epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Залатое пяро

Даўно-даўно некалі жыло ў нас два браты. Паехалі яны раз у Сянно. Ехалі, ехалі і знайшлі на дарозе дзяцёнка і жарабёнка. Старэйшы кажаць:

— Няхай мне будзець гэты дзяцёнак!

А меншы кажаць:

— Не, няхай мне.

І сталі яны ажны сварыцца за таго дзяцёнка. Спорыліся, спорыліся яны гэтак, але кажуць:

— Ну, пойдзем і к пану, панясём гэтага дзяцёнка, няхай нас пан рассудзіць.

— Ну, й пойдзем!

— Ну, й пойдзем! — кажуць яны адзін аднаму.

Сказалі гэдак і пайшлі к пану. І паняслі туды гэтага дзяцёнка і жарабёнка. Як прыняслі к пану дзяцёнка і жарабёнка, пан як увідзеў — яны яму дужа знаравіліся. От, ён ім і кажаць:

— Чымсі вам споравацца, аддайце вы мне лучча іх, я вам заплачу.

Браты тыя парадзіліся ды ўзялі ды й аддалі пану гэтага дзяцёнка і жарабёнка, а пан заплаціў ім, сколькі яны там згаварыліся.

Асталіся яны ў пана. Пан узяў, адгарадзіў ім па пакою: адзін пакой рабёнку, а другі пакой жарабёнку. І назваў яго пан Іванькам. Стаў пан іх гадаваць, сталі яны рэсць, не па гадах растуць, ды па чыслах. Скора казка кажацца, ды няскора дзела дзелаецца, так і тут. Вырас Іванька. Пан раз паслаў яго із халіварку ў дзярэўню — як вот із Багданава ды ў Андрэйчыкі — прыказываць мужыкам на прыгон ісці. Едзець ён на тым, на сваім, кані па дарозе, ажны відзіць — ляжыць на дарозе залатое пяро, ды якое прыгожае! Толькі Іванька сагнуўся яго браць, а конь кажаць:

— Іванька! Не руш пяра, не будзець бяда!

Іванька не паслухаў каня і ўзяў пяро. Узяў Іванька пяро і паехаў на дзярэўню, прыказаў тамацькі мужыкам, каб ішлі заўтра на прыгон к пану, і паехаў у двор. Прыехаўшы, занёс пяро к сабе ў пакой і палажыў. Як палажыў, так увесь пакой і асвяціла. Прыходзіць пан, увідзеў гэта пяро і кажаць Іваньку:

— Іванька, аддай мне гэта пяро!

Іванька кажаць:

— Бяры сабе!

Унёс пан пяро ў свае пакоі, дык так і асвяціла пакоі, усё роўна як днём, так і ноччу. Стаў з тых пор пан Іваньку любіць і жалець. Тады парабкі набунтавалі пану на Іваньку.

— А паночак наш! Іванька казаў, што ён можаць дастаць тую птушку, што ссорыла гэта пяро!

Пан прызваў Іваньку і кажаць яму:

— Ну, Іванька! Калі ты знайшоў гэткае пяро, цяпер жа ты мне знайдзі тую птушку, што ссорыла гэта пяро. А не, дык мой меч — табе галава з плеч!

Іванька, як пачуў гэта, як заплачацца! Пабег к каню:

— А конічак! Божа ж мой, божа! Што я буду дзелаць?

— А што?

— А што ж? Загадаў мне пан: як дастаў пяро, дык дастаў і тую птушку, што гэта пяро згубіла. А калі не знайду я тую птушку, дык пан сказаў: «Мой меч, а табе галава з плеч!»

— А што, Йванька, я табе казаў: не руш пяра, не будзець бяда! Ну, да гэта бяда — не бяда, бяда яшчэ ўперадзі.

— А што ж дзелаць?

— А йдзі к пану ды вазьмі ў яго бочку смалы і лакон палатна.

Іван пайшоў к пану, узяў тамацькі бочку смалы і лакон палатна і прынёс к каню.

— Ну, садзіся на мяне, Іванька, ды бяры бочку смалы і лакон палатна!

Сеў ён і паехалі. Ехалі, ехалі і пад'ехалі яны к сасоннічку. Конь і гаворыць Іваньку:

— Ну, цяпер, Іванька, вазьмі палатно ды намаж яго смалой і расцялі на гэты сасоннік!

