epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

[Зачараваная дзяўчына]

Быў гэта сабе адзін удавец, яшчэ не вельміся стары, ды й меў адную дачку і замануў з ёю, канешне, жаніцца, а дачка ніяк не хацела ісці за бацька сва[й]го роднага ды й перад самютка вяселле пайшла ўпрочкі. Ну, ідзе яна, так ідзе неякімсьці лесам, убілася ў такую гушчару, што не праглянуць, посля крышку выскрабалася на неяку прагаліну, глядзіць, асёж тамакава стаіць такі харошы палац! а нікагусенькага не чуваць і не відаць. Уходзіць яна туды — такія ўжэ пакоі харошыя! Налічыла яна іх адзінаццаць, дванаццаты цэлы золатам пабіты, а ў вадном мусіць нехта еў, бо на стале стаялі каравыя талеркі, нажы, лажкі**, вілачкі ды й крошак гібель. Так яна гэта баржджэй папратала пасуддзе, пашаравала, найшла з чаго есці наварыць, панаварвала, панапекала з такімі прыправамі ды й прыпахамі, што анно еш да пальцы ліжы! ды й гэта, парабіўшы ўсенечка, пастаўляла на стале, а сама схавалася ў залатым пакоі пад ложак. Асёж чуе яна, што ляцяць так як чэрці з пекла, а гэта былі дванаццаць разбойнікаў, ды й убегшы да пакою, нюх-нюх:

— Ото пахата,— кажуць,— ото смаката!

Ды й зараз хацелі ісці шукаць, хто гэта такі панаварваў, але не маглі самі сябе перамагчы ды й хапіліся перш-наперш да яды. Елі, няхай бог крые, сцеражэ! так бы то сорак дзён яны ў хляву стаялі ды й нічога на зуб не клалі. Ужэ наеўшыся, старэйшы кажа:

— Хадзем, браткі, шукаць тае душы, катора нам гэдакі смашны абед зварыла.

Ну, ды й кажа так:

— Калі замужняя, будзе матка наша, а калі незамужняя, будзе жонка наша.

Яны ўсюды шукаюць па закатулках, а яна сядзіць, як сучачка, пад ложкам загнуўшыся. Асёж і яе находзяць! Выцягнулі яе з-пад ложка, глянулі, што яна такая хароша,— аж ім вочы засвяціліся! Хапіліся яны ўсенькія да яе ды й пачалі малёнгаці, каб яна іх не баялася, да гэта кажуць:

— Мы табе, паненачко, нічога ліхога не зробімо, анно ты не ўцякай да жыві ў нас.

Так яна к[ажа]:

— Добра, буду.

Ну, так зараз гэта прыбралі яе ўсенечку ў золата ад пят да галавы; яна то ім расказала, як да іх заблуталася, ды й так пазнаёміліся, што ўжэ лепш не трэба. Посля, пацешыўшыся ёю, прыказалі, каб нікога да палацу не ўпускала, ды й самі пайшлі ў лес, пакінуўшы ёй усё сваё багацтва. Жыве яна ў іх дзён сколькі, яны з яе такія ўжэ кантэтныя, а яна ім заўсюды панаварвае, панапякае смашна. Яны ў вадну пору прыдуць, панаядаюцца ды й пойдуць, сапачыўшы крышку,

Асёж бацька той паненачкі мала ні здурэе дома; пайшоў ён раз да кабальніцы, а тая кабальніца была разам і ведзьмаю.

— Мая галубко,— кажа,— закінь ты мне кабалу, дзе мая дачка абарачаецца, ці яна яшчэ ў жыцці, ці не?

Яна то, закінуўшы кабалу, кажа яму:

— Твая дачка жывюсенька, ды й надта ўжэ ёй добранка, яна ў разбойнікаў, яны яе вельмі любяць, што задумае, то ўсё мае, анно ёй птушынага малака нестае.

Ну, так пачаў ён яе прасіць:

— Ці не можна было б як яе з свету зрадзіць?

Так яна яму кажа:

— Калі мне дасі сто сярэбных рублёў, то я яе з свету зраджу.

