epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Жадны бабыль

Жыў сабе бабыль і не імеў у сябе лошадзі. Пайшоў у лес дровы рубіць. Найшоў ён сухую ліпу, падходзіць к ёй і стукаець у яе раз, два і тры. Яму хто-та із ліпы і гаворыць:

— Мужычок, што табе нада?

Ён іспужаўся гэтага чалавека, аддаліўся ад ліпы і думаець, што гэта б значыла. Падумаў, падумаў, падходзіць апяць к ліпе і [а]твячаець тому голасу:

— Хачу ліпу зрубіць сабе на дровы, атапляць печ і саграваць дзяцей!

Голас яму апяць гаворыць:

— Ідзі дамой: у цябе ў тваём доме ўсяго давольна: і ската, і дроў, і ізба твая цяпла, і дзеці сагрэлісь.

Прыходзіць дамой, жана яго ўстрэціла на дварэ і гаворыць яму:

— У нас адразу ў доме нашым усяго многа: і ската, і хлеба, і дроў, і ізба наша такая цёплая; хадзі скарэй дахаты і сагрэйся!

Пасідзеў мужычок у сваёй цёплай хаце, палюбаваўся скацінкаю да і гаворыць жане:

— А што ты думаеш? Нас усё беспакояць нашай дзярэўні выбарныя: давай ім і то, і то. Пайду-ка я к ліпе.

Прыйшоў к ліпе і стукнуў у ліпу раз і два. З ліпы чалавечаскі голас яму і гаворыць:

— Што табе нада, бабыль?

Мужычок і гаворыць:

— Прыхадзіў я тады рубіць гэту ліпу сабе на дровы, а як ты якей-та сказаў мне: «Не рубі ліпы на дровы, ідзі дамой, у цябе ўсяго давольна: і ската, і хлеба, і дроў, і цёплая хата»,— так і запраўду случылась. Я цяпер думаю, як бы мне быць выбарным — не хачу я ламаць шапкі перад дзеравенскім нашым выбарным.

Голас яму ў атвет:

— Ідзі апяць дамой, і будзець па твайму жаланню.

Ён і пайшоў дамой. Прыходзіць дамой, жана гаворыць яму:

— Прыхадзіў к нам стараста — трэбуюць цябе на гасподскі дом.

Ён пайшоў туды, а там была дзеравенская сходка, і ізбралі ўсею дзярэўняю выбарным.

Прахадзіў нямнога месяцаў у доўжнасці выбарнага — наскучыла яму гэта сабачая доўжнасць: бегаць па дзярэўні, выбіраць дзеньгі на валасных і пісарэй. Пайшоў апяць к той ліпе: «Знаць ужо, што ў той ліпе не прастой голас!»

Прыходзіць і стук у ліпу, із ліпкі голас спрашыець:

— Што прыйшоў і што табе нада, бабыль?

— Хачу,— гаворыць,— быць старастаю ў сваёй дзярэўні.

Із ліпы яму голас атвячаець:

— Ідзі дамой: будзеш і старастаю.

На тот жа дзень і ўпраўду яго ўсею дзярэўняю паставілі старастаю. Нямнога ён пабыў у гэтай доўжнасці, падумываець, што ў гэтай доўжнасці не нажывеш дзенег; задумаў адказацца і адказаўся. Прыходзіць к ліпе і просіць доўжнасці ўпраўляюшчага ў багатага гаспадзіна. Стук тапаром у ліпу, із ліпы голас спрашыець:

— Што нада?

— Хачу быць упраўляюшчым у багатага пана.

— Ну, ідзі, заўтра будзець тваё дзела.

Назаўтра трэбуець яго багаты гаспадзін і спрашыець у яго сагласія быць у іменіі ўпраўляюшчым; ён сагласіўся з радасцю і стаў распараджацца хазяйствам барскім. Тут-та ён нескалькі гадоў пражыў і нажыў бальшы капітал, а нажыўшы многа дзенег, адказаўся ад доўжнасці. Задумаў бабыль быць багатым гаспадзінам. Прыходзіць дамой і гаворыць жане:

— Ці цэла тая ліпа, ці не зрубіў то хто яе? Ці даўно ты была ў лясу?

Жана атвячаець:

— Цэла, ніхто не зрубіў!..

— Ну, пайду к ліпе!

Стукнуў у ліпу.

— Што табе нада?

— Хачу быць багатым гаспадзінам і заўладзець іменнем тога багатага гаспадзіна, адзе быў я многа гадоў упраўляюшчым.

— Ідзі, і будзець па твайму жаланню!

Адправіўся ў дом тога гаспадзіна і зарандаваў яго імення. Начаў распараджацца іменнем, стаў ва ўсё ўсматрывацца, пералічываць свае даходы. Пажыўшы бальшыя годы, зашумеў бабыль. Задумаў гаспадзін бабыль быць царам. Ідзець к ліпе і стук тапаром у ліпу. Тут спрашыець голас:

— Што нада?

— Хачу быць царам, штобы мне вінілісь усе народы.

— Ідзі, і будзеш царам.

Прыйшоў ва іменне, і трэбуюць яго ва сталіцу каранаваць ва цара. Накрасаваўшысь на белым свеце царам, захацеў быць богам, а жана была б багіняю, а дзеткі бажаняткамі. Прыехаў на родзіну, пайшоў гуляць па полю і заходзіць к ліпе і стукнуў у ліпу. Голас громка і сярдзіта гаворыць яму:

— Бабыль-цар, што табе нада?

— Накрасаваўся я на белым свеце царам, а хачу тапер быць раўным богу.

— Нет, цар, раўным богу быць табе нільзя, а будзь тапер мядзведзем, штоб цябе на ланцугу павадзілі да вязінаю павазілі! Будуць цябе людзі баяцца, но будзеш і ты людзей баяцца.

Адышоў бабыль-цар, здзелаўся мядзведзем, жана мядзведзіцай, а дзеці медзвежанятамі і пайшлі па лесу, і тапер ходзяць страшылішчамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 552-554
Крыніца: скан