Іванька ўзяў, намазаў палатно, разаслаў на сасоннік, а сам сеў, схаваўся ды й пілнуець. Ці доўга, ці не ён ждаў, ажны ляціць птушка. Села яна на гэта палатно; ну як села, дык і прыкіпела. Конь крычыць:

— Скарэй, Іванька, лаві, каб яна не паляцела!

Іванька падскочыў і схапіў яе, улажыў за пазуху, уссеў на каня ды й паехаў. Прыехаў к пану, аддаў яму птушку, а сам пайшоў аддыхаць.

Прайшло сколькі там урэмя, пагніло ў таго пана ўсё сена. Пан думаў, думаў, адчаго б гэта яно пагніло, і ніяк не ўгадаець. А парабкі ўзялі ды зноў набунтавалі на Іваньку пану:

— А паночак! Іванька казаў, што ён можаць схадзіць і к богу запытацца!

Пан вялеў ім пазваць Іваньку. Парабкі пазвалі Іваньку. Прыходзіць ён к пану, пан кажаць Іваньку:

— Іванька, схадзі-тку ты к богу, спытайся ў бога, чаго гэта ў мяне сена пагніло. А калі не сходзіш, дык мой меч — табе галава з плеч!

Іванька як пабяжыць к каню ды як заплачацца:

— А божа ж мой, божа! А канёчак мой! А што ж я буду дзелаць? Сказаў пан і схадзіць к богу спытацца, чаго яго сена пагніло!

А конь кажаць:

— А што, Іванька! Я казаў табе: не руш пяра, не будзець бяда. Ну, ды гэта шчэ бяда не бяда, яшчэ ўся бяда наперадзі. Але што дзелаць? Садзісь, Іванька, на мяне ды паедзем!

Уссеў Іванька на каня і паехалі. Ехалі, ехалі — стаіць хатка.

Уходзяць яны ў хатку, ажны ў тэй хатцы дзед на печы качаецца ды крычыць гвалту. Увайшоў Іванька ў хатку, ён і кажаць:

— Куды цябе, Іванька, бог нясець?

— А іду к богу, пытацца, чаго пагніло панава сена.

— Ах, мой ты унучак, спытайся ж у бога, чаго я гэдак качаюся на печы! І злезці няможна, і ногі мае адмёрзлі.

— Добра, спытаюся!

Пайшоў Іванька далі; ішоў, ішоў, ажны бачыць — качаецца па дарозе маладзіца і яе ўсе топчуць, і ўсе чэраз яе ездзяць.

— Куды цябе бог нясець, Іванька?

— Іду к богу, пытацца, чаго панава сена пагніло.

— Запытайся ж там у бога, Іванька, чаго гэта я ўвесь свой век ляжу на дарозе, і мяне ўсе топчуць, і ўсе чэраз мяне ездзяць!

— Добра,— кажаць Іванька, і паехаў далі.

Ехаў ён, ехаў, ажны бачыць — удвох чалавекі пераліваюць ваду з аднаго калодзезя ў другі калодзезь ды не могуць ніяк пераліць.

— Куды цябе бог нясець, Іванька?

— Іду я к богу, пытацца, чаго панава сена пагніло.

— Скажы ж ты, Іванька, там богу, што мы гэта ўвесь век свой пераліваем ваду з аднаго калодзезя ў другі калодзезь, ды ніяк не пераллём: у вадным калодзезі не меншыіць, а ў другім не большыіць.

— Добра, скажу! — кажаць Іванька, і паехаў далі.

Ехаў ён, ехаў і прыехаў ажны к самаму мору. Відзіць Іванька, ляжыць у моры рыбіна, ніяк не можаць яна перавярнуцца.

— Куды цябе, Іванька, бог нясець?

— А іду к богу, пытацца, чаго панава сена пагніло.

— А скажы ж ты там, Іванька, богу, чаго гэта я ляжу на 'дным баку і ніяк не перавярнуся.

— Добра,— кажаць Іванька,— скажу!

Пераехаў Іванька мора ды й паехаў далі. Ехаў, ехаў — стаіць хатка. Едзець ён кала тые хаткі, ажны выходзіць з тые хаткі старэнькі чалавечак.

— Куды ты едзеш, Іванька?

— Еду к богу, пытацца ў бога, чаго гэта ў пана сёлета ўсё сена пагніло.