А ён адказвае:

— Усенечка дам, што захочаш, анно хуценька ідзі ды й яе з свету збаў.

Так узяўшы то з сабою надта ўжэ харошу сарочку, пайшла туды. Прыходзіць, асёж тая яго дачка сядзіць у таком залатом крэсле на ганку і нештасьці шые. Так яна нібы-то стала жабрачкаю, дала ёй пахвалёны, так тая кінула ёй нёкалькась грошай здалёк, да се не прыпусціўшы. Так даў чорт угледзець той купальню надта ўжэ харошу, так як стала то маліць:

— А паненачка, а кралеўначка, а харошанька, а зазулечка, а маё соненько! Пазволь ты мне, пазволь старыя косці выкупаць у гэтай купальні.

Так паненачка не магла ад яе адкараскацца ды й нішто, пазволіла. Посля, канешне:

— Змый мне, паненачко, плечы!

Так яна, паслухаўшы, улезла ды й мые, а ведзьма тагды стала монтаць тую харошую сарочку перад ёю ды й кажа:

— Паненачко, улажы яе, яна мне, старой, непатрэбна.

Паненачка ўпінаецца, не хоча, ведзьма прасіла, прасіла, узяла ды й сілаю на яе ўлажыла, так у том маменце паненачка нежывая стала. Тагды ведзьма то яе баржджэй прыбрала, занесла на ложак, палажыла ды й сама ўцекі. Асёж надходзяць і разбойнікі, той найстаршы зірнуў у вакно ды й моргае на сваіх таварышаў:

— Паскідаймо,— к[ажа],— боты, бо наша паненка легла спаць.

Яны гэта параззуваліся, увайшлі паціхенечку, селі, з'елі ды й на палаткі сапачываць, а самы старшы кажа:

— Пайду я хоць на яе сонну нагледжуся.

Падышоў да ложка, узіраецца, асёж пацікаваў, што не сапе, хапіўся да рук, да твару —халодны! Так, заламаўшы рукі, кажа:

— Паглядзеце, браткі, німа нашай паненкі! Ужэ нежывая.

Так то давай усе вычытваць:

— Ну, што мы цяпер рабіць будзем? Як мы без яе на свеце парадзім?

Ды й кажуць:

— Зрабім ёй залатую труну ды й павесьмо на чатырох дубох, а самі пастраляймося, але ўпярод прыбярэм яе ў што толькі знайдзем найхарушчае.

Так давай то яе распратваць,— як знялі з яе сарочку, так і ажыла! Такія ўжэ яны ўцешныя, такія рады! Ды й ну ж распытваць:

— Што табе такое зрабілася?

Так яна ім расказала ўсенечка так і так, як тая на яе сарочку накінула:

— А больш,— кажа,— не ведаю, што са мною чаўплося.

Так яны ўжэ з тае пары заўсюды аднаго з паміж се кідалі, каб яе пілнаваў. Ну, асёж зноў раз прыснілася бацьку, што ажыла, так то ён пайшоў да тае кабальніцы, закінуў кабалу — асёж праўда — жыва! Так ведзьма:

— Ну, што мне будзе за тое, то я ўжэ пайду ды й начыста збаўлю яе з свету.

Ну, так ён ёй і нешта і даў, яна то, узяўшы залаты пярсцёнак, пайшла да яе. Прыходзіць туды, асёж той вартаўнік сядзіць з мечам ды й не пускае яе, так яна, гэта што робячы, накінула на таго слепату, а сама, падбегшы, паненцы пярсцёнак на палец уткнула ды й сама ўцекі. Прыходзяць тыя з разбою, асёж і таварыш аслёп, і паненка нежывая! Так ужэ яны плачуць, так енчаць, але нішто рабіць, так радзяцца:

— Ну, браткі, зрабем ёй залатую труну, павесьмо на чатырох дубох ды й самі пастраляймося.

Пачалі яе разбіраць, каб прыбраць у харошча, асёж, як знялі таго пярсцёнка, так яна і схапілася! Ну, трэба ім ізноў ісці на лес, так пакінулі ўжэ гіншага ды й кажуць:

— Глядзі, хто схоча да палацу ўвайсці, каб голаў ссёк.

