epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

З таго свету навіны

Жыў сабе так старык са старухай, і было ў іх трое сыноў: два разумных, а трэці Іванушка-дурачок. І дужа бедна жылі яны, па старому ўрэмю. Тады бацька гаворыць на большага сына:

— Ідзі ты куды-небудзь служыць!

Сын тэй пайшоў і наняўся на службу к суседу. І ўгаварыліся яны так, што калі па праўдзе служыць будзець, дык шэс[ц]ьдзесят цалковых дам, а калі не па праўдзе, дык трыццаць. Ну, тады хадзяін яму гаворыць:

— Аднак у нас цяпер работа не вяліка — вядзі-тку коней пасціць!

Павёў гэты работнік коней пасціць, пусціў іх на луг, а сам пайшоў на гару, сеў пад дубам, сядзеў-сядзеў ды й заснуў. Ці доўга, ці не спаў, прашынаецца — няма коней. Што тут дзелаць? Шукаў ён іх, шукаў — няма нійдзе. Ён ужо хацеў дамоў і[с]ці, калі палядзіць, аж коні яго ідуць із лесу. Стаў ён дужа рад, што яны найшліся, і пагнаў іх дамоў. І яму здалося, што ён дзень пасціў, а гэта не іменна дзень, а год прайшоў. Хадзяін тады пытаецца:

— А што,— каець,— ці не відзеў ты ідзе якія навіны?

— Не,— каець,— нійдзе нічога не відзеў.

Тады хадзяін даў яму трыццаць рублёў і адправіў яго дамоў.

— Вот, сынок,— каець,— не па праўдзе ты у мяне служыў?

На другі год адпраўляець старык свайго сярэдняга сына на

службу к суседу. Ён і таму так жа сама гаворыць:

— Вядзі,— каець,— сынок, коней пасціць, аднак цяпер дзелаць нечага!

Ён павёў коней, пусціў на лугу, а сам пайшоў на гару, сеў пад дубам і ў скорасці заснуў. А коні й пайшлі. Прашнуўся ён — няма коней. Шукаў, шукаў да самага вечара. А ўвечары коні самі прыйшлі з лесу. Ён іх і пагнаў дамоў. І тож не іменна дзень прайшоў, а цэлы год. Прыгнаўсь ён дамоў, хадзяін у ягопытаець:

— Ці не відзеў, сынок, ідзе-небудзь якія навіны?

— Не,— каець,— нійдзе нічога не відзеў!

Тады хадзяін гаворыць:

— Вот, сынок, і ты ў мяне няверна служыў!

І даў яму трыццаць цалковых і адправіў яго дамоў.

На трэці год просіцца Іванушка-дурачок у бацькі:

— Пайду я, тат, служыць!

— Ідзе табе, дураку, служыць? Большыя, разумнейшыя не ўслужылі, а то ты ўслужыш!

— Не, тат, пайду!

І ўпрасіўся ў бацькі, і пайшоў служыць. Хадзяін і яму гаворыць:

— Вядзі коней пасціць!

Ён павёў, пусціў іх на лугу, а сам пайшоў на гару, сеў пад дубам і стаў табаку курыць і лапці плесць. Палядзіць ён на коней, а коні ўва 'дным месці не ходзяць, ды ўсё дальша йдуць.

— Э,— каець дурак,— тут ужо лапцяў не спляцеш!

Кінуў лыкі пад дубам, а сам пайшоў за конямі. Коні ідуць дальша, і ён ідзець. Куды коні, туды і ён. Ішлі, ішлі гэтак і прыйшлі к рацэ. Коні паплылі чараз раку, і Іванька ўхваціўся за конскі хвост, і ён пераплыў. Ішлі-ішлі і прыйшлі ў сад. А ў том саду касцёл. Тады коні абярнулісь чалавекамі і пайшлі ў касцёл богу маліцца. І Іванька за імі. Памаліўшысь богу, выйшлі з касцёлу і скінулісь узноў конямі. Выйшлі з касцёла, Іванька сарваў у саду два яблыкі: адно залатое, а другое сярэбранае, і пайшлі назад. Толькі адышліся ад касцёла, гоняць два малцы авечак. Адзін гоніць белую стаду, а другі — чорную. Тады Іванька пытаець:

— Куды вы іх гоніце?

А яны яму сказалі:

— Ідзі, дурань, куды йдзеш!

Тады Іванька пагнаў коней дальша. Ідуць яны і прыходзяць к бальшой хаце. Зайшоў Іванушка туды, аж там бегаець чалавек ды крычыць:

— Ай, цесна, ай, цесна!