— А таго ў пана сена пагніло,— кажаць старэнькі чалавечак — гэта быў бог,— што Дзеўка-Паланянка дванаццаць дней купалася ў моры ды гуляла з сонцам. Ад гэтага не было сонца, ішоў дождж, панава сена і пагніло.

Іванька тады кажаць:

— А божа, божа! Што я відзеў на дарозе, як ішоў сюды: нейкі чалавек у хатцы на печцы качаецца ды крычыць гвалту, што злесць няможна і ногі яго адмёрзлі?

— Гэты чалавек быў мароз, і ён дужа многа ў людзей дабра памарозіў, многа людзей голад цярпела праз яго і многа людзей ён пасіраціў. Калі ён зложыць рукі наўхрэст, што не будзець болі нікога марозіць і нікога абіждаць, дык пойдзець і будзець хадзіць. А калі не зложыць рук наўхрэст, дык узнова будзець ляжаць на печы не злязаючы.

— А божа, божа! Што я яшчэ відзеў: нейкая маладзіца ляжыць, качаецца на дарозе, чэраз яе ўсе едуць, яе ўсе топчуць, усю яе прытапталі?

— Гэта маладзіца была старая ведзьма — змяя; адбірала яна чужэя малокі. Людзі мелі па дванаццаць каровак, ды не мелі малачка; а яна ніводныя каровы не мела, ды малако ела. Людзі праз яе смяглі! Вот яна за гэта ляжыць на дарозе, што людзей многа абіждала. Калі яна складзець наўхрэст палцы, прысягнець, што не будзець адбіраць у чужых кароў малокі, дык устанець, а не прысягнець, дык узнова будзець ляжаць на дарозе!

— А божа, божа, што я яшчэ відзеў на дарозе: удвох чалавекі пераліваюць ваду з аднаго калодзезя ў другі ды ніяк не пераллюць: у вадным калодзезі не меншыіць, а ў другім не большыіць?

— Гэтыя людзі былі ўперадзі багатыры і дужа прыганялі бедных мужыкоў на прыгон к сабе — і малых і старых — і здзекаліся над імі. Калі яны складуць рукі накрыж ды прысягнуць, што болі не будуць так дзелаць, дык тады яны выллюць ваду, а калі не складуць рукі накрыж, дык узнова будуць пераліваць!

— А божачка, божа, што я яшчэ відзеў: ляжыць на моры рыбіна ўвесь век свой на 'дным баку і не можаць перавярнуцца?

— Гэта рыбіна полк салдатаў з'ела; калі яна выпусціць іх, дык паплывець, а калі не выпусціць, дык узнова будзець ляжаць!

Пайшоў Іванька ў двор к пану. Ішоў ён, ішоў — прыходзіць к мору, дзе ляжыць тая рыбіна. Рыбіна кажаць:

— А што, Іванька, што мне бог казаў?

— Пастой, як перайду на тэй бок, тады скажу!

Перайшоў на тэй бок і кажаць:

— Бог казаў, калі ты выпусціш полк салдатаў, дык паплывеш, а калі не выпусціш, дык не паплывеш!

Рыбіна разінула рот. І — іх! Салдаты ідуць, музыка йграець! Як выйшлі ўсе, рыбіна й паплыла. Пайшоў Іванька далі. Ішоў, ішоў, ажны відзіць — тэя самыя два чалавекі ваду пераліваюць.

— А што, Іванька? Што нам бог казаў?

— Пастойце, дайце выйці наперад.

Зайшоў ён наперад, тады кажаць:

— А во што вам бог казаў: вы былі ўперадзі багатыры, вы прыганялі мужыкоў бедных на прыгон к сабе, і малых і старых, і здзекаліся над імі. Калі вы складзяцё рукі накрыж, што не будзеце болі абіждаць бедных, дык вы пералляцё гэту ваду, а калі не складзяцё, дык вы нізашто не пералляцё!

Мужыкі, пачуўшы гэта, як пабягуць за Іванькам, а Іванька як пабяжыць уцякаць... Бег, бег, але-ткі ўцёк. Пайшоў ён далі, ажны на дарозе ляжыць тая маладзіца, і чэраз яе і ходзяць, і ездзяць — усю яе стапталі.

— А што, Іванька, што там мне бог сказаў?

— Пастой, я зайду наперад, тады скажу!