Асёж сніцца яна зноў бацьку, што жыва, так пайшоў да ведзьмы, закінула кабалу — праўда — жыва!

— Ну,— кажа,— забірай ты ўсё, што маю, анно яе з свету збаў.

Пайшла ведзьма туды. Прыходзіць пад палац, так той як замеціўся на яе мечам, так яму і рука спруцянела, ды й стаў, як стоўп у вадной меры, трымаючы меч угарэ, а яна то баржджэй каля паненкі памулялася ды й усадзіла невялічкага страмячка пад ногаць, так тая ўпала. Ведзьма ўцекі, ды й зараз і разбойнікі надышлі.

— Ну, што тут рабіць? — аж яны ўжэ самі на сабе валасы з жалю дзяруць. Сталі то баржджэй распратваць яе, пазнімалі ўсенютка — не ўстае! Што ўжэ рабіць, прыбралі яе ў што мелі найхарошчае да найдарожша, да то зрабілі залатую труну, улажылі яе, паняслі ў цёмны лес, павесілі на чатырох дубох ды й самі пад тымі дубамі пастраляліся. Перайшоў пасля таго якісь час, паненку ўсё вецер калыша, калыша, асёж прыязджае кролёў сын да таго лесу на паляванне. Як пусцілі сабакі, асёж яны адразечку зветрылі, пабеглі пад тыя дубы ды й то як пачалі пішчаць, скавытаць, на тую труну гледзячы, так кралевіч паехаў туды глядзець, што там такое? Прыехаў, заглянуў угору — вісіць не[й]ка залатая труна на чатырох дубох! Так узяла яго цікавасць пераканацца, што ў той труне. Шчарапкаўся ён яксьці па том дубе, а[д]чыняе труну, асёж ляжыць паненка, так як жывая, і надта ўжэ хароша! Кралевіч ужэ сам не ведае, што тут рабіць, і баіцца, каб яго дваране не сцікавалі, дзе ён падзеўся, і злазіць адтуль не хоча, бо не можа наглядзецца на яе. Але нішто, мусіў цішком вярнуцца, як нібы-то так, як нічога не бачачы. Не ў галаве ўжэ яму было паляванне, казаў сабак пасклікаць ды й паехалі дадому. Вярнуўшыся да двара, ходзіць проста як пакопаны: не п'е, не есць, цёнгле ў думках, ды й не кажа нікамутанькаму, што яму такое. Зараз то і бацькі сцікавалі тое, так ужэ і стражу паставілі, каб сабе чаго не зрабіў ліхога. Ну, але-такі аднае ночы, яксьціка, хоць яго добра вартавалі, уцёк ён з тых палацаў, да ў лес, да ў тыя дубы, да то за тую труну з паненкаю, ды й то паціхусеньку прынёс яе да двара, ды й то неяксьціка праз акно ўпёр тую труну ў свой пакой, і, бало, ужэ як выйдзе на ранкі, так зачыніць пакой, ключ у кішэнь ды й ужэ нікога ў свой пакой не ўпусціць. Раз выпер яго бацька сілаю на паляванне, а сам, адбіўшы дзверы, увайшоў да таго пакою, глянуў сюды-туды, аж стаіць тая труна адчынена, а ў ёй не[й]ка паненачка! Ён то, перапалохаўшыся, увесь анямеў, так то дваране, убегшы, ледзве яго ачуцілі. Кролеві яшчэ харошча, ніж сыну, здалася. Ён, што тут рабіць? — радзіцца то з тым, то з сім:

— Трэ яе баржджэй пахаваць, каб кралевіч яшчэ з нуды што сабе не зрабіў. Ляньцеся,— кажа,— то ж ён у мяне адзін, як вока ў лобе! Ай, ліхачко! Каму ж маё кралеўства па мне астанецца?