Тады Іванушка гаворыць:

— Чаго ты крычыш? Гэта ж тут раскошна!

А ён гаворыць:

— Ідзі, дурак, куды йдзеш!

Пайшоў Іванька далі за сваімі лашадзьмі, відзіць — уклаў чалавек галаву ў гаршчок і ес[ц]ь і ўсё крычыць:

— Ай, есці хачу! Ай, есці хачу!

Тады Іванушка гаворыць:

— Чаго ты крычыш, ты ж ясі?

А ён каець:

— Ідзі, дурак, куды йдзеш!

Ну, ён і пайшоў далі. Прыйшлі к рацэ, відзіць ён, што уклаў чалавек галаву ў раку і крычыць:

— Ай, піць хачу! Ай, піць хачу!

Іванушка яму гаворыць:

— Што табе, ці мала? Ты ж уклаў галаву ў ваду!

А ён кажаць:

— Ідзі, дурак, куды йдзеш!

Тады коні паплылі чараз раку, і Іванька за імі. На беразе найшоў дзве травінкі: адну залатую, другую сярэбраную. Ён іх сарваў і паклаў к яблакам. Тады прыгнаў ён коней дамоў, хадзяін і пытаецца:

— А што, ці не відзеў ты якей навіны?

Іванушка-дурачок яму гаворыць:

— А вот якую я табе навіну скажу! Ішлі мы, ішлі, прыйшлі к рацэ. Мае конікі пераплылі, і я з імі, узяўшысь за конскі хвост. Прыйшлі мы к саду, а ў том саду касцёл. Тады конікі паабярнулісь чалавекамі, і пайшлі мы ў касцёл богу маліцца. Выйшлі мы, памаліўшысь, з касцёла, тады яны па'бярнулісь конікамі, а я атарваў там два яблачкі: адно залатое, другое сярэбранае!

І аддаў яму гэты яблачкі.

— Ну,— каець,— ці не відзеў ты і другей якей навіны?

— А вот, як выйшлі мы з касцёла, дык відзелі — гналі два малцы авец, адзін белых, другі чорных. То я пытаюсь: «Малцы, куды вы гоніце гэтых авец?» А йны гавораць: «Ідзі, йдзі, дурак, куды йдзеш!» То мы й пайшлі дальша.

Тады хадзяін гаворыць:

— Гэта вы былі на том свеце. Белыя авечкі — гэта людзі йшлі з пекла ў рай, а чорныя — гэта йшлі з раю ў пекла! Ну, а шчэ ці не відзеў якея навіны?

— А вот,— каець,— ішлі мы, ішлі, відзім — бегаець чалавек па ўсёй хаце ды крычыць: «Ай, цесна!» Я кажу: «Гэта ж хата бальшая, чаго ты крычыш?» А ён каець: «Ідзі, дурак, куды йдзеш!»

— Вот, сынок, гэты чалавек на гэтым свеце, як хто папросіцца начаваць, не пускаець, кажаць: «У нас цесна!» Вот яму і там цяпер цесна. А шчэ ці не відзеў якея навіны?

— А як мы ішлі, то адзін чалавек уклаў галаву ў гаршчок і ес[ц]ь і ўсё крычыць: «Ай, ес[ц]ь хачу!» Я гавару: «Ты ж ясі, ці табе мала?» А ён каець: «Ідзі, дурак, куды йдзеш!»

— А гэта, сынок, калі на гэтым свеце папросіць нішчы есці, а йму не дадуць, скажуць: «Нам самім нечага есць!» Вот ім і на том свеце мала!

— А яшчэ табе скажу навіну. Ішлі мы, ішлі, прыйшлі к рацэ. А там адзін чалавек уклаў галаву ў раку і крычыць: «Ай, піць хачу!» Я яму кажу: «Ты пі! Што, табе мала?» А ён каець: «Ідзі, дурак, куды йдзеш!» То я й пайшоў далі.

— А гэта, сынок, яму на гэтым свете ўсё было мала, вот яму й на том мала. А шчэ што ты відзеў?

— А больш я нічога не відзеў, толькі як пераплылі чараз раку, сарваў я дзве травінкі: адну залатую, а другую сярэбраную!

І даў яму гэты травінкі. Тады старык тэй каець:

— Вот, сынок, ты ў мяне верна служыў!

Даў яму шэс[ц]ьдзесят цалковых і адправіў дамоў. І з тых шэс[ц]ьдзесят цалковых яны разжыліся і сталі жыць харашо і багата.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 377-381
Крыніца: скан