Зайшоў ён наперад тэй маладзіцы і кажаць ёй:

— Во што табе бог казаў: ты ўперадзі была старая ведзьма-змяя; ты адбірала чужэя малокі, людзей дужа абіждала, людзі тагды смяглі. Калі ты складзеш рукі накрыж, што не будзеш гэдак дзелаць, дык пойдзеш, а калі не зложыш рук, дык і век тут ляжаць будзеш!

Маладзіца злажыла рукі накрыж і пайшла з дарогі. Пайшоў Іванька далі. Ішоў, ішоў, ажны качаецца тэй чалавек на печцы.

— А што, Іванька, што там мне бог казаў?

— Пастой, зайду наперад, тады скажу!

Зайшоў наперад і кажаць:

— Ты быў ўперадзі бальшэй мароз і многа памарозіў у людзей дабра, многа людзей цярпела праз цябе, многа ты людзей пасіраціў. Калі ты складзеш накрыж рукі, што не будзеш болі абіждаць людзей, дык злезеш з печы, а калі не, дык ніколі не злезеш.

Чалавек тэй склаў рукі накрыж, злез з печы і пайшоў. Пайшоў Іванька далі. Ішоў, ішоў, ішоў, ішоў і прыходзіць у двор.

Пан пытаецца:

— Ну, Іванька, што бог сказаў, чаго маё сена пагніло?

— А во чаго, паночак, казаў бог, пагніло тваё сена: Дзеўка-Паланянка дванаццаць дней купалася ў моры і гуляла з сонцам. І ад гэтага не было сонца, быў дождж, сена тваё і пагніло!

— Маладзец, Іванька, ступай аддыхай!

Пайшоў Іванька аддыхаць. Прайшло сколькі ўрэмя, парабкі зноў набунтавалі пану на Йваньку:

— А паночак наш! Іванька казаў, што ён Дзеўку-Паланянку дастаць можаць!

— Пазавіце мне сюды Іваньку.

Пабеглі яны, гукнулі Іваньку з яго пакою. Прыходзіць ён к пану, пан кажаць:

— Дастань ты мне, Іванька, тую Дзеўку-Паланянку! А калі не дастанеш, дык мой меч— табе галава з плеч!

Іванька як заплачацца, як пабяжыць к каню:

— А канёчак ты мой! А божа ж мой, божа! А што мне дзелаць: пан сказаў мне дастаць Дзеўку-Паланянку, а калі не дастану, дык панаў меч — мне галава з плеч!

— А што, Іванька, ці я не казаў табе: не руш пяра, не будзець бяда. Ну, ды гэта бяда не бяда, бяда яшчэ ўся наперадзі. Што дзелаць, садзісь на мяне, паедзем іскаць Дзеўку-Паланянку!

Уссеў Іванька на каня і паехалі. Ехалі яны, ехалі, ажны ідзець тэй чалавек мароз, што ўперадзі на печцы ляжаў.

— Добры дзень табе, Іванька! Куды цябе бог нясець?

— На здароўе! Іду іскаць Дзеўку-Паланянку, пан сказаў.

— Ну, Іванька, пайду і я з табой. Ты ж мне памог, можа і я табе памагу што-небудзь!

Пайшлі яны ўдвох ўжо. Ішлі, ішлі, ажны ідзець тая маладзіца — ведзьма, што ляжала на дарозе.

— Добры дзень табе, Іванька! Куды цябе бог нясець?

— На здароўе! Так і так: іду па Дзеўку-Паланянку, мне пан сказаў дастаць.

— Пайду й я з вамі. Бо ты мне памог, можа й я табе, Іванька, што-небудзь памагу!

Пайшлі яны ўжо ўтраіх. Ішлі, ішлі, ажны страчаюць тых двох чалавекаў, што ваду пералівалі ўперадзі. І яны Іваньку добры дзень не далі. Пайшлі яны ўтраіх далі. Ідуць, ідуць і прыходзяць к мору. Як бы тутацькі дастаць з мора Дзеўку-Паланянку? Думалі, думалі, але-ткі ўздумалі. Маладзіца тая скінулася крамкай і стала на марскім беразе; і ў тэй крамцы відаць дужа прыгожыя стужкі, хусткі і ўсё чысценька, што каму трэба, усё ёсць. Ды такое прыгожае, што і ўздумаць няможна. Вытыркнула Дзеўка-Паланянка галаву з мора ды як увідзела гэту крамку, дужа ёй захацелася што-небудзь у гэтай крамцы ўзяць. Але баіцца, ці няма каго. Вытыркнула яна галаву другі раз, палядзела, палядзела — няма нікога, бо Іванька з канём захаваўся, маладзіца скінулась крамкай, а чалавек тэй стаў марозам. Вытыркнула яна галаву ў трэці раз; глядзіць — узнова нікога не відаць. Тады яна сама сабе думаець: ужо тут нікога няма, пайду ў крамку. Вылезла з мора і пайшла. Толькі яна вылезла, а мароз узяў ды мора ўсё і замарозіў. Конь крыкнуў на Йваньку:

— Бяжы, Іванька, лаві скарэй Дзеўку-Паланянку!