Да то баржджэй вынялі з труны, каб прыбраць у 'надшу адзежу, да то сам сваею рукою твар ды й рукі ёй памыў, ды й неяк прыгледзеў, што ногці завялікія, так то ўзяўшы ножанкі, стаў абрэзваць, ды й то, абрэзваючы, прыгледзеўся, што неяка парушынка страміць пад ногцем; так ён то выкалупаў тую парушынку, так яна і блінкнула вачыма! Ён з радасці і сам не ведаў, што чыніць! Асёж якраз і сын наязджае; як зочыў, што яна сядзіць — ля, жывая! — так і хапіўся яе цалаваць рукі, ногі, а посля давай то бацька малёгаць, каб пазволіў з ёю абвянчацца. Кроль пазволіў ды й зараз разаслаў пасланцоў на даўкалічнасць, каб ужэ наспрашалі гасцей, ды й пажаніў іх.

Дзе быўшы, сніцца яна зноў свайму бацьку, што жыва і што выйшла замуж, за кролевага сына. Ідзе ён зноў да свае кабальніцы, закінуў кабалы — асёж праўда — жыва, каб яе ўдушыла!

— Ужэ я не пайду,— кажа ведзьма,— ідзі ты сам ды й то не адкладай доўга, бо ім ніўбаўкі бог дасць сына, то,— к[ажа],— яны будуць тое дзіця хрысціць, а ты тагды магчымеш штокольвячы вырабіць,— ды й то навучыла яго, як што зрабіць.

Ідзе ён туды, прыходзіць, асёж якраз яна ўжэ сына мела, ды й ужэ да хрэсьбінаў прыбіраюцца. Так ён то, прыйшоўшы, кажа:

— Я бы мог за кухара згадзіцца, бо я службы ішчу.

А ім от якраз трэ было кухара, так яны, узяўшы, згадзілі яго. Ну, так расказалі ўжэ, што яму рабіць, ён так ужэ завіхаецца, стараецца, у хожку ўходжвае, ужэ і тое дзіцятка да хрысту скупалі, анно ўжэ нажыдаюць, каб кумы наехалі, а кралевіч з жонкаю пайшлі ў горад на спацыр. Тагды той кухар баржджэй у пакой, да тое дзецяня зарэзаў, да то нож пад хфартух ды й бяжыць проці іх, ды й то размінаючыся, усадзіў той нож ёй у кішаню ды й пабег нібы-то дзе за чым пілным. Ляньцеся, ужэ і кумы наехалі ды й усенечкія госці на той банкет, уходзяць у пакой, дзе тое дзецяня — асёж нежывое! Тут такая зрабілася струшня, крычаць, вычытваюць, што хоць уцякай! Што тут рабіць? Трэба трасці ўсіх, хто яго зарэзаў. Перагледзелі — нідзе ў нікагуткага нічагутка нямашака. Давай то яшчэ трасці кралёў, асёж у кралёвай находзяць у кішані** нож закрываўлены! Ну, судзяцца ўсе, што тут ёй зрабіць за тое? Ды й асудзілі так:

— Паадрэзваць ёй рукі па локці, прывязаць тое дзіця да шыі ды й выправіць упрочкі.

Ну, ды й зрабілі гэтак. Ходзіць яна, бедна, па шырокум свеце, ходзіць; асёж варона на со**сне корміць дзеці, узяло адно варанянятка ды й упала якраз на яе, так то кралевічыха ўзяла яго тымі куксамі ды й дзяржыць. Так ужэ варона просіць, так просіць:

— Аддай мне,— кажа,— маё дзіця, аддай!

Так яна адказвае гэтак:

— Як ты мне,— к[ажа],— прынясеш вады жывушчай ды й гаюшчай, то я табе тваё дзіця аддам.

Ну, так варона баржджэй то паляцела недзе, асёж ніўбаўкі прыносіць дзве пляшачкі; пашмаравала з аднае — ажыло дзіця, пашмаравала з другой — загаілася! Такая ўжэ яна кантэтна, што божа мілы! Такі ўжэ той хлопчык харошы, разумны, бегае ўжэ сам каля яе, такі разулітны, што і куды! Асёж захацелася яму піць, так ён стаў прасіць мацеры:

— Ідзем,— к[ажа],— да гэтага дзядзька, што гарэ, папрасем вады напіцца.

