epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Заклятая паненка

Было ў бацька тры сынэ: два разумныя, трэці дурань. Ім бацька сказаў пушчаць галкі, дзе каторага падзе, адтуль узяць сабе паненку. Так у двух палі галкі ў пакоях, а трэцяга ў балоце, у жабы ў роце. І ўсе тры пажаніліся. Так цяпер ім сказаў бацька, каторая будзе лепшая гаспадыня.

Сказаў ім напячы пірагоў, каторае будуць лепшыя піраге, так будзе тая гаспадыня. Так гэтыя такіх пірагоў добрых напяклі, а гэтая жаба ўзяла рашчыніла рашчыну, і выкруціла ў печы дзірку, і паліла рашчыны, так яе былі лепшыя піраге ад тых. Дак ім цяпер сказаў бацька пашыць настольнікі. Каторае будзе лепшы, тая будзе гаспадыня. Так усё тае жабы лепшае, піраге і настольнік, так ужо астаецца тая жаба за гаспадыню. А як яна рабіла настольнік, адрэзала палатна, і пасекла на кусочкі, і ўсыпала на двор, выпусціла чараду цялят, і патапталі цялята, і памясілі. Так як выйшла тая жаба, як дзьмухнула, так зрабіўся настольнік харошшы, як тых дзвёх.

Так дзе то іх паклікалі на вяселле і пасадзілі за стол. Так яны пілі водку. Як прыйдзе да яе водка, дак яна не п'е, выліе ў рукаў, махне на сцену, для яе робіцца сцяна залатая. Як возьме закусіць, так не есць, а кладзе ў рукаў, махне на сцену, на сцяне робяцца залатыя квяты. Так яны нагледзелісь на яе, дак яны сталі гэдак рабіць. Так яна загневалась, стала ўцякаць:

— Нашто маё перарабляюць!

Так яны сталі яе прасіць, каб не ўцякала, каб пабыла на вяселлі. Даў бог ноч. Так узяў ад яе мужык адкраў гэты жабі тулуп. Так яна была такая паненка, толькі заклята. Яна шукала нарана свайго тулупа, і ўсе ўжо паўставалі, так яна стала пытацца:

— Ці не бачыў хто майго тулупа?

Мужык прызнаўся, што спаліў. Так яна яму сказала, што будзеш шукаць дванаццаць год і дванаццаць паўгодаў, і дванаццаць месяцаў, і дванаццаць нядзель, і дванаццаць дзён. Будзе на моры вутка і будзе ў вуткі яйцо. Так ён хадзіў дванаццаць год, усё сваё адхадзіў. Найшоў гарла, прасіў, каб гарол злавіў яму тую вутку і раздзёр на моры. Упала яйцо ў мора. Так ён прасіў усех ракаў, каб вынеслі яму яйцо. Яму вынеслі. Ён разбіў і дастаў з таго яйца сваю жонку, і з ёю жыве цяпер. Усё.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 95-96
Крыніца: скан