Тая як пачула гэта, што хочуць яе ўлавіць, пабегла ў мора. Ажны там усюдых лёд. Іванька яе тут і ўхваціў.

— Ну,— кажаць конь,— дзяржы, Іванька, пакрапчэй гэту Дзеўку-Паланянку ды паедзем!

Падзякаваў Іванька маладзіцы тэй і марозу, што памаглі яму ўлавіць Дзеўку-Паланянку, ды ўссеў на каня і паехаў к пану ў двор. Прыехалі ў двор, аддаў Іванька пану Дзеўку-Паланянку, а сам пайшоў аддыхаць. Аддыхнуў ён сколькі тамацькі, тая Дзеўка-Паланянка вялела пану даставіць ёй з мора яе скрынку. Прызваў барджэй пан Іваньку і кажаць:

— Дастань ты мне з мора скрынку Дзеўкі-Паланянкі! А калі не дастанеш, дык мой меч, а табе, Іванька, галава з плеч!

Іванька як заплачацца, як загалосіцца! Пабег к свайму каню:

— А канёчак! А татачка ты мой! А божа ж мой, божа? А што ж я буду дзелаць цяпер?

— А што там?

— Мне пан сказаў: калі ты дастаў Дзеўку-Паланянку, дык дастань жа ж цяпер скрынку яе з мора, а калі не дастанеш, дык мой меч, а табе галава з плеч!

— А што, Іванька! Ці я табе не казаў, што не руш пяра, не будзець бяда? Ну, ды гэта бяда не бяда, бяда яшчэ ўперадзі. А трэба як-небудзь дастаць скрынку. Садзісь на мяне, паедзем!

Уссеў Іванька на каня і паехалі. Ехалі, ехалі, ехалі, ехалі — нікога нійдзе не відаць. Прыехалі к мору, ажны выходзіць рыбіна, што ляжала на 'дным баку.

— Добры дзень, Іванька! Куды бог нясець?

— А іду даставаць скрынку Дзеўкі-Паланянкі з мора, пан сказаў.

— Ну, Іванька, ты мне ўперадзі памог, а я цяпер табе памагу. Пасядзі-тку ты тут, а я пайду прыкажу ўсёй рыбе іскаць скрынку!

Сеў Іванька на беразе, а рыбіна пайшла ў мора і загадала ўсёй рыбе іскаць скрынку. Іскала, іскала ўся рыба і не знайшла. Рыбіна ўзноў загадала іскаць, другі раз. Рыба іскала, іскала — не знайшла. Трэці раз як загадала рыбіна іскаць, як пайшла ўся рыба! Іх! Аж кішыць, аж мора шуміць! Іскалі, іскалі, але-ткі адна маленькая рыбінка нясець скрынку Дзеўкі-Паланянкі! Ухваціла рыбіна скрынку і падала Іваньку. Узяў ён скрынку, падзякаваў, уссеў на каня і паехаў к пану. Ну, прыехаў у двор, аддаў скрынку Дзеўцы-Паланянцы, а сам пайшоў у свой пакой аддыхаць. Аддыхнуўшы, думаець сабе: ну, ужо ж нікуды я не пайду. Ажны во табе: Дзеўка-Паланянка загадала пану даставіць вады гаючыя і жывучыя.

Пазваў пан Іваньку:

— Схадзі ты, Іванька, прынясі мне вады гаючыя і жывучыя! Калі прынясеш, дык ладна, а калі не прынясеш, дык мой меч, а табе, Іванька, галава з плеч!

Іванька як пачуў гэта, як заплачацца, як зальецца слязьмі! Пабег і к каню:

— А божа мой, божа! А канёчак мой, а татка мой! А што я буду дзелаць?

— А што?

— Ды загадаў мне пан прынесці вады гаючыя і жывучыя, а калі не прынясу, дык панаў меч, а мая галава з плеч!