Падышлі да таго чалавека, так ён ім кажа:

— Гось тут недалёка крынічанька, пайдзеце сабе нап'ецеся.

Так то той хлопчык пабег ды й яна за ім, пакуль яна дайшла, ён нагнуўся ў тую крынічку піць воду, так і шабаўснуў галавою. Яна чыста спалохалася да то ўсадзіла тыя куксы, лавіць дзіця, асёж як бач і рукі абедзве папрырасталі. Выняла яна тое дзіця, такая ўжэ рада, а хлопчык кажа:

— Мамо, ідзем ужэ цяпер да сва[й]го татка на баль — на мяніны.

Яна то ўздыхнула цяжанька, а ён кажа:

— Не бойся, ма, ідзем, анно адразечку не ўказывайся, што ты яго жонка, але так, нібы-то жабруючы.

— Добра, дзеткі.

Прыходзяць яны туды, асёж той яе бацька ўсё яшчэ там жыве. Яны прыйшлі збе**дніўшыся, аж ім кажуць:

— От астанься ў нас, жонко, сколькі дзён, бо гэта будзе замятня, то сякая, то такая, то паможаш, то рондлаў памыць, то свінням вынесці, ды й сама пад'ясі з хлопцам.

Так яна:

— Добра,— к[ажа],— то пабуду ў вас, што мела дзе цягацца.

Жыве яна там адзін дзянёк, другі, мо ўжэ і з тыдзень, а той хлопчык усё за печчу сядзячы ўсім басні бае і такія харошыя і жаласлівыя, што аж вушы вянуць услухаючы. Ужэ і сказалі аб том хлопчыку кроляві і кралеўскаму сыну, ну так кроль думае сабе:

— Як будзе баль, а госці наедуць, то заклічу таго хлопчыка, няхай і нам збае якую басню.

Асёж і надышоў ужэ той баль, наз'язджалася адсюль гасцей, пілі, гулялі, прыдумаў кроль аб том хлопчыку ды й кажа сваім там двараням:

— Клікнеце тое хлапчаня, няхай ён нам збае басню.

Прыходзіць той хлопец, зняў шапачку, пакланіўся нізенька, так кроль кажа:

— А што, хлопчык, умееш ты басні харошыя?

— О, каб не ўмеў! Але няхай найяснейшы і міласцівы кроль раскажа, каб і слугі прыйшлі ўслухацца ды й каб пры ўсіх дзве**рах і вокнах варта стаяла.

Як ён папрасіў, так кроль дзіцяці дагадзіў. А была пры том хлопчыку каробачка маленечка з гарэхамі, так ён сабе сеў серад пакою, ножкі паўцягаў, каробачку паставіў ды й то пачаў, выняўшы колькісь гарэшкаў з каробачкі:

— Цот, цот да цаток, два гарэшкі, тры гарэшкі ў карабок. Быў сабе адзін бацька ды й меў харошу дачку.

Ды й зноў:

— Цот, цот да цаток, два гарэшкі, тры гарэшкі ў карабок. Захацеў той бацька з сваёю дачкою жаніцца. Цот, цот, да цаток, два гарэшкі, тры гарэшкі ў карабок.

Ну, так гэтакім спосабам расказаў усе матчыныя прыгоды з канца ў канец: хто яго зарэзаў да мацеры нож у кішэню ўлажыў, хто яго аджывіў ды й як у мацеры рукі ўзяліся. Ну, так то кралевіч, не даўшы яму ўжэ скончыць, ухапіў на рукі, выцалаваў, вымілаваў ды й то з ім пабег да кухні, упаў жонцы да ног ды й стаў перапрашаць. А кухар, тое ўгледзеўшы, у дзверы, а вартаўнікі яго зымалі ды й то за кралеўскім прыказам баржджэй яго на жалезныя бораны расцягнулі ва ўсе стораны света. Тады зноў нанава бясёду разнялі, ды й пілі, елі, ды й плакалі з радасці. Ну, і я там была, мед-віно піла, у губе не было, па барадзе цякло.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 325-332
Крыніца: скан