «З рога ўсяго многа!»

Пайшоў тэй дзед дамоў, заходзіць узноў к куме. Пасядзеў троху і гаворыць:

— Вот, кумка ты мая! Ёсць у мяне ражок, ён што толькі захочаш, дасць, толькі скажы, кумачка: «З рога ўсяго многа!» — тут усяго будзець!

Вот дзед выйшаў на двор, а кума зараз і кажаць:

— З рога ўсяго многа!

Як толькі яна гэтак сказала, як выскачыла з яго, як сталі яе біць! Білі, білі, а яна крычыць. Уходзіць дзед.

— Ай, кумок, ратуй мяне! Аддам табе акрайчык і бараньку, каб толькі яны кінулі біцца!

Тады дзед кажаць:

— Ох, усе ў рог!

І яны ўсе пазахаваліся. Аддала тады кума і акрайчык, і бараньку, дзед узяў і пайшоў дамоў. Прыйшоў дамоў і стаў жыць. І стаў ён такім багатым, што ні здумаць, ні згадаць, ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць! Ну, й звеснае дзела: калі ён такі багаты, дык ён і дружыў з багатымі. Раз іздзелаў дзед пірушку і сазваў сваіх таварышаў-багатыроў. Тады яны на гэтай пірушцы паўпіліся. А адзін не. Вот ляглі яны гэта спаць, а тэй узяў гэты хлеб і бараньку і к сабе дамоў. Назаўтрага агледзеўся гэты дзед — няма ні баранькі, ні акрайчыка. Дзед тады запрог каня і паехаў к таму пану. Тэй пытаецца ў дзеда:

— Што ты мне, дзед, прывёз?

А дзед кажаць:

— Прывёз табе ражок!

— Пакажы, які?

Дзед паказаў. Тады пан спрашуець:

— Што з ім дзелаюць?

— А вот што, паночак, скажы толькі «З рога ўсяго многа!» — дык ён і дасць.

Пан зараз і кажаць:

— З рога ўсяго многа!

Як выскачылі яны, як началі яго аплітываць! Пан гэты кажаць:

— Ай, дзедка, ратуй! Аддам бараньку твайго, і акрайчык аддам!

А яны яго аплітуюць! Тады ўжо дзед узмілаваўся над ім і кажаць:

— Ох, усе ў рог!

Яны ўсе і пахаваліся. Узяў тады акрайчык, і бараньку, і ражок і пайшоў дамоў. І стаў тады дзед жыць сам па сабе, не стаў дружыцца ні з кім.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 587-589
Крыніца: скан