— А што, Іванька: ці я табе не казаў, што не руш пяра, не будзець бяда. Ну, ды шчэ гэта бяда не бяда, бяда будзець наперадзі. Садзісь на мяне, паедзем!

Сеў Іванька на каня і паехалі. Як ехаць, дык ехаць — і прыехалі к мору. Тады конь кажаць Іваньку:

— Злязай-ка ды рэж мяне!

— Як я цябе буду рэзаць? А хто ж мяне будзець тады ўчыць?

— Я табе кажу: злязай ды рэж! Улезеш у мае косці, і як будуць тут садзіцца крукі клюваць мяне, дык ты, як можна, хапай, лаві кручанёнка!

Іванька ўзнова кажаць:

— Як я цябе буду рэзаць?

А конь гаворыць:

— Нябось, рэж!

Нечага дзелаць. Злез Іванька з каня, разрэзаў пуза ды ў сярэдзіну, у косці ўлез, схаваўся — сядзіць, пілнуець крука. Ажны якраз ляцяць крукі. Кручанёнкі ляцяць ды крычаць:

— Тата, мяса! Тата, мяса!

А стары крук крычыць:

— Не, дзеткі, гэта зрада наша, зрада наша!

Але кручанёнак зляцеў ды сеў на касцях; толькі хацеў ён клюнуць, а Іванька й схапіў яго. Тут крук стаў прасіць, каб Іванька аддаў яму дзяцёнка яго, а Іванька кажаць:

— Злятай ды прынясі мне гаючыя і жывучыя вады, дык я табе аддам, а то не 'ддам.

— Ну, дай жа мне, Іванька, дзве пляшачкі!

Даў яму Іванька дзве пляшачкі, ён адну пляшачку прывязаў к аднаму крылцу, а другую к другому і паляцеў. Ляцеў, ляцеў, прылятаець туды, дзе жывучая і гаючая вада. Бачыць, тую ваду пілнуюць бабы з качоргамі. Ніяк няможна вады дастаць! Ён тады ўзяў і паляцеў кала самых іх. Бабы тыя і загледзеліся:

— Вунь, вунь,— кажуць,— якая дзіўная птушка з пляшачкамі пад крылцамі!

Загледзеліся і адышліся ад вады. Крук тады скоранька к вадзе, зачэрпнуў ў вадну пляшку гаючыя вады, у другую — жывучыя, падняўся і паляцеў, панёс ваду к Іваньку. Прыносіць ён ваду, Іванька ўзяў ды кручанёнка і разадраў папалам. Тады ўзяў гаючыя вады, узліў на кручанёнка, кручанёнак згаіўся; узліў жывучыя вады — кручанёнак аджыўся. Быў кручанёнак харошы, а то яшчэ палепшаў. Тады Іванька кажаць:

— Злятай ды дапоўні мне пляшачкі!

Узяў крук пляшачкі, схаваў пад крыллем, набраў прыгожых стужак і паляцеў. Прыляцеў ён к вадзе, а там узноў бабы сядзяць з качоргамі і нікога не пускаюць. Што тут рабіць? Адляцеў ён трошку ад вады ды так як ляцеў і кінуў істужкі. Бабы пабеглі сабіраць істужкі, а крук скоранька к вадзе, зачэрпнуў у абедзве пляшачкі і паляцеў. Узяў Іванька ваду, аджывіў каня, аддаў круку кручанёнка-дзяцёнка і паехалі ў двор. Аддаў Іванька ваду гаючую і жывучую Дзеўцы-Паланянцы; яна і гаворыць яму:

— Можа ты мяне абманюеш, трэба цябе пасеч!

Іванька кажаць:

— Сячы сабе!

Узяла яна тапор і пасекла Іваньку на дробныя частачкі. Тады ўзяла гаючыя вады, спырснула яго — цела згаілася. Узяла жывучыя вады ды спырснула — Іванька ўстаў.

— Ах,— кажаць,— як я смашна быў заснуў!

Быў Іванька прыгожы, а то яшчэ прыгажэйшы стаў! Пан тады кажаць Дзеўцы-Паланянцы:

— Здзелай і мне гэдак!

Дзеўка-Паланянка ўзяла сякерку ды й пасекла пана на дробныя кавалачкі, улажыла ў гаршчок і зварыла. А Іванька пасваталіся з Дзеўкай-Паланянкай і пажаніліся, і сталі жыць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 368-377
Крыніца: скан